На мінулым тыдні ў Інстытуце псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Псіхалогія развіцця асобы ў сучасным свеце”, якая сабрала больш чым 140 удзельнікаў з 19 універсітэтаў Беларусі, Расіі, Украіны і Узбекістана.
Чаму баяцца дзеці?
Канферэнцыя праводзілася ў рамках Міжнароднага форуму студэнцкай навукі “Студэнцкая навука — інавацыйны патэнцыял будучыні”. Да ўдзелу ў ёй былі запрошаны навучэнцы некаторых школ Мінска, а таксама вучні Гарадской школы юнага псіхолага і філіяла кафедры псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці сярэдняй школы № 210 Мінска.
Па традыцыі канферэнцыя пачалася з пленарнага пасяджэння. Падчас яго правядзення былі прадстаўлены розныя па змесце і форме даклады. Тэмы і жанры выступленняў былі цікавымі — для студэнтаў. Агульная рэкамендацыя для ўсіх дакладчыкаў акцэнтаваць увагу як на канцэптуальна-тэарэтычных, так і на практычных аспектах тых праблем, што разглядаюцца.
Так, з дакладам “Кагнітыўна-асобаснае развіццё: праблемы і практыкі” выступіла дацэнт кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Алена Камкова. Пра самарэгуляцыю паводзін будучых педагогаў як прафесійны навык паведаміла Вольга Шаўлюкевіч, магістр, аспірант Інстытута псіхалогіі.
Тэма страхаў у дзяцей і асаблівасці яго пераадолення дзецьмі малодшага школьнага ўзросту цікавіць магістра выпускніка Інстытута псіхалогіі Ігната Налівайку. Даклад на тэму “Праектны метад навучання як спосаб развіцця сацыяльна-псіхалагічных характарыстык асобы студэнта” падрыхтавала магістрант Інстытута псіхалогіі Алена Кашавар.
Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожная трэцяя жанчына на працягу жыцця сутыкаецца з хатнім гвалтам. Падчас каранціну сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. У красавіку Генеральны сакратар ААН ахарактарызаваў сусветную статыстыку па хатнім гвалце ў перыяд пандэміі як “жахлівую глабальную ўспышку”.
Спецыялісты тлумачаць рост выпадкаў гвалту ўмовамі самаізаляцыі і эканамічным крызісам: сем’і закрыліся ў кватэрах, жывуць у невядомасці. Відавочна, што стрэсу стала больш. У такой сітуацыі канфлікты практычна непазбежныя, прычым нават у добранадзейных сем’ях.
Падлеткі і мараль
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі былі запрошаны да работы секцый. Так, даклады можна было паслухаць па некалькіх тэматычных кірунках: актуальныя праблемы педагагічнай, узроставай і сацыяльнай псіхалогіі, праблемы псіхалогіі сямейных адносін, эканамічнай псіхалогіі і псіхалогіі менеджменту, псіхалогіі асобы, псіхалогіі працы і прафесійнага самавызначэння, а таксама клінічнай псіхалогіі.
Намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Інстытута псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Віктар Ягоравіч Марозаў пасля завяршэння работы секцый расказаў, чые даследаванні прызнаны лепшымі. Так, у секцыі “Актуальныя праблемы педагагічнай і ўзроставай псіхалогіі” лепшай стала работа Лізаветы Калачовай па тэме “Асаблівасці маральных уяўленняў у падлеткавым узросце” (Яраслаўль). Не меншую цікавасць выклікалі даклад Марыі Бохан “Узаемасувязь схільнасці да адхіляючых паводзін і эмпатыі ў студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей”, а таксама праект Настассі Адамовіч “Параўнальны аналіз рэфлексіі ў падлеткавым і юнацкім узросце”, створаны пад куратарствам кандыдата псіхалагічных навук Алы Музычэнка. Пра гульнявую дэпрывацыю як з’яву дашкольнага дзяцінства ў сучаснай рэальнасці расказвала падчас секцыі Лізавета Сяргеева (Новасібірск).
Пакаленне Y: новы погляд
Вялікую цікавасць у тых, хто працуе з дзецьмі і цікавіцца іх псіхалогіяй, выклікалі даклады, з якімі выступілі падчас правядзення секцыі “Актуальныя праблемы сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі”.
Так, Марыя Балакірава пад кіраўніцтвам кандыдата псіхалагічных навук Наталлі Пузырэвіч працавала над праектам “Параўнальны аналіз узроўню міфалагізацыі пакалення Y і пакалення X у пытаннях кахання і шлюбу”. Згадзіцеся, тэма цікавая, асабліва калі прыняць пад увагу, што кожнае новае пакаленне дзяцей вырастае са сваімі каштоўнасцямі, з іншымі поглядамі. Як мы ўспрымаем гэтых дзяцей? Як яны ўспрымаюць нас і якія яны ёсць на самай справе? Магчыма, пытанні застануцца адкрытымі, але студэнты Інстытута псіхалогіі вылучылі не толькі цікавую тэму для даследавання, але і асноўныя падыходы да яе вывучэння.
Тэму сямейнай псіхалогіі працягнула Юлія Дзіцэвіч са сваім навуковым кіраўніком кандыдатам псіхалагічных навук Святланай Ганчаровай. Студэнтка працавала над тэмай “Узаемасувязь спосабаў пераадолення цяжкіх жыццёвых сітуацый у мужа і жонкі і псіхалагічная дыстанцыя ў шлюбе”.
З улікам таго, што сёння сямейная псіхалогія набывае ўсё большую папулярнасць, а пары, якія жывуць у шлюбе, перасталі ўспрымаць дапамогу псіхолага для вырашэння сваіх праблем як нешта недапушчальнае, тэма з’яўляецца своечасовай.
Праблемы хатняга гвалту над жанчынамі ва ўмовах самаізаляцыі падчас пандэміі COVID-19 у сваім даследаванні закранула Вікторыя Пляскова. Яе навуковы кіраўнік — малады выкладчык Інстытута псіхалогіі Алена Петражыцкая. Увогуле, тэма гвалту над жанчынамі заўсёды была і будзе актуальнай. Нягледзячы на мноства спосабаў абараніць сябе, жанчыны часта працягваюць жыць са згаданай праблемай, не прымаючы ніякіх мер і не робячы ніводнага кроку для яе вырашэння. Чаму так адбываецца? Магчыма, прычына ў сузалежных адносінах? Ці гэта страх застацца ўвогуле ні з чым? Які б варыянт ні стаў адказам на пытанне, прычыну трэба шукаць разам з псіхолагам.
Яшчэ раз пра булінг
Падчас работы секцыі “Актуальныя праблемы псіхалогіі асобы” можна было паслухаць даклады па тэмах “Фарміраванне псіхалагічнага дабрабыту ў асоб з дэвіянтнымі паводзінамі”, “Псіхалагічныя фактары жорсткага абыходжання з жывёламі”, “Псіхолага-педагагічны рэсурс біяграфічнага метаду ў фарміраванні самаацэнкі падлетка з паводзінамі, якія адхіляюцца ад нормы”, “Асаблівасці булінгу сярод падлеткаў” і інш.
Не менш актуальнымі падчас правядзення канферэнцыі былі праблемы псіхалогіі працы і прафесійнага самавызначэння.
Напрыклад, Вольга Бяляўская пад кіраўніцтвам кандыдата псіхалагічных навук дацэнта Юліі Паляшчук вывучала ўзаемасувязь эмпатыі і прафесійнай накіраванасці асобы ў студэнтаў на розных курсах навучання, а Юлія Коваль шукала адказы на пытанне, якія прафесійныя інтарэсы і схільнасці ў падлеткаў з розным узроўнем праяўлення лідарскіх якасцей.
Кожны дзясяты вучань 5—7 класаў не толькі адчуваў на сабе наступствы булінгу, але і разумеў, што з’яўляецца аб’ектам мэтанакіраванага цкавання. Атрымліваецца, што ў сярэднім 2 вучні з класа адчувалі на сабе скосыя позіркі, чулі ў свой адрас непрыемныя кпіны.
Над тым, як самаацэнка як фактар паспяховасці прафесійнай дзейнасці студэнтаў уплывае непасрэдна на саміх студэнтаў, разважала Юлія Байдзюк. Студэнтка Рыта Саковіч працавала над дакладам “Асаблівасці каштоўнасных арыентацый навучэнцаў з розным узроўнем здольнасцей”.
Не менш цікавяць будучых псіхолагаў падлеткі і іх эмоцыі, іх узаемадзеянне паміж сабой, а таксама тое, як эмоцыі могуць уплываць на прыняцце рашэнняў. Увогуле, пераходны ўзрост — гэта той час, калі дзеці могуць ці замкнуцца ў сабе, ці пачаць праяўляць сваю асобу. Як гэта будзе адбывацца — загадка. Тэму агрэсіўнасці і яе ўплыў на прафесіі разглядала ў сваім дакладзе Ангеліна Высоцкая. Пад кіраўніцтвам Ю.Паляшчук студэнтка вывучыла ўзаемасувязь агрэсіўнасці і прафесійнай накіраванасці ў юнакоў і дзяўчат.
У секцыі “Актуальныя праблемы клінічнай псіхалогіі” Ксенія Строгіна прапанавала разабрацца ў залежнасці ад кахання. А Караліна Лішык звярнулася да тэмы, якая будзе абмяркоўвацца заўсёды, — “Уяўленне старшакласнікаў аб прычынах булінгу сярод аднагодкаў”. Даследаваць такое пытанне студэнтцы дапамагала яе навуковы кіраўнік Ала Віктараўна Музычэнка.
Самаацэнка з’яўляецца важным рэгулятарам паводзін чалавека, ад яе залежаць узаемаадносіны з навакольнымі, крытычнасць і патрабавальнасць да сябе, стаўленне да сваіх поспехаў і няўдач. Самаацэнка ўплывае на эфектыўнасць дзейнасці чалавека і далейшае развіццё яго асобы. Таксама яна вызначае сацыяльны статус чалавека. Вывучэнне самаацэнкі, яе ўплыву на развіццё асобы, міжасобасных адносін набывае ўсё большую актуальнасць.
Самаацэнка ўяўляе сабой здольнасць свядомасці чалавека складаць уяўленне пра сябе і свае дзеянні, а таксама ацэньваць свае навыкі, уменні, асабістыя якасці, вартасці і недахопы.
Фарміраванне самаацэнкі пачынаецца ў дзіцячым узросце, калі малыш ужо ўсведамляе сваю аўтаномнасць ад маці, ідэнтыфікуе сябе з пэўным полам, пачынае праяўляць сябе як асоба. Найбольш папулярнай методыкай даследавання самаацэнкі з’яўляецца методыка Дэмба-Рубінштэйна. Моладзь як сацыяльная група мае свае крытэрыі ацэньвання і характэрныя асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад усіх астатніх груп у грамадстве. Сёння маладых людзей можна аналізаваць з пункту гледжання такіх крытэрыяў, як узрост, псіхалагічныя і сацыяльныя асаблівасці. Апошнія дзве характарыстыкі, дарэчы, разглядаюцца разам: асаблівасці эмацыянальнай успрымальнасці, прага да рызыкі, высокая ступень мабільнасці і адаптацыі да сітуацый, імкненне максімальна праявіць сябе і сваю сілу, крытычнае стаўленне да старэйшага пакалення, імкненне да свабоды і ідэалу, самаацэнка асобы.
Як адзначылі выступоўцы, праблема хоць і гучная і пра яе гавораць усюды, але яна дагэтуль нявырашаная. Дзеці сутыкаюцца з булінгам у школе, у двары. Дзейснага метаду, які б мог выкараніць праблему раз і назаўсёды, не існуе. А рэкамендацыі толькі адны: размаўляць з дзецьмі, тлумачыць ім, што цкаванне — гэта непрымальна. А што рабіць бацькам, чые дзеці пераходзяць межы дазволенага? Як правіла, ім рэкамендуюць папрасіць прабачэння ў таго, каго пакрыўдзілі. Наступным крокам павінна стаць размова з дзiцем па душах. Трэба растлумачыць, чаму так рабіць нельга, да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Безумоўна, любую сітуацыю можна вырашыць мірна. Калі гэтага зрабіць не атрымліваецца, справа можа дайсці нават да суда. І шматлікія даследаванні гэта пацвярджаюць.
Увогуле, згодна са статыстыкай, 68% падлеткаў час ад часу адчуваюць на сабе праяўленні булінгу, а 14% пастаянна падвяргаюцца здзекам, цкаванню. 17% навучэнцаў ніколі не былі ў скуры таго, каго крыўдзяць. А яшчэ спецыялісты адзначаюць, што булiнг — гэта не заўсёды агрэсiя ў дачыненні да дзіцяці. Падлетак можа адчуваць агiду, пагардлiвасць у адносiнах да аднакласнiка. І гэта таксама трансліруе булінг. А вось выкарыстанне мянушкi можа быць не абразай, а толькi элементам субкультуры: усё залежыць ад таго, як ставiцца да яе падлетак, цi выклiкае яна ў яго эмацыянальныя перажываннi.
Менавіта для таго, каб зразумець, як падлеткі ўспрымаюць булінг, якімі бачаць праблемы яго ўзнікнення, Караліна Лішык і звярнулася да названай тэмы.
Дарэчы, аўтары лепшых дакладаў змогуць апублікаваць свае даследаванні ў зборніку “Студэнцкая навука — інавацыйны патэнцыял будучыні”. Гэта вельмі важны і сур’ёзны крок, які дазволіць студэнтам развіваць навукова-даследчую дзейнасць, а значыць, заставацца ў прафесіі, аказваць псіхалагічную дапамогу і мяняць гэты свет да лепшага.
Падрыхтавала Наталля САХНО.