Правілы беражлівых

У нашай краіне ўсё больш людзей зацікаўліваюць раздзельны збор адходаў, экалагічныя пытанні, эканомія рэсурсаў. І чым больш з’яўляецца такіх зацікаўленых, тым больш у іх узнікае пытанняў аб тым, што яны могуць зрабіць, каб прыкладзеныя  намаганні мелі прыметны эфект. А ў пэўнай часткі насельніцтва ўзнікаюць нават сумненні: а ці правільна я раблю, што выкідваю смецце раздзельна? Усё роўна ў смеццяўборачнай машыне яно змешваецца.

Што тычыцца апошняга пытання, то яно, можна сказаць, стала традыцыйным. Спецыялістам задаюць яго пастаянна, на працягу як мінімум некалькіх апошніх гадоў. Тым не менш частка насельніцтва працягвае сумнявацца: мы сартуем смецце, а сэнсу ў гэтым, магчыма, і няма.

Вось што гаворыць дырэктар дзяржаўнай установы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Наталля Аляксееўна Грынцэвіч:

— Паводле заканадаўства, калі смецце збіраецца раздзельна, то і вывозіць яго трэба раздзельна. Людзям важна ўсведамляць: тое, што ўжо рассартавана, не апынецца на палігоне, яно паедзе на станцыю сартавання адходаў.

Дарэчы, паколькі ў Беларусі пачалася перапрацоўка ўпакоўкі тэтрапак, людзям, якія яе будуць збіраць, важна ведаць: такія адходы трэба выкідваць у адходы пластыку.

А вось іншая сітуацыя, звязаная з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі: некаторыя дачнікі, уладальнікі дамоў, дагэтуль выкарыстоўваюць аўтамабільныя шыны як агароджу для клумб, стварэння ландшафтнага дызайну, нават для ўладкавання гульнявых дзіцячых пляцовак. З эстэтычнага пункту гледжання такое рашэнне вельмі сумніўнае, але справа не толькі і не столькі ў гэтым.

— На сёння распрацаваны ўсе схемы абыходжання з адходамі, — заўважае загадчык аддзела абыходжання з адходамі БелНІЦ “Экалогія” Кацярына Аляксееўна Бацян. — У Беларусі з адпрацаваных шын вырабляюць нямала карыснай прадукцыі. Іх перапрацоўваюць у гумавую крошку, з якой вырабляюць пакрыццё для спартыўных пляцовак, адходы выкарыстоўваюць для аднаўлення пакрышак, для вырабу тратуарнай пліткі, кантэйнераў спецыяльнага прызначэння, да якіх няма вельмі строгіх патрабаванняў у плане ўтрымання ў іх пэўных складнікаў. Самае мэтазгоднае, што можна зрабіць з шынамі, — адвезці іх на нарыхтоўчы пункт, гэта лепш і з пункту гледжання экалогіі. Так шына атрымае новае прымяненне ў сучасных матэрыялах.

Многіх зараз хвалюе пытанне ўтылізацыі медыцынскіх масак. Звычайныя бытавыя вырабляюцца з арганічных матэрыялаў, а бавоўна раскладаецца. Ды і выкарыстоўваць такія маскі можна шмат разоў. А вось з медыцынскімі маскамі не ўсё так проста, тым больш  што іх адходаў зараз вельмі многа, а частка з іх, верагодна, інфіцыраваная. На гэты конт спецыялісты нагадваюць, што, напрыклад, па рашэнні Мінгарвыканкама збор медыцынскіх масак арганізаваны ў аптэках і медыцынскіх установах. Тут устанаўліваюць кантэйнеры для збору медыцынскіх адходаў ад насельніцтва (не толькі масак, але і лекаў, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці).

— Я не ўпэнена, што зараз кантэйнеры ёсць ва ўсіх медустановах, але ў 80% з іх яны ўсталяваны, — кажа К.А.Бацян. — Лічу, што складанасцей з тым, куды выкінуць маску, у гараджан няма. Гэта пытанне асэнсаванага стаўлення да праблемы.

А калі ў Беларусі з’явіцца залогавы кошт для пластыкавых і іншых бутэлек, і калі іх можна будзе здаваць непасрэдна ў магазінах?

— Магазіны спажыўкааперацыі і нашы нарыхтоўчыя пункты прымаюць зваротную шклобутэльку і шкласлоік  яшчэ з савецкіх часоў, — нагадвае начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Іванаўна Скіндзер. — Сёння мы прымаем і адходы ПЭТ, і макулатуру, і каляровыя металы, да якіх адносяцца бляшанкі. Калі ў чалавека ёсць жаданне, ён усё гэта можа сабраць, аднесці, скажам, у наш магазін, атрымаць грошы і патраціць іх у гэтым жа магазіне. Толькі за 9 месяцаў гэтага года мы закупілі каля 4 млн штук толькі зваротнай шклатары.

Што да дэпазітнай сістэмы збору тары, то, згодна з дзяржпраграмай, яе ўвядзенне прадугледжана ў 2024 годзе.  Плануецца, што сістэма ўключыць слоікі, металічныя банкі з-пад напіткаў, пластыкавыя бутэлькі. Гэтую тару можна будзе кінуць у аўтамат або здаць у прыёмных пунктах і гандлёвых аб’ектах, але на больш сучасным узроўні з выкарыстаннем штрых-кодаў. Калі пытанне яшчэ толькі распрацоўвалася, гаворка ішла пра тое, каб за адну бутэльку з любога вышэй названага матэрыялу выплачваць чалавеку 20 капеек. Пры гэтым важна разумець, што кошт прадукцыі аўтаматычна павышаецца на залогавы кошт тары, але грошы можна вярнуць, здаўшы бутэльку.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.