На працягу апошніх гадоў у краіне ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю вёскі і аграгарадкоў. Акрамя эканамічнага развіцця, разглядаюцца пытанні сацыяльна-бытавога ўладкавання, а таксама распрацоўваецца канцэпцыя вёскі будучыні.
Якой павінна быць такая вёска? Якое месца ў ёй будзе ўдзяляцца развіццю сістэмы адукацыі? Расказаць пра падрабязнасці ажыццяўлення праграмы ў рэгіёнах Брэсцкай вобласці, а таксама пра тое, якое значэнне ў аграгарадках рэгіёна надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, згадзіўся начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Мікалаевіч ПРАСМЫЦКІ.
— Юрый Мікалаевіч, у Брэсцкай вобласці плануецца рэалізаваць канцэпцыю вёскі будучыні. Па якім прынцыпе былі адабраны населеныя пункты, у якіх будзе рэалізоўвацца праграма? Што плануецца пабудаваць у кожным з іх? Колькі фінансавых сродкаў плануецца на развіццё ўстаноў адукацыі ў гэтых аграгарадках?
— Для рэалізацыі канцэпцыі вёскі будучыні на Брэстчыне ў якасці пілотных праектаў былі выбраны некалькі аграгарадкоў, сярод якіх Астрамечава ў Брэсцкім раёне, Белавежскі ў Камянецкім раёне і Парахонск, які знаходзіцца на Піншчыне. Згодна з канцэпцыяй, гэта будуць сучасныя сельскія населеныя пункты з устойлівай вытворчасцю. Населеныя пункты будуць спалучаць у сабе якасць гарадскога асяроддзя ў сацыяльным абслугоўванні, інжынерна-транспартным забеспячэнні і добраўпарадкаванні з каштоўнасцямі сельскага ўкладу жыцця.
Астрамечава стала першым населеным пунктам, чыя канцэпцыя цяпер дэталёва прапрацоўваецца. Згодна з планамі, аграгарадок разам з найбліжэйшымі да яго вёскамі плануецца аб’яднаць у цэласную экалагічную сістэму. Плануецца выканаць мадэрнізацыю дзіцячага сада і сярэдняй школы са стадыёнам. Сёння генеральны план развіцця Астрамечава, дзе прадугледжана будаўніцтва сярэдняй школы і двух дзіцячых садоў, знаходзіцца на стадыі грамадскага абмеркавання.
— На вашу думку, ці дапаможа такая мадэрнізацыя прыцягнуць моладзь у аграгарадкі?
— Акрамя мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі, для прыцягнення моладзі ў аграгарадкі неабходна стварыць новыя працоўныя месцы, забяспечыць належныя жыллёвыя ўмовы, арганізаваць вольны час. Тым не менш хочацца спадзявацца, што з часам адносіны моладзі да вёскі зменяцца і яна пасля заканчэння навучальных устаноў будзе з ахвотай прыязджаць у аграгарадкі на работу.
— Развіццю аграгарадкоў у краіне ўдзяляецца шмат увагі. Першы крок да гэтага быў зроблены дзякуючы дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця вёскі, якая завяршылася некалькі гадоў назад. Згодна з ёй, акрамя забеспячэння ўстойлівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця, вялікае значэнне надавалася і павышэнню ўзроўню сацыяльна-бытавога ўладкавання. Колькі школ, дзіцячых садоў было пабудавана і рэканструявана на Брэстчыне за час яе ажыццяўлення? Якія фінансавыя сродкі з абласнога бюджэту былі затрачаны на гэта?
— У Брэсцкай вобласці пастаянна праводзіцца неабходная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, за час рэалізацыі дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі выкананы ў поўным аб’ёме. Так, былі адкрыты 305 новых форм дашкольнай адукацыі, набыты 130 аўтобусаў для падвозу вучняў у сувязі з рэарганізацыяй сеткі ўстаноў, уведзены ў эксплуатацыю 11 аб’ектаў адукацыі, праведзены рамонтна-будаўнічыя работы на 335 аб’ектах адукацыйнай галіны.
У рамках дзеяння дзяржаўнай праграмы на фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці адукацыі ў 2011—2015 гадах з абласнога бюджэту было накіравана 186,04 млрд. недамінаваных рублёў.
За названы перыяд у сельскай мясцовасці былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 2 сярэднія школы на 336 месцаў, 2 школы-сады на 489 навучэнцаў і 170 выхаванцаў, 8 дзіцячых садоў ці прыбудоў да іх на 636 месцаў. У дадатак да гэтага былі рэканструяваны спальныя карпусы ў ДРАЦ “Колас”, уведзены ў эксплуатацыю медблок у Перкавіцкай санаторнай школе-інтэрнаце Драгічынскага раёна. У Вістыцкай сярэдняй школе Брэсцкага раёна быў абноўлены харчаблок, а ў Гвозніцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Маларыцкага раёна з’явіліся тры новыя аб’екты — спартыўная зала, актавая зала і харчаблок. Увогуле, на будаўніцтва ўстаноў адукацыі ў сельскай мясцовасці ў 2011—2015 гадах накіраваны 229 млрд недамінаваных рублёў.
— Колькі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі было пабудавана ці адрамантавана ў вёсцы за апошнія гады? Ці абнаўляліся харчаблокі і колькі грошай з абласнога бюджэту пайшло на гэта? Якое абсталяванне было закуплена?
— Пасля заканчэння рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ў сельскай мясцовасці былі ўведзены харчаблокі ў Ліноўскай сярэдняй школе Пружанскага раёна, Бярозаўскай базавай школе і Пескаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна. У ДРАЦ “Світанак” з’явіліся спартыўная зала і кацельня. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту было выдзелена 8669,8 тысячы рублёў.
Падчас выканання работ па рэканструкцыі ці прыбудове харчаблокаў закуплялася новае тэхналагічнае абсталяванне, якое прадугледжана праектна-каштарыснай дакументацыяй і адпавядае санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням.
— Для стварэння якасных умоў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у вёсках і малых гарадах, Міністэрства адукацыі рэалізуе праект па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі ў 2016—2020 гадах за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка. Што ў рамках гэтага праекта будзе зроблена ў Брэсцкай вобласці?
— У рамках праекта ў галіне ажыццяўляецца рэканструкцыя і капітальны рамонт 34 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з адначасовым уводам 86 кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі і інфарматыкі, якія аснашчаны сучасным вучэбна-лабараторным абсталяваннем на суму 10,6 млн долараў.
Усяго з пачатку рэалізацыі праекта ўстановы адукацыі Брэстчыны былі прафінансаваны на суму каля 5,5 млн долараў ЗША. Ужо завершаны будаўніча-мантажныя работы ў 12 установах, якія ўжо працуюць. У 4 установах адукацыі пастаўлена мэбля і абсталяванне для кабінетаў хіміі і фізікі (усяго 6 кабінетаў).
За кошт сродкаў Сусветнага банка выкананы прыбудовы санвузлоў у Пескаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна. У Страдзецкай сярэдняй школе Брэсцкага раёна пабудаваны спартыўная зала і класныя пакоі на 180 месцаў. А ў Чэрнінскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна завяршаюцца работы па прыбудове спартыўнай залы і класных памяшканняў.
— У якім стане сёння знаходзяцца пабудаваныя і адрамантаваныя аб’екты? Ці патрабуюць яны дадатковых інвестыцый?
— З упэўненасцю магу сказаць, што немагчыма ўсё і адразу зрабіць ідэальна. Любы пабудаваны аб’ект патрабуе дадатковай увагі, каб у ім падтрымліваўся парадак. Нельга зрабіць у школе рамонт і забыць аб гэтым на некалькі гадоў. У школу, дзіцячы сад ці ў іншыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры штогод трэба ўкладваць грашовыя сродкі.
Безумоўна, падчас рамонтаў ва ўсё ўкладваліся вялікія грошы. Мы планавалі ўсе навучальныя ўстановы абнавіць комплексна. Такім чынам, ва ўстановах аграгарадкоў быў праведзены поўны рамонт. Рамантаваўся, дзе трэба, дах, вялікая ўвага ўдзялялася правільнаму пакрыццю сцен, падлогі. Трэба было прывесці ў парадак не толькі асобныя вучэбныя памяшканні, але і харчаблокі.
Тым не менш педагогі і навучэнцы ўсіх адрамантаваных устаноў адукацыі імкнуцца ўтрымліваць аб’екты ў належным стане, каб не патрабавалася ўкладання дадатковых фінансавых сродкаў.
— Калі гаварыць пра гарадскія школы і дзіцячыя садкі, у якіх гарадах вобласці на працягу апошніх гадоў праводзілася мадэрнізацыя ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі? Колькі фінансавых сродкаў (у параўнанні з сельскімі школамі) было выдзелена на горад?
— Акрамя рэалізацыі розных праграм па прывядзенні ў належны стан устаноў адукацыі ў сельскай мясцовасці, на Брэстчыне ўдзяляюць вялікую ўвагу будаўніцтву і мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі ў гарадах.
Так, з 2016 года ў Брэсце, Баранавічах і Пінску, якія з’яўляюцца самымі вялікімі гарадамі вобласці, адкрыты некалькі сярэдніх школ, 3 дзіцячыя садкі на 830 месцаў, 2 школы-сады на 342 месцы для навучэнцаў і на 300 месцаў для выхаванцаў. Акрамя гэтага, была выканана прыбудова да дзіцячага сада і прыбудова харчаблока да дзіцячага сада і сярэдняй школы.
За апошнія гады былі выкананы мадэрнізацыя сярэдняй школы № 8 Брэста, рэканструкцыя харчаблокаў у сярэдніх школах №№ 6, 20, 25, 32, 33 Брэста, адрамантаваны басейны ў дзіцячых садках Баранавіч.
За 2018 год у галіне адукацыі на капітальны і бягучы рамонты было затрачана 23 501,3 тысячы рублёў, у тым ліку з гарадскога бюджэту (на Брэст, Баранавічы, Пінск) — 5250,9 тысячы рублёў, што склала 22,3% ад агульнага аб’ёму фінансавання.
— Пасля трагічнага выпадку ў Стоўбцах Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўзмацніць сістэму бяспекі ў школах. Якія меры, згодна з рэкамендацыяй, былі прыняты ў навучальных установах Брэсцкай вобласці?
— З мэтай захавання бяспечнага знаходжання навучэнцаў, педагогаў і абслуговага персаналу ва ўстановах адукацыі 568 з іх былі абсталяваны відэаназіраннем. Трывожнымі кнопкамі аснашчаны 542 аб’екты. Акрамя гэтага, рэгулярна праводзяцца трэніровачныя мерапрыемствы па дзеяннях пры надзвычайных сітуацыях з удзелам упраўлення ўнутраных спраў, упраўлення МНС, тэрытарыяльных падраздзяленняў дэпартамента аховы. У многіх школах устанаўліваюцца турнікеты. Што тычыцца крыніц фінансавання, установы адукацыі абсталёўваюцца сістэмамі відэаназірання, трывожнымі кнопкамі і турнікетамі за кошт бюджэтных, пазабюджэтных, а таксама спонсарскіх сродкаў.
Гутарыла Наталля САХНО.