Цудоўным снежаньскім ранкам невялічкая дэлегацыя “Настаўніцкай газеты” накіравалася ў самы паўночны куточак краіны — Верхнядзвінскі раён, дакладней, у Сар’янскую сярэднюю школу, каб у рамках дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” павіншаваць педагогаў і вучняў.
Урокі толькі што закончыліся. Пасля кароткай, паэтычна змястоўнай вершаванай сустрэчы ў фае, падчас якой дзеці пазнаёмілі гасцей са 150-гадовай гісторыяй школы, падзяліліся сваімі поспехамі, усе 77 вучняў і 17 педагогаў сабраліся ў самым вялікім класе. Як паведаміла дырэктар установы Вольга Восіпаўна Урбан, інтрыга захоўвалася да апошняй хвіліны: ніхто ў школе не ведаў, з якімі падарункамі да іх едзе “Настаўніцкая”!
— Нам вельмі пашанцавала, бо вучні пойдуць на канікулы з навагоднімі салодкімі падарункамі, а школа… атрымлівае ад “Настаўніцкай газеты” камплект вучэбнай мэблі! — пад радасныя воплескі дзяцей і педагогаў расчулена адкрыла сакрэт Вольга Восіпаўна.
Галоўны рэдактар газеты Вадзім Аляксандравіч Кнышаў адразу пацвердзіў прыемную навіну:
— Заўсёды адчуваеш асаблівую радасць, калі сустракаешся з такімі дапытлівымі і цікаўнымі вучнямі, асабліва калі ёсць магчымасць парадаваць вас, як сёння, не толькі цукеркамі, але і чымсьці дапамагчы школе. Бо ўсё, што робяць для вас бацькі, педагогі, скіравана на тое, каб вы паспяхова вучыліся! Хачу пажадаць галоўнага: пастарайцеся не марнаваць дарэмна час, праведзены за партамі, авалодваць ведамі, развівацца духоўна, вызначыцца за школьныя гады, кім хочаце быць. І калі настойліва крочыць да гэтага, не спыняючыся, не зважаючы на цяжкасці, тады ў вас усё атрымаецца!
…Калі мы развітваліся, Вольга Восіпаўна ўжо ведала, як распарадзіцца падарункам: новымі партамі будзе абсталяваны першы клас. Сімвалічна! Неяк адразу падумалася: зусім верагодна, што хтосьці з дзетак, якія пасля канікул сядуць за парты “ад “Настаўніцкай”, у будучыні гучна праславіць у свеце не толькі родную сар’янскую зямлю, але і нашу краіну. Верым, некалі гэтае пажаданне, як і цяперашні пераднавагодні сюрпрыз для сар’янскіх школьнікаў і педагогаў, абавязкова павінна спраўдзіцца.
Генадзь ЕШЧАНКА.
Фота Святланы МАЗУРЫНАЙ.