Спецыяльна для сацыяльных. Педагогаў і работнікаў

Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій — адзін з самых маладых у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, сёлета яму спаўняецца 30 гадоў. Жыве і развіваецца ён пад дэвізам “Спяшайцеся рабіць дабро”, рыхтуе спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай сферы, актыўнічае ў грамадскім жыцці. Пра гэта і многае іншае мы папрасілі расказаць дэкана факультэта, кандыдата педагагічных навук, а з нядаўняга часу і лаўрэата высокай узнагароды — медаля “За працоўныя заслугі” Веру Васільеўну Мартынаву.

— Нагадайце, калі ласка, па якіх спецыяльнасцях факультэт рыхтуе студэнтаў зараз, наколькі запатрабаваны гэтыя спецыялісты.

— Стварэнне факультэта было выклікана аб’ектыўнымі абставінамі, якія склаліся на той час. Спецыялісты дапаможнай сферы былі запатрабаваны ў вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёння спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай сферы запатрабаваны не менш. Перш за ўсё гэта звязана з тым, што яны вырашаюць вельмі важную задачу ў жыцці грамад­ства, сацыяльна арыентаванай дзяржавы — дапамога і падтрымка чалавека. Да выканання гэтай адказнай місіі мы рыхтуем сацыяльных педагогаў, спецыялістаў па сацыяльнай рабоце і па спецыяльнасці “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. Гэта адносна новая спецыяльнасць, якую мы адкрылі ў 2016 го­дзе і якая дае студэнтам магчымасць атрымаць адразу 2 кваліфікацыі — “сацыяльны педагог” і “педагог-псіхолаг”. Зараз у нас вучацца амаль 700 студэнтаў дзённай і завочнай формы атрымання адукацыі.

— Якія яны, вашы студэнты? Ці мяняецца партрэт студэнта з цягам часу?

— Сёння студэнты нас радуюць.  Сучасныя студэнты — гэта новае пакаленне мэтанакіраваных, матываваных  маладых людзей. Кожны год мы заўважаем павышэнне матывацыі да паступлення на факультэт. Да нас прыходзяць выпускнікі школ, якія ўжо вельмі добра асэнсоўваюць адказнасць педагагічнай місіі. Гэта пацвярджаюць і лічбы. У прыватнасці, набор 2020 года паказаў, што нашы спецыяльнасці запатрабаваны і карыстаюцца папулярнасцю ў абітурыентаў і іх бацькоў. Так, на спецыяльнасць “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” конкурс склаў 3 чалавекі на месца. На спецыяльнасць “Сацыяльная работа” конкурс быў 2 чалавекі, крыху менш — на спецыяльнасць “Сацыяльная педагогіка”.

Асэнсаваны выбар прафесіі пацвярджае і той факт, што зараз на нашым факультэце навучаюцца 44 выпускнікі педагагічных класаў. Я лічу, што стварэнне педкласаў у школах — правільны крок, які матывуе і дае школьнікам магчымасць усвядомленага, адказнага выбару педагагічнай прафесіі. У нас ёсць нямала медалістаў. Сённяшніх студэнтаў характарызуе больш высокі ўзровень адукацыі, з якім яны прыходзяць на факультэт. Напрыклад, за 2 апошнія гады прахадны бал на факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій вырас практычна на 80 балаў.

— Вера Васільеўна, думаю, час сказаць і пра выкладчыкаў, якім даводзіцца займацца з гэтым новым пакаленнем студэнтаў.

— Сучаснае навучанне — гэта, канечне, і сучасныя выкладчыкі. Мэтанакіраваных, падрыхтаваных студэн­таў павінны рыхтаваць высокакваліфікаваныя спецыялісты. І яны ў нас ёсць, склаўся цудоўны калектыў. Прафесарска-выкладчыцкі склад — гэта 5 дактароў навук, 23 кандыдаты, 16 старшых выкладчыкаў. Калектыў пастаянна працуе над абнаўленнем зместу нашай адукацыі з улікам рэальнасці, у якой зараз жывуць сем’і і выхоўваюцца дзеці. І, безумоўна, нашы выкладчыкі сёння — гэта калектыў, які валодае сучаснымі тэхналогіямі навучання. Самае галоўнае ў нашай рабоце — гэта рэалізацыя ў прафесійнай падрыхтоўцы  кампетэнтнаснага падыходу і практыка-арыентаванага навучання, безумоўна, на аснове глыбокіх ведаў студэнтаў. Гэтая задача пастаўлена кіраўніцтвам універсітэта на чале з рэктарам Аляксандрам Іванавічам Жуком. Такі падыход дазваляе фарміраваць асобасныя, прафесійныя, сацыяльныя кампетэнцыі будучых спецыялістаў. Мы вучым педагога вырашаць у школе рэальныя задачы. Вывучэнне кожнай з дысцыплін — педагогікі сучаснай школы, сямейнай, сацыяльнай педагогікі, вялікага блоку псіхалагічных дысцыплін (псіхалогіі асобы, псіхалогіі адукацыі, сацыяльнай псіхалогіі і г.д.) — дазваляе ўмела ажыццяўляць сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне развіцця, выхавання, сацыялізацыі дзіцяці, аказанне дапамогі і падтрымкі сям’і. Хачу заўважыць, што ва ўніверсітэце створаны цудоўныя ўмовы для фарміравання сучаснага педагога. За апошнія 5 гадоў універсітэт змяніўся у гэтым плане да лепшага — пачынаючы з павышэння прафесійнага майстэрства выкладчыкаў, фарміравання высокай культуры іх узаемадзеяння са студэнтамі, стварэння атмасферы ўзаемаразумення, карпаратыўнага духу і завяршаючы стварэннем сучасна абсталяваных, эстэтычна аформленых кабінетаў, аўдыторый і спартыўных залаў. Усё гэта — умовы фарміравання высокай культуры будучага педагога, развіцця яго асобы.  

— Думаю, што такой сучаснай, грунтоўнай падрыхтоўцы спрыяе Рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій, адкрыты некалькі гадоў назад. Як выкарыстоўваюцца яго магчымасці?

— Рэсурсны цэнтр мы стварылі ў 2016 годзе, ён першы такі і ў нашым універсітэце, і наогул у краіне. Цэнтр з’яўляецца асновай інфармацыйна-развіццёвага адукацыйнага асяроддзя нашага факультэта, дэвіз якога мы вызначаем як “Мой факультэт — мой поспех”. Першая задача цэнтра — суправаджэнне вучэбнай дзейнасці студэнтаў. Прыходзячы ў рэсурсны цэнтр, кожны мае магчымасць атрымаць вучэбныя праграмы, электронныя вучэбна-метадычныя комплексы, навукова-метадычныя матэрыялы, нарматыўна-прававыя дакументы, відэакантэнт і інш. Электронны банк рэсурснага цэнтра ўтрымлівае больш  за 113 пакетаў  электронных рэсурсаў па ўсіх вучэбных дысцыплінах.

Другая задача цэнтра — падтрымка навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў. Сучаснага педагога нельга ўявіць без сфарміраваных уменняў і навыкаў даследчай дзейнасці, бо мяняецца свет, мяняюцца дзеці і мы самі мяняемся, таму даследаванне сацыякультурнага асяроддзя, у якім развіваюцца дзеці, метадаў іх выхавання і многага іншага цяпер штодзённая работа педагога. На факультэце, дарэчы, працуюць 4 даследчыя лабараторыі, дзе студэнты паглыбляюцца ў  даследаванне актуальных праблем: развіцця асобы, адукацыі, сацыялізацыі і г.д. А ў бягучым навучальным годзе мы стварылі міжнародную студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю  “Актуальны ўзрост”, у якой нашы студэнты супрацоўнічаюць з будучымі сацыяльнымі работнікамі, якія навучаюцца ў Нюрнбергскай вышэйшай школе прыкладных навук (Германія), а таксама са студэнтамі Разанскага медыцынскага ўніверсітэта імя М.І.Пірагова (Расія). Лічым, што  такое супрацоўніцтва — частка сучаснай прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў.

І, нарэшце, трэцяя задача рэсурснага цэнтра — падтрымка грамадскай актыўнасці студэнтаў, студэнцкага самакіравання, якую мы называем сацыяльнай практыкай. У эпоху інфармацыйнага ўсёпаглынальнага асяроддзя, у якім фарміруецца будучы педагог, мы вельмі сур’ёзна працуем над тым, каб сфарміраваць інфармацыйную культуру студэнтаў, каб яны сталі сучаснымі педагогамі са сфарміраванай медыякампетэнтнасцю.  Пры цэнтры дзейнічае ІТ-каманда, якая дапамагае студэнтам асвойваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, стварае інфармацыйныя рэсурсы. Пры гэтым яе ўдзельнікі самі вучацца фарміраваць інфармацыйную прастору сучаснага педагога. Пры цэнтры дзейнічае яшчэ і цьютарскі клуб, дзе працуюць лепшыя старшакурснікі, якія дапамагаюць студэнтам малодшых курсаў у засваенні тых або іншых дысцыплін, у падрыхтоўцы навуковых работ і г.д. Акрамя таго, рэсурсны цэнтр служыць асновай практычнай работы. Дзякуючы яму нашы выкладчыкі і студэнты знаходзяцца на пастаяннай сувязі з педагогамі-практыкамі. Тут мы пастаянна праводзім  сумесныя круглыя сталы, вэбінары, семінары. У прыватнасці, зусім нядаўна, у рамках 56-га, “Зорнага паходу” правялі педагагічны дэсант: акрамя таго, што студэнты праехалі па месцах баявой і працоўнай славы Любанскага раёна Мінскай вобласці, нашы выкладчыкі сустрэліся з тамтэйшымі педагогамі, правялі на базе цэнтра анлайн-вэбінар па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы бацькоў у сямейным выхаванні. Дзейнасць рэсурснага цэнтра з’яўляецца важнай умовай таго, што ўзровень паспяховасці нашых студэнтаў — адзін з самых высокіх ва ўніверсітэце.

— Навучанне любога спецыяліста немагчыма без практыкі, як азнаямленчай, так і вытворчай. У педуніверсітэце, як я ведаю, практыка для студэнтаў пачынаецца з 1 курса.

— Так, першакурснікі абавязкова прахо­дзяць практыку. Важна, каб за час навучання студэнты азнаёміліся з сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дзейнасцю самых розных устаноў адукацыі, пачынаючы з дашкольных і заканчваючы сацыяльнымі прытулкамі, летнімі аздараўленчымі лагерамі. Падчас вытворчай практыкі нашы студэнты праводзяць сур’ёзныя даследаванні, займаюцца дыягностыкай, распрацоўваюць праграмы суправаджэння дзяцей, падтрымкі сем’яў, сацыяльна-педагагічныя праекты. Распрацоўка і рэалізацыя праектаў — абавязковая частка практыкі для выпускнікоў. Тое, чым студэнты займаюцца пры праходжанні практыкі, потым становіцца асновай іх дыпломных работ. Напрыклад, ужо каторы год на базе сярэдняй школы № 83 Мінска — філіяла кафедры сацыяльнай педагогікі — рэалізоўваюцца мерапрыемствы праекта “Бяспечныя канікулы”. Гэта цудоўная практыка для нашых студэнтаў, патэнцыял для фарміравання іх кампетэнцый, гатоўнасці да таго, што іх чакае ва ўстановах адукацыі. З кожным годам практыка становіцца больш рознабаковай, глыбокай, насычанай.

Сувязь з рэальнай практыкай ажыццяўляецца і пры выкананні дыпломных работ. У гэтым навучальным годзе па рашэнні рэктара многія дыпломныя работы студэнты выконваюць па заказе ўстаноў адукацыі. Гэта надзвычай карысная практыка, больш высокая ступень паглыблення студэнтаў у актуальныя праблемы канкрэтнай установы адукацыі. І ў той жа час гэта важкая дапамога педагагічным калектывам: правя­дзенне даследаванняў, дыягностык, распрацоўка праграм. Мы нават вырашылі, што перадабарона дыпломных работ пройдзе з удзелам педкалектываў на базе тых устаноў, па заказе якіх работы былі выкананы.

Назіраючы за сваімі студэнтамі, бачу: з практыкі яны вяртаюцца іншымі, становяцца больш дарослымі, нішто не дае такога эфекту, як непасрэднае ўзаема­дзеянне з педагогамі, дзецьмі, бацькамі. Вярнуўшыся з практыкі, студэнты пачынаюць больш адказна ставіцца да вучэбных заняткаў, бо на практыцы яны разумеюць, наколькі важныя веды, спецыяльная падрыхтоўка. Гэта матывуе.

— Часткай падрыхтоўкі сацыяльных педагогаў і сацыяльных работнікаў, думаю, можна на­зваць і іх грамадскую дзейнасць, у тым ліку работу ў студатрадах. Гэта так?

— Канечне. Нашы студэнты вельмі актыўныя, гэта тычыцца і самакіравання, распрацоўкі і рэалізацыі студэнцкіх праектаў, правядзення спартыўных спаборніцтваў. Ва ўніверсітэце рэалізуецца шмат праектаў, накіраваных на фарміраванне ў пазааўдыторны час асобы педагога як асобы высокамаральнай, якая любіць Айчыну, з высокай прафесійнай культурай, рознабаковымі інтарэсамі, аматара здаровага ладу жыцця. Гэта маштабныя праекты “Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа”, “Студэнт года”, “Будучыя педагогі за здаровы лад жыцця”, “Гарбузовы фэст” і інш., а таксама праекты нашага факультэта “Вялікая Перамога ў гісторыі маёй сям’і”, “Мая малая радзіма як фактар сацыялізацыі”, “Гімн маці”  і г.д. У такой рабоце студэнты і выкладчыкі ўдзель­нічаюць разам.

Надзвычай важная работа праводзіцца ў студэнцкіх педагагічных атрадах. Наш педагагічны атрад “Ніка” неаднойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскіх, гарадскіх, раённых конкурсаў. Вы ведаеце, што ў цэлым у нашым універсітэце вельмі развіты валанцёрскі рух, за яго поспехі БДПУ атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Валанцёрскі рух — гэта асаблівая сацыяльная практыка. Удзел у ім фарміруе разуменне чалавека, яго праблем, развівае эмпатыю, грамадзянскасць, без якой немагчыма педагагічная дзейнасць. На факультэце — два валанцёрскія атрады. Атраду “Міласэрнасць” сёлета спаўняецца 25 гадоў, у нашым універсітэце гэта быў першы такі атрад. Уяўляеце, колькі былых удзельнікаў атрада прайшлі гэтую школу? Валанцёры атрада, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца наш старшы выкладчык Людміла Леанідаўна Лазарчук, дапамагаюць дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, падтрымліваюць іх бацькоў, у тым ліку псіхалагічна. Супрацоўнічаюць з адаптацыйна-аздараўленчай установай “Востраў надзеі”, Мінскім гарадскім цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі і з РНПЦ псіхічнага здароўя. Дзякуючы такой практыцы ў будучых сацыяльных педагогаў і сацыяльных работнікаў,  псіхолагаў фарміруецца са­цыяльная адказнасць, што вельмі важна для будучых педагогаў.

Другі наш валанцёрскі атрад — “Філантроп” — арыентаваны на дапамогу і падтрымку пажылых людзей Маскоўскага раёна сталіцы. Валанцёры супрацоўнічаюць з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гэтага раёна, арганізоў­ваюць для ветэранаў і пенсіянераў канцэртныя праграмы, майстэрні, дапамагаюць, чым могуць. Усё гэта фарміруе ў студэнтаў уменне працаваць з людзьмі рознага ўзросту.

— Педуніверсітэт, як вядома, уносіць немалы ўклад у дзейнасць устаноў адукацыі. Якія ініцыятывы вашага факультэта сёння рэалізуюцца ў школах краіны?

— Наш калектыў пастаянна распрацоўвае і рэалізоўвае практыка-арыентаваныя праекты. Мы разумеем, наколькі важна сёння фарміраваць сямейныя каштоўнасці, культуру сямейных адносін, бо народнае адзінства пачынаецца з гармоніі ў сям’і.

Напрыклад, 2 гады назад педуніверсітэт рэалізоўваў сумесна з Беларускім саюзам жанчын шырокамаштабны праект, які называўся “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”. Прайшоў шэраг мерапрыемстваў (у тым ліку Нацыянальны форум “Сям’я ХХІ стагоддзя”),  накіраваных на фарміраванне культуры сямейных узаемаадносін, дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Вынікам сталі практычныя рашэнні, якія прымяняюцца ў школьнай практыцы, у падрыхтоўцы педагогаў. Калектыў навукоўцаў факультэта распрацаваў праграму факультатыву для старшакласнікаў  “Асновы сямейнага жыцця”, які сёння ўкараняецца ў шэрагу школ. Мы стварылі адпаведны дапаможнік для навучэнцаў 9-х класаў, плануем распрацаваць дапаможнікі і для вучняў 10 і 11 класаў. Паўтара года назад мы правялі шырокамаштабнае даследаванне сярод бацькоў школьнікаў і спыталіся пра самыя складаныя праблемы ў адносінах з дзецьмі. Высветлілі, што бацькам неабходна дапамога ў павышэнні псіхолага-педагагічнай культуры. Прычым мы разумеем, што ў бацькоў навучэнцаў рознага ўзросту свае праблемы, запыты і чаканні ад педагогаў і псіхолагаў. Пасля вывучэння патрэб бацькоў прыйшлі да высновы, што ў кожнай школе варта стварыць бацькоўскі ўніверсітэт. Распрацавалі праграму такога ўніверсітэта па трох ступенях: “Маё дзіця — малодшы школьнік”, “Маё дзіця — падлетак”, “Маё дзіця — старшакласнік”.

 Мы вельмі рады, што Міністэрства адукацыі падтрымала гэты праект, і сёння ён заяўлены як рэспубліканскі і ўжо рэалізоўваецца. Праграма накіравана на тое, каб дапамагчы бацькам на аснове ведаў пра ўзроста­выя, індывідуальныя асаблівасці зразумець сваё дзіця, выкарыстоўваць сучасныя падыходы да выхавання. Таксама мы прапаноўваем вялізную колькасць форм узаемадзеяння бацькоў і педагогаў — ад бацькоўскіх сходаў да дыскусійных клубаў і індывідуальнага кансультавання, у якім сваё важкае слова павінны сказаць сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя службы.

— А якімі вы бачыце найбліжэшыя  перспектывы развіцця факультэта?

— Перспектыў нямала, і пэўныя з іх ужо ўвасабляюцца ў жыццё. Мы завяршаем распрацоўку новых адукацыйных стандартаў. Чакаецца вялікая работа па распрацоўцы сучаснага зместу і навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай падрыхтоўкі. З 2021 года ўводзім магістратуру па профілях нашай падрыхтоўкі: “Сацыяльная педагогіка” і “Кагнітыўная псіхалогія”. Лічым, што адкрыццё такіх магістарскіх праграм (упершыню ў Беларусі) паспрыяе павышэнню прэстыжу прафесій сацыяльнага педагога і педагога-псіхолага, а з іншага боку — дазволіць забяспечыць установы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі спецыя­лістамі ІІ ступені вышэйшай адукацыі. Потым працягнем распрацоўку навукова-метадычнага забеспячэння рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. На сайце факультэта створана анлайн-платформа ў дапамогу кіраўнікам гэтых універсітэтаў.

Лічу, што ў педагагічнай адукацыі нам трэба смялей брацца за падрыхтоўку спецыялістаў здвоеных кваліфікацый. Вопыт паказвае, што гэта вельмі перспектыўна. Гэта тычыцца спецыяльнасці “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. Спецыялісты адразу з дзвюма кваліфікацыямі — “сацыяльны педагог” і “педагог-псіхолаг”, з аднаго боку, дапамагаюць вырашыць праблему нашых школ, дзе нярэдка бывае па 0,5 стаўкі гэтых спецыялістаў. З другога боку, такая здвоеная спецыяльнасць дае нашым выпускнікам большую ўпэўненасць у сваёй будучыні, у сваім жыццёвым поспеху. Летась пачалі працаваць нашы першыя выпускнікі па здвоенай спецыяльнасці, іх прымалі на работу з вялікай ахвотай.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.