Навукова-тэхналагічны парк Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта не пакідае нас, журналістаў, без работы. Тут заўсёды знойдзецца штосьці цікавае, новае, крэатыўнае і, канечне, карыснае, бо практыкаарыентаванасць — абавязковая ўмова існавання тэхнапаркаў. “Палітэхнік” спраўляецца з гэтай задачай адмыслова, што, у прыватнасці, пацвярджае інавацыйны напрамак, які да 2020 года павінен выйсці на поўную магутнасць, — вытворчасць новых відаў медыцынскіх прылад і абсталявання.
Новы віток даўняга супрацоўніцтва
— Вытворчасцю медыцынскай тэхнікі мы займаемся даўно, — гаворыць генеральны дырэктар — прарэктар па вытворчай дзейнасці БНТУ Юрый Генадзьевіч Аляксееў. — Перш за ўсё гэта вытворчасць вырабаў для артапедыі і траўматалогіі. Больш за 15 гадоў выпускаем спіцы, стрыжні, паглыбныя металаканструкцыі, інструментарый, пэўныя імплантаты. Маючы такі вопыт доўгатэрміновай работы з медыцынскімі ўстановамі, мы ў 2014 годзе выйшлі з ініцыятывай на Мінгарвыканкам аб выкананні буйнога праекта, звязанага ўжо не толькі з артапедыяй, але і з кардыялогіяй, стаматалогіяй, анкалогіяй. Гэта тыя напрамкі медыцыны, з прадстаўнікамі якіх, урачамі, у нас склаліся добрыя працоўныя адносіны за мінулы час.
Тэхнапарк накіраваў бізнес-план новага праекта ў інавацыйны фонд гарадскога выканаўчага камітэта, і праз пэўны час праект зацвердзілі. Вось такім чынам з 2014 года ў распрацоўцы “Палітэхніка” знаходзяцца 12 вырабаў медыцынскага прызначэння. Большая іх частка патрэбна кардыёлагам — стэнты, стэнт-графты, аклюдары, штучныя клапаны сэрца і іншыя вырабы. Між іншым на тэрыторыі Беларусі ўнутрысасудзістыя стэнты не вырабляліся, а імпартныя — і дарагія, і паступаюць з-за гэтага ў абмежаванай колькасці. Так што свае стэнты дазволяць праводзіць больш аперацый (пры тым, што на долю хвароб кровазвароту ў нашай краіне выпадае больш за палову смярцей і прыкладна столькі ж інваліднасцей).
— Інавацыйны праект заснаваны на тым патэнцыяле, які ўжо быў напрацаваны ў НТП, — тлумачыць Ю.Г.Аляксееў. — Па-першае, у нас быў добры вопыт работы ў гэтай сферы. Па-другое, неабходна наяўнасць навукоўцаў, якія здолелі б вырашаць інавацыйныя задачы. У нас такія навукоўцы ёсць, і ў першую чаргу гэта Уладзімір Цімафеевіч Мінчэня, прафесар кафедры прыборабудаўнічага факультэта. У аснове ўсіх новых распрацовак ляжаць тэхнічныя ідэі, якія ён прапанаваў для рэалізацыі. А ў медыцынскім плане задачы нам давалі ўрачы, вядомыя ў сваіх галінах спецыялісты Юрый Пятровіч Астроўскі, Аляксандр Генадзьевіч Мрочак, іх вучні Аляксандр Паўлавіч Шкет, Павел Феліксавіч Чарнаглаз (гэта кардыёлагі). Калі гаварыць пра артапедыю, то гэта Аляксандр Валянцінавіч Бялецкі, Алег Леанідавіч Эйсмант і іншыя ўрачы-практыкі розных спецыялізацый. Мы іх ведалі, яны нас ведалі, так і нарадзіўся праект — у саюзе ўрачоў і інжынераў.
Канечне, для рэалізацыі праекта неабходна адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Яна ў “Палітэхніка” ёсць і працягвае развівацца. Нават больш: інавацыйны праект быў задуманы ў тым ліку для таго, каб умацаваць гэтую базу — набыць новае высокатэхналагічнае абсталяванне і ўладкаваць новыя вытворчыя памяшканні. Так, БНТУ валодае буйной сеткай грамадскага харчавання. Настолькі буйной, што некаторыя сталовыя ўжо і лішнія, таму іх памяшканні можна прыстасаваць для іншых патрэб. Так і з’явіўся ў тэхнапарка новы офісна-лабараторны корпус з канферэнц-залай для перагавораў.
Фінансаванне ж праекта магчыма дзякуючы Указу кіраўніка дзяржавы № 357 ад 7 жніўня 2012 года аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў. Сярод патрабаванняў указа — выпуск інавацыйнай прадукцыі з дабаўленым коштам, не ніжэй, чым у заходнееўрапейскіх краінах па аналагічных вырабах, экспартаарыентаванасць вытворчасці і інш.
Наступная ўмова, неабходная для паспяховай рэалізацыі праекта — наяўнасць усіх неабходных службаў: канструктараў, тэхнолагаў, спецыялістаў у галіне сертыфікацыі, выпрабаванняў, рэгістрацыі вырабаў, маркетынгу, забеспячэння (для вытворчасці стэнтаў і стэнт-графтаў неабходна набываць ніці ў Японіі) і г.д. Усе гэтыя прафесіяналы ў тэхнапарку ёсць — шмат у чым дзякуючы таму ж указу аб інавацыйных фондах. Значыць, сіл і ўменняў на новы праект хопіць.
Сярод новых распрацовак, напрыклад, прылада для выканання міні-інвазіўнага закрыцця дэфектаў у сэрцы. Гэты аклюдар уяўляе сабой плеценую канструкцыю і палімернае напаўненне, якія забяспечваюць перашкоду праходжанню крыві праз дэфект, а таксама наступнае поўнае закрыццё дэфекту за кошт пакрыцця прылады тканкамі сэрца. Сярод пераваг аклюдара — высокая ўстойлівасць да дэфармацыі і разбурэння, магчымасць малаінвазіўнага (малатраўматычнага) аператыўнага ўмяшання, прылада не перашкаджае нармальнай рабоце клапана сэрца. Вырабляецца аклюдар з нітынолу, які не ўступае ў рэакцыю з крывёй і не адрываецца арганізмам. Ну і яшчэ важна тое, што прылада каштуе ў 2 разы менш у параўнанні з замежнымі аналагамі. Хаця, як перакананы дырэктар НТП “Палітэхнік”, пры дапамозе толькі цаны многа не зробіш для эфектыўнасці праекта. Важней менавіта інавацыі, тыя канструктыўныя змены і новыя тэхналогіі, якія закладзены ў вырабы.
10 мільёнаў праз 5 гадоў
Зараз большасць новых вырабаў знаходзіцца на стадыі тэхнічных выпрабаванняў, праверкі на адпаведнасць санітарна-гігіенічным патрабаванням. Далей кожны выраб клінічныя выпрабаванні на пацыентах-добраахвотніках. Да канца бягучага года плануецца закончыць усе выпрабаванні. Частка вырабаў ужо іх прайшла, і стэнт-графты, ультрагукавыя апараты для стаматалогіі, для лячэння анкалагічных захворванняў пастаўляюцца ў нашы клінікі — РНПЦ “Кардыялогія”, іншыя ўстановы.
Вырабы медыцынскага прызначэння тэхнапарк БНТУ пастаўляў і пастаўляе, дарэчы, больш чым у 50 беларускіх клінік: хірургічныя і траўматалагічныя аддзяленні, спецыялізаваныя цэнтры, такія як Рэспубліканскі цэнтр хірургіі кісці ў Мінску. Кожны год “Палітэхнік“ пастаўляе на 200—250 тысяч рублёў толькі паглыбных металаканструкцый для траўматалогіі і артапедыі.
Што тычыцца новых распрацовак, то і да іх назіраецца вялікая цікавасць з боку медыкаў, у тым ліку спецыялістаў з-за мяжы. Супрацоўнікі тэхнапарка сустракаліся з прадстаўнікамі Расіі, Казахстана, Арменіі, Азербайджана, краін Прыбалтыкі. Работа па фарміраванні заказаў вядзецца ўжо зараз, каб да 2020 года, калі новая вытворчасць выйдзе на поўную магутнасць, пакет заказаў быў сфарміраваны — і ў межах Беларусі, і з-за мяжы.
Наладжванню замежных кантактаў дапамагае ўдзел у міжнародных выставах. Падчас нашай размовы з Юрыем Генадзьевічам прадстаўнікі тэхнапарка ўдзельнічалі ў інавацыйным форуме ў Санкт-Пецярбургу. У хуткім часе яны павязуць узоры сваёй прадукцыі, у тым ліку медыцынскага прызначэння, у Марока, летась прадстаўлялі яе ў ЗША, Кітаі. І нават калі на саміх выставах кантракты не заключаюцца, то знаёмствы і карысныя сувязі завязваюцца абавязкова. У выніку наладжвання сувязей тэхнапарк штогод заключае міжнародных кантрактаў па розных напрамках на суму ад 0,5 млн да 1,5 млн долараў.
Пры гэтым не трэба забываць, што тэхнапарк — структурная частка ўніверсітэта, таму задача работы са студэнтамі, іх практыка-арыентаванага навучання стаіць і перад ім. Асабліва такая практыкаарыентаванасць важная для інжынераў, і дапамога тэхнапарка з яго высокатэхналагічным абсталяваннем, сучаснымі напрацоўкамі тут неацэнная. Такім чынам НТП і кадры для сябе рыхтуе. Як прызнаецца генеральны дырэктар тэхнапарка, больш за палову супрацоўнікаў “Палітэхніка” (а іх каля 150 чалавек) — выпускнікі БНТУ, якія праходзілі ў парку практыку, рыхтавалі на яго вопыце дыпломныя і курсавыя работы. Некаторыя выпускнікі прыборабудаўнічага факультэта па спецыяльнасці “Медыцынская тэхніка”, якія ў 2014 годзе былі чацвёртакурснікамі, зараз працуюць на вытворчасці інавацыйных прылад па новым праекце.
Да 2020 года плануецца абсталяваць яшчэ адно старое памяшканне для серыйнай вытворчасці новай прадукцыі. Пры гэтым тэрмін акупнасці інавацыйнага праекта па вытворчасці медыцынскіх прылад — ад 5 да 7 гадоў, а ў грашовым выражэнні гэта прыкладна 10 млн еўра. Кіраўніцтва тэхнапарка мяркуе, што хуткай акупнасці дапаможа выкананне заказаў па вырабе пэўных загатовак, скажам, для расійскіх прадпрыемстваў, у якіх для вытворчасці няма неабходнага абсталявання. І варыянтаў па падняцці эфектыўнасці праекта яшчэ шмат.
Таксама, несумненна, карысны эфект праекта — стварэнне новых рабочых месцаў. Іх ужо з 2014 года створана каля 50, прыкладна столькі ж плануецца стварыць яшчэ, і ў большасці гэта будзе работа для выпускнікоў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
— Нашы студэнты прайшлі адбор праз цэнтралізаванае тэсціраванне, — гаворыць Юрый Генадзьевіч, — і сярод іх, няхай і няшмат, але ёсць людзі, апантаныя навукай. Мы рады і можам ім дапамагчы, супрацоўнічаць з імі на працягу іх вучобы. Ідэалогія нашага тэхнапарка, універсітэта ў цэлым — ствараць умовы для развіцця маладых людзей, якія хочуць праявіць сябе ў навуцы. А калі яны яшчэ і зарплату пры гэтым атрымліваюць, нават калі вучацца, то што можа быць лепей. Усе кірункі тэхнапарка, не толькі медыцынскі, пастаянна абнаўляюцца — гэта і апрацоўка дэталей для машынабудавання, і праект па спартыўнай інжынерыі, і інш. Мы ўвесь час працуем у полі інавацыйнай вытворчасці, даём студэнтам сучасныя веды і навыкі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва навукова-тэхналагічнага парка “Палітэхнік” БНТУ.