Прагматычны час патрабуе прагматычных, хаця лепш сказаць, практычных рашэнняў. Навучальныя ўстановы тут не выключэнне, гаспадарскае бачанне, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, прапанаванне запатрабаваных паслуг — і каледж мае нядрэнныя пазабюджэтныя сродкі. Пры гэтым дае магчымасць сваім навучэнцам, якія задзейнічаны ў пэўнай пазабюджэтнай дзейнасці, замацаваць практычныя навыкі. Слуцкі дзяржаўны каледж — адзін з несумненных флагманаў такой работы са сваімі традыцыямі, напрацоўкамі, перспектывамі.
Новыя прафесіі і кваліфікацыі
Слуцкі дзяржаўны каледж — установа вядомая, дае адукацыю як на аснове агульнай базавай (з атрыманнем сярэдняй), так і на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Каледж ужо неаднойчы быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў спаборніцтва за высокія паказчыкі. Ды і ў іншых сферах, як у тым жа пазабюджэце, установа паказвае сябе нядрэнна.
— Вырашэнне праблемы прыцягнення дадатковых сродкаў ва ўстанову адукацыі залежыць ад пашырэння спектра кірункаў пазабюджэтных паступленняў, — гаворыць на гэты конт дырэктар установы Барыс Браніслававіч Блахін.
І як не пагадзіцца з вопытным гаспадарнікам і кіраўніком, заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, калі вынікі станоўчыя?
Такім чынам, адным з асноўных відаў пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстанове з’яўляецца аказанне платных паслуг насельніцтву. І тут спектр, сапраўды, шырокі. На аддзяленні дадатковай адукацыі дарослага насельніцтва ажыццяўляецца навучанне па адукацыйнай праграме прафесійнай падрыхтоўкі па некалькіх прафесіях, у якіх пастаянна ёсць патрэба: прадавец, аператар ПЭВМ, тынкоўшчык, кухар, цырульнік.
Пры гэтым рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых праводзіцца ва ўзаемадзеянні са службай занятасці і рознымі арганізацыямі — тымі, каму патрэбны кадры па пэўных спецыяльнасцях. І пералік прафесій пашыраецца. У 1996 годзе, калі было створана аддзяленне, каледж рыхтаваў па 8 прафесіях, цяпер — па 16. Пасля аналізу рынку працы было вырашана адкрыць падрыхтоўку цырульнікаў, муляраў, цесляроў, вадзіцеляў пагрузчыкаў, швачак, аператараў устаноўкі бястарнага захавання сыравіны і іншых — у асноўным для арганізацый аграпрамысловага комплексу краіны. Калі ж час запатрабуе новых прафесій, у каледж звернуцца да іх: упэўнена, што гаспадарскі размах і практыцызм, імкненне ісці ў нагу з часам не падвядуць кіраўніцтва каледжа ў любых умовах.
Акрамя таго, у Слуцкім дзяржаўным каледжы арганізаваны вучэбныя курсы па розных кірунках, у тым ліку з выездам педагогаў на прамысловыя прадпрыемствы і ў арганізацыі. Тутэйшыя спецыялісты ў рамках курсаў праводзяць семінары, семінары-практыкумы. Сярод адрасоў такой формы навучання дарослых — адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Здравушка-мілк”, “Малочны свет”, “Слуцкі сыраробны камбінат”, “Савушкін прадукт”, “Малочныя горкі”, “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, камунальнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Мазырскія малочныя прадукты”, сумеснае ААТ “Белавежскія сыры”. Як відаць, спецыялісты выязджаюць не толькі ў горад і яго ваколіцы, але і за межы Мінскай вобласці.
Ажыццяўляюць у каледжы і павышэнне кваліфікацыі для работнікаў арганізацый харчовай галіны, сферы грамадскага харчавання і гандлю Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра прафесіі кухара, афіцыянта, маслароба, апаратчыка пастэрызацыі, сырароба, аператара лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі.
Кошт навучання адрозніваецца ў залежнасці ад яго працягласці, віду і іншых складнікаў (і не заўсёды за яго плацяць самі навучэнцы, нярэдка цэнтр занятасці). Прафесійная падрыхтоўка дарослых па прафесіі апаратчыка вытворчасці сухіх малочных прадуктаў працягваецца 6 месяцаў, каштуе (арыенціровачна) 660 рублёў, навучанне па прафесіі маслароба зойме 3 месяцы і будзе каштаваць прыкладна 290 рублёў. Павышэнне кваліфікацыі для лабаранта хіміка-бактэрыялагічнага аналізу можна прайсці за 2 месяцы, аплата складзе прыкладна 210 рублёў, а кантралёр харчовай прадукцыі будзе вучыцца месяц, арыенціровачны кошт — 110 рублёў. Перападрыхтоўка на аснове заяўкі арганізацыі—заказчыка кадраў на базе каледжа па прафесіі апаратчыка пастэрызацыі зойме 2 месяцы, каштаваць будзе прыкладна 220 рублёў.
У майстэрнях і на кухнях
Даходы ад вучэбнай дзейнасці па дадатковай адукацыі дарослых — гэта тое, што навідавоку ў любой навучальнай установе. Ёсць, канечне, і менш відавочныя, але не менш значныя крыніцы пазабюджэтных даходаў, адна з іх — даходы ад аказання камунальных паслуг. У каледжы, напрыклад, працуюць цырульня і пральня, абедзве структуры знаходзяцца на гаспадарчым разліку. Паслугі прадастаўляюць, як навучэнцам, што жывуць у інтэрнатах, так і насельніцтву горада. З 2013 года на базе цырульні праводзіцца навучанне незанятых случчан па прафесіях цырульніка і майстра па манікюры.
Наступны спосаб зарабіць нечаканы для каледжа, тым не менш паспяховы, гэта правядзенне платных экскурсій у зімні сад і музей установы адукацыі, этнаграфічную майстэрню “Скарбніца”. Што самае цікавае, пры наведванні зімняга саду можна набыць упадабаныя саджанцы раслін. Многія карыстаюцца такой магчымасцю.
У каледжы ёсць таксама майстэрні, якія выконваюць розныя паслугі: па распілоўцы, тачэнні, устаноўцы электраабсталявання. У лабараторыі інфармацыйных тэхналогій раздрукоўваюць тэксты, ламінуюць і брашуруюць тэксты, малюнкі і г.д., тут можна папрацаваць ў інтэрнэце. Аказваюць і іншыя паслугі, напрыклад транспартныя.
Даходы ад дзейнасці структурных падраздзяленняў — наступны важны колер у спектры пазабюджэтных паслуг. У вучэбна-вытворчых майстэрнях робяць стэнды, наглядныя і раздатачныя дапаможнікі, вырабы з металу, швейныя вырабы, выконваюць электрамантажныя і рамонтна-будаўнічыя работы. Пералік, да таго ж, пашыраецца кожны год.
Зразумела, у каледжы, дзе рыхтуюць кухараў, пекараў, ёсць свае пункты харчавання — сталовая, маладзёжнае кафэ “Юнацтва”, акрамя таго, лабараторыя “Справа густу”, кулінарная студыя “Гурман”, якія выкарыстоўваюцца для навучання. Хлопцы і дзяўчаты вучацца тут вырабляць смачную і карысную прадукцыю, штогод гатуецца да 30 тон кулінарных, кандытарскіх і булачных вырабаў. Усю гэтую смакату прадаюць у самім каледжы, адпускаюць гандлёвым аб’ектам горада, арганізацыям, рэалізоўваюць падчас рэспубліканскіх кірмашоў і выстаў-продажаў. Сталовая і кафэ “Юнацтва” таксама прапаноўваюць свае паслугі для святкавання вяселляў, юбілеяў, дзён нараджэння, дзіцячых вечарын.
А здавалася б, каледж — у беларускім правінцыяльным горадзе. Што тут зробіш? Зробіш, як відаць, было б жаданне, і вельмі многае.
— Мы стараемся арганізаваць работу структурных падраздзяленняў каледжа па пазабюджэтнай дзейнасці так, каб на 100% задзейнічаць вытворчую магутнасць абсталявання, плошчы і людскія рэсурсы, — кажа дырэктар установы. — Але пры гэтым, што надзвычай важна, не на шкоду асноўнай, адукацыйнай і выхаваўчай, рабоце. Абавязкова выкарыстоўваем такую работу для развіцця практычных навыкаў і ведаў навучэнцаў.
Бізнес-кампанія для навучэнцаў
Нават той вялікі спіс сродкаў і спосабаў пазабюджэтнай дзейнасці, які я ўжо пералічыла, яшчэ няпоўны. Са студзеня 2016 года ў Слуцкім дзяржаўным каледжы дзейнічае бізнес-кампанія “Прафальянс”, што выпускае швейныя вырабы, кандытарскаю і кулінарную прадукцыю. Кампанія выконвае некалькі задач: па-першае, гэта навучанне юнакоў і дзяўчат асновам прадпрымальніцтва, магчымасць папрактыкавацца ў гэтай сферы, па-другое, пашырэнне сферы пазабюджэтнай дзейнасці.
Галоўнае, што ў каледжы была аснова — тэхналагічная база з сучасным абсталяваннем, вопытныя педагогі і майстры вытворчага навучання і, канечне, цікаўныя навучэнцы.
Тады, напрыканцы 2015 года, калі кампанія толькі фарміравалася, у яе ўвайшлі 11 навучэнцаў пад кіраўніцтвам вопытнага майстра. Пачалі працаваць на кулінарную, кандытарскую і швейную вытворчасць, выраб малых архітэктурных форм з металу. У 2017 годзе на І Абласным фестывалі вучнёўскіх бізнес-кампаній “Прафальянс” атрымаў прыз ад Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. А ў красавіку 2019 года на Абласным фестывалі “Школа прадпрымальніцтва” навучэнец каледжа Андрэй Сугака заваяваў дыплом І ступені ў конкурсе стартапаў. Хлопец прадставіў ідэю Diner-Time і ўпэўнена абараніў свой праект па развіцці рэстараннага бізнесу.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Пазабюджэтныя сродкі каледж атрымлівае таксама ад пабочных арганізацый: спонсарская, шэфская дапамога, сродкі папячыцельскага савета. Пазабюджэт — гэта таксама рамонтныя работы, якія праводзяцца за ўласныя грошы на працягу года, у вучэбны перыяд — у выхадныя дні і пасля заканчэння заняткаў; работы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Сродкі паступаюць і ад вытворчага навучання ў арганізацыях. Штогод праходзяць практыку каля 600 навучэнцаў, прычым амаль усе яны (98,5%) працуюць на рабочых месцах, якія аплачваюцца. Маладыя людзі замацоўваюць веды і ўдасканальваюць навыкі, адаптуюцца да ўмоў вытворчасці, прэзентуюць сябе як будучыя работнікі прадпрыемстваў і, безумоўна, атрымліваюць матэрыяльнае ўзнагароджанне за сваю працу. 75% атрымліваюць навучэнцы, 25% застаюцца ў распараджэнні каледжа, з іх выплачваецца падатак на прыбытак.
Зразумела, як бы добра ні была наладжана пазабюджэтная дзейнасць у навучальнай установе, яна не заменіць бюджэтнага фінансавання, але добра яго дапоўніць. Грошы на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стымуляванне працы, іншыя мэты патрэбны заўсёды. У мінулым навучальным годзе, напрыклад, за бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі тут набылі сыравырабляльнік, цестамясільныя машыны, параканвектаматы, кандытарскія печы, ноўтбукі, інтэрактыўную дошку і іншае абсталяванне, правялі рамонтныя работы. Большая частка затрачаных сродкаў — бюджэт, але і некалькі соцень тысяч рублёў з пазабюджэту на гэтыя мэты прыйшліся вельмі дарэчы.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлены Слуцкім дзяржаўным каледжам.