Адказы на гэтае пытанне мы паспрабавалі знайсці ў абласных упраўленнях і раённых аддзелах адукацыі, а таксама ў службах занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва. Такім чынам, нам удалося высветліць, што работа ў пазначаным напрамку вядзецца пастаянна, і магчымасцей з карысцю правесці канікулы ў моладзі хоць адбаўляй. Галоўнае — захацець гэта зрабіць, а потым — даведацца, куды звяртацца.
У паход разам з пракурорам
На Гомельшчыне свабодны час вучняў, асабліва тых, што знаходзяцца на ўліку ў ІСН, трымаецца на асаблівым кантролі. Значную ўвагу ў сваёй рабоце педагогі ўстаноў адукацыі вобласці аддаюць такому напрамку, як пошукава-даследчая дзейнасць праз арганізацыю турыстычных паходаў. Напярэдадні вясенніх канікул, як паведаміла нашаму выданню начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ганна Васільеўна Мельнікава, школьнікі масава распрацоўвалі маршруты паходаў і рассылалі запрашальныя квіткі ва ўсе зацікаўленыя структуры, якія ўзаемадзейнічаюць з установамі сістэмы адукацыі па прафілактыцы проціпраўных дзеянняў непаўналетніх. У адзін з такіх паходаў быў запрошаны вучнямі адной са школ Светлагорскага раёна і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі С.І.Парошын. Акрамя таго, запрашэнні атрымалі прадстаўнікі пракуратуры Гомельскай вобласці, РАУС, ІСН, аддзелаў па справах моладзі, раённых камітэтаў БРСМ.
Паводле задумы, у кожную групу школьнікаў з 15 чалавек уключаюцца 2—3 дзіцяці, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН або пражываюць у сем’ях, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным.
— Такім чынам, у нас з’яўляецца ўнікальная магчымасць судакрануцца з дзецьмі не ў павучальных гутарках, а праз сумесную дзейнасць, — сказала Г.В.Мельнікава. — Падчас паходаў таксама плануецца аказанне дапамогі ветэранам. Арганізацыя паходаў у такіх маштабах на Гомельшчыне практыкуецца ўпершыню, і калі яна зарэкамендуе сябе з лепшага боку, то мы абавязкова звернемся да яе і ў летні час.
Што да праектаў працоўнай занятасці, то сёння школьнікі вобласці масава займаюцца вырабам шпакоўняў. Пры ўзаемадзеянні з лясніцтвамі яны атрымліваюць грошы за сваю працу. Акрамя таго, ва ўсіх раёнах падчас канікул праходзяць акцыі “Працоўны дэсант”: пры неабходнасці ажыццяўляецца рамонт школьнай мэблі, пясочніц для дзіцячых садкоў з удзелам старшакласнікаў і настаўнікаў працоўнага навучання.
Лета пачнецца ў “Гамбіце”
У Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) на вясеннія канікулы запланавана правядзенне гульні КВЗ (Адкрытай кобрынскай лігі). Да ўдзелу ў ёй, акрамя школьных каманд раёна, запрошаны госці з Пінска, Брэста, Гродна.
Увогуле многія вучні школ раёна ўжо з нецярпеннем чакаюць лета, каб адправіцца ў валанцёрскі экалагічны лагер “Кобрынскі гамбіт”. Штогод у ім адпачываюць і аздараўліваюцца 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, сярод якіх заўсёды ёсць 6—10 падлеткаў, што знахо дзяцца на ўліку ў ІСН. Дзеці жывуць у палатках, вучацца гатаваць ежу на агні, дапамагаюць мясцовым гаспадаркам на будаўніцтве ферм, у доглядзе цялят.
Летам у раёне таксама ладзіцца фестываль маладзёжных ініцыятыў “Свабодны рух”, падчас якога любы жадаючы можа прадэманстраваць свае вакальныя, танцавальныя, мастацкія здоль насці і дасягненні ў экстрэмальных відах спорту.
— На наш фестываль прыязджаюць госці нават з Расіі, — заўважыла першы сакратар Кобрынскага раённага камітэта БРСМ Людміла Чырун. — Толькі ўдзельнікаў звычайна набіраецца каля 150 чалавек. Разам з тым у раёне няма для школьнікаў вялікіх магчымасцей уладкавацца на работу ў свабодны ад вучобы час.
Ужо сёння могуць даведацца аб тым, што бу дзе ім прапанавана ў якасці працоўнай занятасці ў летні канікулярны сезон, школьнікі Баранавічаў. Па словах галоўнага спецыяліста сектара дашкольнага і школьнага выхавання ўпраўлення адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама В.В.Рудай, летам 2012 года ў горадзе на базе 10 устаноў адукацыі плануецца арганізаваць занятасць вучняў (для 196 чалавек) праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. На выплату заработнай платы выдзелена 186 млн рублёў.
— У мінулым годзе было асвоена 89,7 млн рублёў, — паведаміла спецыяліст. — 170 вучняў атрымалі магчымасць падзарабіць. Пры адпрацоўцы 15 каляндарных дзён кожны з іх атрымліваў у сярэднім 427 тысяч рублёў. Падлеткі займаліся добраўпарадкаваннем Жлобінскага, Свяцілаўскага азёр, прыбіралі тэрыторыю гарадскога парку, урочышча Гай.
Акрамя таго, летась была арганізавана другасная занятасць 158 вучняў на базе міжшкольнага ВВК працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі № 1: дзеці шылі мяккія цацкі і пасцельную бялізну, займаліся рамонтам мэблі для школ. Сёлета на гэтыя мэты выдзелена 369,4 млн рублёў для 200 вучняў (у тым ліку на матэрыялы — 78,5 млн).
Увогуле ж, з упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па пытаннях працаўладкавання непаўналетніх у свабодны ад вучобы час на Брэстчыне сёння актыўна ўзаемадзейніча юць усе раённыя аддзелы адукацыі: Ганцавіцкі, Івацэвіцкі, Бярозаўскі, Жабінкаўскі, Камянецкі і інш.
Запісваемся ў студатрад, не выходзячы з дома
Па-ранейшаму застаюцца ўнікальнай магчымасцю падзарабіць студэнцкія атрады. Да таго ж падчас работы ў іх можна набыць яшчэ і дадатковую спецыяльнасць. А ў выпадку, калі профіль атрада супадзе з той спецыяльнасцю, што вывучаецца, то і ўвогуле будзе выдатна, паколькі набыццё першага досведу прафесійнай дзейнасці — немалаважная рэч.
На Гродзеншчыне ў напрамку арганізацыі другаснай занятасці моладзі плённа працуе абласны штаб студэнцкіх атрадаў абласнога камітэта БРСМ. Штогод тут фарміруюцца атрады розных профіляў дзейнасці: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, экалагічныя, сэрвісныя. І жадаючых праявіць сябе ў час працоўных семестраў становіцца ўсё больш.
Сёлета ў юнакоў і дзяўчат з’явілася магчымасць падаць электронную заяўку аб жаданні працаўладкавацца ў студатрад. Зрабіць гэта можна на сайце brsm.by.
— На сёння да нас ужо звярнулася больш за 300 чалавек, а ўвогуле мы плануем працаўладкаваць не менш як 10 тысяч маладых людзей, — паведаміла выконваючая абавязкі сакратара Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Марыя Цупрунова.
Моладзь Гродзеншчыны сёння чакаюць на наступных прадпрыемствах і ў арганізацыях: Гродзенскі кансервавы завод, Гродзенскі мясакамбінат, Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”, ААТ “Малочны свет”, Гродназелянбуд, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, ААТ “Фірма “Мока” і інш.
Зарабіць мільён можа і школьнік
У Круглянскім раёне (Магілёўская вобласць) у летні перыяд могуць нядрэнна падзарабіць і школьнікі. Там штогод паміж аддзелам адукацыі, аддзелам па справах моладзі і раённым камітэтам БРСМ дасягаецца дамоўленасць з кіраўніком круглянскай ВМК № 266 аб тым, што вучні старшых класаў устаноў адукацыі раёна будуць накіраваны туды на работу ў складзе працоўных фарміраванняў школьнікаў. Летась, напрыклад, 2 атрады па 15 чалавек працавалі на будаўніцтве і рэканструкцыі малочна-таварных ферм, выконвалі дробныя падсобныя работы, добраўпарадкоўвалі сумежную тэрыторыю.
— Адзначу, што кіраўніцтва ВМК заўсёды добра прымае нашых вучняў, — заўважыла метадыст аддзела адукацыі Круглянскага райвыканкама Марына Феліксаўна Фялява. — Дзеці атрымліваюць даволі высокую зарплату (больш за 1 млн рублёў), для іх забяспечваюцца ўсе неабходныя ўмовы працы, выконваюцца ўсе патрабаванні бяспекі; за школьнымі працоўнымі атрадамі абавязкова замацоўваюцца спецыялісты з ліку работнікаў ВМК, якія вучаць дзяцей правільна выконваць работу, што ад іх патрабуецца.
Вучні, па словах М.Ф.Фялявы, задаволены. Некаторыя з іх пасля таго, як папрацуюць у складзе школьных працоўных фарміраванняў, заручыўшыся падтрымкай бацькоў, працягваюць працаваць у ВМК. Работа ім, безумоўна, прапаноўваецца пасільная (у асноўным добраўпарадкаванне тэрыторыі), а вось пералік працоўных аб’ектаў ужо значна пашыраецца.
Для тых жа падлеткаў, якія ўдзельнічаюць у працоўных атрадах, пасля заканчэння “адпрацоўкі” агульнымі намаганнямі раённага камітэта БРСМ, аддзела па справах моладзі і аддзела адукацыі ладзяцца адпачынкавыя мерапрыемствы: у мінулым годзе, напрыклад, для самых актыўных работнікаў з ліку школьнікаў была арганізавана экскурсія на “Лінію Сталіна”. Таксама дзеці атрымліваюць падзякі і каштоўныя падарункі па выніках работы ў школьных працоўных фарміраваннях.
Жадаючыя трапіць у такія атрады вызначаюцца ў пачатку кожнага каляндарнага года шляхам правядзення анкетавання. Прыцягваюцца да работы і цяжкія падлеткі.
Сельская гаспадарка не застанецца без памочнікаў
Сёння вызначыліся з відамі работ для арганізацыі часовай занятасці вучняў у летні перыяд гэтага года і на Чэрвеньшчыне (Мінская вобласць).
— На гэтыя мэты ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сёлета выдзелена 70 млн рублёў для працоўнай занятасці 98 вучняў, — паведаміў намеснік начальніка аддзела адукацыі Чэрвеньскага райвыканкама Сяргей Яўгенавіч Шамрук. — Вызначана пяць устаноў: сярэднія школы №№ 3 і 4 Чэрвеня, Хутарскі, Рабянецкі дзіцячыя сады — сярэднія школы і цэнтр дзіцячай творчасці Чэрвеня.
Акрамя таго, летам школьнікі названага раёна, як правіла, уладкоўваюцца на работу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі: працуюць на зернатоках, на праполцы, прасушцы збожжа. У асобных установах адукацыі ствараюцца сельскагаспадарчыя атрады. За два тыдні работы на палях у мінулым годзе дзеці зараблялі ў сярэднім каля 200 тысяч рублёў.
Прыярытэт падчас другаснай занятасці — дзецям з групы рызыкі
У Віцебскай вобласці асноўнымі відамі работ, якія прапаноўваюцца навучэнскай моладзі ў вольны час, з’яўляюцца добраўпарадкаванне тэрыторый устаноў адукацыі, догляд помнікаў, рамонт школьнай мэблі, кніг, археалагічныя раскопкі, пашыў мяккага інвентару для тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, касцюмаў, штор.
У мінулым годзе ў рамках другаснай занятасці работа на Віцебшчыне была прадастаўлена 6405 школьнікам і студэнтам (з іх 4955 — старшакласнікі). Прыярытэтнае права на працаўладкаванне мелі дзеці з нядобранадзейных, мнагадзетных, няпоўных сем’яў, а таксама тыя, хто знаходзіўся на ўліку ў ІСН.
— Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама створаны і функцыянуе сектар садзейнічання працаўладкаванню, занятасці студэнцкай моладзі, — расказала нам намеснік начальніка ўпраўлення па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Людміла Феліксаўна Зайцава. — А пры Полацкім гарвыканкаме дзейнічае каардынацыйны савет па пытаннях занятасці студэнцкай і навучэнскай моладзі. З яго дапамогай летась было працаўладкавана 762 чалавекі, 708 з іх працавалі ў 14 атрадах, 8 — за мяжой (праваднікамі на Расійскай чыгунцы), 46 чалавек былі задзейнічаны на прадпрыемствах горада.
Данута Буйнова.
Акрамя таго, летам школьнікі названага раёна, як правіла, уладкоўваюцца на работу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі: працуюць на зернатоках, на праполцы, прасушцы збожжа. У асобных установах адукацыі ствараюцца сельскагаспадарчыя атрады. За два тыдні работы на палях у мінулым годзе дзеці зараблялі ў сярэднім каля 200 тысяч рублёў.