Як лічбавізацыя мяняе адукацыю
Лічбавыя тэхналогіі з’яўляюцца асноватворным рухавіком, на якім будуецца сучасная глабальная эканамічная прастора. Лічбавізацыя і аўтаматызацыя ахопліваюць не толькі ўсе элементы эканамічнай мадэлі і фінансавы сектар: ёй падпарадкоўваецца нават адукацыя. Прынамсі, лічбавізацыя — адзін са спосабаў зрабіць адукацыю аднолькава якаснай для ўсіх.
Лічбы дазваляюць эфектыўна сфарміраваць персаналізаваны падыход да вучняў, а адпаведнае асяроддзе стварае роўныя магчымасці для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Тым не менш трэба разумець, што сёння анлайн-інструменты даступныя не кожнаму.
Больш дэталёва пра лічбавізацыю ў эканоміцы і адукацыі расказвае навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Анастасія ЛУЗГІНА.
— Анастасія, што такое лічбавізацыя і якую ролю яна можа адыграць у жыцці звычайнага чалавека, далёкага ад свету эканомікі і фінансаў?
— Лічбавізацыя — даволі шматграннае паняцце. У самым вузкім разуменні гэты тэрмін азначае алічбоўку інфармацыі. У шырокім вызначэнні лічбавізацыя прадугледжвае не толькі павышэнне эфектыўнасці выкарыстання інфармацыі на аснове ўкаранення сучасных тэхналогій у розныя сферы жыцця грамадства, але і перабудову тэхналагічных працэсаў кампаній, трансфармацыю прынцыпаў кіравання і метадаў іх работы, а таксама ўдасканаленне каналаў і прынцыпаў узаемадзеяння з дзяржаўнымі структурамі за кошт пабудовы сістэмы электроннага ўрада. З’яўленне інтэрнэту стала адной з магутных перадумоў лічбавізацыі.
Варта адзначыць, што лічбавізацыя не толькі павышае эфектыўнасць работы кампаній і дзяржаўнага кіравання, але таксама мае магутны сацыяльныя эфект. Напрыклад, працэсы лічбавізацыі спрыяюць павышэнню якасці жыцця насельніцтва за кошт магчымасці больш поўнага задавальнення патрэб кожнага чалавека. У цяперашні час большасць людзей у той ці іншай ступені адчуваюць на сабе вынікі лічбавізацыі. Напрыклад, запісацца да ўрача або цырульніка, заказаць дастаўку прадуктаў на дом, аплаціць камунальныя паслугі, купіць білеты на цягнік або самалёт, адкрыць банкаўскі рахунак або атрымаць крэдыт, праверыць крэдытную гісторыю, перавесці грошы сваякам на карту — усё гэта можна ажыццявіць анлайн, не выходзячы з дому і не запаўняючы мноства папер. Пандэмія каранавіруса нанесла сур’ёзны ўдар па сусветнай эканоміцы, але не спыніла яе, і гэта дзякуючы развіццю працэсаў лічбавізацыі.
Больш за тое, калі звярнуцца да прыкладаў са штодзённага жыцця, можна разгледзець сучасныя аўтамабілі, якія папярэджваюць пра нізкі ўзровень бензіну, просяць не забыць своечасова прайсці тэхнічнае абслугоўванне і самі ўключаюць фары, калі становіцца цёмна. Яшчэ адзін прыклад — смарт-гадзіннік, з дапамогай якога можна не толькі аплачваць тавары ў магазіне і глядзець час, але і кантраляваць фізічную актыўнасць, вымяраць пульс і нават узровень кіслароду ў крыві. Можна бясконца доўга пералічваць праяўленні лічбавізацыі, таму робім выснову, што многія яе праўленні ўжо сталі нормай у жыцці сучаснага чалавека.
— Наколькі хутка лічбавыя тэхналогіі распаўсюджваюцца ў эканоміцы? Якія адметныя рысы лічбавізацыі эканомікі?
— Безумоўна, эканоміка як сукупнасць вытворчых адносін грамадства актыўна рэагуе на тэхналагічныя змены, бо накіравана на пастаянны рост эфектыўнасці. Звычайна найбольш хутка лічбавізацыя пранікае ў сферу паслуг: гэта патрабуе менш выдаткаў і часу ў параўнанні з укараненнем новых тэхналогій на вытворчасці. Лічбавізацыя эканомікі можа мець таксама краінавыя ці рэгіянальныя адрозненні і залежыць ад шэрага фактараў, такіх як наяўнасць кваліфікаваных працоўных рэсурсаў, структуры эканомікі і ўзроўню лічбавай дасведчанасці насельніцтва. Што тычыцца больш агульных праяўленняў лічбавізацыі эканомікі, то яны ўключаюць арганізацыйную і тэхналагічную трансфармацыю вытворчых працэсаў на аснове ўкаранення інфармацыйных тэхналогій, змяненне структуры рабочай сілы па спецыяльнасцях, а таксама накіраванасць работы эканамічных суб’ектаў на максімальнае задавальненне патрэб кожнага чалавека з улікам яго індывідуальных прыярытэтаў.
— Да якога эфекту можа прывесці краіну лічбавізацыя эканомікі і якія рызыкі нясе ў сабе хуткае развіццё лічбавых тэхналогій, а таксама іх выкарыстанне ў фінансава-банкаўскім сектары?
— Лічбавізацыя аказвае магутнае станоўчае ўздзеянне на эканоміку. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў павышэнні прадукцыйнасці работы кампаній, скарачэнні іх выдаткаў, стварэнні новых высокатэхналагічных вытворчасцей, скарачэнні нізкакваліфікаваных прафесій пры адначасовым з’яўленні новых спецыяльнасцей, якія патрабуюць ад работніка пастаяннага ўдасканалення яго прафесійных навыкаў і рэалізацыі творчага патэнцыялу. Разам з гэтым лічбавізацыя прадугледжвае пашырэнне прапановы для тых груп эканамічных суб’ектаў, якія раней мелі абмежаваны доступ да тых ці іншых сэрвісаў. Гэта значыць, сучаснае лічбавае развіццё эканомікі мае на ўвазе фарміраванне кліентацэнтрычнай мадэлі, у якой характарыстыкі канчатковага прадукту ўлічваюць патрэбы канкрэтнага пакупніка.
Лічбавізацыя дазволіла значна павысіць зручнасць карыстання фінансавымі прадуктамі. У шэрагу краін ужо існуюць неабанкі, якія не маюць офісаў і ажыццяўляюць выключна дыстанцыйнае абслугоўванне сваіх кліентаў. Дзякуючы пранікненню сучасных тэхналогій, з’яўляюцца новыя віды фінансавых пасрэднікаў, такія як краўдфандынгавыя пляцоўкі або крыптабіржы. Традыцыйныя банкі таксама пачынаюць прапаноўваць усё больш фінансавых прадуктаў на базе ўласных мабільных дадаткаў у анлайн-фармаце. Напрыклад, у мабільным банкінгу можна паглядзець гісторыю руху па рахунку, аплаціць паслугі сотавых аператараў, купіць каштоўныя паперы і нават заказаць таксі. У той жа час варта разумець, што пры здзяйсненні фінансавых аперацый варта дакладна ацэньваць рызыкі, якія з гэтым звязаны. Напрыклад, пры інвеставанні грошай на краўдлендынгавай пляцоўцы, дзе стаўкі значна вышэйшыя за даходнасць банкаўскіх дэпазітаў, існуе рызыка незвароту грошай пазычальнікам. Гэта значыць, інвестар можа атрымаць высокі даход ад здзелкі, але можа і страціць яго. Аналагічныя рызыкі дэфолту пазычальнікаў існуюць і на іншых інвестыцыйных анлайн-пляцоўках. Таксама існуюць рызыкі, звязаныя з махлярствам. У апошні час перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра несанкцыянаваныя спісанні грошай з картачных рахункаў. Часта гэта адбываецца з-за таго, што людзі самі паведамляюць ашуканцам даныя карты і пашпартныя даныя. Такім чынам у свеце, дзе актыўна развіваюцца фінансавыя сэрвісы, існуюць два тыпы рызыкі. Першы звязаны з аб’ектыўнай магчымасцю страт у выніку ажыццяўлення фінансавых транзакцый, а другі — з махлярствам. Аднак баяцца новых, больш дасканалых прадуктаў, якія прапануе фінансавы сектар, не трэба. Для мінімізацыі і выключэння магчымых страт спажыўцам фінансавых сэрвісаў важна валодаць базавымі навыкамі ў сферы фінансаў. І тут важную ролю адыгрывае дзяржаўная палітыка па павышэнні фінансавай і лічбавай дасведчанасці насельніцтва. Таксама варта пазбягаць работы на незнаёмых анлайн-пляцоўках, а ў выпадку ўзнікнення падазрэнняў на ашуканскія дзеянні з банкаўскім рахункам трэба неадкладна звярнуцца ў банк, які вас абслугоўвае, за тлумачэннямі.
— На што варта звярнуць увагу пры ўкараненні лічбавых інструментаў у розныя сферы жыцця?
— Гэта даволі шырокае пытанне і патрабуе асобнай гутаркі. Калі сканцэнтравацца на лічбававай трансфармацыі кампаніі, то тут можна вылучыць некалькі агульных момантаў. Перш за ўсё не варта праводзіць лічбавізацыю дзеля самога працэсу. Трэба разумець, які эфект хоча атрымаць кампанія ад укаранення новых тэхналогій, якой выгады дасягнуць. Напрыклад, апошнім часам шмат гавораць пра перавагі тэхналогіі блокчэйн. Але ўкараненне гэтай тэхналогіі больш апраўдана ў буйных карпарацыях са складанымі шматузроўневымі працэсамі і вялікай колькасцю контрагентаў. Калі ж прадпрыемства невялікае і працуе выключна на ўнутраны рынак, то адаптаваць складаную і дарагую тэхналогію для ўласных вытворчых патрэб, магчыма, не мае сэнсу. Таму варта звярнуць увагу на больш простыя і эканомныя рашэнні. Другое пытанне тычыцца кваліфікацыі персаналу. Варта разумець, што, акрамя тэхнічнай перабудовы вытворчых працэсаў, спатрэбіцца яшчэ сфарміраваць неабходныя навыкі ў супрацоўнікаў. Таксама ва ўмовах лічбавай трансфармацыі кампаніі частку кампетэнцый будзе мэтазгодна аддаць на аўтсорсінг, у выніку чаго адбудзецца фарміраванне своеасаблівага экаасяроддзя. Часта адным з вынікаў лічбавай трансфармацыі кампаній называюць павышэнне ступені задаволенасці кліентаў або пашырэнне кліенцкай базы. У гэтым выпадку важнае значэнне набывае вызначэнне схаваных патрэб сваіх кліентаў. Гэта значыць, да ўкаранення інавацый неабходна дэталёва правесці аналіз асноўных кліенцкіх груп і іх прыярытэтаў.
— Якое месца лічбавізацыя здольна заняць у вучэбным працэсе?
— Безумоўна, дзякуючы лічбавізацыі, пашыраюцца магчымасці для вучэбнага працэсу і павялічваецца яго якасць. Напрыклад, паступовае ўкараненне ў школах планшэтаў пазбаўляе дзяцей неабходнасці пастаянна насіць з сабой цяжкія падручнікі і марнаваць час на атрыманне неабходнай кнігі ў бібліятэцы. Дзякуючы доступу ў інтэрнэт, можна хутка знайсці патрэбную інфармацыю, а таксама атрымаць каментарыі і парады ад выкладчыка. Стварэнне агульных чатаў дазваляе ў анлайн-рэжыме абмеркаваць дамашняе заданне або падрыхтавацца да сумеснай прэзентацыі праекта.
Важнасць лічбавізацыі ў адукацыйным працэсе асабліва ярка выявілася ў перыяд пандэміі. Менавіта за апошні год узрасла колькасць вэбінараў, анлайн-канферэнцый, дыстанцыйных семінараў. А шэраг нашых УВА і УВА іншых краін змаглі часткова перайсці на дыстанцыйнае навучанне. У той жа час варта разумець, што для ўкаранення новых фарматаў выкладання патрабуецца час і фінансавыя рэсурсы, бо неабходна, як мінімум, адаптаваць вучэбныя праграмы, правесці перападрыхтоўку выкладчыцкага складу, а таксама мець адпаведнае тэхнічнае і праграмнае забеспячэнне для арганізацыі вучэбнага працэсу.
— Згодна з вашымі назіраннямі, на што сёння накіравана лічбавізацыя ў адукацыі?
— Лічбавізацыя ў адукацыйнай сферы, з аднаго боку, трансфармуе самі падыходы і метады выкладання, фарміруе новыя каналы камунікацыі паміж выкладчыкам і вучнем, а з другога — фарміруе неабходнасць укаранення новых вучэбных курсаў на ўзроўні як школ, каледжаў, так і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, сёння існуе шэраг адукацыйных парталаў (напрыклад, Coursera), дзе слухачы могуць запісацца на любы анлайн-курс, які іх цікавіць, і атрымаць неабходныя веды. Лічбавізацыя эканомікі патрабуе ад сучаснага чалавека наяўнасці адпаведных навыкаў для работы ў лічбавым асяроддзі. Таксама з’яўляецца запыт на спецыялістаў, якія валодаюць спецыяльнымі ведамі, напрыклад, у галіне аналізу вялікіх даных або смарт-кантрактаў. Усе гэтыя змены павінны ўлічвацца пры распрацоўцы новых курсаў і планаванні падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў.
— Як хутка дзеці здольны адаптавацца да лічбавага асяроддзя?
— Навучанне асновам выкарыстання сучасных тэхналогій важна пачынаць з дзіцячага сада. Чым раней дзеці пачнуць знаёмства з сучаснымі тэхналогіямі, тым прасцей ім будзе адаптавацца ў лічбавым свеце, які хутка развіваецца. Тым больш што для гэтага ёсць усе ўмовы. Для сучасных дзяцей наяўнасць планшэта і смартфона з’яўляецца натуральнай, і карыстацца імі малыя часта вучацца ў зусім раннім узросце. У той жа час у садку і школе ім павінны прывіваць спецыяльныя навыкі, напрыклад, такія як знаёмства з камп’ютарам і базавымі праграмнымі прадуктамі, а таксама навык карыстання банкаўскімі плацежнымі картамі і інш.
— Якімі могуць быць дадатковыя кірункі прымянення лічбавізацыі ў адукацыі? Ці магчыма ў нашай краіне, напрыклад, стварэнне лічбавых бібліятэк?
— Справа ў тым, што ў краіне ўжо існуюць праекты лічбавых бібліятэк. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка ўдзельнічае ў праекце “Сусветная лічбавая бібліятэка” (World Digital Library), дзякуючы якому можна атрымаць анлайн-доступ да матэрыялаў, што прадстаўляюць культуры розных краін свету. Таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы дзейнічае паслуга электроннай дастаўкі дакументаў і віртуальная даведачная служба “Спытай бібліятэкара”. У той жа час фармат лічбавых бібліятэк, безумоўна, неабходна больш папулярызаваць і пашыраць, што дасць магчымасць павысіць зручнасць карыстання і даступнасць бібліятэчнага фонду.
Што тычыцца іншых кірункаў лічбавізацыі ў адукацыі і навуцы, то тут, на мой погляд, трэба развіваць тыя працэсы, якія ўжо сёння адбываюцца (анлайн-навучанне, выкарыстанне сучасных тэхнічных рашэнняў у адукацыйным працэсе), а таксама паступова разглядаць магчымасці ўкаранення інавацыйных распрацовак, такіх як стварэнне спецыяльных пляцовак для абмеркавання новых навуковых работ ці камунікацыйных прастор у рамках складаных міжгаліновых навуковых праектаў на базе тэхналогіі блокчэйн.
— Анастасія, чаго лічбавае асяроддзе можа запатрабаваць ад педагогаў? Якімі ведамі і кампетэнцыямі яны павінны валодаць?
— Трансфармацыя працэсу адукацыі ў выніку лічбавізацыі, бясспрэчна, патрабуе ад педагогаў новых ведаў і кампетэнцый. Перш за ўсё гэта тычыцца навыкаў карыстання сучаснымі тэхнічнымі прыладамі для правядзення заняткаў у анлайн- і афлайн-рэжыме, арганізацыі анлайн-семінараў, групавых заняткаў і інш. Таксама неабходна ажыццяўляць пастаяннае ўдасканаленне і адаптацыю да сучасных рэалій шэрага вучэбных курсаў, зыходзячы пры гэтым з бягучых працэсаў лічбавізацыі. Напрыклад, пры вывучэнні фінансавых дысцыплін, акрамя традыцыйных ведаў, варта больш глыбока знаёміць слухачоў з новымі прадуктамі і ўдзельнікамі фінансавага рынку, а пры разглядзе эканамічнай сістэмы варта больш увагі ўдзяляць пытанням яе лічбавай трансфармацыі.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.