У Ляснянскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ніколі не забывалі пра тое, што чым раней дзеці засвояць асновы здаровага ладу жыцця, тым больш здаровымі вырастуць, тым больш шансаў, што і далей будуць прытрымлівацца ЗЛЖ. Але ўжо некалькі гадоў запар на такія пытанні тут звяртаюць асаблівую ўвагу, жывуць пад дэвізам “Леснянская школа всецело за ЗОЖ! Иную идею для нас не тревожь!”. Дэвіз нарадзіўся ў 2016 годзе, калі ў вясковай школе пачалі рэалізоўваць уласны сацыяльны праект “За здаровы лад жыцця”. У бягучым навучальным годзе праект працягваецца.
Рэсурсы, партнёры, сустрэчы
— Праблема, з якой мы сутыкнуліся, — зніжэнне ўзроўню здароўя падлеткаў. Не канкрэтна наша школа, а грамадства ў цэлым, — гаворыць дырэктар школы Андрэй Аляксандравіч Харытонаў. — Здаровы лад жыцця актуальны заўсёды, а ў наш час асабліва, бо мяняецца характар інтэлектуальных, псіхалагічных і інфармацыйных нагрузак на чалавека з-за ўскладнення грамадскага жыцця, што правакуе пагаршэнне здароўя. Так што наш сацыяльны праект, без сумнення, вельмі надзённы.
Прааналізаваўшы сітуацыю, ляснянскія энтузіясты палічылі, што папулярызацыя здаровага ладу жыцця, культуры харчавання ў сям’і, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, іншыя меры дапамогуць вырашыць праблему ў асобнай вёсцы. Падумалі і вырашылі, што на практыцы гэта значыць, што неабходна фарміраваць інфармацыйную прастору ЗЛЖ для моладзі праз правядзенне вэбінараў, анлайн-канферэнцый, круглых сталоў з прадстаўнікамі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь (прадстаўніцтва НАК у Брэсце), вядучымі коўч-кансультантамі па пытаннях здаровага ладу жыцця.
Таксама тут палічылі безумоўна карыснымі арганізацыю і правядзенне заняткаў масавай фізкультурай і спортам вядомымі беларускімі спартсменамі; арганізацыю кансультацыйнай дапамогі па здаровым харчаванні; складанне індывідуальнай праграмы аздараўлення; партнёрскае супрацоўніцтва з Баранавіцкай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, занальным цэнтрам эпідэміялогіі і гігіены Баранавіч, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай Баранавіцкага раёна, Баранавіцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам і БДПУ імя Максіма Танка. Разам з тым работа па сацыяльным праекце дазволіла Ляснянскай школе прыняць удзел у праекце па рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў Міністэрства адукацыі.
Арганізацыя рэсурснага цэнтра метадычнай падрыхтоўкі валанцёраў (старшых школьнікаў) і непасрэдна такая падрыхтоўка для работы з дзецьмі з аслабленым здароўем; вучэбныя трэнінгі з бацькамі школьнікаў па пытаннях здаровага харчавання, фізічнай падрыхтоўкі; распрацоўка схем веладарожак і практычная іх арганізацыя; заняткі скандынаўскай хадзьбой; вучэбна-трэніровачныя заняткі па відах спорту (футбол, валейбол, баскетбол); адкрытыя чэмпіянаты па дартсе, настольным тэнісе; матчавыя сустрэчы па гульнявых відах спорту сярод навучэнскай і працуючай моладзі аграгарадка Лясная — гэта таксама добры ўклад у скарбонку ідэй і практычных дзеянняў па рэалізацыі праекта.
Матэрыяльна-тэхнічны складнік — яшчэ адна важная частка такой работы. Патрэбны і валейбольная сетка, і палкі для скандынаўскай хадзьбы, іншы спартыўны інвентар, камп’ютарнае абсталяванне. Пэўны інвентар ужо ёсць, а нядаўна, у дзень, калі старшакласнікі займаюцца ў Школе актыўнага грамадзяніна, у Ляснянскую школу прыехала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л.М.Жалнерчык, пагутарыла са школьнікамі і падарыла ўстанове палкі для скандынаўскай хадзьбы, футбольныя і валейбольныя мячы, абяцала падтрымліваць ініцыятыву і ў далейшым.
У школе знайшлі яшчэ ад зін шлях папулярызацыі спорту (а заадно і папаўнення сродкаў) — гады два назад арганізавалі пракат лыж. Аргагарадок знаходзіцца ў прыгожым месцы, трас для заняткаў хапае, ад Баранавіч недалёка, дабрацца можна на электрычцы, таму паслугай карыстаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя.
Дарэчы, цудоўны прыклад здаровага ладу жыцця ў ляснянскіх школьнікаў і іх бацькоў заўсёды перад вачыма — гэта настаўнік фізкультуры Дзяніс Уладзіміравіч Петрушкевіч, кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы. Ён, зразумела, адзін з самых актыўных папулярызатараў фізкультуры і спорту, удзельнік мноства ініцыятыў праекта. Праект і сапраўды набывае ўсё большыя маштабы. Настолькі, што ў пазамінулым годзе школа прадставіла яго пад назвай “90—60—90” на Адзінаццатым рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, і ён дайшоў да чвэрцьфіналу.
Дзякуючы гэтаму, настаўнік фізкультуры, які, між іншым, быў удзельнікам і прызёрам міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, пераможцам і прызёрам чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь, прайшоў курс навучання па праектным менеджменце, бізнес-мадэляванні, пошуку рэсурсаў, рабоце з супольнасцямі, PR, GR (адносінах з дзяржаўнымі структурамі), камунікацыі са сродкамі масавай інфармацыі і мэтавымі групамі, прэзентацыі, SMM (маркетынгу ў сацыяльных сетках), юрыдычнай экспертызе, візуалізацыі (інфаграфіцы).
Справы канкрэтныя, планы рэальныя
Праект Ляснянскай сярэдняй школы доўжыцца нямала часу, але спыняцца тут не збіраюцца. Мноства канкрэтных спраў нікому не даюць засумаваць, а новыя ідэі нараджаюцца пастаянна. У школе пакуль гавораць толькі пра перспектывы развіцця і тэмпаў не зніжаюць.
Сярод канкрэтных мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця ёсць тыя, што ўжо сталі традыцыйнымі: “Рыцарскі турнір”, “Ану, хлопцы”; акцыі “Мы выбіраем ЗЛЖ”, “Мы выбіраем жыццё без тытуню”. Праходзяць конкурсы, заняткі-практыкумы, спартландыі “Вясёлыя старты”. Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам, здаровых суботах, для іх праводзяць трэнінгі і гутаркі прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, урачы.
Але асаблівая ўвага ўдзяляецца правядзенню дзён здароўя — гэта і паказальныя выступленні спартыўных секцый, і матчавыя сустрэчы па баскетболе, валейболе, і выступленні агітбрыгад. А самае важнае, што ў гэтыя дні актыўнымі ўдзельнікамі школьных мерапрыемстваў становяцца бацькі навучэнцаў. Сямейны спрынт “Быць сям’і здаровай — модна!”, святы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Сямейны ачаг”, інтэлектуальна-пазнавальны конкурс “Кактэйль “Здароўе” даюць ім такую магчымасць.
Праект даўно выйшаў за рамкі не толькі школы, але і аграгарадка, і сельсавета, і нават раёна. Так, ляснянскія школьнікі пабывалі ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, дзе пазнаёміліся з гісторыяй алімпійскага руху, убачылі ўнікальныя экспанаты. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі выпрабаваць сваю трапнасць на стралковым лазерным трэнажоры, праверыць веды ў электроннай віктарыне, у фотазоне зрабіць фота, стоячы на п’едэстале ў сталіцы алімпіяды. Лёгкаатлетычная дарожка перанесла дзяцей на віртуальны стадыён, і яны змаглі “паўдзельнічаць” у спаборніцтвах па бегу, кіданні кап’я і дыска, скачках у даўжыню.
Наведалі дзеці і Залу алімпійскай славы ў прадстаўніцтве НАК у Брэсце, сталі ўдзельнікамі сустрэчы, якую, без сумнення, запомняць на ўсё жыццё: з імі сустрэлася алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка.
Ці стане хто з сённяшніх вясковых школьнікаў прафесійным спартсменам або трэнерам, настаўнікам фізкультуры? Магчыма. А калі і не, то не гэта галоўнае. Галоўнае, што сённяшнія дзеці вырастуць упэўненымі ў неабходнасці і карысці фізічнай культуры.
І не толькі яе. Не менш важна, што яны ўжо зараз ведаюць многае пра здаровае харчаванне, праводзяць навукова-даследчыя работы на гэтую тэму, займаюць прызавыя месцы на конкурсах. Дзеці разам з бацькамі нават складаюць рэцэпты карысных страў. Таксама навучэнцы займаюцца ў гуртку “Пешаходны турызм” і іншых аб’яднаннях, удзельнічалі ў спартыўна-масавым мерапрыемстве “Снежны снайпер”, круглагадовай спартакіядзе навучэнскай моладзі, іншых спаборніцтвах як у сваёй вёсцы, так і за яе межамі.
І на ўсіх мерапрыемствах разам з дзецьмі іх педагогі, перш за ўсё, канечне, настаўнік фізкультуры. Сертыфікат, які Дзяніс Уладзіміравіч Петрушкевіч атрымаў на рэгіянальным фестывалі “Час дзейнічаць”, што праводзіўся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, пацвяджае высокі ўзровень работы ў школе па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Тады настаўнік прадставіў на фестывалі даклад аб патэнцыяле работнікаў Ляснянскай сярэдняй школы ў выбары навучэнцамі ЗЛЖ. Гэты патэнцыял па-ранейшаму рэалізоўваецца, увасабляецца ў канкрэтных дзеяннях — праект у ляснянцаў атрымаўся працяглым і, здаецца, даўно стаў часткай іх жыцця.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Ляснянскай сярэдняй школы.