“Гвалт і агрэсія ў школе — гэта наступствы выхавання дзяцей у сям’і”

Сёння ў беларускім заканадаўстве не замацавана такое азначэнне, як булінг. Адпаведна, і адказнасці за ганенне таксама не існуе. Тым не менш у шэрагу законаў згадваюцца прыметы, якія можна аднесці да азначэння булінгу. А значыць, прыцягнуць агрэсара да адказнасці хоць і складана, але магчыма.

Што тычыцца булінгу, ці ганення, то гэта існавала заўсёды, нават у школьныя часы нашых бацькоў. Іншая справа, што на гэта ніхто не звяртаў увагі. Сённяшні свет успрымае булінг як небяспечную з’яву, якая можа нанесці дзіцяці сур’ёзны псіхалагічны ўрон. Калі звярнуцца да аднаго з буйных даследаванняў, кожны дзясяты вучань 5—7 класаў не толькі адчуваў на сабе наступствы булінгу, але і разумеў, што з’яўляецца аб’ектам мэтанакіраванага цкавання. Атрымліваецца,  што ў сярэднім 2 вучні з класа адчувалі на сабе скосыя позіркі, чулі ў свой адрас непрыемныя кпіны.

20—21 лютага ўстанова падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў EdCamp Belarus правяла канферэнцыю “Школа без булінгу”, на якую былі запрошаны педагогі, псіхолагі, бацькі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый — усе яны зацікаўлены ў вырашэнні праблемы цкавання дзяцей. Таму прычыны ўзнікнення булінгу, метады работы з дзецьмі, якія сталі яго ахвярамі, і варыянты выкаранення гэтай непрыемнай сацыяльнай з’явы сталі ключавымі тэмамі канферэнцыі.

З’ява булінгу ніколі не адмаўлялася ні дзецьмі, ні настаўнікамі. Але парадокс у тым, што часцей за ўсё вучні не скардзяцца, а педагогі, нават калі заўважаюць, маўчаць. Зразумець, што з дзіцем нешта не так, можна, але не ўсе дарослыя знаходзяць на гэта час.

У пачатку канферэнцыі Яўген Пугач, заснавальнік EdCamp Belarus, канстатаваў, што пра з’яву булінгу ведаюць многія.

“Мы ведалі, што праблема булінгу існуе: размаўлялі з настаўнікамі, абмяркоўвалі гэта. Але ў якой ступені яна праяўляецца? Год назад мы ўпершыню сабраліся разам за круглым сталом, каб з настаўнікамі абмеркаваць тэму булінгу. Бачачы, што гэтая з’ява ёсць, разумеем: яе трэба не толькі абмяркоўваць. Адпаведную праблему неабходна вырашаць. Таму сёння мы зноў сабраліся разам і на працягу 2 дзён будзем слухаць адно аднаго і экспертаў. А потым абавязкова падзелімся вывадамі”. 

Як і вясной падчас круглага стала, на канферэнцыі выступіла навуковы супрацоўнік РНПЦ псіхічнага здароўя старшы выкладчык Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Грэбень. Яна зноў нагадала, што для вывучэння прыроды булінгу праводзіла даследаванні, арганізавала апытанне сярод школьнікаў Мінска.

“У маім анкетаванні прымалі ўдзел вучні 5 класа з трох школ горада. Пасля апрацоўкі даных атрымаліся наступныя вынікі: крыху больш за 17% дзяцей прызналіся, што ніколі не падвяргаліся ганенню. Затое 14% апытаных увесь час станавіліся ахвярамі булінгу, а гэта значыць, што менавіта яны былі ў групе рызыкі. Дарэчы, хлопчыкаў часцей падвяргаюць сацыяльнай ізаляцыі, выключэнню з групы. Адпаведна, і да перажыванняў яны больш схільныя, і таксама па гэтай прычыне —  да ігнаравання. Яны часцей прызнаваліся ў анкетах: “У класе нікому да мяне няма справы”, “Калі трэба ісці ў школу, псуецца настрой”, “У класе няма сапраўдных сяброў”. Дарэчы, самай распаўсюджанай формай ганення дзеці назвалі псаванне іх асабістых рэчаў, затым — прысвойванне мянушак. Больш чым палова навучэнцаў адзначала, што аднакласнікі могуць іх штурхануц­ь або стукнуць”, — прывяла прыклады Н.Грэбень.

Паколькі апытанне ахоплівала ўсіх навучэнцаў 5 класаў, на пытанні даследавання псіхолага адказвалі і агрэсары. Са слоў спецыяліста, толькі 7% з іх прызналіся, што здзейснілі агрэсіўныя дзеянні.

“А што рабіць бацькам, чые дзеці пераходзяць усе межы дазволенага? Магу даць тры асноўныя парады. У першую чаргу абавязкова трэба папрасіць прабачэння ў таго, каго пакрыўдзілі. Наступным крокам павінна стаць размова са сваім дзiцем па душах. Трэба растлумачыць, чаму так рабіць нельга, да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Безумоўна, любую сітуацыю можна вырашыц­ь мірна. Калі гэтага зрабіць не атрымліваецца, справа можа дайсці да суда. А гэта значыць, што за кожнае ганенне, паклёп ці абразу, знішчэнне ці пашко­джанне асабістых рэчаў прадугледжана адказнасць. Такім чынам, апытанне паказала, што 68% падлеткаў час ад часу адчуваюць на сабе праяўленні булінгу, а 14% пастаянна падвяргаюцца здзекам, цкаванню. Пашанцавала толькі 17% навучэнцаў — яны ніколі не былі ў шкуры таго, каго крыўдзяць. Дарэчы, булiнг — гэта не заўсёды агрэсiя ў дачыненні да дзіцяці. Падлетак можа адчуваць агiду, пагардлiвасць у адносiнах да аднакласнiка. Так, гэта iншая эмоцыя, але яна таксама трансліруе булінг. А вось выкарыстанне мянушкi можа быць не абразай, а толькi элементам субкультуры: усё залежыць ад таго, як ставiцца да яе падлетак, цi выклiкае яна ў яго эмацыянальныя перажываннi”.

У кожнага, хто сутыкаўся з булінгам, свая гісторыя. Клінічны псіхолаг, даследчык тэмы “Прырода булінгу і магчымасці яго дыягнаставання” таксама звярнулася да мінулага і расказала, чаму вырашыла даследаваць ганенне.

“Калі вучылася ў школе, з булінгам сутыкнулася адзін раз. У старшых класах хлопчыкі пачалі цкаваць аднакласніка, які належаў да сацыяльна ўразлівай групы. Але ўмяшаліся дзяўчынкі, і сітуацыя паступова згладзілася. Бліжэй сутыкнулася з праблемай булінгу, калі ў школу пайшоў мой сын. Гэта быў булінг, які ці па неасцярожнасці, ці з-за недасведчанасці запусціў педагог. Пасля ў класе з’явілася дзяўчынка, якая сядзела за сынам і ўсялякі раз спрабавала яго зачапіць. Калі ён атрымліваў высокую адзнаку, гаварыла, што яе завысілі, калі нізкую — радавалася. Спачатку мы спрабавалі самастойна разабрацца з гэтай праблемай, але пазней булія набыла такія формы, што давялося падключыць педагога. Але нават настаўніца не хацела ўмешвацца, бо дзяўчынка, якая чаплялася да сына, была выдатніцай. А выдатнікаў не вельмі хочацца чапаць. Тым не менш мне ўдалося зрабіць так, каб дзяцей рассадзілі далей адно ад аднаго. Але думаю, што сітуацыі можна было б пазбегнуць, калі б не раўнадушша педагога”.

Амерыканскі часопіс Time, які штогод вызначае “Чалавека года”, у мінулым годзе стварыў новую катэгорыю — “Дзіця года”. У намінацыі перамагла 15-гадовая даследчыца ў сферы высокіх тэхналогій Гатанджалі Рао з ЗША. Дзяўчына стварыла расшырэнне для браўзера, якое распазнае цкаванне ў інтэрнэце.

У 2020 годзе Time ў партнёрстве з каналам Nickelodeon выбраў Гатанджалі Рао з 5000 дзяцей у ЗША ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў у катэгорыі “Дзіця года”, якія, на думку выдання, павінны былі стаць “барометрам для ацэнкі новых лідараў самага маладога пакалення Амерыкі”.

У 2015 годзе Наталля Грэбень запусціла даследаванне па булінгу. Для нашай краіны яно было першым па гэтай тэме.

“Пакуль цікавілася тэмай, правяла 5 розных даследаванняў у 5 розных школах Мінска. Гэта былі розныя класы і вынікі даследаванняў, як разумееце, таксама былі рознымі, — расказвае Н.Грэбень. — Перш чым расказваць пра вынікі, варта звярнуць увагу на тое, што, акрамя булінгу, ёсць такое паняцце, як “мобінг”: да “статка” прыбіваецца “чужак” і “статак” яго праганяе. У нас больш распаўсюджаным азначэннем з’яўляецца булінг. Існуе некалькі катэгорый, праз якія праяўляецца булінг: агрэсія, насілле, віктымізацыя, цкаванне. Але булінг — гэта не заўсёды агрэ­сіўныя паводзіны. Затое агрэсія заўсёды ўспрымаецца як адмоўная з’ява. Разам з тым яна з’яўляецца важным механізмам абароны асобы, які дапамагае адстойваць свае межы, абараняць сваё я, а значыць, яна нам неабходна. Гэта значыць, што неправамерна прывязвац­ь агрэсію да булінгу”.

Што тычыцца гвалту, то булінг, згодна з заключэннямі псіхолага,  з’яўляецца адной з яго форм. Напрыклад, у сям’і мы не прымяняем паняцце “булінг”, а гаворым “дамашняе насілле”. Мэта любога гвалту, і гэта відавочна, утрымаць уладу над іншым чалавекам. Каб не падво­дзіць гвалт пад булінг ці агрэсію, трэба разумець, з чым асацыіруецца кожная з гэтых з’яў.

“Калі гаворым пра булінг, то маем на ўвазе нейкую сацыяльную з’яву, што назіраецца ў пэўнай групе, — працягвае Н.Грэбень. — Таму школа — гэта тое месца, дзе булінг можа квітнець. Калі прыняць да ўвагі, што дзеці — гэта не сфарміраваныя асобы, якія могуць дазволіць сабе розныя паводзіны, то школа — ідэальнае асяроддзе для булінгу. Ён, у сваю чаргу, будзе прыводзіць да пакут, траўматызацыі. Звярніце ўвагу: калі агрэсія звязана з разбурэннем асобы, то булінг накіраваны на выключэнне пэўнай асобы з нейкага сфарміраванага асяроддзя. І булінг, у адрозненне ад агрэсіі, заўсёды запланаваны”.

Для вывучэння прыроды булінгу існуе некалькі падыходаў. Н.Грэбень вы­дзеліла два асноўныя, якія сёння прымяняюцца для апытання. Першапачаткова апытанне праводзіцца сярод настаўнікаў. На другім этапе ідзе анкетаванне навучэнцаў: ці сутыкаліся яны з падобнымі сітуацыямі, ці назіралі пэўныя праяўленні, з’явы або правакалі іх самі.

Другі падыход заснаваны на канструяванні з пазіцыі агрэсара, ахвяры і назіральніка.

“Усе падыходы прадстаўлены ў апытальніках, усе яны рэалізуюцца. Найбольш аб’ектыўныя даныя будуць прадстаўлены, безумоўна, з пазіцыі ахвяры. Калі мы будзем замоўчваць праблему булінгу, то ў далейшым падлетак, які з’яўляецца ахвярай, не раскрые свой жыццёвы патэнцыял”, — падсумавала псіхолаг.

У кожнага — свае межы

Ролю педагогаў у вырашэнні праблемы булінгу закранула і Вольга Ткачук, педагог-псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, каардынатар куратараў праграмы “Настаўнік для Беларусі”.

В.Ткачук лічыць, што “дапамагаючы педагогам, мы адразу дапамагаем вялікай колькасці дзяцей”. Дзеля гэтага псіхолаг рэалізуе праект па эмацыянальным інтэлекце “Школа радасці”.

“У аснове ўсяго ляжаць адносіны паміж педагогам і навучэнцам, — упэўнена псіхолаг. —  Калі адносіны не пабудаваны, калі дзіцяці трывожна, дрэнна і яно адчувае сябе ў небяспецы, то яно не будзе ўспрымаць ніякую інфармацыю. Да мяне як да псіхолага прыходзяць усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, таму кожную праблему  бачу з розных бакоў: настаўнікаў, вучняў, бацькоў. 85—90% тэм, з якімі сутыкаемся ў школе, — гэта тэмы асобасных меж. Булінг — гэта таксама пра тэму меж, і відавочна, што любыя адносіны немагчыма пабудаваць, не закранаючы межы іншага чалавека. Калі толькі пачала працаваць з настаўнікамі, першай вынесла на абмеркаванне тэму “Мае межы, або Трэнінг асертыўных паводзін педагога”. Чаму? Таму што для таго, каб дзеці навучыліся бачыць чужыя межы і адстойваць сябе, мы павінны іх гэтаму вучыць”. 

Псіхолаг акцэнтавала ўвагу на цікавым моманце: яна заўважыла, што сённяшняе пакаленне настаўнікаў вырасла ў той час, калі асабістыя межы заўсёды парушаліся. Тады дзеці павінны былі рабіць тое, што ім кажуць, — яны нічога не маглі хацець.

Бацькі павінны падтрымліваць дзіця і верыць у яго

Свежым позіркам на тэму булінгу паглядзеў Андрэй Шабанаў, псіхолаг і кіраўнік развіццёвага цэнтра для дзяцей і падлеткаў. Спецыяліст закрануў тэму “Агрэсіўныя паводзіны сярод падлеткаў рознага ўзросту”, а таксама паспрабаваў вызначыць як дзейнічаць у такіх выпадках.

“Праблема булінгу — гэта складанае, комплекснае пытанне. Я ўпэўнены, што праяўленне насілля і агрэсіі ў школе — гэта наступствы выхавання дзяцей у сям’і, культурнага ўплыву грамадства на фарміраванне асобы. Але нам сёння трэба размаўляць не пра школу без булінгу ці школу без агрэсіі, а пра тое, як з гэтым узаемадзейнічац­ь, каб у­дзельнікі спрэчкі не атрымлівалі траўмы, з якімі пасля давядзецца вельмі доўга спраўляцца. Я пастаянна працую з тымі, хто так ці інакш замешаны ў канфлікце, звязаным з булінгам. У кожнага дарослага ці дзіцяці, ахвяры ці назіральніка ёсць свая траўма. Мы кіруемся правілам, што дрэнных дзяцей няма. Але ў кожнага хулігана, які сябе агрэсіўна паводзіць і якога да нас прыводзяць, мы бачым вялікую колькасць нерэалізаваных патрэб”.

Ставіцца да школы як да асяроддзя, дзе квітнее булінг, не зусім правільна. У першую чаргу школа — гэта месца, куды прыходзяць розныя дзеці з рознымі поглядамі і ідэямі і трапляюць пад уплыў аўтарытэта, якім з’яўляецца настаўнік. Відавочна, што дзіцяці адразу даюць зразумець, што перад ім чалавек, які валодае большымі кампетэнцыямі, мае большы ўплыў на людзей, чым школьнікі.

“Кожнае дзіця, і хуліганы ў тым ліку, маюць свае інтарэсы, — працягвае А.Шабанаў. — Калі мы ім дазволім рэалізаваць сябе ў тых кірунках, што іх цікавяць, то ня­правільныя паводзіны адыдуць на другі план. Гэта значыць, што калі мы дазваляем школьніку праявіць сябе, то ў яго не ўзнікае неабходнасці ў дэструктыўных паводзінах, у тым, каб звярнуць на сябе ўвагу некарэктным спосабам”. 

Закранаючы тэму канфліктаў сярод падлеткаў, А.Шабанаў выказаў меркаванне, што спрэчкі прымушаюць нас развівацца. Любы канфлікт — гэта з’ява, асяроддзе, якое патрабуе пакінуць зону камфорту і шукаць новыя спосабы для сваёй рэалізацыі.

“Акрамя таго, што працую з хуліганамі, да мяне прыходзяць і ахвяры булінгу. Як правіла, гэта добра выхаваныя дзеці, — заўважае псіхолаг. — Іх з самага ранняга дзяцінства рабілі зручнымі для ўсіх. Бывае, прыходзяць 16-гадовыя падлеткі, якія добра вучацца, паспяхова займаюцца спортам, але ўнутры ў іх пуста, там няма асобы. А што там, унутры? Унутры жыве добра пастаўленая, арганізаваная, запраграмаваная сістэма паводзін, якая ўсё ўмее рабіць. Калі такому дзіцяці задаю банальнае пытанне наконт таго, чаго яно хоча і пра што марыць перад сном, яно не ведае, што адказаць. Таму вельмі важна, каб баць­кі давалі дзецям магчымасць развівацца. Дарослыя не павінны поўнасцю агаро­джваць дзіця ад сутыкненняў з рэальнасцю, ад канфліктаў і пакут, перажыванняў. Але спецыяльна сутыкаць малога з гэтым таксама не трэба. Пры сутыкненні проста трэба быць побач.

Задача бацькоў — стварыць умовы для выхавання дзіцяці, яго асобы. З-за таго, што намі кіруе бацькоўскі інстынкт, з-за перажыванняў мы часта памыляемся самі і стараемся засцерагчы дзіця ад усяго. Як вынік, калі наш малыш дарастае да падлеткавага ўзросту, мы атрымліваем максімальна канцэнтрычных, інфантыльных асоб, якія ў жыцці нічога не хочуць ці, наадварот, з-за канцэнтрычнай пазіцыі дамінуюць над іншымі людзьмі. Што я хачу гэтым сказаць? Я ўпэўнены, што бацькі павінны проста падтрымліваць дзіця і гаварыць, што яно з усім справіцца, бо сям’я ў яго верыць. Але ні ў якім разе нельга рабіць усё замест дзіцяці”.

Цікавыя думкі А.Шабанаў выказаў таксама пра тое, як дарослыя павінны рэагаваць на булінг. На думку псіхолага, не трэба ўмешвацца ў праблему і адразу бегчы ў школу, прад’яўляць прэтэнзіі настаўніку і раскідваць абвінавачванні направа-налева.

“Безумоўна, мы павінны адразу папярэджваць фізічнае насілле, калі факты ёсць. Але калі будуюцца адносіны, іерархія дамінавання сацыяльных статусаў, неабходна быць побач і проста назіраць, накіроўваць дзіця. У нашым цэнтры ёсць выязная праграма, падчас якой мы пагружаем дзяцей у штучна створанае асяроддзе і вучым вырашаць розныя спрэчныя моманты. Адзін з яе абавязковых пунктаў — раптоўна створаны групавы канфлікт. Чым ён глыбейшы, тым больш яскрава праяўляецца згуртаванне калектыву. Увогуле, любая спрэчка вырашаецца за дастаткова кароткі перыяд часу. Для гэтага трэба ўзяць ахвяру і агрэсара, вывесці іх і без абвінавачванняў пачаць размаўляць. Гэта вельмі важна. Мы не павінны караць таго, хто пераследуе. Важна вызначыць, якая з патрэб агрэсара нерэалізавана, што ён хацеў сказаць і паказаць сваім учынкам. Як правіла, за максімум 20 мінут абодва героі канфлікту знаходзяць прычыну, якая іх пабудзіла да яго, і прыходзяць да агульнага рашэння.

Такім чынам, нам трэба больш размаўляць з бацькамі. Іх правільная пазіцыя сёння дапаможа стварыць у будучыні для дзіцяці больш якасныя ўмовы існавання, дзе само дзіця нічога не вырашае. Але нам трэба, каб дзеці былі самастойнымі, ці не так?

Мы, дарослыя, павінны ўмець, акрамя ўсяго іншага, накіраваць любы канфлікт у менш траўматычнае рэчышча. Як гэта зрабіць? Мне здаецца, што гэта дасягаецца дзякуючы нейкаму інтарэсу. Калі малым нешта цікава, у іх няма неабходнасці дамінаваць над іншымі, будаваць няправільную сістэму. І памятайце: у любой канфліктнай сітуацыі агрэсію разбураюць спантанныя паводзіны”.  

Кібербулінг: правілы ахвяры, памылкі агрэсара

Сацыяльныя сеткі ў жыцці падлеткаў займаюць не апошняе месца. Магчыма, нават адно з галоўных. У віртуальнасці дзеці практычна жывуць у свабодны ад школы час: чытаюць, кантактуюць адно з адным, глядзяць вучэбныя ролікі. Але і тут, у віртуальнасці, яны не абаронены ад агрэсіі і канфліктаў. Больш за тое, віртуальная прастора — ідэальнае месца, у якім часта, без боязі за наступствы, выліваецца бруд на таго, хто раздражняе, не падабаецца, не такі, як усе…

Тэму кібербулінгу псіхолагі і настаўнікі абмяркоўваюць не так даўно і не настолькі актыўна, як булінг у класічным яго праяўленні. Але адпаведная праблема існуе, і замоўчваць яе бессэнсоўна.

 Што рабіць, калі хочацца напісац­ь шмат непрыемнага іншаму чалавеку? Ці варта дарослым умешвацца, калі яны заўважылі, што дзіця стала ахвярай кібербулінгу ці, наадварот, з’яўляецца правакатарам, агрэсарам у гэтай сітуацыі?

Практычнымі і карыснымі парадамі на гэты конт з удзельнікамі канферэнцыі падзялілася кіраўнік праекта Netka.by Вольга Корсун.

“Узаемная павага і добрае стаўленне адно да аднаго — гэта тое, чаго сёння часта не хапае ў анлайн-прасторы, — звярнула ўвагу ў пачатку выступлення Вольга Корсун. — Калі нават дарослым складана ўтрымацца, каб не адказаць агрэсіяй на агрэсію, як гэтаму навучыць дзяцей? Для прафілактыкі анлайн-цкавання і трэніровак эмацыянальнага ін­тэлекту мы распрацавалі карту добрасуседства ў інтэрнэце”.

Карта, са слоў Вольгі Корсун, будзе карысная дзецям 6—12 гадоў. Гэта якраз той узрост, у якім яны толькі вучацца будаваць адносіны з анлайн-асяроддзем. Важна першапачаткова паказаць, чаму ў анлайне заўсёды трэба думаць сваёй галавой і быць дальнабачным.

“Як займацца з дзецьмі? Прымаючы рашэнні ў сітуацыях, што прапаноўваюцца, і літаральна водзячы пальцам па лініях алгарытму, дзіця на практыцы ўбачыць, да чаго можа прывесці тое ці іншае рашэнне, — тлумачыць кіраўнік адукацыйнага праекта. — Галоўнае — не баяцца памыліцца! Падказкі з простымі і практычнымі парадамі дапамогуць вызначыцца з дакладнай лініяй паво­дзін. Каб навучыцца разумець уласныя эмоцыі і матывацыю, юнаму даследчыку карты рэкамендуем намаляваць або апісаць тое, што ён адчувае ў прапанаванай сітуацыі. Карта добрасуседства жывая. Туды можна ўпісваць уласныя варыянты паводзін, прадумваць прычынна-выніковыя сувязі і самастойна будаваць іх у алгарытм”.

Выкарыстоўваючы падказкі карты і ўласны жыццёвы вопыт, карыстальнік складзе для сябе стыкер-антыстрэс — своеасаблівую шпаргалку з пералікам разнастайных варыянтаў таго, як можна пазбавіцца стрэсу і расслабіцца ў напружанай сітуацыі.

Парад наконт таго, як заўважыць праблему кібербулінгу і як зразумець, у чым яна заключаецца, у спецыяліста таксама цэлы стос. “Кіберкрыў­дзіцель можа з лёгкасцю нашкодзіць дзіцяці ў анлайне. Гэта можа адбывацца пры дапамозе аўтынгу — калі наўмысна публікуюць асабістую інфармацыю дзіцяці без яго згоды, каб зняважыць. Дарэчы, нават чытанне захаваных паведамленняў на тэлефоне дзіцяці можна лічыц­ь аўтынгам. Таксама на кібербулінг указваюць дамаганні: дзіцяці пастаянна адпраўляюць паведамленні, што ўтрымліваюць пагрозы ад кагосьці ці ад групы дзяцей. Таксама разнавіднасцю кібербулінгу з’яўляецца кіберсталкінг: дарослыя спрабуюць звязацца з дзецьмі і падлеткамі праз інтэрнэт з мэтай асабістай сустрэчы і далейшай сексуальнай эксплуатацыі. Падробленыя профілі — гэта тая ж гісторыя. Дарослыя ствараюць уліковыя запісы ў сацсетках, выкарыстоўваюць чужыя тэлефонныя нумары і адрасы электроннай пошты, каб прымусіць дзіця думаць, што ім пагражае не крыўдзіцель, а нехта іншы. Да праяўленняў кібербулінгу адносяцца таксама кетфішынг, фрэйпінг, тролінг і банальны падман. Гэта робіцца наўмысна, каб заваяваць давер дзіцяці, атрымаць адчувальную інфармацыю, якую крыўдзіцель затым публікуе ў сетцы, наносячы такім чынам дзіцяці глыбокую траўму, прымушаючы малога перажываць”.

Першае, што ў большасці выпадкаў робяць бацькі, калі даведваюцца, што дзіця стала ахвярай кібербулінгу, перакладваюць адказнасць на дзіця, гавораць: “Спраўляйся само”.

“Ні ў якім разе нельга вешаць на малыша адказнасць, — гаворыц­ь спецыяліст. — Калі ён сутыкаецца з падобнай сітуацыяй упершыню, то павінен ведаць, што яму ёсць да каго прыйсці па параду, што бацькі не адштурхнуць і абавязкова дапамогуць. Таксама нельга вучыць дзіця адказваць агрэсіяй: жорсткасць спараджае жорсткасць. Такі спосаб часцей за ўсё толькі распальвае канфлікт. І самае важнае: нельга меркаваць пра дзіця па сабе ці іншых дзецях. Так, аднаму дзіцяці скажуць: “Ты неразумнае”, і яно ніяк не адрэагуе, а іншае будзе адчувац­ь сябе дрэнна. Каб выйсці з гэтай сітуацыі правільна, падтрымайце малога, дайце зразумець, што ён справіцца, што вы побач. Паспрабуйце знайсці камфортнае для ўсіх месца і час, каб спакойна абмеркавац­ь праблему. Шчыра падзяліцеся з ім сваімі назіраннямі і асцярогамі, калі вы заў­важылі нешта нядобрае, а дзіця вам нічога не кажа. Калі дзіця само адважылася расказаць пра сваю сітуацыю, абавязкова пахваліце за шчырасц­ь і смеласць і ніколі не лайце, нават калі ў вялікай ступені  ў сітуацыі вінавата яно само. “Я табе веру”, “Мне шкада, што з табой гэта здарылася”, “Гэта не твая віна”, “Добра, што ты мне пра гэта сказаў” — гэтыя словы дапамогуць зразумець, што вашы сын ці дачка не адзінокія ў гэтай сітуацыі, у іх ёсць мама і тата, якія дапамогуць”.

Як зразумець, што дзіця стала ахвярай булінгу?

1. Дзіця не хоча ісці ў школу, прапускае заняткі, ці вы заўважаеце, што ў яго рэзка пагоршылася паспяховасць.

2. Звярніце ўвагу на яго паставу: уцягнутая ў плечы галава, згорбленая спіна, апушчаны падбародак. Калі раней такога не назіралася, варта пацікавіцца справамі ў школе.

3. Скаргі на мігрэні, боль у жываце. Яны могуць быць выкліканы стрэсам і страхам сутыкнуцца з крыўдзіцелямі.

4. Дзіця часта вяртаецца дадому з сінякамі, у бруднай або сапсаванай вопратцы.

5. Замкнёнасць: раней камунікабельнае, дзіця рэзка стала маўчуном, часта замыкаецца ў сабе.

6. Знікаюць асабістыя рэчы: сшыткі, падручнікі, адзенне, грошы.

7. Дзіця выдаліла акаўнты ў сацсетках. Магчыма, такім чынам яно спрабуе абараніцца ад кібербулінгу.

Канферэнцыю слухала Наталля САХНО.