Эканомія і экалогія

Сусветны дзень другаснай перапрацоўкі адзначаецца ў лістападзе, як, дарэчы, і Міжнародны дзень энергазберажэння. Прычым і ў галіне энергазберажэння, і ў галіне перапрацоўкі пастаянна з’яўляюцца новыя тэхналогіі, удасканальваюцца сістэмы збору, выкарыстання сыравіны. Як гэта адбываецца ў Беларусі? Што змянілася за апошні час, у якіх аб’ёмах нарыхтоўваецца сыравіна? Што можа зрабіць кожны з нас? Так, збор адходаў, прычым, правільны збор, — клопат любога, хто ўсведамляе сваю адказнасць за тое, што мы пакінем пасля сябе.

Сістэмна

Для пачатку прыгадаем, што асноўныя для сусветнай супольнасці шляхі кіравання адходамі былі вызначаны на міжнароднай канферэнцыі па ўстойлівым развіцці, якая адбылася ў ПАР у 2002 годзе. Найбольш прыярытэтныя з іх — папярэджванне ўтварэння адходаў і павелічэнне ўзроўню іх выкарыстання.

— Заканадаўства Рэспублікі Беларусь адпавядае сусветным патрабаванням, — гаворыць начальнік упраўлення абыхо­джання з адходамі Галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Максім Аляксандравіч Тарасаў. — Яно накіравана на змяншэнне колькасці адходаў, папярэджванне іх шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, здароўе грамадзян, маёмасць, а таксама на максімальнае выкарыстанне адходаў у якасці другаснай сыравіны.

Прыярытэтам з’яўляецца выкарыстанне найлепшых даступных тэхнічных сродкаў пры абыходжанні з адходамі. Больш за тое, упершыню на тэрыторыі краін СНД у Беларусі ўведзена забарона на захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Зараз у нашай краіне зарэгістравана каля 2 тысяч аб’ектаў па іх выкарыстанні, вя­дзецца работа па стварэнні новых. Пастаянна павялічваецца і пералік адходаў, якія адносяцца да ДМР, за кошт новых тэхналогій. Так, яшчэ нядаўна ў нас існавала праблема перапрацоўкі камбінаванай упакоўкі тыпу тэтрапак, але ў лютым бягучага года ў эксплуатацыю было ўведзена прадпрыемства, якое выкарыстоўвае ўпакоўку для атрымання адноўленай цэлюлозы, а ў далейшым — кардону. Закон таксама патрабуе ад суб’ектаў гаспадарання раз­дзельнага збору адходаў і перадачы іх для далейшага выкарыстання.

У Беларусі наладжаны збор небяспечных адходаў, у тым ліку тых, што ўтрымліваюць ртуць, медыцынскіх адходаў. Найбольшы аб’ём адходаў з ртуццю складаюць люмінісцэнтныя і ртутныя лямпы. Летась было абясшкоджана больш за 70% адходаў гэтых лямп, якія ўзніклі на прадпрыемствах. Узровень выкарыстання медыцынскіх адходаў не такі высокі, як у іншых відаў, — 42%. Яшчэ 39%  медадходаў медыцыны абясшкоджваецца.

Названыя меры дазволілі дасягнуць узроўню выкарыстання адходаў вытворчасці ў памеры больш чым 80%. Узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў пры гэтым не перавышае 30%, у той час як сусветная практыка паказвае: выкарыстоўваць гэтыя адходы магчыма нават на 100%, уключаючы, напрыклад кампаставанне. Але максімальны ўзровень збору цвёрдых камунальных адходаў — 48%. У Рэспубліцы Беларусь плануецца давесці ўзровень выкарыстання камунальных адходаў да 64% ад аб’ёму іх утварэння да 2025 года, да 79% — да 2030 года і да 90% — да 2035 года.

Між іншым сёння праблема пластыкавага забруджвання навакольнага асяроддзя — адна з найбольш актуальных ва ўсім свеце, якая па маштабнасці становіцца ўсё больш пагрозлівай, а яе наступствы нават цяжка ўявіць. Па ацэнцы ААН, у свеце штогадовае ўтварэнне пластыкавых адходаў перавысіла лічбу ў 300 млн тон.

— У Рэспубліцы Беларусь кожны год утвараецца каля 150 тысяч тон пластыку ў складзе адходаў вытворчасці, узровень іх выкарыстання складае каля 90%, — заўважае М.А.Тарасаў. — У складзе цвёрдых камунальных адходаў утвараецца каля 280 тысяч тон пластыку. У сувязі з гэтым прыняты план па паступовым замяшчэнні палімернай упакоўкі на экалагічна бяспечную. Напрыклад, з 1 студзеня 2021 года ўведзена забарона на выкарыстанне на аб’ектах грамадскага харчавання аднара­зовага пластыкавага посуду. Сёлета ў краіне наладжана вытворчасць нажоў, лыжак, ві­дэльцаў з драўніны.

У шырокім спектры

— Не сакрэт, што выпуск прадукцыі многіх відаў з другаснай сыравіны больш танны, — нагадвае дырэктар дзяржаўнай установы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Наталля Аляксееўна Грынцэвіч. — За 9 месяцаў у краіне сабрана амаль 590 тысяч тон традыцыйных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў. Існуе дзяржаўная праграма “Камфортнае жыллё і добрае асяроддзе”, там ёсць падпраграма “Мэта 99”, якая прадугледжвае паказчыкі збору для рэгіёнаў.

Узровень выкарыстання камунальных адходаў у Рэспубліцы Беларусь у цяперашні момант складае 25%. За апошнія гады ён вырас амаль у 3 разы — з 8,9% у 2010 го­дзе да 25% зараз. Так, у Мінску завершана стварэнне вытворчасці па выкарыстанні арганічнай часткі адходаў. Арганіка дазволіць замяніць торф для выкарыстання ў садова-паркавай гаспадарцы, выхад гатовай прадукцыі складзе 28 тысяч куб.м у год. А на ААТ “Краснасельскбудматэрыя­лы” падрыхтавана абсталяванне для выкарыстання цеплавой часткі адходаў, так званага RDF-паліва. У холдынгу “Белрэсурсы” таксама ёсць прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць розную сыравіну, напрыклад, аўтамабільныя шыны.

У зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў удзельнічаюць школьнікі і навучэнцы. Так, у Мінскай вобласці з 15 лістапада праходзіць конкурс “Здай макулатуру — выратуй дрэва!”. У конкурсе, які доўжыцца да 14 снежня, могуць удзельнічаць установы дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Арганізатары конкурсу — Мінскі аблвыканкам, Мінскі абласны камітэт аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне ажыццяўляе Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Адна з вытворчасцей, якая выкарыстоўвае другасную сыравіну, — канцэрн “Беллеспаперпрам”. 8 яго арганізацый займаюцца зборам і перапрацоўкай такіх рэсурсаў, забяспечваюць каля 95% перапрацоўкі макулатуры ў краіне. Сёння сумарная патрэба ў макулатуры ўсіх перапрацоўчых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь складае 335 тысяч тон у год. У 2020 годзе макулатуры перапрацавана 243,6 тысячы тон, за 9 месяцаў бягучага года — 196,7 тысячы тон.

Збор другасных матэрыяльных рэсурсаў — адзін з відаў дзейнасці Белкаапсаюза. Толькі за 2020 год саюз выплаціў насельніцтву 153 млн рублёў за ДМР, а за 9 месяцаў бягучага года такія выплаты склалі ўжо 230 млн, пры гэтым спажыўкааперацыя пастаянна пашырае пералік рэсурсаў, якія прымае ад насельніцтва. Напрыклад, у апошнія гады з’явіўся збор адходаў электроннага і электрычнага абсталявання, вылучаны са збору чорных і каляровых металаў, у Белкаапсаюзе нарыхтоўваюць адпрацаванае масла, зношаныя шыны.

— Найбольшую ўдзельную вагу складае, канечне, збор рэсурсаў у вялікіх гарадах, але мы не сыходзім і з райцэнтраў, пастаянна пашыраем поле сваёй дзейнасці, — падкрэслівае начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Іванаўна Скіндзер. — Актыўна працуем у дачных таварыствах, гаражных кааператывах, з навучальнымі ўстановамі. У нас 741 прыёмна-нарыхтоўчы пункт, 73 перасовачныя пункты, 153 склады другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Між іншым жадаючыя здаць ДМР і атрымаць за гэта грошы могуць па QR-кодзе ўбачыць інтэрактыўную карту размяшчэння прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў, даведацца пра віды сыравіны, якую яны прымаюць, вызначыцца з аплатай, атрымаць іншую інфармацыю.

З 2100 відаў адходаў, якія ўтвараюцца ў краіне (колькасць найменняў вар’іруецца з году ў год), на аб’ектах па іх выкарыстанні перапрацоўваюць каля 800 найменнняў рэсурсаў. Атрымліваецца, што для росту колькасці перапрацоўчых прадпрыемстваў ёсць добры патэнцыял. Але неабходна памятаць пра экалагічны складнік іх работы, улічваючы і той факт, што Рэспубліка Беларусь з’яўляцца ўдзельнікам мноства канвенцый і пагадненняў, у сувязі з чым узяла на сябе шэраг пэўных абавязательстваў. 

— Патрабаванні да рэгістрацыі аб’ектаў па выкарыстанні адходаў за апошнія тры гады сталі больш жорсткімі, — заўважае загадчык аддзела абыходжання з адхо­дамі РУП “БелНІЦ “Экалогія” Кацярына Аляксееўна Бацян. — За мінулы год у краіне ўтварыўся 61 млн тон адходаў, дзве трэці з іх прыходзяцца на буйнатанажныя, аб’ём астатніх штогод змяншаецца. Узровень выкарыстання адходаў у краіне дастаткова высокі — больш за 80% адходаў вытворчасці выкарыстоўваецца. У нашым рэестры сёння больш за 300 унікальных тэхналогій па выкарыстанні адходаў (маецца на ўвазе вытворчасць новага прадукту). Каля 70% адходаў выкарыстоўваецца на прадпрыемствах, дзе яны і з’яўляюцца, пры гэтым найбольш поўна ў Беларусі прымяняюцца адходы расліннага і жывёльнага паходжання, адходы перапрацоўкі драўніны, паперы і кардону.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.