Пяты год у Навасёлкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Нясвіжскага раёна працуе Маргарыта Сяргееўна Груша, якая летась стала пераможцай Мінскага абласнога конкурсу “Педагог сацыяльны — 2020” у намінацыі “Лепшы старт” (на той час прозвішча ў маладога педагога было Пабока). У сваёй школе М.С.Груша спецыяліст у пэўным сэнсе ўнікальны: яна не толькі сацыяльны педагог, але і педагог-псіхолаг. Давайце знаёміцца.
Плюсы вясковай школы
Працаваць у вучэбна-педагагічным комплексе малады педагог прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Вярнулася ў навучальную ўстанову, якую сама калісьці скончыла, таму пытанне аб тым, ці застацца тут пасля двухгадовай адпрацоўкі па размеркаванні, вырашыць было няцяжка. Тым больш што калектыў прыняў сваю былую выпускніцу добразычліва, работа захапіла і ў цэлым усё складвалася нядрэнна.
Работа ў невялікай школе, а сёлета тут 80 навучэнцаў, мае свае асаблівасці, якія педагогупсіхолагу і сацыяльнаму педагогу падабаюцца. Параўноўваць Маргарыце Сяргееўне ёсць з чым, бо практыку яна праходзіла ў вялікіх сталічных школах.
— У вясковай школе зносіны як з дзецьмі, так і з бацькамі больш цесныя, — расказвае яна. — Многіх я ведаю вельмі даўно, а з тымі, хто прыехаў нядаўна, стараюся хутчэй пазнаёміцца, тут гэта нескладана. Такая камернасць палягчае работу, бо пра слабыя і моцныя бакі вучняў, пра ўзаемаадносіны ў іх сем’ях мы ведаем многае, а з дзецьмі працуем, можна сказаць, індывідуальна, што з’яўляецца вялікай перавагай.
Зразумела, што найбольшую ўвагу сацыяльны педагог накіроўвае на сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або патрабуюць павышанай увагі педагога. Таксама пад асаблівым кантролем навучэнцы, якія ста яць на тым ці іншым відзе ўліку. Зараз у школе 2 вучні, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і 1 сям’я, у якой дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і выхоўваюцца 4 непаўналетнія. Са школьнікамі Маргарыта Сяргееўна сустракаецца кожны тыдзень і ў якасці педагога-псіхолага, і ў якасці сацыяльнага педагога, з імі таксама працуюць яе калегі, спецыялісты іншых зацікаўленых арганізацый. На сустрэчы і савет прафілактыкі запрашаюць бацькоў непаўналетніх.
Бацькоў з сям’і, у якой дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, педагогі імкнуцца прыцягнуць да школьных мерапрыемстваў. Гэта, канечне, няпростая задача, але, як лічыць мая суразмоўніца, неабходная і перспектыўная, бо дазваляе ўцягваць гэтых людзей у агульнае школьнае жыццё. Гаворка ідзе пра спартыўныя святы, выставы, лекторыі. А лекцыі, прадстаўленыя на сайце ўстановы, прызначаны найперш для бацькоў школьнікаў. Яны тычацца актуальных пытанняў выхавання дзяцей і падлеткаў і перыядычна абнаўляюцца. Гэта яшчэ адзін бок работы маладога педагога. Яшчэ Маргарыта Сяргееўна, зразумела, праводзіць індывідуальныя і калектыўныя кансультацыі для бацькоў і вучняў, каб, напрыклад, сфарміраваць пазітыўнае стаўленне да школы і ў дзяцей, і ў дарослых, а таксама ўдзельнічае ў бацькоўскіх сходах.
На сайце Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы прадстаўлена нямала парад педагога-псіхолага для бацькоў, вучняў, педагогаў. Там ёсць, напрыклад, парады для бацькоў будучых першакласнікаў. Пакуль яшчэ заканчваецца гэты навучальны год, але нездарма кажуць, што сані трэба рыхтаваць летам — да новага навучальнага года неабходна рыхтавацца загадзя, у тым ліку псіхалагічна. Таму прадстаўляем некаторыя парады:
Абавязкова пазнаёмцеся са школай, педагогамі, умовамі навучання.
Не настройвайце дзіця толькі на поспех, але і не запалохвайце няўдачамі.
Памятайце, што адаптацыя да школы — няпросты працэс, які адбываецца зусім не хутка.
Першыя месяцы могуць быць вельмі складанымі. Добра, калі ў гэты перыяд прывыкання да школы хтосьці з дарослых будзе побач.
Не стаўцеся да першых няўдач дзіцяці як да краху ўсіх вашых надзей. Памятайце: яму вельмі неабходны ваша вера ў яго, разумная дапамога і падтрымка.
Дапамога ў выбары
— У сярэдняй школе мая работа накіравана на асобаснае самавызначэнне школьнікаў, — гаворыць М.С.Груша. — Некаторыя вучні звяртаюцца да мяне, жадаючы вырашыць праблемы з сацыялізацыяй. Бывае, дапамогі просяць бацькі для сваёй дачкі або сына. Зноў хачу падкрэсліць: дзякуючы таму, што школа невялікая, ні для каго з нас не праблема дамовіцца аб сустрэчы або пры неабходнасці вельмі аператыўна адрэагаваць на зварот.
З навучэнцамі сярэдніх класаў пачынаецца паглыбленая работа па прафарыентацыі. Высвятляць інтарэсы вучняў педагогпсіхолаг пачынае, калі дзеці толькі прыходзяць у сярэднюю школу, каб арыентавацца ў іх схільнасцях. У 7—11 класах Маргарыта Сяргееўна праводзіць паглыбленую камп’ютарную дыягностыку, кожнаму каменціруе яе вынікі. Школьнікам гэта заўсёды цікава і падштурхоўвае іх да больш сур’ёзнага выбару прафесіі, пошуку адпаведнай інфармацыі.
Самую вялікую ўвагу ў гэтым напрамку работы спецыяліст удзяляе будучым выпускнікам. Сёлета, дарэчы, 11 класаў у Навасёлках заканчваюць 3 вучні, некалькі чалавек збіраюцца сыходзіць са школы пасля 9 класа. Адзінаццацікласніца хоча стаць медыкам, паступіць або ва ўніверсітэт або ў медыцынскі каледж. Хлопцы выбралі спецыяльнасці камп’ютарнага дызайнера і ратавальніка.
Прафілактыка залежнасцей, у тым ліку камп’ютарнай, прапаганда здаровага ладу жыцця, работа з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, таксама патрабуюць пастаяннай увагі спецыяліста.
— Праводзячы прафілактыку, я больш арыентуюся на практыку, чым на лекцыі, якія сучасным дзецям не вельмі цікавыя, — расказвае Маргарыта Сяргееўна. — Прапаноўваю розныя практыкаванні, работу за камп’ютарам, напрыклад, складанне і разгадванне рэбусаў. Адзін з рэсурсаў, які я выкарыстоўваю, — “Прававы патруль”, дзе трэба выбраць правільныя адказы з прапанаваных варыянтаў. Дзеці так лепш запамінаюць і потым добра арыентуюцца ў тэме.
Цяпер жа, у канцы вясны, у педагога, як і ў яе калег, адна з самых важных задач — арганізаваць для школьнікаў летні адпачынак, асаблівую ўвагу засяродзіўшы на занятасці падлеткаў, якія стая ць на ўліку. З гэтай мэтай у школе ладзіцца шмат мерапрыемстваў. Так, з 24 па 29 мая ва ўстанове адукацыі праводзіцца Тыдзень бяспекі “У лета — БЕЗ небяспекі”, які ўключае прафілактычныя мерапрыемствы: квест-гульню “Бяспека на вуліцы і дома”, круглы стол “Правілы віртуальных зносін — усім без выключэння”, ролевую гульню “Будзь асцярожны”, гутаркі “Чыгуначныя пераезды”, “Жыццё — галоўная каштоўнасць кожнага чалавека!”, спартыўныя спаборніцтвы, хвілінкі бяспекі, бацькоўскія сходы з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых структур — раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзяржаўнай аўтаінспекцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх.
У чэрвені ў школе будзе традыцыйна працаваць лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей. Таксама ўсе жадаючыя змогуць адпачыць у кругласутачных летніках, для вучняў старшых класаў арганізоўваецца працоўная практыка. Летась, праўда, яе не было з-за каранавіруса, а звычайна падлеткі працуюць, выконваючы пасільную работу па добраўпарадкаванні школы і прышкольнай тэрыторыі, азеляненні і г.д.
Конкурсны поспех
У абласным конкурсе прафесійнага майстэрства Маргарыта Сяргееўна ўдзельнічала як пераможца раённага этапу, дзе яна правяла круглы стол “Ад безадказнасці да злачынства — адзін крок”. На абласным жа этапе яна прадставіла прафілактычнае мерапрыемства па сэлфіманіі, а дакладней, практыкум “Сэлфіманія — моднае захапленні або небяспека?”. Мэта практыкуму — фарміраванне ў навучэнцаў крытычнага стаўлення да сэлфіманіі, разумення сэлфі як сродку быць заўважаным іншымі, павышэнне ўзроўню сацыяльнай адказнасці.
— Практыкум разлічаны на непрацяглы час, але за гэты тэрмін паспець можна многае: выканаць некалькі задач, якія спрыяюць фарміраванню бяспечнай мадэлі паводзін як стылю жыцця, выхаванню беражлівага стаўлення да свайго жыцця і здароўя, усебаковаму развіццю асобы навучэнцаў, — тлумачыць Маргарыта Сяргееўна. — Спачатку мы з навучэнцамі разважаем пра тое, чаму сэлфі стала такім папулярным, можна сказаць, ператварылася ў неад’емную частку жыцця сучаснага чалавека. Падлеткі дзеляцца на дзве групы — адна прыводзіць плюсы захаплення сэлфі, другая — мінусы, у тым ліку расказвае пра небяспеку такога захаплення. Высвятляецца, што ў гэтага бяскрыўднага актуальнага захаплення моладзі нямала негатыўных наступстваў.
Акрамя таго, дзеці глядзяць відэаролік (урывак з праграмы навін), затым педагог прапаноўвае школьнікам паразважаць над правіламі бяспечных сэлфі, а таксама над тым, як можна данесці да равеснікаў інфармацыю пра тое, што сэлфі — далёка не небяспечны занятак. Педагог прапаноўвае стварыць рабочы варыянт макета білборда з асноўнымі правіламі бяспечнага сэлфі. Галоўны вывад наступны: каштоўнасць і значнасць чалавека вызначаюцца не колькасцю лайкаў, а карыснымі ўчынкамі і справамі. Прастора інтэрнэту — усяго толькі дадатковы рэсурс для зносін. У рэальным жыцці ёсць тыя, хто нас любіць, прымае і падтрымлівае.
— Падлеткі, трэба сказаць, добра разважаюць на прапанаваную тэму, цвяроза ацэньваюць розныя сітуацыі, робяць правільныя вывады, — расказвае педагог. — Я праводзіла практыкум і ў класе сваёй школы, і ў незнаёмым — усё атрымлівалася. На абласны конкурс адпраўляла відэаролік, бо ён праводзіўся завочна зза эпідэміі, а таксама відэакартку і эсэ пра тое, чаму я выбрала такую прафесію. Мой выбар у многім абумоўлены тым, што мая мама педагог — выхавальніца ў дзіцячым садку. З малых гадоў я бачыла, як яна рыхтуецца да заняткаў, як узаемадзейнічае з дзецьмі, як у яе лёгка атрымліваецца знаходзіць з малымі агульную мову. Бачыла і тое, як дзеці рэагуюць, як кожны дзень чакаюць ад педагога чагосьці новага.
Такім чынам, пытанне аб выбары прафесіі для маёй суразмоўніцы, можна сказаць, і не стаяла. Яна выбрала спецыяльнасць, якая дазваляе працаваць не з адной узроставай групай дзяцей, а з рознымі — ад першакласнікаў да старшакласнікаў. Маці прыняла яе выбар, але адразу ж і без прыкрас расказала аб мінусах і плюсах прафесіі педагога. Дачка ўсё прыняла да ведама і канчаткова ўмацавалася ў сваім выбары. Цяпер М.С.Груша імкнецца да павышэння прафесійнага ўзроўню, цікавіцца вопытам калег і ад удзелу ў новых конкурсах не адмаўляецца, кажа, што, калі будзе такая магчымасць, — яшчэ паўдзельнічае. Добры старт — гэта толькі пачатак.
Марына ХІДДЖАЗ.