18 снежня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сёлета алімпіяда праводзілася ў анлайн фармаце з дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання MOODLE.
Парадак правядзення Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці зацверджаны сумеснай пастановай № 257/210 Праўлення Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі 3 жніўня 2020 года.
Алімпіядныя заданні ўключалі пытанні ў выглядзе тэстаў з варыянтамі адказаў па наступных тэмах: асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычанні, лічбавы банкінг, дзейнасць цэнтральнага банка, страхаванне, падаткі, інвестыцыі. Таксама ў заданні алімпіяды быў уключаны шэраг задач на разлікі і вылічэнні, што тычацца фінансаў. У дапамогу старшакласнікам і педагогам для падрыхтоўкі да алімпіяды Нацыянальным банкам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, якія ўключаюць апісанне тэм заданняў, а таксама крыніцы інфармацыі, з якімі рэкамендуецца азнаёміцца, прыклады пытанняў з адказамі і тлумачэннямі.
У фінале 1-е месца заняў Вадзім Шмыдрын (Віцебскае кадэцкае вучылішча). Ён атрымаў дыплом I ступені і грашовы прыз у памеры 1000 беларускіх рублёў.
Дыплом II ступені і грашовы прыз у памеры 900 беларускіх рублёў былі прысуджаны Міхаілу Мартынюку (сярэдняя школа № 1 Ляхавіч, Брэсцкая вобласць). Дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 800 беларускіх рублёў у выніку дасталіся Мікіце Гізоўскаму, які прадстаўляў Вейнянскую сярэднюю школу Магілёўскага раёна.
Што тычыцца агульнай колькасці ўдзельнікаў, то ў чатырох этапах алімпіяды свае фінансавыя веды праверылі больш за 20 тысяч навучэнцаў 10—11 класаў з 2047 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.
Чаму тэма фінансаў так цікавіць сённяшніх дзяцей і падлеткаў? Як расказаў пасля алімпіяды Вадзім Шмыдрын, асабіста для яго тут усё проста: матывам паслужыла адна з асноўных мэт — быць забяспечаным ў будучыні, ні ў чым сабе не адмаўляць і забяспечыць годнае жыццё сваёй сям’і і блізкім людзям.
“Тэма фінансаў пачала мяне цікавіць у апошнія 1,5 года, — гаворыць Вадзім. — Базавыя веды мне даў мой настаўнік па грамадазнаўстве Аляксандр Афанасьевіч Грыгор’еў, аднак большую частку ведаў я атрымаў, займаючыся самастойна. Найбольш цікавай для мяне стала тэма “Каштоўныя паперы”: гэта выдатная крыніца дадатковага даходу, аднак мала хто выкарыстоўвае яе. Самае складанае да пачатку і падчас алімпіяды — гэта пераадолець страх. Але, думаю, я з гэтым змог справіцца. На жаль, у нас няма такога прадмета, як “Фінансавая дасведчанасць”, таму часу на тое, каб павысіць свае веды ў гэтым кірунку ў вучылішчы зусім не адводзіцца. У будучыні я бачу сябе чалавекам, род дзейнасці якога звязаны з фінансамі. Можда, гэта будзе банкір, кіраўнік хедж-хонда або прадпрымальнік. Час пакажа”.
Дарэчы, адначасова з навучэнцамі сярэдніх агульнаадукацыйных навучальных устаноў свае веды ў галіне эканомікі і фінансаў правяралі таксама студэнты, магістранты і аспіранты. Эксперты Нацыянальнага банка выявілі лепшых і сярод іх.
Прыняць удзел у конкурсе маглі прадстаўнікі ўсіх УВА краіны, а таксама арганізацый, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі.
Пераможцамі ў намінацыі “Конкурсныя работы студэнтаў і магістрантаў” сталі студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Фёдар Грынчак, Марыя Младзенава, Валерыя Іваноўская. Маладыя людзі прадставілі сумесную работу па тэме “Павышэнне эфектыўнасці камунікацыйнай палітыкі цэнтральнага банка”. 2-е месца заваявалі студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Дар’я Клімава, Ілья Манькоўскі, Яўгенія Міхаленка. У студэнтаў было сумеснае даследаванне па тэме “Эканоміка замкнутага цыкла як ідэальная мадэль функцыянавання эканомікі будучыні”.
3-е месца прысуджана магістрантцы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Аліне Карабчук за работу “Тэхналогіі інтэлектуальнага аналізу адкрытых статыстычных даных”.
У намінацыі “Конкурсныя работы аспірантаў” пераможцам стаў аспірант Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Сяргей Зубок з работай “Планаванне і аналіз праектнай дзейнасці банка: кампанентныя методыкі, выкананыя ў рамках канцэпцыі працэсна-праектнага падыходу”. 2-е месца — у аспіранта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Арцёма Левянкова. Яго работа мела назву “Глабальная сетка фінансавай бяспекі: антыкрызісны адказ на распаўсюджванне пандэміі COVID-19”. 3-е месца прысуджана аспірантцы Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Дар’і Самцовай за даследаванне па тэме “Прыярытэтныя напрамкі развіцця арганічнай сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі”.
Пераможцы і прызёры конкурсу ў кожнай намінацыі былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі ад Нацыянальнага банка. Так, па 1000 беларускіх рублёў было ўручана пераможцам у кожнай намінацыі. Па 700 беларускіх рублёў — прызёрам конкурсу, якія занялі 2-е месца. 500 беларускіх рублёў атрымалі прызёры конкурсу, што занялі 3-е месца.
Дарэчы, сёлета пераможцы і прызёры былі вызначаны па выніках першага этапу конкурсу на падставе адзнак, выстаўленых членамі экспертнага савета тым работам, што былі прадстаўлены, — іх было 40. Традыцыйны другі этап, падчас якога фіналісты прадстаўляюць і абараняюць свае конкурсныя работы на пасяджэнні экспертнага савета, сёлета не праводзіўся ў сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй.
Конкурс на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы праводзіцца з 2014 года Нацыянальным банкам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Асноўнымі задачамі конкурсу з’яўляюцца стымуляванне моладзі да навукова-даследчай дзейнасці па фінансавых дысцыплінах і папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў і эканомікі.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.