“Вуліца поўная нечаканасцей” — гэта назва старога савецкага фільма, якую я часта прыгадваю, калі ў мяне зза спіны раптоўна і абсалютна ціха выязджае веласіпедыст або калі я бачу, як хтосьці перабягае вуліцу паза пешаходным пераходам. У дзяцей такіх нечаканасцей узнікае яшчэ больш, і не толькі на дарозе або побач з ёй, але, скажам, на слізкай сцяжынцы, у двары свайго дома, у іншых месцах і сітуацыях. Разумныя бацькі, канечне, не толькі не пакінуць дзіця без увагі, але і навучаць яго правілам бяспекі разам з настаўнікамі і іншымі спецыялістамі. Асаблівую актуальнасць мае падрыхтоўка малых да доўгіх летніх канікул. Адзін з пунктаў такога прафілактычнага навучання дзейнічае пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі — гэта цэнтр “Бяспечнае дзяцінства”.
Пачнём з таго, што спецыялісты сцвярджаюць (ды і простая логіка падказвае): чалавек толькі тады, не задумваючыся, дакладна і цалкам выконвае правілы бяспекі, калі засвоіў іх яшчэ ў дзяцінстве. Таму пачынаць прафілактыку варта яшчэ з дашкольнікамі. Між іншым, у цэнтры “Бяспечнае дзяцінства” ёсць заняткі і для самых маленькіх — у школах бяспечнай жыццядзейнасці “Тарапыжкавы падарожжы” і “Адзін дома” для малых ад 3,5 да 6 гадоў. У цэнтры гэтыя школы лічаць унікальнымі, бо яны вучаць дзяцей таму, што і многія дарослыя не ведаюць. Якога колеру могуць быць флікеры? З якога боку іх трэба насіць і чаму? Як павінны перасякаць пешаходны пераход веласіпедысты?
— У “Тарапыжкавай школе” і школе “Ад зін дома” дзеці даведаюцца (і раскажуць потым мамам і татам, бабулям і дзядулям), што флікеры павінны быць белымі або жоўтымі, насіць іх трэба на левым баку цела, бо найбліжэйшыя машыны рухаюцца злева ад пешаходаў, а веласіпедыстам трэба ісці праз пераход пешшу і весці веласіпед побач, — гаворыць кіраўнік цэнтра “Бяспечнае дзяцінства” Уладзіслаў Якаўлевіч Богдан. — Да канца навучальнага года дзеці паспяваюць даведацца яшчэ шмат пра што: вучаць дарожныя знакі і разметку, якія тычацца правіл для пешаходаў і веласіпедыстаў, пэўныя сігналы рэгуліроўшчыка, асноўныя правілы пажарнай бяспекі дома і на прыродзе і многае іншае.
Пры гэтым малыя вучацца, гуляючы і займаючыся творчасцю. У цэнтры ім прапаноўваюць казкі і загадкі, гульні, работу над рознымі вырабамі і нават катанне на педальных машынках. Атрымліваецца і цікава, і карысна, прычым не толькі для вывучэння правіл бяспекі, але і для развіцця дробнай маторыкі рук, розных навыкаў.
Зразумела, у цэнтры займаюцца і са школьнікамі, прычым гэта вельмі вялікі аб’ём работы: акцыі, злёты, конкурсы. “Дарожная бяспека”, “Бяспека ў надзвычайных сітуацыях”, “Міласэрнасць і першая дапамога”, “Прававая культура”, “Інфармацыйная культура”, “Ваеннапатрыятычнае выхаванне” — тэмы і кірункі, якія тут прапаноўваюць школьнікам. Пры гэтым кожны кірунак прадугледжвае мерапрыемствы для дзяцей рознага ўзросту, а кожны конкурс праводзіцца па некалькіх намінацыях, і любы ўдзельнік мае магчымасць бліснуць у адной з іх. Лепшых выбірае прафесійнае журы, у склад якога ўваходзяць спецыялісты з ДАІ, МНС, іншых арганізацый.
Кіраўнік цэнтра падкрэслівае, што ўвагай не абдзелены і педагогі:
— Мы праводзім метадычныя мерапрыемствы, майстаркласы, па кірунках дзейнасці працуюць кансультацыйныя пункты, бо і ў школьных педагогаў, і ў выхавальнікаў, і ў нашых супрацоўнікаў адзіная мэта — зніжэнне колькасці ДТЗ, надзвычайных здарэнняў з удзелам дзяцей, павышэнне культуры паводзін малых і дарослых на дарозе, дома, на прыродзе, у месцах масавага збірання людзей.
Для больш поўнага дасягнення гэтай мэты на базе цэнтра “Бяспечнае дзяцінства” створаны гарадскі рэсурсны цэнтр “Сацыяльнапедагагічная тэхналогія навучання правілам бяспечнай жыццядзейнасці, выхавання каштоўнаснага стаўлення да здароўя і фарміравання маральнаправавой свядомасці”. Рэсурсны цэнтр працуе з лютага 2017 года, рэалізоўваючы шматузроўневую адкрытую сістэму педагагічнай дзейнасці, сацыяльных і сацыякультурных камунікацый, якія забяспечваюць павышэнне ўзроўню бяспекі жыцця дзяцей у прасторы сталічнага рэгіёна.
У цэнтры шмат увагі ўдзяляюць прапагандзе бяспечных паводзін і педагагічнага вопыту ў інтарэсах устойлівага развіцця праз выставы, інфармацыйныя сайты, напрыклад, гарадскі партал “Бяспечнае дзяцінства” і г.д.; падтрымліваюць дзіцячыя і падлеткавыя рухі ў адпаведным кірунку; кансалідуюць дзейнасць педагогаў устаноў адукацыі, супрацоўнікаў і структур сталіцы, што спрыяюць навучанню дзяцей і падлеткаў правілам бяспекі; ажыццяўляюць міжнароднае супрацоўніцтва з профільнымі аб’яднаннямі; арганізоўваюць культурнамасавыя мерапрыемствы, агляды, злёты, профільныя змены ў летніках, навучальныя курсы; удзельнічаюць у навуковых даследаваннях; арганізоўваюць сеткавае ўзаемадзеянне; выконваюць нямала іншых задач.
Так, падчас канікул на базе Мінскага гарадскога адукацыйнааздараўленчага цэнтра праводзіцца тэматычная змена “Галоўная дарога”. У гарадскім палявым лагеры “Юны ратавальнік” школьнікі вучацца і спаборнічаюць ва ўстаноўцы палатак, распальванні кастроў, аказанні першай медыцынскай дапамогі і інш. А на спартыўнааздараўленчай базе “Галактыка” праводзіцца тэматычная змена “Дарогай дабра” па вывучэнні заканадаўства ў сферы дарожнага руху, асновах кіравання транспартнымі сродкамі (веласіпедам, матацыклам, квадрацыклам), першай дапамозе пры здарэннях. У цэнтры працуюць гурткі і клубы. Напрыклад, клубы “Веламанія”, “Валанцёр”, “Першая дапамога”.
Марына Хідджаз.
Фота з архіва цэнтра “Бяспечнае дзяцінства”.