“Не думкам, а думаць трэба вучыць”, — гэтыя словы Канта ўзялі за аснову, будуючы “Інтэлектуальную майстэрню ўстойлівых перамен”, педагогі з Мсціслава Аляксандр Сямёнаў і Сяргей Кальцоў.
За той час, пакуль у раёне працуе майстэрня, апантаныя сваёй справай настаўнікі-інфарматыкі змаглі рэалізаваць не адзін сацыяльны і адукацыйны праект.
Пра тое, хто фінансуе ініцыятывы, што было дасягнута за час іх рэалізацыі і як распрацаваныя ідэі палепшылі сацыяльна-эканамічнае становішча рэгіёна, расказвае былы настаўнік інфарматыкі Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна мадэратар “Інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых перамен” Аляксандр Уладзіміравіч Сямёнаў.
Сёння адукацыйная ініцыятыва “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен”, што ў аграгарадку Ходасы, — гэта рэсурсны цэнтр анлайн-падтрымкі практыкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. А пачыналася ўсё з простай ідэі — паспрабаваць палепшыць эканамічнае жыццё аднаго маленькага населенага пункта.
Плануючы адкрыць майстэрню, яе стваральнікі, Аляксандр Сямёнаў і настаўнік інфарматыкі Сяргей Кальцоў, не ведалі, з чаго пачаць.
“Першапачаткова ўзнікла ідэя палепшыць узровень жыцця ў раёне, — расказвае намеснік кіраўніка адукацыйнай ініцыятывы А.У.Сямёнаў. — Я вырашыў паспрабаваць сабраць каманду аднадумцаў, напісаў аб’яву, што запрашаю на сустрэчу актыўных і неабыякавых жыхароў аграгарадка Ходасы, якія хацелі б зрабіць свет вакол сябе больш цікавым. Некалькі разоў даводзілася расклейваць такія аб’явы. Спачатку, і гэта чакана, на сустрэчы прыходзілі 5—6 чалавек. Разам мы спрабавалі вызначыць, што ў цяперашні момант больш важна для развіцця аграгарадка. Адначасова з гэтым мне выпала магчымасць паўдзельнічаць у серыі трэнінгаў “Лідарства ў мясцовых супольнасцях”. Менавіта гэта дапамагло згуртаваць каманду ініцыятыўных жыхароў Ходасаў і падключыць да сваіх мерапрыемстваў мясцовую ўладу”.
Прайшоў час, і ўдзельнікамі “Інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых перамен” сталі педагогі мясцовай школы, навучэнцы, а таксама сацыяльныя партнёры з тых устаноў адукацыі, што ўваходзяць у партнёрскую сетку Мсціслаўскага раёна.
Безумоўна, у першую чаргу рэсурсны цэнтр эканамічнага развіцця створаны для таго, каб павысіць фінансавую дасведчанасць не толькі мясцовых прадпрымальнікаў, але і астатніх жыхароў аграгарадка. Другая задача, якую перад сабой ставіць Аляксандр Уладзіміравіч, — гэта дапамога моладзі і дарослым у рэалізацыі адукацыйных і эканамічных праектаў.
“5 гадоў назад было створана толькі 12 пляцовак, падобных да нашай, па ўсёй краіне. Але мы спадзяёмся, што наш вопыт дапаможа астатнім рэгіёнам, і яны будуць актыўна спрабаваць сябе ў рэалізацыі такіх ідэй”, — выказаў спадзяванне намеснік дырэктара “Інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых перамен”.
На пачатку рэалізацыі праекта да ўдзелу ў інтэлектуальнай майстэрні актыўна далучыліся навучэнцы Ходасаўскай школы. На факультатыве “Асновы эканамічных ведаў”, які Аляксандр Уладзіміравіч там выкладаў, дзяцей вучылі пісаць бізнес-праекты, зарабляць грошы і правільна іх укладваць у пэўны прадукт.
Факультатыў наведвалі вучні 8—10 класаў, і педагог верыць, што яны правільна вызначацца з прафесіяй і змогуць навучыцца дасведчана распараджацца сваімі даходамі.
Галасамі маладых
Тыя, хто жыве ў вёсцы, не па чутках ведаюць, што менавіта школа іграе ключавую ролю для мясцовай супольнасці. Вясковая школа — гэта месца сустрэч самых актыўных жыхароў (бацькоў, настаўнікаў, дзяцей і падлеткаў), а таксама пляцоўка для рэалізацыі творчых ініцыятыў (адукацыйных, экалагічных, культурных і інш.).
“Напрыканцы мая навучэнцы 9—10 класаў Ходасаўскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у каскадных трэнінгах, што праводзіліся падчас рэалізацыі праекта “Голас моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця”, — заўважае былы настаўнік А.У.Сямёнаў. — Праект з адпаведнай назвай рэалізуецца фондам “Новая Еўразія” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў. Яго асноўная мэта — прыцягненне маладых людзей да прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні”.
Мэтай першага трэнінгу, як расказаў Аляксандр Уладзіміравіч, з’яўлялася развіццё ў вучняў кампетэнцый, неабходных для планавання сумесных дзеянняў у вырашэнні актуальных праблем, што ўзнікаюць у мясцовай супольнасці.
“Прымаючы ўдзел у грамадскім жыцці і вырашэнні агульных пытанняў, моладзь паступова развіваецца, у яе фарміруюцца навыкі самаарганізацыі і сумеснай працы не толькі на карысць сабе, а і тым, хто пражывае ў гэтым месцы і побач з імі, — канстатуе Аляксандр Сямёнаў. — Удзельнікі трэнінгу спрабавалі знайсці адказы на актуальныя пытанні: якія адукацыйныя магчымасці могуць быць цікавымі для моладзі (якія тэмы, у якой форме)? Як прыцягнуць увагу грамадства і знайсці падтрымку ў вырашэнні пытанняў інфраструктуры? Які фармат правядзення мерапрыемстваў будзе цікавы для маладых людзей? Ідэі, што прапаноўвалі маладыя людзі, былі самыя розныя. Гэта скайп-масты і жывыя зносіны з паспяховымі людзьмі, развіццё прадпрымальніцкіх здольнасцей і стварэнне школьнай бізнес-кампаніі, правядзенне флэш-мобаў і фестываляў для прыцягнення ўвагі да канкрэтнай праблемы, арганізацыя памяшканняў для адпачынку і вольнага часу. Таксама прапаноўваліся такія ідэі, як стварэнне прагулачных дарожак у лесе, веламаршруту па тэрыторыі Ходасаўскага сельсавета, устаноўка ў скверы Дружбы спартыўнага абсталявання для заняткаў вулічнымі трэніроўкамі і інш. Усяго было прапанавана каля 20 ініцыятыў. На першым трэнінгу вылучылі наступныя асноўныя праблемы, якія трэба было вырашыць, рэалізуючы свае планы: недастаткова вучэбных і забаўляльных мерапрыемстваў для моладзі, не абсталяваны месцы для заняткаў спортам, невысокая актыўнасць саміх маладых людзей у вырашэнні актуальных праблем, што тычацца непасрэдна іх саміх”.
Падчас другога каскаднага трэнінгу, са слоў А.У.Сямёнава, школьнікі правялі аналіз сітуацыі, вызначылі шляхі ўключэння маладых людзей у вырашэнне актуальных пытанняў. Таксама яны паспрабавалі распрацаваць дэталёвы план рэалізацыі сваіх ініцыятыў.
“Задачай праекта “Голас моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця” было павышэнне патэнцыялу арганізацый грамадзянскай супольнасці ў галіне ўзаемадзеяння з моладдзю па пытаннях прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні, — канстатуе былы выкладчык інфарматыкі. — Адным з этапаў праекта стаў конкурс маладзёжных ініцыятыў. Згодна з яго вынікамі, тры найбольш інавацыйныя і крэатыўныя ідэі атрымалі фінансавую падтрымку для сваёй рэалізацыі. Дарэчы, на тэрыторыі Мсціслаўскага раёна згаданы праект рэалізоўваўся пры падтрымцы нашай майстэрні. У конкурсе перамаглі навучэнцы Ходасаўскай сярэдняй школы са сваёй ініцыятывай “Усе на вуліцу… трэніравацца!”. Менавіта дзякуючы ім, у парку Дружбы аграгарадка Ходасы была пабудавана вулічная спартыўная пляцоўка для заняткаў варкаўтам. Спадзяёмся, што сярод падлеткаў і моладзі заняткі спортам стануць папулярнымі”.
Проста ALL Inclusive
У майстэрні ўстойлівых перамен — а яна сапраўды як творчая лабараторыя — заўсёды ўзнікаюць новыя ідэі, якія пасля паспяхова матэрыялізуюцца.
“За той час, пакуль працуе наша майстэрня, было рэалізавана шмат праектаў, — узгадвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Адзін з першых — “Захаваем энергію Зямлі”. Яго асноўнымі ўдзельнікамі былі дзеці з 12-ці устаноў адукацыі. Па выніках аднаго з нашых праектаў школа атрымала грант, пасля чаго Фонд развіцця сельскіх тэрыторый дапамог добраўпарадкаваць дзіцячую пляцоўку ў Ходасах. А ў гімназіі ў Мсціславе стварылі міні-кінатэатр, забяспечылі яго абсталяваннем. Таксама ў нас быў праект, прысвечаны самазанятасці сельскага насельніцтва. Яго рэалізавалі разам з Ходасаўскім сельскім Саветам і бізнес-цэнтрам Віцебска. Грант у памеры 15 тысяч еўра быў выдзелены нам на падтрымку і навучанне дробных прадпрымальнікаў”.
Не так даўно “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен” прадставіла яшчэ адзін актуальны праект. У Мінску ў адным з культурных цэнтраў праходзіла фінальная публічная прэзентацыя вынікаў рэалізацыі міні-праектаў у рамках адукацыйнага курса АLL Inclusive (“Усе ўключаны”).
“У мерапрыемстве прыняла ўдзел наша майстэрня, — дзеліцца ўражаннямі А.У.Сямёнаў. — На курсе, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці, што хочуць зрабіць сваю работу больш інклюзіўнай, даведаліся, што такое інклюзіўны падыход і як працуюць стэрэатыпы. Мы пазнаёміліся з рознымі метадамі, даведаліся, як зрабіць сваю дзейнасць даступнай з улікам патрэб розных груп людзей. А галоўнае, зразумелі, як сапраўды рэалізаваць гэтыя веды ў сваёй практыцы і ні аб чым не забыць. Затым быў арганізаваны конкурс міні-праектаў. Ініцыятыва “Сямейныя майстар-класы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх бацькоў”, якую прадставіла наша ўстанова сумесна з Мсціслаўскім раённым цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, стала адной з пераможцаў конкурсу. Мэта ініцыятывы, што праводзілася, — павышэнне колькасці, разнастайнасці і даступнасці практык інклюзіўнай адукацыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, што жывуць на Мсціслаўшчыне, і іх бацькоў”.
На працягу некалькіх месяцаў былі арганізаваны і праведзены таксама сямейныя майстар-класы. Гэта разнапланавыя заняткі, якія ўключалі ў сябе нетрадыцыйную тэхніку малявання, пашыў экасумак, выкарыстанне тэхналогіі “Гульні з прышчэпкамі”, выраб дыдактычнай гульні “Кубікі бяспекі”, сувеніраў сваімі рукамі і інш.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы арганізатараў курса ALL Inclusive, для Мсціслава і раёна былі закуплены неабходныя матэрыялы і прылады для правядзення і арганізацыі цыкла тэматычных сямейных майстар-класаў як нетрадыцыйнай формы работы з бацькамі дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці.
Святлана Цітова, дырэктар Мсціслаўскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, пацвердзіла, што “правядзенне майстар-класаў дазволіла пераканацца ў эфектыўнасці выбранай формы работы з бацькамі”.
“Мы заўважылі, як на гэтых мерапрыемствах раскрываюцца бацькі, — адзначае дырэктар цэнтра. — Размова праходзіла ў сяброўскай атмасферы. Мы пераканаліся ў тым, што майстар-клас з’яўляецца дзейсным сродкам забеспячэння сувязі і адзінства цэнтра карэкцыі і сям’і. Гэта дазволіла бацькам праявіць сваю творчасць, спрыяла развіццю творчых здольнасцей дзяцей, умацавала даверныя адносіны паміж педагогамі і бацькамі. Таксама плюс у тым, што ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу лепш засвоілі асноўныя прынцыпы інклюзіі”.
Адна з асноўных задач ініцыятывы — больш шырокае далучэнне грамадзян да распрацоўкі і рэалізацыі практык мясцовага развіцця, у тым ліку праз дапамогу і садзейнічанне неабароненым групам насельніцтва.
За апошні год “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен” сумесна з Мсціслаўскім раённым цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі рэалізавала некалькі сумесных ініцыятыў. Так, у рамках конкурсу “Мясцовыя стратэгіі — права кожнага” было рэалізавана “Укараненне падыходу, заснаванага на правах чалавека, у практыкі адукацыі для ўстойлівага развіцця”. Мэта ідэі — распрацоўка інтэрактыўных развіццёвых гульняў і практыкаванняў для дзяцей з парушэннямі і асаблівасцямі развіцця на мове візуальнага праграмавання Scratch.
“Падыход, заснаваны на правах чалавека, пашырыў разуменне неабходнасці задавальнення асаблівых адукацыйных патрэб людзей з інваліднасцю, што пражываюць у сельскай мясцовасці, — упэўнены каардынатар рэсурснага цэнтра. — Ён таксама дазволіў выпрацаваць алгарытм дыялогу з мясцовымі органамі кіравання, мэта якога — пашырэнне удзелу асаблівых груп насельніцтва ў арганізацыі адукацыйных практык і павышэнне даступнасці і эфектыўнасці адукацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў рамках рэгіёна. Яшчэ адна сумесная ініцыятыва — інклюзіўная студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка надзей” — была рэалізавана ў рамках праекта Prodvizhenie-2019: гэта праграма для тых, хто хоча зрабіць сваю арганізацыю ці ініцыятыву больш уплывовай і прыкметнай у публічнай прасторы і для каго важная папулярызацыя сваёй дзейнасці.
Дзякуючы гуманітарнай дапамозе, якую аказала нямецкае дабрачыннае таварыства “Дапамога дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыля”, выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі сёння могуць не толькі маляваць самастойна, але і запрашаць у сваю студыю для сумеснай творчасці дзяцей з іншых устаноў адукацыі Мсціслаўскага раёна. Спадзяёмся, што ў далейшым у нас будзе многа новых праектаў, якія паспрыяюць далейшаму развіццю не толькі сістэмы адукацыі, але і грамадства ў цэлым”.
Наталля САХНО.