Дзеці і мора

Большасць прафесiйных навучальных устаноў прапаноўвае абітурыентам аднолькавыя і прывычныя спецыяльнасці. Безумоўна, гэта звязана з запытамі на рынку працы. Знайсці сярод пераліку рабочых прафесій незвычайную і цікавую цяжка, але магчыма. 

Напрыклад, Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй рачнога флоту рыхтуе спецыялістаў, якія ў будучыні могуць займацца суднаваджэннем і эксплуатацыяй рачнога транспарту. Прыкметна, што гэты ліцэй — адзіная ў краіне прафесiйная навучальная ўстанова, якая займаецца падрыхтоўкай кадраў для працы на вадзе. 

Усе на борт!

Як паведаміў намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Віктар Васільевіч Каешка, ліцэй рачнога флоту быў створаны 1 снежня 1940 года. Гісторыя ўзнікнення навучальнай установы не менш цікавая, чым спецыяльнасці, якія сёння тут прапануюцца для навучэнцаў.

“Першапачаткова ліцэй быў створаны як рамеснае вучылішча, якое ў часы вайны эвакуіравалі ў Новакузнецк, а пасля зноў вярнулі ў Гомель, — расказвае намеснік дырэктара. — І менавіта з таго моманту мы пачалі рыхтаваць спецыялістаў для рачнога флоту”.

Пералік спецыяльнасцей, якія тады прапанаваліся, быў вялікі. Навучэнцы маглі атрымаць не толькі спецыяльнасць, якая дазваляла кіраваць караблём падчас рэйса ў мора, папулярнымі і неабходнымі на той час былі і спецыялісты для абслугоўвання рачнога флоту, таму вучылішча рыхтавала не толькі рачнiкоў, але і персанал для абслугоўвання флоту: качагараў, маслёншчыкаў, тэхнікаў і сталяроў судавых.

“На працягу ўсяго перыяду існавання ліцэя вучым спецыялістаў, якія могуць выконваць абсалютна ўсе работы, звязаныя з рачным флотам. Спачатку рыхтавалі матарыстаў-рулявых, потым гэтых спецыялістаў перайменавалі ў памочнікаў капітана, памочнікаў механіка і электрамеханіка для судоў, — тлумачыць Віктар Васільевіч. — Пазней у нас з’явіліся дакладныя спецыяльнасці і кваліфікацыі. Так, вучэбны кірунак “Суднаваджэнне і эксплуатацыя рачнога флоту” дае магчымасць прысвойваць кваліфікацыі “3-ці памочнік капітана — 3-ці памочнік механіка”, “матарыст 5-га разраду”. Атрымліваецца, калі навучэнец прыносіць дакументы, якія падае на “Суднаваджэнне і эксплуатацыю рачнога флоту”, яму пасля заканчэння ліцэя прысвойваюцца адразу тры кваліфікацыі. Адукацыя, атрыманая ў нас, пасля дае магчымасць працаваць з усімі відамі рухавікоў, што выкарыстоўваюцца ў якім заўгодна рачным транспарце.

Варта адзначыць, што наш ліцэй, акрамя падрыхтоўкі спецыялістаў для флоту, прапануе абітурыентам і іншыя спецыяльнасці. Калі грузавыя і пасажырскія перавозкі пачалі скарачацца, мы пашырылі пералік прафесій і сталі рыхтаваць навучэнцаў па такіх спецыяльнасцях, як “Грамадскае харчаванне і тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ”, а таксама мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання”.

Па вучэбным кірунку “Суднаваджэнне і эксплуатацыя рачнога флоту” прымаюцца абітурыенты, якія скончылі 9 класаў агульнаадукацыйнай школы. Навучанне вядзецца на працягу 3 гадоў. Патэнцыяльнымі работадаўцамі, з якімі ў ліцэя заключаны дагаворы на падрыхтоўку кадраў, з’яўляюцца Беларускае рачное параходства, а таксама Белводшлях.

“На аснове заключаных дагавораў узаемадзеяння мы набіраем навучэнцаў, — працягвае Віктар Каешка. — Бывае так, што заказчыкі кадраў могуць забраць на работу адразу ўсю групу. Справа ў тым, што Беларускае рачное параходства, якое знаходзіцца ў Гомелі, мае шмат філіялаў па краіне. І калі не ў Гомелі, то абавязкова ў іншым порце выпускніку будзе прадастаўлена рабочае месца. Спецыялісты могуць быць накіраваны на работу на тэхучасткі, дзе вывучаюць і рыхтуюць водныя шляхі для будучых рэйсаў. Тым не менш часцей за ўсё нашы выпускнікі накіроўваюцца па размеркаванні ў шматлікія парты краіны і на Белводшлях. Гэтыя прадпрыемствы забіраюць нашых навучэнцаў і на практыку”.

Актыўнае супрацоўніцтва наладжана ў ліцэя з партамі Брэста і Магілёва. Адзіная праблема, з якой сутыкаюцца выпускнікі, калі прыязджаюць на адпрацоўку ў іншагароднія парты, гэта жыллё.

“Ёсць судны з кругласутачнай работай, а значыць, наш спецыяліст можа прыйсці на карабель і жыць у каюце, — расказвае пра асаблівасці работы рачнiкоў намеснік дырэктара ліцэя. — У адваротным выпадку, калі трэба працаваць у порце, маладым спецыялістам прыходзіцца аранда-ваць жыллё. Але нават у такіх сітуацыях знаходзяцца людзі, якія дапамагаюць. Напрыклад, начальнік порта ў Брэсце зацікаўлены, каб маладыя кадры замацаваліся на першым рабочым месцы, таму ён дамаўляецца з арганізацыямі і прадпрыемствамі горада, якія маюць свае інтэрнаты, пра прадастаўленне сваім маладым супрацоўнікам пакояў. Сёлета, напрыклад, двое нашых навучэнцаў паехалі на практыку ў Брэст і там застануцца працаваць. Дарэчы, тры гады назад прачытаў, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі набыла цеплаход. Мне стала цікава, дзе яны будуць браць спецыялістаў, якія змогуць працаваць і абслугоўваць тэхніку. Патэлефанаваў і прапанаваў супрацоўніцтва. Як вынік, ужо на працягу трох навігацый навучэнцы ліцэя ездзяць на практыку і адпрацоўку ў Ратамку, дзе знаходзіцца гэты цеплаход. Нашы выпускнікі, якія там працуюць і сёння, вельмі задаволены. Самае прыемнае для выкладчыка — чуць, што навучэнцам падабаецца іх работа”.

Капітан і Валодзькава возера

Конкурс сярод паступаючых у ліцэй на спецыяльнасць “Суднаваджэнне і эксплуатацыя рачнога флоту” невялікі, а залічэнне адбываецца па сярэднім бале пасведчання аб базавай адукацыi. Як заўважыў Віктар Каешка, звязана гэта з тым, што сёння бацькі імкнуцца адпраўляць дзяцей на вучобу ва ўніверсітэты. Спецыяльнасць часта выбіраецца не па прызванні, не па здольнасцях дзі­цяці. І, што таіць, рабочыя спецыяльнасці не вельмі папулярныя сярод моладзі. Тым не менш прафарыентацыйная работа павінна весціся пастаянна. У апошнія гады ліцэй таксама трымае курс у гэтым кірунку. Фільм па прафарыентацыі, які каманда навучальнай установы зняла, каб данесці да навучэнцаў школ інфармацыю пра свае спецыяльнасці, яскрава дэманструе, што ўтаймаваць марскія хвалі могуць не толькі хлопцы.

“Штогод мы поўнасцю закрываем набор не толькі па рачным, але і па іншых кірунках, — кажа В.Каешка. — Дарэчы, многія лічаць, што на марскую справу паступаюць выключна хлопцы, але гэта памылковае меркаванне. На працягу апошніх 4 гадоў на гэтую спецыяльнасць паступаюць 2—4 дзяўчынкі. У нашым прафарыентацыйным фільме галоўную ролю іграе дзяўчынка Арына. Калі яна вучылася ў школе, то наведвала клуб юных маракоў, а пасля прыйшла да нас. Мы ні кроплі не сумняваліся, што дзяўчынка выбірае прафесію самастойна. Яна была вельмі захоплена ідэяй вучыцца ў ліцэі. У фільме Арына з энтузіязмам расказвае, як хацела стаць марачкай і чаму паступіла ў ліцэй. Вопыт, якім дзеці дзеляцца са сваімі равеснікамі, часам з’яўляецца вырашальным у пытаннях выбару прафесіі сярод тых, хто яшчэ вучыцца ў школе. Іншы раз меркаванне равеснікаў для падлеткаў больш важнае, чым перакананні бацькоў”.

Пасля заканчэння ліцэя некаторыя выпускнікі паступаюць ва УВА. Найбольш папулярнымі ў юных маракоў з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, а таксама Дзяржаўная марская акадэмія імя адмірала С.В.Макарава, якая знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу.

“Некалькі гадоў назад наш навучэнец пасля кароткай адпрацоўкі ў Добрушы зразумеў, што хоча большага, што нашы рэкі для яго не такія глыбокія, а яму хочацца плаваць, таму паехаў працаваць у порт на Няве, — згадвае лёс выпускніка Віктар Васільевіч. — Праз некаторы час малады чалавек вырашыў, што хоча атрымаць вышэйшую адукацыю. Разумеючы, што ў Расіі здаюць адзіны дзяржаўны экзамен, якога ў нас няма, хлопец пацікавіўся, што трэба зрабіць, каб быць залічаным у акадэмію. Як аказалася, нашым выпускнікам трэба толькі прайсці тэсціраванне па спецыяльным цыкле, у які ўваходзяць пытанні па спецыялізаваных дысцыплінах. Улічваючы той факт, што на працягу пэўнага часу мы павінны адсочваць лёс сваіх выпускнікоў, трымалі на кантролі і піцерскага марака. Пасля заканчэння навучальнага года ён у прыгожай марской форме прыехаў да нас у ліцэй. Малады чалавек быў вельмі шчаслівы, што трапіў у акадэмію. Кожная спецыяльнасць, калі яна выбрана самастойна, па поклічы сэрца, будзе прыносіць задавальненне. І калі юнак ці дзяўчына жадае быць першакласным спецыялістам, самаўдасканальвацца, то абавязкова бу­дзе шукаць магчымасці для гэтага. Наш ліцэй імкнецца дапамагчы кожнаму навучэнцу раскрыць свае таленты, зразумець, чаго ён хоча ў далейшым ад сваёй прафесіі. Так, падрыхтоўкай будучых рачнікоў займаюцца Святлана Аляксандраўна Гурко, а таксама Ігар Сяргеевіч Ку­дзелін. А кіруе нашым “караблём” выдатны дырэктар Васіль Мікалаевіч Ломач”.

У ліцэі, як і ў любой іншай навучальнай установе, здараюцца выпадкі пераразмеркавання. Звязаны яны часцей за ўсё з умовамі працы. Так, некалькі гадоў назад малады спецыяліст, якога размеркавалі ў Ратамку, быў не задаволены, што жыць даводзіцца на беразе, а не на цеплаходзе. Ён звярнуўся ў навучальную ўстанову, якая дапамагла пераразмеркавацца ў іншы порт.

“Пераразмеркаванне, згодна з пастановай Савета Міністраў № 821, у нас не забаронена, таму ў межах заканадаўства мы абавязаны дапамагаць сваім навучэнцам у гэтым, калі такая неабходнасць ёсць, — тлумачыць Віктар Каешка. — Часцей за ўсё маладых людзей не задавальняюць умовы працы, зарплата, аддале­насць месца жыхарства ад работы. Здараецца, што малады спецыяліст не знаходзіць паразумення з калектывам, у які трапляе. Калі адпаведныя звароты ёсць, мы, безумоўна, рэагуем і вырашаем іх у межах заканадаў­ства. Галоўная ўмова, якая павінна быць выканана, каб навучэнца пераразмеркавалі, гэта наяўнасць месца ў арганізацыі, у якую плануем уладкаваць свайго выпускніка. Далей, зразумела, на працягу года сочым, як выконваюцца абавязкі, звязаныя з размеркаваннем”.

Для эфектыўнага навучання ў ліцэі ёсць спецыяльна абсталяваныя лабараторыі, адна з якіх — кабінет па судаводстве.

“Будынак, у якім размяшчаецца ліцэй, быў узве­дзены даўно, таму нядзіўна,  што прыйшоў час, калі неабходна рабіць рамонт, а таксама мяняць пэўнае абсталяванне, аднаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу, — тлумачыць намеснік дырэктара ліцэя. — Тым не менш трэба мець на ўвазе, што наша матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе рыхтаваць кадры для флоту, а значыць, адпавядае сучасным нормам. Нядаўна для кабінета па судаводстве былі набыты новыя адукацыйныя плакаты, пры дапамозе якіх вядзецца навучанне. Дарэчы, у Гомелі ёсць урочышча Валодзькава возера, дзе стаяць два нашы цеплаходы, “буксір-штурхач” і пасажырскі цеплаход. На гэтых караблях ёсць свае капітаны. А яшчэ там займаюцца навучэнцы разам з майстрам па вытворчым навучанні. Любыя веды, якой бы сферы ні тычыліся, замацоўваюцца лепш, калі дэманструюцца на практыцы”.

Зараз, у той час як кіраўніцтва ліцэя абмяркоўвае лічбы па будучым плане прыёму, выпускнікі рыхтуюцца да здачы экзаменаў і чакаюць, калі ім уручаць дыпломы. Маладым людзям не цярпіцца ступіць на сваю першую прафесійную палубу, падняць ветразi і накiравацца ў далёкія далi. Яны ведаюць: марнаваць час нельга, мора падпарадкоўваецца толькі смелым.

Наталля САХНО.