Жыццё і лёс

Жыццё ў інтэрнаце і жыццё ў сям’і — дзве зусім розныя гісторыі. Думаю, не памылюся, калі скажу, што асабліва востра гэтую розніцу дзеці адчуваюць падчас свят. І хаця дзіцячыя дамы сямейнага тыпу называюцца дзіцячымі дамамі, а бацькі-выхавальнікі ў іх з’яўляюцца супрацоўнікамі аддзелаў па адукацыі, у пераважнай большасці выпадкаў у іх няма адчування афіцыйнасці, казённай установы. Тут жывуць сем’і, бацькі і дзеці, якіх звязаў лёс: дабрыня і спагада адных, няўдалыя жыццёвыя сітуацыі і добрая магчымасць іх выправіць другіх.

Адзін, два, тры…

Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці заканчвае 2020 год з добрым прыбаўленнем: у лістападзе тут адкрылі новы дзіцячы дом сямейнага тыпу. Цяпер іх у раёне тры.

Першы з’явіўся ў кастрычніку 2014 года ў райцэнтры. Бацькі-выхавальнікі Таццяна Мікалаеўна і Вячаслаў Іванавіч Абрамук выхоўваюць зараз васьмярых прыёмных дзяцей і дваіх уласных, а яшчэ двое дарослых жывуць асобна. За мінулы час у гэтым доме прайшлі рэабілітацыю 18 хлопчыкаў і дзяўчынак, 14 з іх пры гэтым вярнуліся да біялагічных бацькоў, адно дзіця ўсынавілі, двое паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, адзін — ва ўстанову прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Другі дзіцячы дом сямейнага тыпу знаходзіцца таксама ў Маларыце, адкрыўся ў 2017 годзе, а баць­камі-выхавальнікамі ў ім сталі Валянціна Сямёнаўна і Пётр Іванавіч Лямачка. Яны выхоўваюць зараз 9 дзяцей, дзве родныя дачкі дарослыя, маюць свае сем’і і жы­вуць асобна. За ўвесь час існавання гэтага дома сям’я выхавала 18 дзяцей, з якіх 12 вярнуліся да бацькоў, траіх усынавілі, над адным дзіцем аформілі апеку. А яшчэ двое паступілі ва УВА і ўстановы ПТА.

Як склаліся б лёсы гэтых маладых людзей, дзяцей і падлеткаў, калі б расці ім давялося ў інтэрнатнай установе? Магчыма, не горш, чым яно атрымалася. Але наўрад ці ўспаміны пра дзяцінства, якое і так аказалася не самым лепшым, былі б афарбаваны ў светлыя колеры цёплага дома, добрай сямейнай атмасферы.

Такімі, думаю, будуць успаміны, адчуванні тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць у новым дзіцячым доме сямейнага тыпу, што адкрыўся на пачатку ліс­тапада гэтага года ў аграгарадку Лукава Маларыцкага раёна. Тут жывуць і працуюць Алена Анатольеўна і Ула­дзімір Міхайлавіч Бойка, якія да гэтага выхавалі не толькі дваіх сваіх дзяцей і маюць дваіх унукаў, але і сталі прыёмнымі бацькамі. Варта пра новенькіх, якія, як бачна, не зусім і навічкі ў справе выхавання прыёмных дзяцей, расказаць больш падрабязна. Адразу скажу: кожная прыёмная сям’я, кожныя бацькі ­здзіўляюць па-свойму, тым не менш сям’і Бойка ўдалося вылучыцца сваімі адметнасцямі.

Сямейная гісторыя

Да стварэння дзіцячага дома сямейнага тыпу Алена Анатольеўна і Ула­дзімір Міхайлавіч жылі ў вёсцы Заор’е. А.А.Бойка была памочнікам выхавальніка, раней — тэхнічным работнікам у школе, муж і зараз працуе грузчыкам у Белмытнясэрвісе. І ўжо шмат гадоў яны з’яўляюцца прыёмнымі бацькамі.

— Жылі мы ў Заор’і, а мае бацькі ў суседняй вёсцы Бельск Кобрынскага раёна, — узгадвае мая суразмоўніца. —

Я, канечне, бацькоў наведвала і неяк пачула, што іх суседка ўзяла на выхаванне малых з дзіцячага дома. Думкі пра тое, каб узяць прыёмнае дзіця, былі ў мяне і раней, а прыклад суседкі падштурхнуў да дзеянняў. Нашым дзецям было тады 13 — сыну Андрэю і 10 гадоў — дачцэ Марыне. Мы з імі параіліся і вырашылі ўзяць дзіця хаця б на лета, каб яно магло адпачыць у вёсцы, аздаравіцца.

Так муж з жонкай паехалі ў Кобрынскі дзіцячы дом, дзе да іх прывялі хлопчыка, які нядаўна трапіў туды з Пінска. Загадчыца палічыла, што ён вельмі падобны на тату, Уладзіміра Міхайлавіча. Прыйшоў трохгадовы Артур, які тады нават не ўмеў размаўляць. Алена Анатольеўна прызнаецца, што крыху напалохалася, нягледзячы на сваю даўнюю рашучасць: што рабіць з дзіцем, якое не гаворыць? Але вырашыла: “Калі муж скажа: “Бяром”, то так і зробім”. Так яно і адбылося.

Што да Андрэя і Марыны, то кожны з іх хацеў, каб бацькі прыехалі з хлопчыкам або дзяўчынкай, блізкімі ім па ўзросце. А тут прыязджаюць мама з татам, у машыне нікога не бачна, значыць, адны… Якое расчараванне! Але ж не: проста Артур быў такім маленькім, што яго не было бачна ў машыне. Што ж, замест таварыша па гульнях, равесніка дзеці атрымалі маленькага брата, бо ў дзіцячы дом хлопчык не вярнуўся, застаўся ў сям’і як прыёмнае дзіця. Было гэта летам 2010 года…

— Было вельмі цяжка, — гаворыць прыёмная маці, — асабліва першыя два тыдні. Хлопчык раўнаваў да суседзяў, быў, можна сказаць, дзікім. А зараз ладны хлопец, вучыцца ў сельскагаспадарчым каледжы, прыязджае да нас на выхадныя, мы аформілі ў адносінах да яго дагавор патранатнага выхавання.

У 2014 годзе дачка Марына паступіла ў Баранавіцкі ўніверсітэт (яна педагог па адукацыі), сын жыў асобна. Вось Артур і засумаваў, тым больш што Заор’е — вёска маленькая, дзяцей амаль няма. Так у сям’і Бойка з’явілася другое прыёмнае дзіця — двухгадовы Даніла з Пінскага дома малюткі. Літаральна праз некалькі дзён прывезлі да сябе і яго малодшага браціка Улада, якому споўнілася тады ўсяго два тыдні. Ну як не ўзяць, як разлучыць родных? Да таго ж Алена Анатольеўна разумела, што ў бальніцы ніхто асабліва не будзе займацца з нованароджаным, супрацоўнікам не хапае часу нават лішні раз узяць яго на рукі. У роднай жа маці такое захворванне, пры якім яна не можа выхоўваць дзяцей.

Нечакана Артур аказаўся надзвычай добрай нянькай для новых брацікаў, асабліва для малодшага. Ён мог развесці сумесь, пакарміць Уладзіка, змяніць падгузак, а спаць укладваў малога нават хутчэй, чым бацькі. Уладзік жа аказаўся няпростым дзіцем, на жаль, праявілася сур’ёзная алергія. Лячылі малодшага доўга, давялося не раз ляжаць у бальніцы, але справіліся.

На новым месцы

Вёска Заор’е, у якой доўгі час жыла сям’я Бойка, як ужо было згадана, зусім маленькая: ні школы (да найбліжэйшай — 15 кіламетраў), ні дзіцячага сада, нават магазіна няма — прыязджае аўталаўка, да Кобрына — 35 кіламетраў, да Маларыты — больш за 50. Таму зразумела, што, калі сям’і прапанавалі пераехаць у аграгарадок, дзе ўсё з пералічанага і нават больш ёсць, сям’я параілася і пагадзілася. Тым больш што да ролі бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Алена Анатольеўна і Ула­дзімір Міхайлавіч былі ўжо гатовы.

Цяпер у гэтым утульным, добра абсталяваным доме (тут, напрыклад, 2 пральныя машыны, 2 халадзільнікі, пасудамыечная машына), акрамя трох ужо знаёмых нам хлопчыкаў, гадуюцца браты Уладзіслаў, якому нядаўна споўнілася 6, і двухгадовы Кірыл, а таксама іх маленькая сястрычка Даша, якая нарадзілася ў маі гэтага года.

Як кажуць бацькі, нягледзячы на тое, што цяпер у іх зноў зусім маленькія дзеці, у многім стала лягчэй, бо і школа, і дзіцячы сад побач — няцяжка падтрымліваць зносіны з выхавальнікамі і настаўнікамі. Раней жа нават на дзіцячыя ранішнікі было няпроста прыехаць, а малыя крыўдзіліся. Цяпер кантакты падтрымліваць прасцей, і бацькі ахвотна кантактуюць з педагогамі.

Дзень у маці вялікай сям’і праходзіць у пастаянных справах, як вы разумееце: старэйшыя разыходзяцца, і да вечара Алена Анатольеўна застаецца толькі з самай малодшай, але, што гэта значыць — ся­дзець дома з дзіцем, якому споўнілася толькі некалькі месяцаў, ведае кожная маці… А тут яшчэ і гатаванне ежы, і пранне, і прыбіранне, і шмат іншых спраў…

Але жанчына не скардзіцца. Больш за тое — гаворыць, што праз нейкі час, калі яны з мужам уладкуюць ся­дзібу, гаспадарчыя пабудовы, канчаткова прывыкнуць да новага месца, перавязуць у Лукава ўсю сваю гаспадарку з Заор’я. А гэта карова, свінні, авечкі, куры, сабака, кот. Пакуль жа свойскую жывёлу даглядаюць бацькі Алены Анатольеўны. Дома дапамагаюць і дзеці, чым могуць: прыбяруць посуд са стала, засцеляць ложкі, пагуляюць з малодшымі.

Клопатаў і работы, як бачна, муж і жонка Бойка не баяцца. Адказнасці — таксама, бо далёка не кожны адважыцца выхоўваць столькі маленькіх дзяцей, нярэдка з праблемамі і са здароўем, і ў паводзінах. Яны вось не баяцца. Думаю, гэта таму, што да жыцця ў дзіцячым доме сямейнага тыпу гэтыя людзі падыходзілі паступова і асэнсавана. Гэта, здаецца, наогул, самае важнае — разумець, што рашэнне ўзяць прыёмнае дзіця або стаць выхавальнікам у дзіцячым доме — не разавая акцыя, гэта калі не назаўсёды, то вельмі надоўга, і твая праца стане ладам твайго жыцця, лёсам не толькі тваім, але і ўсёй тваёй сям’і.

Па законе ў дзіцячым доме сямейнага тыпу могуць выхоўвацца да 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. У сям’і Бойка пакуль менш.

Я пытаюся ў Алены Анатольеўны, ці гатовы яны з мужам прыняць яшчэ дзяцей, усё ж можа быць.

— Мы настроены аптымістычна, — адказвае жанчына. — Да нас і ўнукі прыязджаюць, і неяк бралі на лета дзяўчынку сваіх знаёмых, калі жылі ў Заор’і. Там цудоўнае паветра, прырода, цішыня… Спраўляліся. Мне мама гаворыць: “У дзяцінстве ты часцей за ўсё гуляла з лялькамі ў дочкі-маці, вось і дагулялася”. А я і малодшага брата даглядала, у мяне яшчэ і сястра была. Мы прывыклі. На Новы год усе збяромся, ёлка жывая абавязкова будзе, дзеці, канечне, дапамогуць яе ўпрыгожыць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега КРАМЯНЕЎСКАГА.