Праект “Дом разумення” — адна з найбольш значных ініцыятыў для нашай краіны. Яна з’яўляецца беларускім аналагам скандынаўскай мадэлі “Барнахюс” (“Дом дзіцяці”), у якой пацярпеламу ад гвалту малышу ці падлетку аказваецца поўны комплекс паслуг, пачынаючы ад падрыхтоўкі і правядзення следчага апытання і заканчваючы рэабілітацыяй.
Сёння, дзякуючы падтрымцы і партнёрству сацыяльна-педагагічных цэнтраў і ўстаноў адукацыі, у нашай краіне функцыянуе сетка дружалюбных да дзяцей пакояў апытання.
Адным з першых сацыяльна-педагагічных цэнтраў, якія далучыліся да праекта, стаў Жодзінскі СПЦ. Тут у 2016 годзе сумесна з гарадскім Следчым камітэтам і дзякуючы падтрымцы Жодзінскага гарвыканкама, аддзела па адукацыі, спорце і турызме з’явіўся першы ў краіне Дом разумення поўнага цыкла аказання дапамогі дзецям — ахвярам ці сведкам гвалту. Сёння ў Жодзінскім СПЦ сканцэнтраваны ўсе кампаненты тэхналагічнага ланцужка Адзінай мадэлі аховы дзяцей, што рэалізуецца ў краіне з 2009 года.
Пра асаблівасці рэалізацыі праекта і дзейнасць СПЦ у сістэме дапамогі дзецям расказала псіхолаг Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Леанідаўна Канашонак.
Зімой, у снежні 2014 года, у Жодзінскім сацыяльна-педагагічным цэнтры быў адкрыты першы ў Мінскай вобласці пакой дружалюбнага апытання для дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту. Дзякуючы гэтаму, стала магчымым пазбягаць шматразовых апытанняў пацярпелага дзіцяці.
“Падчас адной такой працэдуры ў памяшканні разам з непаўналетнім знаходзіцца толькі псіхолаг-інтэрв’юер, а астатнія ўдзельнікі працэсу назіраюць за тым, што адбываецца, у сумежным пакоі на экране тэлевізара. Кіруюць апытаннем супрацоўнікі Следчага камітэта ці іншых кампетэнтных органаў, — нагадвае сістэму ўзаемадзеяння з пацярпелым Таццяна Леанідаўна. — Пытанні, якія ўзнікаюць падчас размовы, работнікі кампетэнтных органаў задаюць ахвяры злачынства праз псіхолага. Важна, што размова запісваецца, а значыць, яна можа ў далейшым выкарыстоўвацца для вядзення справы. Што немалаважна, выкарыстанне відэаканферэнцыі дазваляе мінімізаваць стрэс ад працэдуры апытання, дапамагае атрымаць найбольш дакладную інфармацыю аб падрабязнасцях і ўмовах злачынства”.
Падчас апытання самае галоўнае — не дапусціць паўторнай траўматызацыі дзіцяці. А значыць, трэба карыстацца пэўным алгарытмам размовы. Як расказала Т.Канашонак, для гэтага малыш праходзіць папярэднюю падрыхтоўку.
“Ніколі не будзе так, што дзіця адвялі ў пакой і тут жа пачалі праводзіць апытанне, — тлумачыць псіхолаг СПЦ. — Падрыхтоўка вядзецца яшчэ на этапе тэлефоннага званка. Вельмі важна, каб падрыхтоўка і правядзенне апытання суправаджаліся кампетэнтнымі органамі і каб гэта быў адзін і той жа чалавек — той, хто прысутнічае падчас падрыхтоўкі і правядзення размовы. Яшчэ адзін важны момант — каб як мага менш людзей кантактавала з тым, хто стаў ахвярай гвалту. Гэта робіцца для таго, каб дзіця не атрымала яшчэ адну траўму і каб інфармацыя заставалася канфідэнцыяльнай і не выйшла за межы пакоя. Калі здараецца адваротнае, гэта можа прывесці да стыгматызацыі дзіцяці, магчыма, да булінгу”.
У цішыні і спакоі
Дом разумення Жодзінскага СПЦ уяўляе сабой некалькі памяшканняў, што знаходзяцца ў адным будынку. Тут ажыццяўляецца поўны цыкл першаснай дапамогі, расследавання і падтрымкі дзіцяці, якое стала ахвярай злачынства. У Доме разумення ёсць пакой для падрыхтоўкі да апытання і пакой апытання, аглядны пакой і пакой для назірання, а таксама адміністрацыйнае памяшканне і памяшканне для чакання.
Пакой для апытання — гэта поўнасцю ізаляванае памяшканне, якое абсталявана панарамнай камерай і адчувальным мікрафонам. Калі праводзіцца апытанне, у ім знаходзяцца толькі дзіця і псіхолаг. Астатнія ўдзельнікі працэсу назіраюць за тым, што адбываецца, у іншым, аглядным, пакоі на экране манітора.
“Назіральнікі могуць задаць свае пытанні дзіцяці праз псіхолага, які знаходзіцца ў пастаянным кантакце з малым у пакоі для апытання. Такая мера дазваляе абараніць дзіця ад траўміруючых зносін з мноствам чужых людзей. Яно размаўляе толькі з адным чалавекам — псіхолагам, якому давярае. Таксама ў пакоях для апытання і падрыхтоўкі да яго праводзіцца псіхалагічная, псіхіятрычная ці комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза”, — расказвае Таццяна Леанідаўна.
Адным з неабходных крокаў, важным для следства, але не вельмі прыемным для дзіцяці, з’яўляецца медыцынскі агляд. З пацярпелым ад гвалту малышом ён праводзіцца ў спецыяльна абсталяваным пакоі з камфортнай медыцынскай мэбляй, а таксама электронным лічбавым відэакальпаскопам. Тут жа праводзіцца медыцынская судовая экспертыза, якая вызначае прадмет паходжання і характар фізічных пашкоджанняў у дзіцяці.
“Калі факт гвалту быў дакладна выяўлены, следчы звяртаецца ў найбліжэйшы пакой апытання, дзе з дзецьмі працуе псіхолаг-інтэрв’юер, — тлумачыць псіхолаг СПЦ. — Дзеці вельмі баяцца невядомасці, ім абавязкова трэба расказваць, куды і навошта іх вязуць, хто будзе з імі размаўляць і пра што. Што тычыцца алгартыму маёй работы, то спачатку знаёмлюся з малышом, які пацярпеў ад злачынства. Дарэчы, дзіцяці можна прапанаваць памаляваць, пагуляць з кінетычным пяском, цацкамі і інш. Таксама любім з маімі маленькімі гасцямі назіраць за светлавой панэллю з бурбалкамі, ляжаць на мяккіх модулях, а таксама прымаць сухі душ. Ён уяўляе сабой рознакаляровыя шаўковыя стужкі, якія вісяць і пад якімі можна схавацца і назіраць за сабой у акрылавым люстэрку, што вісіць зверху, са знешняга боку душа”.
Памятка для бацькоў і педагогаў
Як вызначыць, што дзіця стала ахвярай сексуальнага гвалту?
Самая першая прыкмета — дзіця становіцца замкнёным, што для яго ўвогуле нехарактэрна.
Часцей за ўсё хлопчык ці дзяўчынка, якія перажылі сексуальны гвалт, адчуваюць сорам, замяшанне і збянтэжанасць з-за таго, што здарылася. У сілу ўзросту дзеці не могуць дакладна ўсведамляць і выказваць свае пачуцці, таму носяць і блакуюць іх у сабе. Калі дзіця доўгі перыяд паводзіць сябе цішэй, чым звычайна — гэта трывожны знак, які нельга пакідаць па-за ўвагай. Сарамлівасць, затоенасць і замкнёнасць — універсальныя рэакцыі дзяцей на негатыўныя для іх падзеі (развод бацькоў, дрэнныя адносіны з аднагодкамі). Але ў сукупнасці з іншымі, прыкметамі гэта яшчэ адзін маркёр трагедыі, што здарылася.
Афекты і боль
У Мінскай вобласці праводзіцца вялікая работа па прафілактыцы гвалту. Спецыялісты Жодзінскага СПЦ, як расказала Таццяна Канашонак, курыруюць дзейнасць педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў горада. “Мы арганізоўваем з імі трэнінгі, семінары, сходы па тэме палавой недатыкальнасці дзяцей, прафілактыцы суіцыдальных схільнасцей, — працягвае псіхолаг. — Таксама працуем з будучымі мамамі і татамі — расказваем, як трэба сябе паводзіць, каб абараніць дзіця, папярэдзіць правапарушэнне ў адносінах да яго. Акрамя гэтага, бацькі, якія не маюць навыкаў зносін з дзецьмі, могуць атрымаць дапамогу і навучыцца эфектыўнаму ўзаемадзеянню з дзіцем”.
Т.Канашонак запэўнівае, што бацькі таксама павінны пастаянна размаўляць з дзіцем, расказваць, як сябе паводзіць нават у самых, як здавалася б, бязвыхадных сітуацыях. “Многія думаюць, што “са мной і маім дзіцем нічога дрэннага не здарыцца”. Аднак пакуль бацькі так думаюць, іх малыш не ведае, дзе яго можа чакаць небяспека і як ад яе выратавацца. Як дарослыя могуць вызначыць, што дзіця стала ахвярай сексуальнага гвалту? Малы становіцца замкнёным, што для яго было раней нехарактэрна. Часцей за ўсё хлопчык ці дзяўчынка, якія перажылі сексуальны гвалт, адчуваюць сорам, замяшанне і збянтэжанасць па прычыне таго, што здарылася. З-за ўзросту дзеці не могуць дакладна ўсведамляць і выказваць свае пачуцці, таму трымаюць і блакіруюць іх у сабе. Калі дзіця доўгі перыяд паводзіць сябе цішэй, чым звычайна, гэта дрэнны знак, які нельга не заўважаць. Сарамлівасць, утоенасць і замкнёнасць — гэта ўніверсальныя рэакцыі дзяцей на негатыўныя для іх падзеі (развод бацькоў, дрэнныя адносіны з аднагодкамі). Але ў сукупнасці з прыкметамі, згаданымі вышэй, гэта яшчэ адзін сімптом трагедыі. Акрамя гэтага, дзіця пачынае сябе паводзіць так, быццам вярнулася ў развіцці на некалькі гадоў назад. Напрыклад, зноў пачало ўпадаць у істэрыку або агрэсію без бачных на тое прычын, баіцца заставацца дома адно, дрэнна спіць і бачыць страшныя сны. Калі ўсе гэтыя прыкметы ў сукупнасці доўжацца больш за тыдзень, варта пашукаць прычыну засмучэння. Таксама дзеці, якія падвергліся сексуальнаму гвалту, неўсвядомлена ўзнаўляюць тое, што здарылася, у гульнях з цацкамі ці іншымі дзецьмі. Рэзкая змена ў характары — таксама важны момант, які не варта пакідаць без увагі. Напрыклад, вясёлае, шчырае і таварыскае дзіця становіцца панурым і раздражняльным. Яго настрой без бачных прычын мяняецца шмат разоў за дзень”.
Расказваючы пра ўзаемадзеянне з дзецьмі, псіхолаг гаворыць, што вельмі важна не баяцца сутыкнуцца з моцнымі і балючымі афектамі дзіцяці. Непаўналетнія, са слоў Т.Канашонак, вельмі адчувальныя да невербальных пасланняў і добра разумеюць, калі ў дарослага існуе нейкая забароненая або складаная для абмеркавання тэма.
“Калі псіхолаг не гатовы з чымсьці сустрэцца, дзіця не дазволіць працаваць з адпаведнай праблемай, — запэўнівае Таццяна Леанідаўна. — Важна адзначыць, што ў любым выпадку рэабілітацыяй дзіцяці, якое стала ахвярай гвалту, павінны займацца спецыяльна падрыхтаваныя псіхолагі, псіхатэрапеўты. Дзіця можа ідэнтыфікавацца з гвалтаўніком і праяўляць агрэсію да навакольных, у тым ліку да псіхолага. Практыка паказвае, што такія паводзіны ў той ці іншай ступені характэрны для ўсіх пацыентаў, якія маюць цяжкі псіхічны стан па прычыне траўміруючай сітуацыі. Зразумела, важна пазбягаць крытыкі і не ацэньваць паводзіны дзіцяці. Тым не менш спыняць непаўналетняга можна толькі спосабам звяртання да сваіх пачуццяў. Напрыклад, можна сказаць, што вам непрыемна штосьці чуць, а таксама паспрабаваць адлюстраваць пачуцці самога дзіцяці, сказаць, што вы бачыце, што яно вельмі злуецца і перажывае”.
На мове сімвалаў
У праблемы, з якой дзіця даверылася спецыялісту, павінны быць выразныя межы, і гэта зразумела. Гэта тычыцца часу, месца і правіл унутры кабінета. Пачынаць і заканчваць размову неабходна своечасова, у адным і тым жа месцы. Важна зразумелымі для дзіцяці словамі тлумачыць усё, што адбываецца ў кабінеце і што будзе адбывацца, а таксама расказаць, што можна рабіць, а чаго — нельга. Прасторавыя межы ствараюць бяспеку і дапамагаюць умацаванню ўнутраных меж дзіцяці. Яно паступова прызвычайваецца да іх, прысвойвае сабе.
У псіхалогіі, акрамя ўсяго пералічанага, існуе сімвалічны ўзровень. Сексуальны гвалт выклікае перажыванні такой інтэнсіўнасці, што яны вельмі цяжка вербалізуюцца. Гэта “залімітавы” вопыт, для апісання якога не хапае слоў. У гэтай сітуацыі лепшым сродкам выказвання пачуццяў з’яўляецца сімвал. Таму падчас работы з пацярпелым ад гвалту дзіцем абавязкова павінны прысутнічаць арт-тэрапеўтычныя тэхнікі. Гэта могуць быць пясочная тэрапія, драматэрапія, фотатэрапія, выраб масак, калажаў, гліняных скульптур і г.д. Варта памятаць, што сексуальны гвалт ніколі не праходзіць бясследна для дзіцячай псіхікі. І чым хутчэй будзе аказана прафесійная дапамога, тым вышэйшыя шансы на вяртанне да нармальнага жыцця”.
Першачарговае значэнне падчас работы з траўмай сексуальнага гвалту, як сцвярджаюць псіхолагі, адводзіцца атмасферы бяспекі. Таццяна Канашонак таксама прытрымліваецца гэтага меркавання. Спецыяліст ведае, што дзіця, якое падверглася насіллю, адчувае пакутлівыя перажыванні. Яму цяжка іх абмяркоўваць.
“Часта дзеці адчуваюць сябе дрэннымі, вінаватымі, баяцца асуджэння і пакарання з боку дарослых, — дзеліцца назіраннямі псіхолаг СПЦ. — Таму ў зносінах з такім дзіцем важна пазбягаць любых ацэнак. Напрыклад, дзіця атрымлівае станоўчую адзнаку, яно разумее, што гэта добра, ведае, што яго пахваляць і настаўнік, і бацькі. А пасля, атрымаўшы нездавальняючую адзнаку, расказваць пра яе будзе няпроста менавіта з-за страху быць негатыўна ацэненым”.
Важным з боку псіхолага з’яўляецца таксама ўменне быць цярплівым. На ўстанаўленне даверу можа спатрэбіцца значны час. Спробы дастаць з дзіцяці інфармацыю, настойлівасць могуць спалохаць — дзіця замкнецца ў сабе і кантакт будзе парушаны.
У дадатак да гэтага спецыяліст павінен быць гатовы працаваць з няпростымі, складанымі пачуццямі. Выкліканыя сексуальным гвалтам перажыванні вельмі складаныя. Гэта страх, бяссілле, гнеў, сорам і віна. Таму асноўная задача псіхолагаў — стварыць такі мікраклімат, які будзе абараняць дзіця ад перажыванняў, а таксама дапамагчы яму зразумець, што кабінет псіхолага — гэта тэрыторыя бяспекі, тое месца, дзе яго ніхто не падмане, не будзе высмейваць і не пакіне ў адзіноце і ў маўклівай барацьбе са страхам і сорамам.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.