Адсутнасць бюджэту, дыскрымінацыя… і поспех

Што стымулюе сацыяльны бізнес?

Напрыканцы снежня адбыўся фінал Х Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. За 5 гадоў існавання на SW былі прадстаўлены больш за 2000 сацыяльных ідэй. Прыкметна, што ў мінулым годзе ўпершыню за ўвесь час існавання конкурсу гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый атрымала адна і тая ж ініцыятыва — TIKOTA inclusive, якая была аднагалосна прызнана выдатным прыкладам сацыяльнага прадпрымальніцтва.

Кіраўнік і дызайнер праекта Кацярына Цікота распрацавала дзве паралельныя лінейкі вопраткі, якія выглядаюць аднолькава, але пашыты па-рознаму — для звычайных людзей і людзей з інваліднасцю. Ідэя стварэння зручнага адзення для асаблівых груп насельніцтва была падтрымана мецэнатамі, а гэта значыць, што важная сацыяльная задумка будзе рэалізавана ў найбліжэйшы час.

Пра неабходныя грамадству сацыяльныя змены, рэалізаваныя эксперыменты і новыя творчыя планы расказвае сама дызайнер.

Глабальныя ідэі і сацыяльныя перспектывы

Перад тым як заняцца распрацоўкай серыі адзення для інвалідаў-калясачнікаў, Кацярына Цікота доўга абмяркоўвала ўсе нюансы сваёй ідэі непасрэдна з той сацыяльнай групай насельніцтва, для якой усё і задумвалася. Атрымаўшы станоўчыя водгукі адносна стварэння вопраткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Каця разам з Беларускай асацыяцыяй інвалідаў-калясачнікаў падала заяўку на ўдзел у Social Weekend. За некалькі месяцаў навучання ў хакатоне дызайнер змагла не толькі прадумаць усе моманты рэалізацыі сваіх ідэй, але і ўмела прыцягнула ўвагу да існуючай праблемы, дзякуючы чаму TIKOTA inclusive і стала лепшай сацыяльнай ініцыятывай.


“Сёння ў нас распрацоўваецца серыя адзення для інвалідаў-калясачнікаў, — расказвае Кацярына. — Каб зразумець, ці будзе адзенне адпавядаць усім патрабаванням той мэтавай групы, для якой шыецца, якіх канструктыўных змен патрабуе вопратка, прадэманстраваная падчас паказу, яе зараз тэсціруе фокус-група. Гэта 10 чалавек з сур’ёзнымі захворваннямі апорна-рухальнага апарату, сярод якіх ёсць тыя, у каго праблемы з дробнай маторыкай, што таксама неабходна мець на ўвазе. Безумоўна, усё адзенне будзе пашыта з улікам індывідуальных асаблівасцей людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, ідэя развіцця праекта па пашыве вопраткі для інвалідаў узнікла амаль два гады назад — пасля знаёмства з Сашам Аўдзевічам, які вымушаны перамяшчацца ў інваліднай калясцы, але пры гэтым вядзе актыўны лад жыцця. Абмяркоўваючы розныя тэмы, часта закраналі пытанне адсутнасці зручнага адзення для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Спачатку я не верыла, што ім няма чаго насіць. Але калі пачала звяртаць увагу, у што вымушана апранацца асаблівая моладзь, зразумела: у нас сапраўды няма такіх рэчаў, якія поўнасцю адпавядалі б патрабаванням людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А патрабаванні самыя звычайныя: завышаная талія па спіне, больш доўгія штаніны, дадатковыя вытачкі і ўстаўкі і інш. У тым, што выбіраем правільны кірунак дзейнасці, мы з камандай упэўніліся пасля наведвання шматлікіх магазінаў, гандлёвых цэнтраў, дзе падчас вывучэння асартыменту не знайшлі ніводнага віду вопраткі, якая поўнасцю задавальняла б патрэбы той сацыяльнай групы, для якой сёння працуем.

Дарэчы, займаючыся развіццём праекта, паралельна збірала інфармацыю, колькі ў Беларусі жыве людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Лічба ўразіла: у нас — 20 тысяч інвалідаў-калясачнікаў. Пасля гэтага зніклі ўсе сумненні — ідэя стварыць вопратку была своечасовай. Мы наладзілі зносіны з Рэспубліканскай асацыяцыяй інвалідаў-калясачнікаў, правялі апытанні сярод людзей, непасрэдна для якіх задумалі сваю творчую работу. І паралельна з гэтым я падала заяўку на ўдзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend.

Безумоўна, спачатку нават не задумвалася, якая будучыня чакае праект TIKOTA inclusive. Мне проста хацелася рэалізаваць свае задумкі. Але час паказаў, што, каб рухацца далей, неабходна знайсці спонсара, які дапаможа распрацаваць лінію адзення. Тым больш што ініцыятыва аказалася цікавай і патрэбнай”.

Сацыяльны бізнес можа быць паспяховым

На X конкурс сацыяльных праектаў было пададзена больш за 150 заявак. Але TIKOTA inclusive абышла канкурэнтаў па ўсіх напрамках. Праект, прадстаўлены дзяўчынай, быў аднагалосна прызнаны паспяховай бізнес-ідэяй.

Каментарый Аляксандра СКРАБОЎСКАГА, кіраўніка Social Weekend:

— TIKOTA inclusive — гэта цудоўны прыклад сацыяльнага прадпрымальніцтва. Нядзіўна, што яна стала лепшай сацыяльнай ініцыятывай. Ідэя маладога дызайнера ўжо зараз запатрабавана грамадствам. Важна, што прыбытак ад продажу будзе траціцца выключна на выпуск чарговай партыі адзення. Пасля перамогі на Social Weekend каманда Кацярыны Цікота занялася апрабацыяй сваёй ідэі, распрацоўкай дробнасерыйных партый. І падстаў для сумненняў у поспеху маладога дызайнера ў нас няма.

“За апошні год я наведвала шмат мерапрыемстваў, прысвечаных развіццю сацыяльнага бізнесу. У нас сапраўды шмат ініцыятыўных маладых людзей, якія прыдумваюць цікавыя сацыяльныя ідэі, здольныя змяніць жыццё грамадства. На жаль, не існуе адзінай сістэмы, адзінага органа, які мог бы дапамагчы вырашыць праблемы, звязаныя з сацыяльным бізнесам. Маладым прадпрымальнікам даводзіцца шмат працаваць, каб атрымаць першапачатковую падтрымку, якая дала б штуршок да развіцця. Часам няма з кім пракансультавацца наконт пэўных юрыдычных пытанняў, пытанняў па падаткаабкладанні і інш. І каб разабрацца ва ўсіх нюансах, патрэбна патраціць шмат часу і сіл.

Сёння ў краіне дзейнічае Указ № 300 “Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі”. Аднак лепш мець уласны бюджэт і не баяцца ўкладваць грошы ў тую ці іншую справу. Відавочна, што ідэальным варыянтам, які дапаможа зрабіць першапачатковыя крокі ў развіцці сацыяльнага бізнесу, з’яўляецца ўдзел у Social Weekend.

Што тычыцца сацыяльнага прадпрымальніцтва, то, думаю, улады павінны зацікавіцца гэтым кірункам — гэта вельмі перспектыўна, гэта дадатковыя рабочыя месцы. Уявіце: да развіцця згаданага віду дзейнасці можна далучыць людзей, якім з-за фізічных асаблівасцей цяжка знайсці работу. Зараз я кажу пра інвалідаў-калясачнікаў — яны могуць і хочуць працаваць. І было б цудоўна, каб іх запрашалі ў сацыяльны бізнес”.

Тычыцца нават тых, каго не тычыцца

Ужо не першы год Кацярына Цікота супрацоўнічае з ААН у Беларусі ў кірунку праблемы ВІЧ/СНІД. Дзяўчына нават распрацоўвала майкі з прынтамі супраць дыскрымінацыі ўразлівых груп насельніцтва — інвалідаў, цяжарных жанчын і інш.

“Я была ў журы конкурсу і дапамагала ў адборы эскізаў да Дня супраць дыскрымінацыі. Было вельмі нечакана і прыемна, што мяне сёлета падтрымалі і ацанілі падчас Belarus Fashion Week, у рамках якога праходзіў конкурс Fashion AIDS Line. Упэўнена, што такія мерапрыемствы павінны арганізоўвацца часцей, і ў іх павінны ўдзельнічаць як мага больш людзей. Важна паказаць, што любая дыскрымінацыя — гэта праблема ўсяго свету. Мы самі павінны дапамагаць адно аднаму выхоўваць адзінства ўспрыняцця свету. Такія праекты, як Fashion AIDS Line, даюць зразумець, што ніхто не мае права папракаць і прыніжаць іншага чалавека.

Сёлета прымала ўдзел у конкурсе “Чырвоная стужка” — элемента, які з’яўляецца сімвалам барацьбы супраць ВІЧ-інфекцыі. Я пашыла чырвоную сукенку для дзяўчыны, якая з’яўляецца носьбітам ВІЧ-інфекцыі. Дзякуй Юлі, што яна згадзілася выступіць на конкурсе ў чырвонай сукенцы і тым самым раскрыла свой статус. Такія адкрытыя паводзіны чалавека, які не пабаяўся расказаць грамадству пра сябе, сваю праблему, яшчэ раз пацвярджаюць, што дыскрымінацыі ў зносінах паміж людзьмі быць не павінна. Людзі з ВІЧ-інфекцыяй жывуць сярод нас, і ўсе спакойна да іх ставяцца выключна да таго моманту, пакуль не дазнаюцца пра страшны дыягназ.

Вельмі часта сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і цяжарныя жанчыны, а таксама жанчыны з дзецьмі. І гэта таксама сур’ёзная сацыяльная праблема. Чамусьці многім так і хочацца прынізіць маладую маму, паказаць, што яна павінна сядзець дома з дзіцем і не паказвацца на людзях. Я з гэтым абсалютна не згодна. Мы з сынам выходзім у свет з яго двухтыднёвага ўзросту. І мяне гэта ніколькі не стамляе. Наадварот, з’яўляюцца новыя сілы для творчасці.

Для жанчын, якія знаходзяцца ў чаканні дзіцяці, я таксама распрацавала серыю адзення. Занялася гэтым пытаннем пасля таго, як сама мела патрэбу ў “цяжарнай” вопратцы. Мадэлі, якія прадстаўлены ў продажы, натхнілі на стварэнне прыгожай і зручнай калекцыі.

Спыняцца на дасягнутым не планую. На сёння вельмі важна запусціць вытворчасць спецыялізаванай вопраткі, а пасля адкрыць інтэрнэт-магазін, таму што такі варыянт набыцця адзення для інвалідаў з’яўляецца найбольш зручным. Важна атрымаць сацыяльную падтрымку.

Акрамя гэтага, планую запусціць і дзіцячую лінейку вопраткі. Толькі шыцца адзенне, як разумееце, будзе для асаблівых дзетак. Чаму б не дапамагчы, калі мы можам гэта зрабіць?”

Наталля САХНО.
Фота Мікіты БЯЗРУКАВА.