Гаварыць нельга маўчаць

Згодна з даследаваннем, якое правёў ЮНІСЕФ у нашай краіне ў 2018 годзе, 11,6% вучняў 5—7 класаў і 11,3% навучэнцаў 8—11 класаў лічаць атмасферу, што пануе ў школе, непрыязнай. Прычынай, якая прыводзіць да гэтага, яны называюць булінг — часта неапраўданую агрэсію з боку аднагодкаў і вучняў старшых класаў ці, радзей, з боку дарослых.
У краінах Еўропы ў барацьбе з булінгам прымяняецца механізм стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Гэтая мадэль станоўча зарэкамендавала сябе ў Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі, Балгарыі. Паказальна, што ўзровень гвалту ў школах падчас яе імплементацыі знізіўся на 50%, а ўзровень булінгу — на тры чвэрці.
Сэнс мадэлі сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя — у стварэнні ў школах сістэмы, накіраванай на зніжэнне канфліктаў — цкавання, а таксама псіхічнага і фізічнага насілля. Канчатковым вынікам рэалізацыі мадэлі з’яўляецца стварэнне неабходных умоў для трансфармацыі ўстановы адукацыі ў псіхалагічна бяспечнае месца. Як працуе гэтая ідэя і што не дазваляе прымяняць яе паўсюдна?

Першы год адаптацыі мадэлі ў нашай краіне ўжо паказвае станоўчы вынік. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка правёў навукова­даследчую работу па адаптацыі харвацкай мадэлі “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, падчас якой былі ўлічаны рэкамендацыі настаўнікаў, псіхолагаў, дзяцей і падлеткаў, а таксама экспертаў, што працуюць у сферы прафілактыкі і зніжэння насілля ў дачыненні да дзяцей і падлеткаў. Інстытут псіхалогіі БДПУ і Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі БДПУ правялі неабходную для гэтага работу.

“У нас была створана рабочая група і праведзены кансультацыі, круг­лыя сталы, інтэрв’ю з нацыянальнымі і міжнароднымі экспертамі па адаптацыі харвацкай праграмы “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, — расказаў падчас анлайн­удзелу ў круглым стале рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. — Таксама быў распрацаваны і выдадзены дапаможнік для педагагічных работнікаў агульнай сярэдняй адукацыі “Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Ён, дарэчы, рэкамендаваны да выкарыстання Нацыянальным інстытутам адукацыі.

Спецыяльна для рэалізацыі праграмы “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах” была падабрана каманда ментараў з ліку спецыялістаў устаноў вышэйшай адукацыі, устаноў павышэння кваліфікацыі, сацыяльна­педагагічных і псіхалагічных служб. А з лютага па чэрвень 2020 года было праве­дзена тэсціраванне праграмы “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”. Яго арганізавалі ў 5 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Безумоўна, усё гэта адбывалася з удзелам ментараў. Таксама была прэзентавана беларуская версія згаданага праекта для дзяржаўных устаноў адукацыі з мэтай магчымага ўключэння асобных модуляў у адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў.

Наш круглы стол прысвечаны падвядзенню вынікаў першага года рэалізацыі эксперыментальнага праекта. Ён ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з рознымі спецыялістамі і пры падтрымцы прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Міністэрства адукацыі”.

Для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы прафілактыкі булінгу ў асяроддзі аднагодкаў было зроблена даволі многа. Напрыклад, Інстытут псіхалогіі БДПУ і Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі БДПУ трансліравалі вынікі даследчай і навукова­метадычнай работы на навукова­практычных канферэнцыях і навучальных вэбінарах, падчас правядзення трэнінгавых праграм і кансультацый па пытаннях насілля і булінгу, а таксама ў стужцы навін на сайце Інстытута псіхалогіі БДПУ.

А.І.Жук звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя любой значнай сацыяльна­адукацыйнай ідэі мае патрэбу ў шырокай інфармацыйнай падтрымцы. Так, у лістападзе 2019 года ў кінатэатры “Піянер” адбыўся кінафестываль, які ўяўляў сабой рэкламную акцыю па прафілактыцы булінгу ў школах. Пасля яго завяршэння прадстаўнікі ЮНІСЕФ, Інстытута псіхалогіі БДПУ і Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі прынялі ўдзел у абмеркаванні праблем гвалту і булінгу з навучэнцамі, настаўнікамі, бацькамі.

“Вынікам усёй падрыхтоўчай работы стаў эксперыментальны праект “Адаптацыя мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, які зацверджаны на пяць гадоў, да 2025 года. Кіруе ім загадчыца кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы Інстытута псіхалогіі БДПУ Ала Віктараўна Музычэнка. Экспертызу ажыццяўляе Нацыянальны інстытут адукацыі, а эксперымент рэалізуецца на базе 26 эксперыментальных пляцовак ва ўсіх рэгіёнах краіны. Таксама была распрацавана мадэль сістэмы работы ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу для стварэння бяспечнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Апісаны этапы стварэння асноўных звёнаў гэтай сістэмы.

На выніковым красавіцкім вэб­семінары ў фокусе ўвагі ўдзельнікаў была тэма “Фарміраванне эксперыментальнай супольнасці па стварэнні сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” як асноўны вынік першага года эксперымента. Бяспека кожнага дзіцяці, а таксама абароненасць яго жыццёва важных інтарэсаў з’яўляюцца прадметам асаблівага педагагічнага клопату, таму зладжаная камандная работа неабходна ў вырашэнні пастаўленых задач”.

Акцэнтуючы ўвагу на праекце, рэктар БДПУ імя Максіма Танка агучыў, чаго чакаюць і педагогі, і бацькі ад яго рэалізацыі ў нашай краіне.

“Галоўнае, чаго хочам дасягнуць, рэалізуючы эксперымент на тэрыторыі нашай краіны, — гэта фарміраванне каштоўнасцей узаемнай павагі ў вучняў і ўстанаўленне сістэмы правіл і маніторынгу за іх выкананнем, — заўважыў А.І.Жук. — Таксама неабходна ўключыць у працэс прафілактыкі насілля сярод аднагодкаў бацькоў ці законных прадстаўнікоў вучняў, а таксама настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Трэба забяспечыць ва ўстановах адукацыі камфортныя псіхалагічныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Дарэчы, хочацца адзначыць накіраванасць праграмы не столькі на пераадоленне негатыўных наступстваў гвалту і ганення сярод навучэнцаў, колькі на стварэнне ў школах спрыяльнага клімату, духу супрацоўніцтва і ўзаемнага даверу дзяцей і дарослых”.

Правадніком ідэй на кожнай эксперыментальнай пляцоўцы з’яўляецца ментар. Гэта, як правіла, пазаштатны ўдзель­нік адукацыйнага працэсу. Яго пазіцыя мае перавагі, якія заключаюцца ў даверлівым узаемадзеянні з настаўнікамі, дзецьмі і бацькамі. Паколькі ментар непасрэдна не ўключаны ў сістэму субардынацыі і прафесійных адносін унутры школы, то мае магчымасць захоўваць нейтральную і пры гэтым кампетэнтную пазіцыю.

“У гэтым навучальным годзе, вельмі няпростым ў плане эпідэмічнай сітуа­цыі і сацыяльных канфліктаў, пазаштатныя ментары праводзілі ідэі ненасілля на валанцёрскіх пачатках, за што ім трэба падзякаваць, — акцэнтаваў кіраўнік універсітэта. — Што тычыцца нашай ідэі, то эксперыментальны праект важны для абнаўлення педагагічнай адукацыі ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Місія БДПУ і ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, заключаецца ў падрыхтоўцы педагога, які ў поўнай меры зможа забяспечыць выхаванне мола­дзі з гуманістычным светапоглядам, крытычным, сацыяльна і экалагічна арыентаваным мысленнем. Інфармацыйны і сацыялізацыйны выклікі сучаснага грамадства абумоўліваюць неабходнасць стварэння дружалюбных дзіцяча­дарослых супольнасцей як галоўнага механізма фарміравання новых сацыяльных практык у адукацыйнай прасторы.

Сёння мы з вамі даведаемся непасрэдна ад удзельнікаў адукацыйнага працэсу на эксперыментальных пляцоўках, як фарміруецца дзіцяча­дарослае адзінства ў падзейнай перспектыве, як ажыццяўляецца канструктыўны дыялог пакаленняў, якія складаныя пытанні ўзаемадзеяння неабходна вырашаць”.

Па практыку — у школу

Падчас правядзення круглага стала вялікая ўвага ўдзялялася менавіта школьным практыкам.

Так, пра ролю ментара ў каардынацыйнай дзейнасці ініцыятыўных груп расказала, зыходзячы з уласнага вопыту, педагог­псіхолаг сярэдняй школы № 125 Мінска Людміла Жукоўская. У сваёй навучальнай установе менавіта яна выступіла ў гэтым амплуа.

Педагог­псіхолаг, рэалізуючы праект, назірала за тым, як мяняецца свядо­масць бацькоў, што далучаюцца да рэалізацыі міжнароднай ідэі.

“На папярэднім этапе рэалізацыі праграмы трэба было пераконваць дарослых у тым, што праект неабходны, тлумачыць ім, што булінг — гэта не злы настаўнік, які неабгрунтавана крытыкуе, лае навучэнцаў. У дзіцячых калектывах, сям’і, у іншым асяроддзі, дзе знаходзіцца малыш, здараецца шмат падзей, якія траўміруюць дзяцей. І важна разумець, што траўміруюцца не толькі ахвяры, — агрэсар таксама пакутуе. Маючы пэўны вопыт, што ідзе з сям’і, школьнік выкарыстоўвае такую мадэль адносін у класе, у сваёй кампаніі. Менавіта так фарміруецца ланцужок булінгу. Нашы тлумачэнні сэнсу праблемы, работа з ментарам, педагогам­псіхолагам прымусілі некаторых бацькоў пранікнуцца праблемай. Як вынік, сёння гэтыя дарослыя — нашы актыўныя памочнікі, якія таксама ўдзельнічаюць у стварэнні ў школе сяброўскага асяроддзя для сваіх дзяцей”.

Педагог­псіхолаг, расказваючы пра рэалізацыю праекта, не хавае, што шмат рэсурсаў давялося ўкласці ў работу з педагогамі. Са слоў Л.Жукоўскай, многія настаўнікі не заўсёды разумелі розніцу паміж паняццямі канфлікт і булінг. І гэта нядзіўна: ёсць многа сітуацый, размежаваць якія і зразумець, што зараз адбываецца — канфлікт ці цкаванне — складана.

“На жаль, часта настаўнікі маглі дэманстраваць аўтарытарную пазіцыю і дэструктыўную крытыку ў адносінах да навучэнцаў, — дзеліцца педагог­псіхолаг. — Гэты момант таксама трапіў у прапрацоўку методык мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

Падчас прэзентацыі сваёй дзейнасці педагог­псіхолаг расказала пра тое, як мяняліся вынікі анкетавання навучэнцаў 5—9 класаў на пачатковым этапе праекта і ў канцы навучальнага года.

“Першапачаткова было каля 200 рэспандэнтаў, сярод якіх выяўлена 26% агрэсараў і 6% ахвяр, — прывяла факты Л.Жукоўская. — Прычым сярод хлопчыкаў было больш агрэсараў. Паўторная дыягностыка ахапіла ў два разы больш рэспандэнтаў. На гэты раз іх было 402. Таксама асобна быў адабраны 81 школьнік, які ў першым анкетаванні паказаў агрэсіўныя і змешаныя паводзіны. Сярод 81 дзіцяці была 21 дзяўчынка. Як пасля высветлілася, у гэтай фокус­групе агрэсарамі былі ўжо 57% дзяўчынак і 58% хлопчыкаў. Дзякуючы апытанню, мы паглыбіліся ў разуменне розных форм праяўлення агрэсіі, зразумелі, што ў кожнага ёсць схільнасць да гэтага, незалежна ад гендару.

Але адзін з самых важных вынікаў — гэта магчымасць для саміх дзяцей зірнуць на праблему ўзаемаадносін адно з адным знутры, а не па настаўленні дарослых, спецыялістаў. Гэта вядзе да павышэння сацыяльнай кампетэнтнасці школьнікаў. Дзеці арганізоўваліся ў групы ўзаемадапамогі, самі станавіліся валанцёрамі праграмы, працуючы як з малодшымі вучнямі, так і з аднагодкамі. Таксама дапамагалі распаўсюдж­ваць прадастаўлены ЮНІСЕФ візуальны матэрыял: буклеты, плакаты, стыкеры. Дзякуючы гэтаму, усе нашы навучэнцы бачылі, што ў іх установе працуюць над праблемай булінгу, што гэта не закрытая тэма, яе замоўчваюць як нязручную, пра якую саромеюцца гаварыць”.

YouTube супраць булінгу

Праект па недапушчэнні булінгу рэалізуецца і ў іншых рэгіёнах краіны. Станоўчы вопыт у гэтым кірунку маецца ў Гродзенскай воб­ласці. Так, Алена Бачко, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Гродзенскага абласнога сацыяльна­педагагічнага цэнтра, якая ўдзель­нічала ў круглым стале анлайн, расказала пра тое, як сёння рэалізуецца ідэя ў сярэдняй школе № 35 Гродна.

“У праекце задзейнічаны 12 педагогаў і 695 вучняў 5—11 класаў, — звярнула ўвагу намеснік дырэктара. — Цікавыя вынікі паказала ананімнае анкетаванне бацькоў: многія з іх самі называлі выхаванне ў сям’і адной з прычын праяўлення булінгу сярод вучняў і звярталі ўвагу на жорсткасць дзяцей. Таксама сфарміравалася ініцыятыўная група бацькоў, якія дапамагаюць школьным псіхолагам весці асветніцкую работу. Для дзяцей праводзяцца трэнінгі па фарміраванні навыку рэагавання на негатыўнае стаўленне з боку аднагодкаў і іншыя заняткі. У класных калектывах распрацаваны правілы і варыянты вырашэння канфліктнай сітуацыі”.

Яшчэ адны ўдзельнікі круглага стала — навучэнцы бараўлянскай сярэдняй школы № 2 — знайшлі цікавы спосаб падтрымкі праграмы па недапушчэнні булінгу. Дзеці разам з педагогамі актыўна выкарыстоўваюць сваё тэлебачанне і інтэрнэт­рэсурсы. Так, на YouTube­канале школы можна знайсці серыі ток­шоу “Гаварыць аб праблемах не сорамна” з удзелам медыйных асоб, якія разважаюць на тэму цкавання. Увогуле, дзеці ўпэўнены, што першы і самы важны спосаб вырашэння праблемы — гэта смела гаварыць пра яе.

Як адрозніць жарт ад булінгу?

У імплементацыю праграмы актыўна ўключыліся вучні сярэдняй школы № 197 Мінска. Дзеці прыйшлі на круглы стол разам з псіхолагам Таццянай Грыбанавай. Навучэнцы, выступаючы перад спікерамі, расказалі, што для таго, каб вырашыць праблему цкавання, трэба разумець, што ахвяра вельмі пакутуе. Каб гэта зразумелі ўсе, трэба тлумачыць тэму булінгу ў школе, абмяркоўваць яе з равеснікамі.

“Мы павінны працаваць з дзецьмі, тлумачыць ім, як важна не дапускаць цкавання, — кажа Т.Грыбанава. — У дарослым жыцці крыўдзіцеляў вельмі многа, таму трэба ведаць, як не падвяргацца булінгу. А яшчэ ў дзяцей з’явілася ўпэўненасць, што разуменне і падтрымку заўсёды можна знайсці, таму нельга маўчаць, трэба гаварыць, калі нешта турбуе. Вельмі важна размяжоўваць паняцці жарт, булінг, гвалт і ўсе яго формы”. Дарэчы, некаторыя дзеці пасля вопыту валанцёрства самі захацелі стаць педагогамі.

“У 2020/2021 навучальным го­дзе ў нашай школе стартаваў праект “Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі”, — расказала навучэнка сярэдняй школы № 197 Лізавета Ліпніцкая. — На працягу месяца мы прахо­дзілі падрыхтоўку як будучыя валанцёры. На занятках даведаліся шмат новага і карыснага аб праблеме булінгу. Асабіста для мяне стала важным размежаванне такіх паняццяў, як булінг, жарт, гвалт, зацікавіла інфармацыя аб відах гвалту. Я зразумела, што, дзякуючы атрыманым ведам, магу рэальна дапамагчы дзецям, якія пакутуюць ад булінгу і несправядлівых адносін з боку сваіх аднакласнікаў.

У канцы навучання да нас прыйшлі нашы старэйшыя сябры — валанцёры 11 “А” класа — і правялі заняткі на тэму булінгу: “Гвалт”, “Устанаўленне правіл”, “Стварэнне плакатаў”.

Перш за ўсё валанцёры агучылі правілы паводзін на занятках, каб стварыць спрыяльную для работы атмасферу. Аднак, нягледзячы на правілы, мне ўсё роўна было няёмка гаварыць на такія тэмы, бо яны не так часта ўздымаюцца ў нашым грамадстве. У працэсе правядзення заняткаў я станавілася больш упэўненай у сваіх выказваннях. Гэтаму спрыялі не толькі практыкаванні, пабудаваныя на рэальных прыкладах з жыцця, але і створаная нашымі старэйшымі таварышамі атмасфера ўзаемапавагі.

У далейшым, калі сама пачала праводзіць заняткі разам з класнымі кіраўнікамі, вопыт, што быў атрыманы на занятках і класных гадзінах, дапамагаў правільна даносіць да дзяцей інфармацыю. Навучэнцы былі зацікаўлены ў навучанні, дзяліліся сваімі праблемамі і вырашалі на занятках даўнія канфлікты.

Можна сказаць, што, дзякуючы гэтаму праекту, я пабывала ў дзвюх ролях: у ролі вучня, з якім праводзяць заняткі, і ў ролі педагога. Гэта незабыўны вопыт, дзякуючы якому я вырашыла, што ў будучыні выберу для сябе прафесію педагога”.

Сваім вопытам удзелу ў праекце па­дзялілася яшчэ адзін валанцёр — Кацярына Гележа.

“У мяне вельмі захапляючы вопыт работы у праекце, бо я працавала з навучэнцамі пачатковай школы, — расказвае навучэнка. — Першапачаткова мы планавалі праводзіць заняткі з 5—11 класамі, аднак па просьбе некалькіх класных кіраўнікоў пачатковай школы я, мой аднакласнік і таварыш па валанцёрскім атрадзе дадаткова правялі сярод малышоў тую ж самую серыю заняткаў па прафілактыцы булінгу, што і для нашых равеснікаў. На здзіўленне, дзеці хутка ўключыліся ў работу. Думаю, прычына ў тым, што падобнага фармату правядзення класных гадзін у іх школьным жыцці яшчэ не было. Гэта сыграла сваю ролю і дапамагло праінфармаваць дзетак пра адвечную праблему, якую ўсе прывыклі лічыць нормай. Таксама мы навучылі малых элементарным дзеянням у сітуацыях здзяйснення актаў булінгу над самім дзіцем або над кім­небудзь з тых, хто знаходзіцца побач, напрыклад, над аднакласнікамі.

Праведзеная серыя заняткаў была неабходнай для чацвёртакласнікаў, бо падчас першых заняткаў на просьбу па­дзяліцца сваімі ведамі на тэму насілля і прывесці прыклады з жыцця дзеці не раз сказалі пра парушэнне асабістай прасторы, карыстанне чужой маёмасцю або пра абразы і фізічныя дзеянні з боку аднакласнікаў.

Заняткі праходзілі ў сяброўскай атмасферы, але мелі месца і спрэчкі з наступным знаходжаннем ісціны. Заняткі праходзілі раз на тыдзень, і мне як будучаму псіхолагу было прыемна назі­раць за тым, як дзеці ў школе самастойна прымянялі атрыманыя веды для прадухілення канфліктных сітуацый і змагаліся з цкаваннем.

Дарэчы, нават у канцы навучальнага года ў кабінеце плакаты з правіламі класа не былі зняты. Я бачыла, праходзячы міма кабінетаў пачатковых класаў, што плакаты чытаюць. Таксама дзеці падзяліліся са мной тым, што правілы, якія яны выпрацавалі падчас заняткаў, пяройдуць з імі ў сярэднюю школу, у пяты клас. Дзякуючы ім, у іх стала менш канфліктаў і спрэчак, дзеці сталі больш прыслухоўвацца адно да аднаго і старацца вырашаць канфлікты мірным шляхам”.

Праект “Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” даў дзецям магчымасць не толькі паспрабаваць сябе ў ролі педагогаў, але і пазнаёміцца з праб­лемай булінгу бліжэй. Дзякуючы спецы­фіцы пабудовы і правядзення заняткаў, праект дазваляе навучыць школьнікаў асноўным паняццям па тэме булінгу і спосабам вырашэння канфліктных сітуацый у школе, адначасова даючы магчымасць навучыць каманду валанцёраў спосабам правядзення класных гадзін.

Так, Кацярына Васьковіч, яшчэ адна памочніца Таццяны Грыбанавай, расказала, што падчас работы злавіла сябе на думцы: для вырашэння праблемы булінгу толькі тэарэтычных ведаў недастаткова.

“Словы таварышаў па атрадзе пацвярджаюць мае ўласныя высновы: для таго каб вывучыць тэму булінгу ў школе больш глыбока і атрымаць навык работы з дзецьмі ў гэтым кірунку, трэба шмат працаваць. Можна не сумнявацца: лепшая магчымасць праверыць, замацаваць і павялічыць аб’ём сваіх ведаў — гэта практыка.

Нягледзячы на тое, што ўсе класы ў нечым падобныя, нельга не сказаць, што вопыт работы ў кожным з іх з’яўляецца унікальным. Хачу падсумаваць наш агульны вопыт правядзення заняткаў наступным чынам. Былі класы, дзе наладзіць кантакт з дзецьмі было лёгка, а недзе дапамога класнага кіраўніка была як ніколі дарэчы. У любым выпадку наша дзейнасць дапамагла ненадоўга акунуцца ў жыццё класа, стаць бліжэй да навучэнцаў і данесці да іх такую неабходную сёння інфармацыю.

Адна справа — праводзіць класныя гадзіны сумесна з класным кіраўніком, і зусім іншая — самастойна. 4 лютага мы правялі заняткі ў 10 “А” класе ў прысутнасці прадстаўнікоў ЮНІСЕФ, выкладчыкаў Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка і журналістаў. Вопыт правядзення класнай гадзіны без чыёй­небудзь дапамогі стаў для нас новым, унікальным вопытам. Ад усёй нашай каманды магу смела сказаць, што гэта аказалася не так складана, як мы чакалі. Я думаю, што ў многім нам дапамог вопыт, атрыманы на папярэдніх занятках з іншымі класамі.

 Асаблівасцю правядзення заняткаў у 10 класе было тое, што мы з вучнямі практычна аднагодкі. Тут былі як плюсы, так і мінусы.

Як і на многіх іншых занятках, навучэнцы падзяліліся сваім вопытам, звязаным з булінгам, што дазволіла лепш зразумець адзін аднаго і стаць бліжэй”.

Наталля Сахно.
Фота аўтара.