або Аб першым рабочым месцы і замацаванні на ім
Сёлета дачка адной з маіх калег скончыла 11 класаў і паступала ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Паступіла. На пазабюджэт. Дзяўчына, канечне, рада, маці таксама, але першае, пра што жанчына сказала пасля абвяшчэння прыемнай навіны, было: “Цяпер трэба думаць пра пошукі работы”. Сапраўды, многія задумваюцца пра першае працоўнае месца ледзь не адразу пасля залічэння ў навучальную ўстанову. Яно і правільна, бо нават калі ты бюджэтнік і цябе чакае размеркаванне, можна, напрыклад, застацца там, дзе праходзіў практыку і дзе табе спадабалася. Таму важна загадзя высветліць усе нюансы, якія тычацца правоў і абавязкаў маладога спецыяліста. Ды і шмат што яшчэ мае важнае значэнне.
Аб гарантыях
Будучаму педагогу або падрыхтаванаму маладому спецыялісту варта ведаць, што паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі заключана пагадненне на 2019—2022 гады. Яно з’яўляецца асноўным рэгулятарам працоўных адносін у галіне, вызначае мінімальны пакет гарантый і кампенсацый для работнікаў, а таксама з’яўляецца асновай рэгіянальных галіновых адносін і заключэння калектыўных дагавораў ва ўстановах адукацыі.
— Работа з маладымі спецыялістамі ў прафсаюзе пачынаецца не з моманту іх прыходу на работу па месцы размеркавання, а значна раней, яшчэ ва ўстанове вышэйшай адукацыі, — запэўнівае загадчык аддзела арганізацыйнай работы апарату Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аксана Уладзіміраўна Васілевіч. — Ва ўстановах адукацыі ёсць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі студэнтаў, якія і працуюць з выпускнікамі.
Традыцыйна, пачынаючы з вясны, у навучальных установах праходзяць круглыя сталы для выпускнікоў УВА і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па пытаннях размеркавання, гарантый маладым спецыялістам. У гэтых мерапрыемствах удзельнічаюць і прадстаўнікі галіновага прафсаюза. Другі этап работы — удзел прадстаўнікоў прафсаюза ў камісіях па размеркаванні.
З прыходам маладых спецыялістаў ва ўстановы адукацыі работа з імі працягваецца. Для іх праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі наймальнікаў і прафсаюзных органаў, на якіх моладзі расказваюць пра дадатковыя гарантыі і льготы, якія прадугледжаны ў калектыўных дагаворах, акрамя тых, што гарантаваны заканадаўствам аб працы. Ведаю, што, напрыклад, Мінская гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза раздае маладым спецыялістам брашуры з адказамі на пытанні, якія часцей за ўсё ўзнікаюць у тых, хто прыходзіць на першае месца работы. Напрыклад, згодна з галіновым пагадненнем, заключэнне кантракта з маладым педагогам магчыма толькі з яго згоды з прадастаўленнем дадатковых гарантый.
Практыка паказвае, што адно з самых балючых пытанняў — жыллё для маладых спецыялістаў. Жаданне застацца працаваць на першым рабочым месцы шмат у чым залежыць менавіта ад адсутнасці або наяўнасці жылля, перспектыў яго будаўніцтва. У рэгіёнах стараюцца заахвочваць да работы мясцовых ураджэнцаў, якія могуць пэўны час пажыць з бацькамі і адначасова будаваць сваё жыллё — у многіх раёнах працуюць 60—70% “сваіх” маладых педагогаў.
— Для прыезджых прадугледжана прававая і метадычная дапамога, пастаноўка на ўлік тых, каму патрэбна жыллё, а таксама вырашэнне пытання з часовым жыллём. Як правіла, гэта інтэрнат або арэнднае жыллё, — гаворыць А.У.Васілевіч.
Тут варта зрабіць пэўную заўвагу. У Мінску, напрыклад, інтэрнат для маладых педагогаў, наколькі я ведаю, пакуль адзін. Спецыяліст з галіновага прафсаюза сцвярджае, што і камітэт па адукацыі гарвыканкама, і прафсаюз займаюцца гэтым пытаннем, у тым ліку ў плане выдзялення арэнднага жылля для маладых спецыялістаў.
Заработная плата маладога педагога залежыць ад розных фактараў: нагрузкі, наяўнасці дыплома з адзнакай, ступені магістра. Канечне, моладзь атрымлівае меншую зарплату, чым педагогі са стажам, высокай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Па словах прарэктара па вучэбнай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра Васільевіча Макоўчыка, у сярэднім малады педагог зараз можа разлічваць на 600 рублёў, шмат у чым гэта залежыць ад прэміяльнага фонду і той падтрымкі, якую аказваюць установе адукацыі раённыя ўлады. А прафсаюзы праводзяць спецыяльныя мерапрыемствы для маладых педагогаў, на якіх расказваюць, з чаго складваецца іх заработная плата, бо пытанняў на гэты конт у моладзі заўсёды многа.
Для атрымання прававых кансультацый маладыя педагогі заўсёды могуць звярнуцца ў прафсаюз, прычым як непасрэдна ў пярвічныя арганізацыі, так і ў абласныя, дзе працуюць вузкія спецыялісты, што займаюцца пытаннямі аховы і аплаты працы і іншымі аспектамі.
Не менш важна, якая маральна-псіхалагічная атмасфера для маладых спецыялістаў створана ў калектыве. Прафсаюзы спрабуюць зрабіць яе найбольш добразычлівай праз ганараванне маладых педагогаў на жнівеньскіх педагагічных канферэнцыях. Хаця, здаецца, самае важнае — гэта гатоўнасць старэйшых калег, адміністрацыі школ і іншых устаноў адукацыі прыняць маладых, дапамагчы ім (у Беларусі дзейнічае сістэма настаўніцтва), даць магчымасць развівацца як сучасным творчым спецыялістам. Добра, калі гэтаму садзейнічаюць школы маладых спецыялістаў, маладзёжны савет пры галіновым прафсаюзе і такія ж саветы ў рэгіёнах. Менш бюракратызму і больш сумеснай творчай працы, вырашэнне канкрэтных праблем — гэта тое, што можа паспрыяць замацаванню маладых спецыялістаў.
Аб размеркаванні
Замацаванне маладых педагогаў пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, як расказала прадстаўнік галіновага прафсаюза, у сярэднім складае 75—80%, самы нізкі гэты паказчык у Мінску — крыху больш чым 50%, самы высокі — на Брэстчыне, дзе замацаванне дасягае ўзроўню 90%.
Сёлета сярод маладых педагогаў, якія паехалі працаваць па размеркаванні, 870 — выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка. Тут на першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў па 31 спецыяльнасці. Асноўныя заказчыкі кадраў БДПУ — установы адукацыі Мінска і Мінскай вобласці.
— На прэстыж педагагічнай прафесіі і замацаванне маладых спецыялістаў уплывае шмат фактараў, — лічыць А.В.Макоўчык. — Па-першае, гэта ўнутраная матывацыя маладога спецыяліста, па-другое, стаўленне соцыуму да такога спецыяліста, па-трэцяе — узровень аплаты працы і тыя кампенсацыі і гарантыі, пра якія гаварыла Аксана Уладзіміраўна. Наш сегмент адказнасці — менавіта фарміраванне ўнутранай матывацыі маладога спецыяліста да працоўнай дзейнасці. Тут мы значна прасунуліся за апошнія 5 гадоў.
Што мае на ўвазе прарэктар педагагічнага ўніверсітэта? З 870 студэнтаў (прыкладна 80% з іх дзяўчаты) каля 200 кожны год выбіраюць педагагічную прафесію пасля заканчэння педагагічных класаў. Да таго ж каля 200 чалавек штогод заключаюць мэтавыя дагаворы на навучанне. І тыя і другія ведаюць, што працаваць на першым рабочым месцы яны будуць 5 гадоў мінімум. А ў працэсе навучання выкладчыкі БДПУ імкнуцца ўмацаваць матывацыю сваіх студэнтаў, у тым ліку з дапамогай уласнага прыкладу. Так, ва ўніверсітэце больш за 700 педагогаў, у многіх вялікі вопыт, больш за палову з іх маюць вучоныя ступені.
Таксама важна актыўнае ўключэнне студэнтаў у практычную педагагічную дзейнасць пачынаючы з першага курса. Гэта валанцёрская практыка для першакурснікаў, вучэбная практыка для другакурснікаў, якая прадугледжвае дзень работы ў школе (штотыднёвае накіраванне студэнтаў у школы), педагагічная і пераддыпломная практыкі для трэця- і чацвёртакурснікаў.
— Нашы выпускнікі ведаюць, як ідуць справы ў школе сёння, — перакананы Аляксандр Васільевіч. — Яны накіроўваюцца ва ўстановы адукацыі з жаданнем, пра што гавораць і паказчыкі замацавання. Ёсць раёны, дзе замацаванне складае 100%: Клецкі, Крупскі, Слуцкі, Уздзенскі. Канечне, вельмі многае ў гэтым плане залежыць ад мясцовых органаў улады.
На пытанне пра тое, як часта выпускнікі ўніверсітэта адмаўляюцца ад размеркавання, прадстаўнік БДПУ адказвае, што такое здараецца вельмі рэдка. Часцей тыя, хто вучыцца на пазабюджэце, хочуць прайсці размеркаванне, каб атрымаць першае рабочае месца. Так, у 2018 годзе такіх жадаючых было 7, у 2019 годзе — 14, сёлета — 3 чалавекі. Бывае, канечне, што малады спецыяліст знайшоў больш прывабнае месца работы, тады ён разрывае кантракт і аплачвае кошт вучобы ва ўніверсітэце прапарцыянальна адпрацаванаму часу — гэта адзінкавыя выпадкі.
Аб запатрабаванасці
— Кодэкс аб адукацыі і Працоўны кодэкс гарантуюць маладым людзям, якія накіроўваюцца працаваць па размеркаванні, шэраг гарантый і кампенсацый, — яшчэ раз нагадвае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Валер’евіч Токун. — Гэта актуальна для выпускнікоў любых навучальных устаноў. Напрыклад, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі гарантуецца працаўладкаванне па атрыманай прафесіі і спецыяльнасці. Усім выпускнікам, якія падлягаюць размеркаванню, прадастаўляецца адпачынак працягласцю 31 каляндарны дзень, педагогам — 45 дзён. Пры гэтым па жаданні тэрмін адпачынку можа быць скарочаны.
Калі выпускнік пераязджае на работу па размеркаванні ў іншую мясцовасць, яму гарантуецца выплата ўсіх выдаткаў на пераезд: дарога, сутачныя. Такія выплаты атрымліваюць і члены сям’і, якія пераязджаюць разам з маладым спецыялістам. У месячны тэрмін пасля працаўладкавання выпускнікам гарантуецца выплата грашовай дапамогі: для выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі яна вызначаецца з памеру стыпендыі, якую яны атрымлівалі, для спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй — зыходзячы з тарыфнай стаўкі або акладу, што дзейнічаюць на прадпрыемстве, дзе яны пачалі працаваць.
У адпаведнасці з Працоўным кодэксам, наймальнік не мае права неабгрунтавана адмовіць у прыёме на работу выпускнікам, якія накіраваны да яго. Пры заключэнні працоўных дагавораў з маладымі спецыялістамі ім не назначаюць папярэднія іспыты. А калі такі спецыяліст ідзе служыць у армію, то пасля заканчэння службы за ім на працягу 3 месяцаў захоўваецца права вярнуцца на тое месца работы, з якога ён пайшоў.
— У службах занятасці штогод рэгіструецца няшмат выпускнікоў, — дадае А.В.Токун. — Так, у 2019 годзе было зарэгістравана ўсяго 530 выпускнікоў навучальных устаноў усіх тыпаў. Пачынаючы з 2015 года, гэтая лічба пастаянна зніжаецца. Больш за ўсё рэгіструецца выпускнікоў УВА, амаль 25% з іх — эканамісты, 21% — юрысты. Эканамісты і юрысты часцей за іншых шукаюць работу, а сярод тых, хто атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, да іх яшчэ далучаюцца бухгалтары.
На пачатак верасня бягучага года ў службы занятасці звярнуліся 199 выпускнікоў навучальных устаноў, 163 з іх былі працаўладкаваны па атрыманай спецыяльнасці. Што да педагогаў, то тут адзначаецца пэўны дэфіцыт кадраў. Па словах прарэктара БДПУ А.В.Макоўчыка, універсітэт пакуль не здольны задаволіць попыт сталічных устаноў, напрыклад, на маладых спецыялістаў дашкольнай і пачатковай адукацыі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.