Кошкі і сабакі жывуць побач з намі ўжо дзясяткі тысяч гадоў. За гэты час і яны, і людзі моцна змяніліся. Згодна з невялікім даследаваннем, у сабак нават развіліся спецыяльныя мімічныя мышцы вакол вачэй, каб жаласна глядзець на гаспадара. Гадаванцы робяць чалавека больш спакойным і шчаслівым, і гэта каштуе куды больш, чым пагрызеныя красоўкі і падраныя шпалеры.
Тым не менш каты і сабакі не заўсёды займалі ганаровае месца члена сям’і, а клапаціцца пра іх, як пра родных, пачалі зусім нядаўна. Лепш за ўсё гэта атрымліваецца, безумоўна, у ветэрынараў. У Мінску, напрыклад, ёсць нават дынастыя такіх урачоў. Сяргей Мікалаевіч і Аляксей Сасы працуюць разам і дапамагаюць жывёлам ужо 8 гадоў. Пра тое, чаму прафесію ветэрынара трэба папулярызаваць, як сёння лечаць жывёл і ці трэба дапамагаць дзецям у выбары прафесіі, нам расказаў Аляксей Сас.
Сёння імёны бацькі і сына Сасаў амаль ва ўсіх, хто мае дамашніх гадаванцаў, на слыху: акрамя прафесійнага падыходу ў лячэнні і абсалютна любой ветэрынарнай дапамогі, гэтыя спецыялісты адносяцца да кожнай з жывёл, што трапляе да іх на прыём, як да малых. Лячэнне ніколі не будзе назначана толькі на аснове скарг гаспадара. Спецыялісты абавязкова зробяць жывёліне аналізы і правядуць поўную дыягностыку.
Аляксей расказвае, што менавіта прыклад бацькі значна паўплываў на выбар прафесіі. Яшчэ калі вучыўся ў пачатковых класах школы, ён планаваў, што будзе ветэрынарным урачом.
“У школе ў 1—2 класе мы гулялі ў нейкую гульню на жаданні, цягнулі паперкі. Я загадаў, што хачу быць ветэрынарным урачом. Памятаю, як тата браў мяне на аперацыі, а я яму з задавальненнем дапамагаў”, — успамінае Аляксей.
У 11 класе, падчас ЦТ, Аляксей здаў усе прадметы на высокія балы: маладому чалавеку іх хапала, каб паступіць на бюджэт у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на стаматалагічны факультэт.
“На стамфаку быў самы высокі прахадны бал, але я ўсё роўна падаў дакументы ў ветэрынарыю, хоць бацька настойваў на тым, каб я выбраў першы варыянт, — успамінае Аляксей. — Калі падаваў дакументы на ветэрынара, тыя, хто сядзеў у прыёмнай камісіі і глядзеў мае дакументы, сертыфікаты з баламі ЦТ, сказалі, што медыцынскі факультэт не тут, а ніжэй па горцы. Безумоўна, я паступіў. Вучыўся заўсёды добра, не мог сабе дазволіць іншага”.
Пасля 3 курса Аляксей паехаў у Данію: цэлы год будучы ветэрынар працаваў на ферме памочнікам ветэрынарнага ўрача.
“Лячыў мастыты цялятам, каровам. Я даглядаў маладняк да 3-х месяцаў. Дарэчы, у цялят гэты ўзрост — крытычны перыяд, яны часта ў гэты час гінуць. Калі прыехаў на ферму, смяротнасць пацыентаў дасягала 50%. Я самастойна змяніў падыходы да ўтрымання, кармлення пацыентаў, адмяніў антыбіётыкі. Прычым рабіў гэта свядома. У Даніі я знаходзіўся 9 месяцаў, і за гэты час не памерла ні адно цяля. Фермеры прасілі, каб застаўся ў іх, абяцалі, што буду працаваць урачом, але планы ў мяне былі іншымі. Я хацеў быць карысным у сябе на Радзіме, а не шукаць месца, дзе будзе прасцей. У той момант я дакладна ўсвядоміў, што трэба вучыцца, атрымліваць паслядыпломную адукацыю, бо тых ведаў, што даюць ва ўніверсітэце, недастаткова, гэта проста база, з якой працаваць не будзеш. Менавіта таму 4—5 курс прайшлі за вывучэннем дадатковай спецыяльнай літаратуры па дробных свойскіх жывёлах. Спачатку чытаў рускую літаратуру, а пасля зразумеў, што яна перакладаецца з англійскай з адставаннем на 10—15 гадоў. У выніку з 5 курса чытаю падручнікі выключна на англійскай мове, яны даюць больш свежую інфармацыю і ўтрымліваюць мінімум памылак перакладчыкаў”.
Кошка для Варвары
Пасля выпуску з універсітэта Аляксей трапіў па размеркаванні ў Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі, дзе працаваў з дробнымі свойскімі жывёламі. У 2013 годзе прайшоў у Маскве ў ветэрынарнай клініцы “Біякантроль”, што дзейнічае на базе Нацыянальнага медыцынскага даследчага цэнтра анкалогіі імя М.Блахіна, курсы павышэння кваліфікацыі па анкалогіі, атрымаў расійскі дзяржаўны сертыфікат ветэрынара-анколага. Але гэта, як прызнаўся Аляксей, быў толькі пачатак: інстытут даў асноўныя веды на анкалогіі, намеціў для яго як для анколага вектары развіцця ў гэтым кірунку. Пацыенты, да кожнага з якіх павінен быць індывідуальны падыход, літаратура і самаадукацыя ў медыцыне заўсёды на першым месцы. Менавіта таму ветэрынар Аляксей заўсёды самаўдасканальваецца, лічыць, што ў ветэрынарыі, як і ў медыцыне, ніколі не магчыма “даскочыць да даху”.
“Сёння вельмі імкліва развіваюцца шматлікія тэхналогіі, медыцына ў тым ліку, — кажа Аляксей. — Калі з бацькам адкрывалі сваю першую клініку, у нас сярод паслуг былі фібраэндаскапія, прасветная эндаскапія, і гэта здавалася супердасягненнем. А потым мне на вочы трапіўся падручнік па артраскапіі, які каштаваў 300 еўра. Тады мне было шкада такіх грошай, я падумаў: якая ў нас у краіне можа быць артраскапія? Ніколі яе ў нас не будзе. Артраскапія — гэта эндахірургія суставаў кошак і сабак, і я лічыў, што такая аперацыя ніколі не стане запатрабаванай. У дадатак да гэтага, тэхнічна гэта ўсё вельмі цяжка арганізаваць, улічваючы тое, што адпаведнае абсталяванне вельмі дарагое. І што вы думаеце? Ужо 2 гады мы займаемся артраскапіяй, у той час, як у 2013 годзе пра гэта нават марыць было цяжка. Што тычыцца кніжкі, пра якую згадваў, тады яна выйшла адным тыражом, і сёння на амазоне каштуе 2000 еўра. Безумоўна, давялося яе спампаваць, але пагартаць жывы падручнік было б куды прыемней. Заўсёды, дарэчы, спачатку чытаю кнігі ў электронным варыянце, а пасля, калі яна аказваецца для мяне цікавай, стараюся купіць, каб сфарміраваць бібліятэку па ветэрынарнай літаратуры.
Тое самае магу сказаць яшчэ пра адну запатрабаваную ў ветэрынарыі паслугу — камп’ютарны тамограф. У 2016 годзе я сядзеў і думаў: калісьці ў нас будзе камп’ютарны тамограф, і гэта будзе крута. А сёння ён стаіць у нас у клініцы. Гэта адбылося дзякуючы нашым пацыентам: менавіта яны падштурхоўваюць нас да развіцця. Калі бачыш пацыента і разумееш, што яму трэба тая ці іншая дыягностыка, і іх становіцца ўсё больш і больш, я іду да бацькі і кажу: Сяргей Мікалаевіч, давай вырашаць гэтае пытанне. І мы вырашаем, развіваемся разам з пацыентамі”.
У клініцы Аляксей і Сяргей Мікалаевіч кожны дзень. Тое, як пройдуць рабочыя гадзіны, загадзя спрагназаваць цяжка: пацыентаў прывозяць розных. Але што работа абавязкова прынясе задавальненне вядома загадзя і па ўмаўчанні.
“Пацыенты ніколі не бываюць дрэннымі, а вось гаспадары ў іх розныя, як правіла, злыя і на стрэсе, — прызнаецца ўрач. — Калі хварэе жывёла, гаспадар не разумее, што адбываецца з яго гадаванцам, таму і нервуецца. Шчыра кажучы, мы сутыкаемся з не вельмі паважлівымі адносінамі да ўрачоў. Для мяне такая сітуацыя застаецца загадкай: не разумею, чаму трэба хаміць тым, ад каго залежыць жыццё і здароўе твайго ката ці сабакі. Калі бачу такое стаўленне, нагадваю сабе аб тым, што жывёла тут ні пры чым, яна не вінавата, што ў яе такі гаспадар”.
Выказваць сімпатыю, у адкрытую праяўляць пачуцці ў адносінах да пацыентаў Аляксей не прывык: усе, каго лечыць, для яго аднолькавыя. Прынамсі, у медыцыне, у ветэрынарыі ў прыватнасці, гэта залатое правіла: да тых, каго лечыш, нельга прывязвацца. Задача ўрача — лячыць, а любіць пацыентаў будуць іх гаспадары. Хаця свая дамашняя любоў у Аляксей таксама ёсць, яна заўсёды побач і ласкава муркае.
“Маладыя людзі ішлі на работу і пачулі, як у кустах нехта мяўкае, — расказвае ветэрынар. — Гэта было маленькае кацянё. Яго прынеслі да мяне ў клініку, дзе яно пражыло некалькі тыдняў. А потым здарылася так, што я прыйшоў з дачкой у стацыянар, ён у нас як кантактны заапарк. Варвара адразу заўважыла гэтую кошку, узяла яе на рукі, а потым спытала: тата, а дзе можна запытаць, можна ці нельга забраць кошку дадому? Калегі ў адзін голас сказалі, што кошку можна забіраць, яна нічыйная. Нягледзячы на тое, што заводзіць дамашніх жывёл я не планаваў, адмовіць Варвары не змог. Мы пайшлі ў аптэку, купілі ўсё, што нам было неабходна, і забралі кошку дадому”.
Бацькі і дзеці
Нягледзячы на тое, што і Сяргей Мікалаевіч, і Аляксей прафесіяналы ў сваёй галіне і могуць як калега калезе рабіць адзін аднаму незалежныя парады, праблема бацькоў і дзяцей у клініцы таксама існуе. Аляксей прызнаецца, што працаваць з бацькам цяжка.
“У нас з бацькам і сімбіёз, і пастаянны прадукцыйны канфлікт, у працэсе якога знаходзіцца залатая сярэдзіна і атрымліваецца тое, што ёсць, — шчыра прызнаецца таленавіты ўрач. — У 2013 годзе мы адкрывалі клініку, у штаце якой было некалькі ўрачоў. З абсталявання былі толькі эндаскоп і стары апарат УГД. З 2013 па 2021 год мы выраслі з клінікі плошчай 100 кв.м у 1,5 тысячы кв.м і дапамагаем цяжкім пацыентам. Прыемна, што ў нас усё сабрана пад адным дахам, пацыентам і іх гаспадарам не трэба праходзіць квест, ездзіць па ўсім горадзе і шукаць месца, дзе ім могуць дапамагчы ў дыягностыцы ці лячэнні. Гэта зручна не толькі для іх, але і для нас: мы можам кантраляваць стан жывёлы, не баяцца, што пасля здачы аналізаў, напрыклад, пацыента перастануць лячыць. Мы ведаем, што дапаможам гэтай жывёліне і яна выйдзе ад нас здаровай. Дарэчы, жывёлам, як і людзям, вельмі важна своечасова праводзіць дыягностыку. Эндаскапія ці камп’ютарная тамаграфія таксама павінны рабіцца своечасова. Адзінае, з чым не можам дапамагчы, гэта, напэўна, МРТ і замена суставаў. Хаця ў нас у краіне замена суставаў увогуле не праводзіцца. Дарэчы, у хуткім часе мы плануем запусціць аперацыю па частковай замене лакцявога сустава. У нас ужо ёсць тыя, хто мае патрэбу ў такой дапамозе”.
З назіранняў Аляксея Саса, сёння ў дачыненні да дамашніх жывёл бачыцца больш гуманны падыход. Улічваючы, што гадаванцы хварэюць прыкладна тым жа, што і людзі, дапамагаць ім трэба абавязкова: мала хто застаецца раўнадушным, калі яго кошка ці трусік сталі вялымі і адмаўляюцца ад ежы.
“У цячэнні хвароб у жывёл ёсць свае асаблівасці, але гэта не значыць, што хвароба працякае больш лёгка, чым у людзей, — працягвае А.Сас. — Дыягностыка, падыходы ў лячэнні таксама набліжаюцца да чалавечых. Напрыклад, лапараскапічная хірургія, пра якую мы ў 2013 годзе нават падумаць не маглі. Я вельмі доўга гаварыў: навошта гэтая лапараскапія, калі можна нармальна разрэзаць і зрабіць усё гэтак жа добра, як і падчас лапараскапіі. Сёння ўжо нават рука не падымаецца адкрыта аперыраваць некаторыя паталогіі ў сабак: падчас лапараскапіі яны робяцца больш хутка, ювелірна, з лепшым выхадам з наркозу і постаперацыйным аднаўленнем, чым калі прымяняць адкрытую хірургію. Увогуле, гэта цудоўна, што нашы пацыенты могуць атрымліваць якасную дапамогу і быць здаровымі”.
Размаўляючы з Аляксеем, закранаем тэму сямейных дынастый і тое, ці правільна, калі бацькі спрабуюць прыцягнуць дзяцей да агульнай справы, у дадзеным выпадку, да ветэрынарыі. Калі ўсё пойдзе па плане, то і Варвара, 5-гадовая дачка Аляксея, таксама стане ветэрынарам. Прынамсі, выбару перад ёй, напэўна, стаяць не будзе: дзяўчынка ўжо сёння бачыць сябе гэтым урачом.
“Нядаўна Варвара падышла да мяне і кажа: “Вось вырасту, тата, і стану ветэрынарам, а пасля, калі цябе не стане, буду галоўным ветэрынарам у нашай клініцы, — расказвае і смяецца Аляксей. — Што тычыцца выбару прафесіі, то бацькі не павінны, безумоўна, умешвацца ў выбар дзяцей. Але калі выбар супадае з нашым, то чаму б і не? Я не буду супраць, каб Варвара стала ветэрынарам. Яна любіць жывёл. Галоўнае, каб пасля яе погляды не змяніліся. Я, напрыклад, заўсёды ведаў, што буду дапамагаць хвастатым, і ў школе ні ў каго нават пытанняў не ўзнікала наконт таго, кім стану”.
Успамінаючы школьныя гады, Аляксей прыгадаў цікавы выпадак, які стаў прароцкім. (Ці заканамерным? Усё ж і так было відавочна.) На адзін з конкурсаў, што праводзіліся ў школе, аднакласніца Аляксея, Маша Пахаркова, напісала верш пра хлопчыка з класа, які будзе “лапкі бінцікам бінціць”. Ці маглі тады дзеці пазнаць у вершы кагосьці іншага, як не Аляксея? Не! Бо і тады дапамагаць Сяргею Мікалаевічу пасля ўрокаў і ў выхадныя дні, і сёння бінтаваць лапкі — гэта высакародная справа. Несумненна, філосаф Кант меў рацыю, калі сказаў, што “мы можам меркаваць аб характары чалавека па яго адносінах да жывёл”.
Ці, можа, пасля знаёмства з Аляксеем у вас з’явілася хаця б кропля сумнення ў гэтым? Безумоўна, ветэрынарамі становяцца тыя, для каго кот і сабака не проста жывёла і рухомая ўласнасць — гэта эмацыянальны кампаньён і жывая істота, за якую часам трэба несці адказнасць нават большую, чым за дзяцей.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.