Аб’яднацца, навучыцца — дапамагчы

Гаворачы аб ролі сацыяльна-­педагагічных цэнтраў у рабоце па псіхалагічнай, сацыяльнай, педагагічнай падтрымцы бацькоў, дзяцей і спецыялістаў, мы разумеем, што СПЦ працуюць у гэтых кірунках не ў адзіночку. Ёсць яшчэ нямала зацікаўленых арганізацый, якія дапамагаюць сем’ям, падлеткам, абараняюць правы і законныя інтарэсы дзяцей, таму важна аб’яднаць гэтыя намаганні. Не менш важна каардынаваць работу сацыяльна­педагагічных цэнтраў і ўстаноў адукацыі, падтрымліваць іх метадычна, дапамагаць у павышэнні кваліфікацыі спецыялістам, арганізоўваць абмен вопытам і г.д.

Гродзенскі абласны сацыяльна-педагагічны цэнтр быў адкрыты ў студзені 2019 года. Сёння тут працуюць 12 вопытных спецыялістаў. Як любы СПЦ, цэнтр ставіць сваёй задачай абарону правоў і інтарэсаў непаўналетніх, чым і займаецца адпаведны аддзел, але ёсць тут і структурнае падраздзяленне, асноўная задача якога — каардынацыя і аб’яднанне намаганняў (аддзел каардынацыі дзейнасці СПЦ і дзейнасці ўстаноў адукацыі).

— Безумоўна, мы рэагуем на ўсе запыты ўстаноў адукацыі, бацькоў, непаўналетніх, удзельнічаем у пасяджэннях метадычных аб’яднанняў педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, куратараў вучэбных груп, — расказвае дырэктар абласнога СПЦ Ірына Львоўна Кажура. — А яны ў сваю чаргу карыстаюцца метадычнымі матэрыяламі, распрацаванымі ў нашым цэнтры. Распрацоўка і ўкараненне адзіных алгарытмаў дзейнасці дазваляе спецыялістам максімальна эфектыўна выбудоўваць работу і аператыўна вырашаць праблемы.

— Асаблівую ўвагу ўдзяляем падтрымцы маладых спецыялістаў — арганізавалі школу маладога спецыяліста, стварылі ў Viber суполку педагогаў-псіхолагаў, забяспечылі магчымасць кансультацый, супервізій, — дадае мая суразмоўніца. — Стараемся зрабіць так, каб моладзь не баялася адказнасці і патрабаванняў, якія прад’яўляе да іх прафесія, хутка ўключалася ў работу.

Супрацоўнікі цэнтра адзначаюць рост зваротаў бацькоў і дзяцей па дапамогу. З якімі ж праблемамі яны часцей за ўсё звяртаюцца?

Гэта пытанні карэкцыі асобасных адносін непаўналетніх, праблемы дзіцяча-бацькоўскіх адносін, агрэсіўных паводзін з боку равеснікаў, крызісны стан. Людзям патрэбна дапамога па пошуку прычын дрэнных паводзін выхаванцаў у замяшчальных сем’ях, крадзяжоў, хлусні. Бывае, што дапамога патрэбна замя­шчальным бацькам, якія пакутуюць ад эмацыянальнага выгарання. А падлеткам часам патрабуецца псіхалагічная дапамога з-за нераздзеленага кахання, кансультацыі па іншых пытаннях.

— Нягледзячы на тое, што працуем не так даўно, мы пастараліся аператыўна ўключыцца ў работу і стаць асноўным звяном у сістэме аховы дзяцінства ў вобласці, — расказвае дырэктар цэнтра. — Спецыфіка работы абласнога СПЦ заключаецца ў суправаджэнні дзейнасці спецыялістаў раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі па рабоце з непаўналетнімі і іх бацькамі, прафілактыцы негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. У самым пачатку галоўнай задачай для нас было выбудаваць узаемадзеянне са спецыялістамі ўстаноў адукацыі. Таму мы вывучалі і кадравы склад, і спецыфіку работы кожнай установы, выяўлялі праблемы, а потым прапаноўвалі кансультацыйную і метадычную дапамогу, абмен вопытам.

Гаворачы пра формы і метады работы, І.Л.Кажура падкрэслівае, што калектыў абласнога СПЦ настроены на адыход ад тэорыі і адпрацоўку ў педагогаў практычных навыкаў вырашэння канкрэтных праблем, таму ўсе мерапрыемствы цэнтра маюць практыка-арыентаваны характар. А сумесная зацікаўленасць у выкананні агульных задач накіроўвае на ўзаемадзеянне з рознымі ўстановамі, у тым ліку з Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Наладжана супрацоўніцтва з Рэспубліканскім цэнтрам псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка: педагогі-псіхолагі з Гродна прайшлі навучанне па дапамозе непаўналетнім у крызісных сітуацыях. Матэрыялы курса былі выкарыстаны для правядзення занальных семінараў-практыкумаў “Асноўныя аспекты аказання псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях” і прапанаваны для выкарыстання спецыялістам устаноў адукацыі. 

Безумоўна, у такой справе, як псіхалагічная падтрымка дзяцей і падлеткаў, найбольшы эфект дае аб’яднанне  намаганняў многіх зацікаўленых. Без міжведамаснага супрацоўніцтва не абысціся, бо мэта надзвычай важная — захаванне жыцця і дабрабыту непаўналетніх.

— Метады міжведамаснай работы ў гэтым кірунку мы таксама выкарыстоўваем розныя. Галоўнае, каб яны былі дзейснымі, бо звяртаемся да самых сур’ёзных праблем, напрыклад, прафілактыкі суіцыдаў, — падкрэслівае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці абласнога СПЦ Алена Браніславаўна Бачко. — Так, штогод у Гродзенскай вобласці прахо­дзяць пасяджэнні міжведамаснай групы менавіта па гэтай праблеме. У склад групы ўваходзяць спецыялісты органаў кіравання адукацыяй, аховы здароўя, медыцынскіх устаноў, абласнога СПЦ, абласнога інстытута развіцця адукацыі, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама. Галоўнае ў рабоце камісіі — своечасова прыняць меры па арганізацыі псіхолага-педагагічнай, медыка-псіхалагічнай, псіхатэрапеў­тычнай і іншай дапамогі падлеткам пры выяўленні фактараў суіцыдальнай рызыкі.

Напрыклад, у рамках узаемадзеяння рэгламентавана замацаванне ўрачоў дыспансерных аддзяленняў за ўстановамі адукацыі для павышэння эфектыўнасці работы па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці, прыцягнення спецыялістаў да выхаваўча-прафілактычнай і інфармацыйна-адукацыйнай работы сярод непаўналетніх па прапагандзе здаровага ладу жыцця, па фарміраванні здаровай асобы і прафілактыцы залежнасцей.

Cумеcная работа прыносіць большы эфект.

Гродзенскі абласны клінічны цэнтр “Псіхіятрыя-наркалогія” сумесна з Гро­дзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам распрацаваў праграму ранняй рэінтэграцыйнай псіхатэрапеўтычнай інтэрвенцыі для падлеткаў, якія маюць праблемы наркалагічнага і псіхіятрычнага характару.

Ва ўзаемадзеянні з установамі адукацыі праводзяцца заняткі, накіраваныя на выяўленне прычын дэвіянтных паводзін непаўналетніх, карэкцыю іх матывацыйна-валявой сферы, дзіцяча-бацькоўскіх адносін, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі. Прадстаўнікі розных ведамстваў удзельнічаюць таксама ў жнівеньскіх нарадах педагогаў вобласці, пасяджэннях калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, а галоўны ўрач цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” быў удзельнікам пасяджэння абласнога СПЦ, дзе было абмеркавана супрацоўніцтва па прафілактыцы суіцыдальных паводзін непаўналетніх.

— Не менш важная і роля камісіі па справах непаўналетніх. Склалася, на­прыклад, практыка, калі камісія запрашае бацькоў на свае пасяджэнні, каб растлумачыць законным прадстаўнікам наступствы неаказання своечасовай псіхалагічнай дапамогі дзецям, разам знайсці шляхі вырашэння складанай сітуацыі, — адзначае А.Б.Бачко. — Разам са спецыялістамі іншых ведамстваў вывучаем прычыны і ўмовы, што прыводзяць да суіцыдальных паводзін падлеткаў. Аднак, у адрозненне ад наглядных органаў, імкнёмся не проста прааналізаваць работу ўстаноў адукацыі, прынятыя прафілактычныя меры, а выявіць праблемы ў дзейнасці спецыялістаў сацыяльна-псіхалагічнай і педагагічнай службаў, каб аказаць метадалагічную дапамогу  спецыялістам, папярэдзіць пэўныя памылкі ў будучыні.

Міжведамасная работа мае на ўвазе і прававую дапамогу падлеткам і іх бацькам, інфармаванне навучэнцаў і дарослых аб службах, якія аказваюць медыцынскую, сацыяльную і псіхалагічную дапамогу ў крызісных сітуацыях, напрыклад, аб нумарах тэлефона даверу, гарачых ліній, адрасах і нумарах устаноў, якія аказваюць псіхалагічную падтрымку. Так, званкі на тэлефон даверу Гродзенскага раённага СПЦ, якія ўтрымліваюць суіцыдальны кантэкст, перадаюцца на нумар 170 — тэлефон даверу клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”.

На базе дзевяці раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў функцыяну­юць мабільныя антыкрызісныя групы, якія аб’ядноўваюць педагогаў-псіхолагаў з ліку найбольш вопытных для кансультацыйнай дапамогі спецыялістаў па суправаджэнні непаўналетніх у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Ва ўсіх школах і іншых установах адукацыі праводзяцца бацькоўскія сходы па прафілактыцы крызісных станаў, умацаванні псіхічнага здароўя падлеткаў з удзелам спецыялістаў розных ведамстваў.

Канечне, такая работа патрабуе пастаяннага павышэння прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў, што і адбываецца на базе як абласных, так і рэспубліканскіх устаноў. Акрамя таго, спецыялісты СПЦ распрацоўваюць і ўкараняюць у работу інфармацыйныя матэрыялы па прафілактыцы суіцыдальных паводзін і распазнаванні фактараў рызыкі.

— Увогуле, мы ўдзялям вялікую ўвагу распаўсюджванню інфармацыйна-даведачных матэрыялаў, дзелімся практычным вопытам, — працягвае гаворку дырэктар абласнога СПЦ Ірына Львоўна Кажура, — у тым ліку праз наш сайт. Такія матэрыялы тычацца розных праблем: прафілактыкі булінгу ў адукацыйным асяроддзі, папярэджвання сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнага сіроцтва, жорсткага абыходжання з дзецьмі і г.д.

Прафілактыка канфліктных сітуацый сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу — яшчэ адна  важная задача работы абласнога СПЦ. Для гэтага арганізаваны шэраг вучэбных мерапрыемстваў для спецыялістаў сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў устаноў прафесійнай адукацыі з удзелам супрацоўнікаў цэнтра “Медыяцыя і права”. У чэрвені мінулага года прайшоў вэбінар “Медыятыўны падыход у рабоце педагога-псіхолага”. А на сайце сацыяльна-педагагічнага цэнтра размешчаны кейсы па выяўленні і прафілактыцы булінгу для педагогаў школ і ліцэяў.

З 2020 года на базе Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра працуе прыёмная Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, што дазваляе аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян па пытаннях абароны правоў непаўналетніх. У СПЦ таксама ажыццяўляецца ананімнае анлайн-кансультаванне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У пачатку бягучага навучальнага года Гродзенскі абласны СПЦ вызначаны ментарам у рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Апрабацыя мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Праект накіраваны на прафілактыку насілля сярод навучэнцаў і рэалізоўваецца пад кіраўніцтвам Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі.

У мінулым годзе быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Свет без меж”, па ініцыятыве якога на працягу трох гадоў у вобласці будзе рэалізоўвацца праект “Падлеткі ў канфлікце з законам: ад канфлікту да інклюзіі”. Вопыт, атрыманы ў ходзе рэалізацыі праекта, будзе абагульнены і прадастаўлены педагогам для выкарыстання ў рабоце.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра.