Дзеці і грошы

Як выхаваць разумныя адносіны да фінансаў?

Псіхолагі лічаць, што дзецям з малых гадоў трэба расказваць, адкуль бяруцца грошы, як іх зарабляюць, і абавязкова вучыць самастойна карыстацца імі. Такі вопыт неабходны, каб у далейшым навучыцца кіраваць фінансамі. На жаль, гэта ўмеюць рабіць нават не ўсе дарослыя. Многія наогул не вядуць сямейны бюджэт і не прыцягваюць сваіх дзяцей да пытанняў, звязаных з грашыма. Толькі некаторыя бацькі абмяркоўваюць з малышамі пытанні, што тычацца эканомікі і фінансаў. Відавочна, што ў дашкольнікаў, якія не разумеюць працэсу фінансавага планавання сям’і, фарміруецца мадэль паводзін, калі яны не эканомяць грошы, не абдумваюць свае пакупкі, а з лёгкасцю трацяць усё, што ёсць у кішэні. З-за гэтага дзеці трапляюць у зону рызыкі ў пытаннях фінансавай дасведчанасці.

Ці ёсць верагоднасць, калі такія паводзіны ўжо сфарміраваны, усё змяніць? Так, ёсць. Для таго каб навучыць дзяцей адказным фінансавым паводзінам, Нацыянальны банк сумесна з Міністэрствам адукацыі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам распрацавалі вучэбна-метадычны комплекс “Асновы фінансавай дасведчанасці”, прэзентацыя якога адбылася ў рэсурсным цэнтры асноў эканамічных ведаў, фінансавай дасведчанасці і прадпрымальнасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Рэсурсны цэнтр — гэта ўнікальная школа эканомікі і фінансавых ведаў. А пачыналася ўсё банальна і проста — з ідэі і энтузіязму педагогаў. Зрэшты, часта менавіта на гэтым многае і трымаецца.

“Сёння ў цэнтры створана сістэма бесперапыннага эканамічнага навучання і фінансавай дасведчанасці, — расказала намеснік дырэктара па інавацыйнай дзейнасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Ірына Тамашэўская. — А прэзентацыя дапаможніка па фінансавай незалежнасці і дасведчанасці — гэта сапраўдны падарунак для навучэнцаў 8—9 класаў. Я рада, што мы масава пачнём вучыць дзяцей асновам фінансавых ведаў. Пакуль што, безумоўна, навучанне будзе весціся факультатыўна”.

Начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Юлія Саковіч звярнула ўвагу, што дапаможнік, які прэзентуецца, не толькі для навучэнцаў, але і для настаўнікаў. Для таго каб дзеці і педагогі, якія прысутнічалі ў зале падчас мерапрыемства, зразумелі, што ён уяўляе сабой і якая інфармацыя ў ім змяшчаецца, прадстаўнік Нацыянальнага банка падрыхтавала прэзентацыю.

“Дзеці павінны разумець, для чаго ім патрэбна фінансавая дасведча­насць, — упэўнена Ю.Саковіч. — Вучэбна-метадычны комплекс — гэта вынік работы Нацыянальнага банка, Міністэрства адукацыі і аўтарскага калектыву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.

Нацыянальны банк сачыў за тым, каб у дапаможнік увайшлі тэмы, якія дапамогуць сфарміраваць у дзяцей тыя кампетэнцыі, што спатрэбяцца кожнаму падчас узаемадзеяння з рынкам. Задачай педагогаў было сачыць за тым, каб матэрыялы былі пададзены правільна і даступна, каб дзеці ўсё разумелі і інфармацыю не трэба было б тлумачыць па некалькі разоў.

“Чаму мы, дарослыя людзі, хочам, каб дзеці былі фінансава дасведчанымі і вывучалі фінансавую дасведча­насць? Чаму гэта так важна? — задаецца пытаннем Ю.Саковіч. — Тыя, хто вучыцца ў 8—9 класе, знаходзяцца ў такім узрос­це, калі перад дзецьмі адкрываецца мноства дарог, у падлеткаў з’яўляецца многа мэт, прычым ва ўсіх яны розныя: адзін хоча паступіць у прэстыжную УВА, другі — пабудаваць паспяховую кар’еру, а трэці марыць купіць кватэру і машыну. Але як гэта ўсё ажыццявіць? У дасягненні гэтых мэт вам якраз дапаможа фінансавая дасведчанасць. Менавіта фінансавыя веды дапамагаюць чалавеку ў яго развіцці і станаўленні. Наш дапаможнік разлічаны на 2 гады. У 8 класе дзеці даведаюцца, як весці ўлік расходаў і даходаў, як правільна ставіць фінансавыя мэты і дасягаць іх, як скласці свой асабісты фінансавы план і што рабіць, калі мэт многа, а грошай — не вельмі. Што такое крэдыт, чаму перад тым, як яго браць, трэба вельмі ўважліва падумаць і адказна аднесціся да адпаведнага рашэння? Як разлічыць працэнтную стаўку па крэдыце і сваю крэдытаздольнасць? Акрамя гэтага, за першы год навучання дзеці азнаёмяцца з прафесіямі са свету фінансаў. Хто такія дылер, брокер, эканаміст, бухгалтар, аўдытар — пра ўсё гэта можна даведацца са старонак дапаможніка”.

Другая палова дапаможніка, якая прызначана для вывучэння фінансавай дасведчанасці ў 9 класе, азнаёміць вучняў з гісторыяй узнікнення грошай, а таксама простымі словамі растлума­чыць складаныя пытанні грашовага абарачэння ў краіне.

“Дзеці разбяруцца, як вызна­чыць індэкс спажывецкіх цэн, напрыклад, свой асабісты, і параўнаюць яго з тым, які разлічваецца дзяржаўнымі органамі, — працягвае расказваць начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці ўпраў­лення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка. — Навучэнцы азнаёмяцца з некаторымі інструментамі інвесціравання, даведаюцца, што такое фінансавыя рызыкі і як іх знізіць. Таксама ў 9 класе дзеці будуць разглядаць складаныя пытанні безнаяўных разлікаў і грошай, даведаюцца, што існуе фінансавае махлярства, і навучацца яго распазнаваць. Безумоўна, базавыя веды аб падаткаабкладанні і чаму важна кожнаму плаціць падаткі — гэта ўсё таксама ёсць на старонках дапаможніка. Акрамя тэорыі, кніга змяшчае ў сабе практычныя задачы, творчыя кейсы і цікавыя гісторыі. Аўтары падручніка імкнуліся зрабіць яго цікавым для школьнікаў: важна, каб такую навуку, як фінансавая дасведчанасць, было цікава вывучаць”.

Падручнік быў напісаны для 8—9 класаў, але ў найбліжэйшых планах — стварэнне адпаведнага дапаможніка для навучэнцаў 5—7 класаў. Са слоў Ю.Саковіч, у кожную школу краіны, незалежна ад яе месцазнаходжання, перададуць па 2 камплекты падручнікаў, якія будуць знахо­дзіцца ў бібліятэках. Калі настаўнікі захочуць і навучэнцы выкажуць жаданне, то фінансавую дасведчанасць можна будзе вывучаць на пастаяннай аснове. Дарэчы, як выглядае падручнік, можна паглядзець (і пачы­таць яго) на адзіным партале фінансавай дасведчанасці.

Напоўненасць падручніка была прадумана да дробязей. Аўтары-складальнікі паклапаціліся таксама пра тое, каб пры яго дапамозе можна было рыхтавацца да алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, тым самым скараціўшы да мінімуму колькасць неабходных для падрыхтоўкі крыніц інфармацыі. Сёлета, дарэчы, умовы ўдзелу ў алімпіядзе змяніліся. Калі раней у адпаведных спаборніцтвах маглі змагацца выключна навучэнцы 10—11 класаў, то з гэтага года праверыць свае веды ў галіне эканомікі і фінансаў могуць нават першаклашкі.

Адзін з аўтараў падручніка дацэнт кафедры карпаратыўных фінансаў эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Мікалаеўна Касцюкова таксама звярнула ўвагу на тое, што прадмет “Асновы фінансавай дасведчанасці” з’яўляецца факультатыўным.

“Мы вельмі рады, што ў нас была магчымасць напісаць такі падручнік, — прызналася С.Касцюкова. — Пісаць яго, дарэчы, спрабавалі простай мовай. На старонках падручніка дзяцей чака­юць цікавыя заданні, даследчыя праекты, якія дапамогуць вызна­чыць адносіны да грошай і эфектыўнасць вядзення сямейнага бюджэту. Дзеці змогуць правесці эксперымент. Для гэтага трэба паставіць асабістую фінансавую мэту і на аснове правільнага фінансавага планавання дасягнуць яе. І тады можна бу­дзе ацаніць вынікі і паглядзець, наколькі гэта ўвогуле атрымаецца зрабіць”.

Стварэнне падручніка па фінансавай дасведчанасці — гэта не проста яшчэ адзін крок да таго, каб навучыць дзяцей карыстацца грашыма. Гэта магчы­масць (пры дапамозе алімпіяды ў тым ліку) знайсці матываваных вучняў, якія ў далейшым змогуць унесці ўклад у развіццё эканомікі краіны.

“Не сакрэт, мы зацікаўлены ў матываваных дзецях, і хочам, каб яны прыхо­дзілі да нас пасля школы і займаліся навукай, — прызналася намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях эканамічнага факультэта БДУ кандыдат эканамічных навук Аліна Дуціна. — Гэты год вельмі знакавы для БДУ, гэта год стагоддзя нашага ўніверсітэта. Мы ўвайшлі ў 1% лепшых ВНУ свету, а ў краіне ўсім даказалі, што мы — лепшыя. Мы — лідары ў адукацыі, у навуковай сферы, а БДУ — гэта брэнд. Мы не стаім на месцы і разумеем, што для таго, каб быць сучаснымі і ў трэндзе, каб мы разумелі школьнікаў, а яны — нас, трэба пачынаць зносіны са школы. Па-першае, так мы можам рыхтаваць кадры для сябе. Па-другое, дзякуючы ўзаемадзеянню са школай, мы ведаем, чым яна жыве. Мы імкнёмся рабіць так, каб сучасныя падыходы ў адукацыі і навука не стаялі на месцы, і сёння ў нас гэта добра атрым­ліваецца”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.