Ад драмы да камедыі, ці Як крэатыў мяняе дзяцей

“У дзесяць разоў павялічваць усё добрае, што ёсць у чалавеку, і ў два разы памяншаць дрэннае” — гэта прафесійнае крэда псіхолага Мар’інагорскай гімназіі Аксаны Баронавай. Прычым прымяняць гэтае правіла педагог умее аднолькава эфектыўна як у адносінах з дарослымі, так і ў рабоце з дзецьмі. Гэта правільны падыход: псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ў школе патрабуе не проста нагляду, а якаснай, карпатлівай работы ад усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Пра тое, як яно наладжана ў гімназіі Мар’інай Горкі, якія метады дапамагаюць адкрываць дзіцяці новыя магчымасці і якое месца ў рабоце школьнага псіхолага павінна займаць творчасць, расказвае педагог-псіхолаг Мар’інагорскай гімназіі Аксана Канстанцінаўна Баронава.

Да работы з дзецьмі Аксана Баронава ставіцца па-філасофску. Педагог лічыць, што ў вучнях у першую чаргу трэба звяртаць увагу на добрыя якасці: яны абавязкова ёсць у кожнага дзіцяці.

“Калі вы звяртаеце ўвагу на станоўчыя бакі чалавека, то ён будзе старацца праявіць іх, калі пераважна на адмоўныя — ён бу­дзе “адмоўным”, нічаму не навучыцца. Часам важна самому чалавеку ўбачыць свае лепшыя рысы, адчуць добразычлівае стаўленне да яго збоку, і тады ён паверыць у сябе, атрымае стымул для самаразвіцця і актывізацыі свайго творчага патэнцыялу, сваіх унутраных рэсурсаў. У гэтым, на мой погляд, заключаецца сут­насць псіхалагічнага суправаджэння і падтрымкі, сэнс псіхалагічнай прафесіі і актуальнасць прапанаванага вопыту.

Не выпраўленне, а дапамога ў разуменні, не карэкцыя ў вузкім сэнсе, а развіццё, не выяўленне недахопаў, а падтрымка і актывізацыя моцных бакоў, якія, калі выявяцца натуральным шляхам, выправяць недахопы; не столькі выпрацоўка навыкаў, колькі самастойная творчасць, якая вядзе да сапраўднага пазнання і самарэалізацыі, — у гэтым заключаецца галоўная задача работы псіхолага з навучэнцамі, бацькамі, педагогамі.

“Менавіта таму сярод асноўных напрамкаў дзейнасці псіхолага перавагу аддаю ажыццяўленню індывідуальнага падыходу да асобы дзіцяці, а таксама псіхолага-прафілактычнай і развіццёвай рабоце, — папярэджвае педагог-псіхолаг. — Натуральнаму развіццю і гарманізацыі асобы, на маю думку, лепш за ўсё спрыяюць такія формы работы, як арт-тэрапія, юнгіянская пясочная тэрапія, казкатэрапія (работа з гісторыяй, казкай, метафарай, выкарыстанне гумару, вобраза), гульнявая тэрапія. У такой дзейнасці дзіця раскрываецца найбольш поўна і натуральна, але, самае галоўнае, такія формы работы ствараюць для дзіцяці магчы­масць самарэалізацыі, самапазнання і творчага самавыяў­лення”.

Асноўны прынцып, якім у рабоце карыстаецца школьны псіхолаг, — не нашкодзь. Неасцярожнае слова, катэгарычнае выказванне або заўчаснае суб’ектыўнае рашэнне здольны нанесці велізарную шкоду. Для дасягнення найбольшай эфектыўнасці ў рабоце як з навучэнцамі, так і з бацькамі важна, лічыць Аксана Канстанцінаўна, выконваць прынцып пераемнасці і цеснага супрацоўніцтва, пазбягаць аднабаковага падыходу і паспешлівых вывадаў.

“Псіхалагічнае суправаджэнне ў гімназіі стараюся ажыццяў­ляць у адпаведнасці з актуальнымі патрэбамі, абапіраючыся на сітуацыю неабходнасці, пазбягаючы стэрэатыпаў і канформнасці, — працягвае А.Баронава.  — Прыярытэтнай мэтай работы педагога-псіхолага ў структуры СППС гімназіі ў адпаведнасці з агульнашкольнымі мэтай і задачамі з’яўляецца садзейнічанне ў стварэнні аптымальных умоў для станаўлення і развіцця асобы вучня, захаванне і павышэнне ўзроўню псіхалагічнага здароўя, культуры, прафесійнага станаўлення і жыццёвага самавызначэння, актывізацыі творчага патэнцыялу і ўнутраных рэсурсаў асобы дзіцяці”.

Асноўны прынцып, якім у рабоце карыстаецца школьны псіхолаг, — не нашкодзь. Неасцярожнае слова, катэгарычнае выказванне або заўчаснае суб’ектыўнае рашэнне здольны нанесці велізарную шкоду. Для дасягнення найбольшай эфектыўнасці ў рабоце як з навучэнцамі, так і з бацькамі важна выконваць прынцып пераемнасці і цеснага супрацоўніцтва, пазбягаць аднабаковага падыходу і паспешлівых вывадаў.

Пяском і фотаздымкам

У рабоце з дзецьмі А.Баронава выкарыстоўвае не адну творчую крэатыўную тэхніку. Педагог-псіхолаг аддае перавагу казкатэрапіі, выяўленчай дзейнасці (арт-тэрапіі), пясочнай тэрапіі, драма-тэрапіі (лялечны тэатр, інтэрактыўны тэатр) і фотатэрапіі.

“Гэтыя метады падыхо­дзяць як для дыягнастычнай работы, так і для карэкцыйнай. Таксама яе можна прымяняць падчас індывідуальнай работы і для работы з групай навучэнцаў, — тлумачыць псіхолаг. — Работа ў пясочніцы — вельмі цікавы кірунак. Метад пясочнай тэрапіі быў прапанаваны К.Г.Юнгам, заснавальнікам аналітычнай тэрапіі. Заняткі з пяском — адна з форм натуральнай актыўнасці дзіцяці. Таму пясочніца выкарыстоўваецца падчас карэкцыйных і развіццёвых вучэбных заняткаў. Дзіцячая, падлеткавая і дарослая творчасць у пясочніцы, стыль узаема­дзеяння ў працэсе стварэння пясочнай карціны — гэта праекцыя ўнутранага свету. Аналізуючы пясочныя карціны, можна дыягнаставаць такія феномены, як наяўнасць унутраных канфліктаў; накіраванасць агрэсіі; канфлікт з навакольнымі; патэнцыяльныя, рэсурсныя магчымасці; спосабы пераадолення цяжкасцей.

Псіхапрафілактычны і развіццёвы аспекты праяўляюцца ў пастаноўцы казак, міфаў, гісторый у пясочніцы. Можна проста папрацаваць з паверхняй пяску без выкарыстання гульнявых фігурак, выконваючы розныя (спецыяльныя і спантанныя) практыкаванні. Тактыльная форма адчуванняў з’яўляецца ў чалавека найбольш старажытнай. Тактыльна-кінестэтычныя адчуванні наўпрост звязаны са шматлікімі аперацыямі. Гэтыя немудрагелістыя, на першы погляд, заняткі на самай справе валодаюць вялікім значэннем для развіцця псіхікі дзіцяці. Па-першае, разам з развіццём тактыльна-кінестэтычнай адчувальнасці і дробнай маторыкі мы вучым дзіця прыслухоўвацца да сябе і прамаўляць свае адчуванні (разумець, ацэньваць іх), што спрыяе развіццю маўлення, адвольнай увагі і памяці. Па-другое, дзіця атрымлівае добры вопыт рэфлексіі (самааналізу), вучыцца разумець сябе і іншых. Так закладваецца база для далейшага фарміравання навыкаў пазітыўнай камунікацыі і індывідуальнай самарэалізацыі”. Яшчэ адзін цікавы напрамак, які любіць прымяняць псіхолаг, — фотатэрапія. Фатаграфія з’яўляецца эфектыўным рэсурсам у рабоце з дзецьмі, але псіхолагамі выкарыстоўваецца мала і рэдка. Аксана Баронава лічыць, што дарма. Асабліва цікава і эфектыўна фотатэрапія прымяняецца ў індывідуальнай і групавой рабоце з падлеткамі. Падлеткавы ўзрост — перыяд рэзкіх, якасных змяненняў, якія закранаюць усе бакі развіцця. Ужо даўно псіхолагамі прызнана, што гэты ўзрост адносіцца да крытычных перыядаў жыцця чалавека, да перыядаў узроставых крызісаў.

“Цэнтральнае асобаснае новатварэнне гэтага перыяду — станаўленне новага ўзроўню самасвядомасці, Я-канцэпцыі, якая выяўляецца ў імкненні зразумець сябе, свае магчымасці і асаблівасці, сваё падабенства з іншымі людзьмі і сваё адрозненне, знайсці адказ на пытанне “Хто я?”. Увогуле, на фарміраванне Я-канцэп­цыі падлетка аказвае ўплыў мноства фактараў, як асобасных, так і сацыяльных: асаблівасці сямейнага ўзаемадзеяння і выхавання (бацькоўскі прыклад), асаблівасці зносін у рэферэнтнай групе (прыклад аднагодкаў), сацыяльныя ўмовы пражывання, асаблівасці асобаснага развіцця і многае іншае. Часта ўздзеянне гэтых фактараў вельмі супярэчлівае, а ў сукупнасці з адсутнасцю дастатковага асабістага вопыту ў падлеткаў уздзейнічае негатыўна на фарміраванне аб’ектыўнага і пазітыўнага ўяўлення аб уласным Я. Такім чынам, падлетку важна стварыць умовы для фарміравання станоўчых інтарэсаў і сістэмы каштоўнасцей, сістэмы ўяўленняў пра сябе на аснове зносін, маральнай культуры, творчага самавыяўлення і пошуку”.

Для вырашэння гэтых задач Аксана Баронава распрацавала сацыяльна-псіхалагічны праект “Псіхалогія ў фотааб’ектыве”. Выкарыстанне арт-тэрапеўтычных тэхналогій у праекце, у прыватнасці, работа з фотаматэрыя­ламі пры непасрэдным удзеле саміх падлеткаў, адказвае шматлікім узроставым асаблівасцям згаданага перыяду: пошук сябе, самадаследаванне, самаасэнсаванне, творчае самавыяўленне, змяненне вобраза Я, перайманне, дэманстрацыя сябе, зносіны з аднагодкамі і аддзяленне ад іх, зацвярджэнне сваёй індывідуальнасці і г.д.

Драмы больш няма

Выкарыстанне драматэрапіі — яшчэ адзін эфектыўны творчы напрамак у індывідуальнай і групавой рабоце з навучэнцамі. Работа над сцэнарыем, падрыхтоўка спектакля таксама патрабуюць каманднай работы. Для эфектыўнага выніку дзеці павінны чуць і адчу­ваць адно аднаго. Гэта дапаможа развіць і праявіць не толькі індывідуальную асобу дзіцяці, але і навучыць яго дзейснай камунікацыі.

“Выбар тэмы сцэнарыя, пастаноўка праблемы, стварэнне сцэнарыя, лялек для спектакля, непасрэдна спектакль, абыгрыванне роляў, праекцыя ўласнай сацыяль­най і асобаснай ролі, дэманстрацыя спектакля — усё гэта дае багаты вопыт для развіцця асобы дзіцяці, падказвае магчымасці для яго самарэалізацыі. Што тычыцца псіхолага, яму драматэрапія таксама дае многа. Такая форма работы — цудоўны дыягнастычны матэрыял, а таксама магчы­масць натуральнай карэкцыі паводзін дзіцяці, развіцця яго асобы праз прымальныя і ненадакучлівыя метады ўзаемадзеяння, якія захапляюць само дзіця. Такім чынам, крэатыўная тэрапія, якую люблю прымяняць у рабоце з навучэнцамі, дапамагае рэалізоўваць шэраг задач, сярод якіх асвойванне новых роляў і праяўленне латэнтных якасцей асобы. Таксама крэатыў павышае самаацэнку і вядзе да ўмацавання асабістай ідэнтычнасці, дазваляе развіваць каштоўныя сацыяльныя навыкі, спрыяе фарміраванню маральных якасцей і каштоўнасцей. Безумоўна, вялікі плюс гэтага творчага кірунку работы ў тым, што ён звязаны з аказаннем узаемнай падтрымкі і дапамогі, а таксама дае магчымасць назіраць вынікі сваіх дзеянняў і іх уплыў на навакольных. Увогуле, кожнаму псіхолагу вядома, што калі фармальна-лагічнае мысленне дзяцей апярэджвае інтуітыўна-вобразнае ўспрыманне навакольнага свету, то зніжаецца іх здольнасць да творчасці. Менавіта таму арт-тэрапеўтычныя метады ў рабоце з навучэнцамі могуць прыўнесці крэатыўны элемент, за­даць творчы імпульс у ажыццяўленне вучэбна-выхаваўчага працэсу”.

Арт-тэрапія заўсёды была адным з важных складнікаў псіхалагічнай карэкцыі. Здараецца, што толькі яна, а не размова са спецыялістам, можа выдаць унутраны свет дзіцяці, адлюстраваць яго пачуцці і настрой, а значыць, пакажа псіхолагу, у якім кірунку працаваць з дзіцем. І, здаецца, навошта шукаць іншыя спосабы работы і ўсё ўскладняць, калі вось так, ненавязліва і лёгка, можна адкрыць шырму, зазірнуць ва ўнутраны свет дзіцяці і знайсці спосаб дапамагчы яму. Ці хаця б паспрабаваць гэта зрабіць.

Наталля САХНО.