“Я нікому цябе не аддам”

Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу сталі настолькі прывычнай з’явай нашага жыцця, што наўрад ці хто ўзгадае, калі ў Беларусі з’явіўся першы такі дом. Падказалі мне ў Беларускім дзіцячым фондзе: першы дзіцячы дом сямейнага тыпу быў створаны ў далёкім 1989 годзе, ініцыятыва належала яшчэ Cавецкаму дзіцячаму фонду імя У.І.Леніна. Потым у сувязі з няпростай эканамічнай сітуацыяй праграма прыпынілася, а ў 2000 годзе ў нашай краіне яе аднавіў Беларускі дзіцячы фонд (праграма “Цёплы дом”). Дапамагалі і замежныя дабрачынцы, і мясцовыя органы ўлады. Некалькі апошніх гадоў такія дзіцячыя дамы адкрывае дзяржава, фонд супрацоўнічае з усімі сем’ямі: і з тымі, якія ўзяліся за найскладанейшую справу выхавання дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, вельмі даўно, і з тымі, хто адважыўся на гэта параўнальна нядаўна.

Наталля Сяргееўна Максімчык (злева) з намеснікам дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірынай Аляксандраўнай Чарняковай.

Міншчына

Адна з тых смелых, чулых, спагадлівых жанчын, якія адважыліся на стварэнне вялікай сям’і ў цёплым доме, — Наталля Сяргееўна Максімчык з Капыля. Не менш рашучым ды чулым аказаўся муж Наталлі Сяргееўны, Мікалай Іванавіч, спрэчак у сям’і на гэты конт не было. Магчыма, таму, што і муж, і жонка ў ёй самі з мнага­дзетных сем’яў, ды і сваіх дзяцей у Максімчыкаў пяцёра.

Муж і жонка і зараз заадно — 14 гадоў Максімчыкі жы­вуць і працуюць у дзіцячым доме сямейнага тыпу. За доўгі час сямейны дом пакінулі 15 выпускнікоў. Ну як пакінулі? Выйшлі ў самастойнае жыццё, але адносіны з бацькамі-выхавальнікамі падтрымліваюць. Зараз у доме 6 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка: Дзяніс, два Цімуры, Анатоль, Максім, Ілья і Хрысціна. Першага выхаванца сям’я сустрэла ў мясцовым СПЦ, хлопчыку тады было ўсяго 2,5 года. Станіслаў і зараз падтрымлівае зносіны з бацькамі-выхавальнікамі, якія, дарэчы, узялі ў сям’ю і яго роднага брата. Самаму старэйшаму выпускніку Наталлі Сяргееўны і Мікалая Іванавіча зараз ужо 30, Раман жыве ў Мінску, бацькі-выхавальнікі рыхтавалі яму вяселле, радаваліся разам з хлопцам. І ўжо, між іншым, маюць ад прыёмных дзяцей трох унукаў, яшчэ пяцярых — ад родных дзяцей.

— Канечне, нам не было лёгка, ды і цяпер праблем хапае, — гаворыць Н.С.Мак­сім­чык. — Але спраўляемся, на тое ж мы і бацькі, цяжкасцей не баімся.

Цяжкасці іх ніколі не палохалі. Наталля Сяргееўна ў свой час з Кіева паехала на вялікую будоўлю — БАМ, была і ў Камсамольску-на-Амуры, і Бірабі­джан будавала. Далёка-далёка ад роднага горада і пазнаёмілася з будучым мужам. Аказалася — гэта лёс.

Сваіх выхаванцаў, якіх маці інакш, як дзеткамі, не называе, Максімчыкі імкнуцца выхаваць самастойнымі, каб умелі рабіць як мага больш, ні перад чым не бянтэжыліся. Вітаюць, калі біялагічныя баць­кі хочуць сустрэцца з дзецьмі, некаторыя з іх нават гасцінцы прыносяць — цыбулю, часнок, напрыклад. А яшчэ маці і бацька накіроўваюць выхаванцаў на атрыманне такіх прафесій, якія дадуць магчымасць не толькі зарабіць, але і вырашыць жыллёвае пытанне.
Рабочая прафесія або работа ў сельскай гаспадарцы — гэта надзейны падмурак у жыцці для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, упэўнена маці-выхавальніца. Хаця, канечне, былыя выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу Максімчыкаў выбіраюць работу па схільнасцях, магчымасцях і жаданні: ёсць сярод іх дызайнер інтэр’ераў, аўтаслесар, супрацоўнік гандлёвай сеткі. Сёлета адна з дзяўчынак, Алеся, паступіла ў каледж, тут жа, у Капылі, каб стаць кухарам-кандытарам. І малодшыя нала­дзяць сваё жыццё не горш, перакананы бацькі.

Ала Барысаўна Кудраўцава (справа) на кулінарным уроку.

Гомельшчына

Другая маці па прызванні знаходзіцца ў статусе маці-выхавальніцы некалькі гадоў. Ала Барысаўна Кудраўцава зараз выхоўвае дзяцей адна, жыве ў вёсцы Бярозкі Гомельскага раёна.

— Мне прыняць такое рашэнне было крыху лягчэй, чым каму іншаму, — расказвае Ала Барысаўна, — бо я з дзяцьмі-сіротамі сутыкалася шмат гадоў: з 1996 года працавала ў Лукаўскай школе-інтэрнаце, я педагог. І першыя мае выхаванцы менавіта адтуль. Свая дачка ўжо дарослая, у мяне ёсць унук. Калі дачка была падлеткам, ёй было складана дзяліць маму з кімсьці, але яна сказала: “Мама, гэта тваё жыццё”.

Аб праграме дзіцячых дамоў сямейнага тыпу жанчына ўпершыню пачула ў абласным упраўленні адукацыі. Узгадвае, што першай думкай было: “Няўжо хтосьці пойдзе на гэта? Гэта ж велізарная адказ­насць, страшна”. Прыкладам для яе стала жанчына, якая была ды­рэктарам дзіцячага дома і якая, калі дзетдом расфарміравалі, узяла самых цяжкіх падлеткаў, пераканала іншых супрацоўнікаў стаць прыёмнымі баць­камі.

— А ў мяне здарылася так, што адна з дзяўчынак вельмі да мяне прывыкла, я брала яе дамоў на выхадныя, — працягвае мая суразмоўніца. — І паступова зразумела: нельга любіць дзіця напалову. Трэба браць да сябе назаўсёды, бо чаканне выхадных, думкі пра тое, возьмуць ці не возь­муць на гэты раз, — траўма для дзіцяці. Так я на палову стаўкі стала прыёмнай маці і працягвала працаваць у школе-інтэрнаце. Потым да Юлі далучылася Света, затым — Ала, Марына, Луіза.

Неяк зайшла Ала Барысаўна ў прытулак, і там быў хлопчык, якога яна спачатку збіралася ўзяць на месяц, а ў выніку вырашыла, што гэта яе дзіця і яна нікому яго не аддасць. Затым новаму выхаванцу спатрэбіўся брацік, а ў браціка была сястрычка, там яшчэ брацік… Так А.Б.Кудраўцава і адкрыла дзіцячы дом сямейнага тыпу, прычым на базе ўласнага жылля. “Нас такіх дзве ў раёне, хто са свайго дома зрабіў дзіцячы”, — смяецца жанчына. Пакуль Ала Барысаўна прытуліла і дзвюх выпускніц — дапамагае вырашыць пэўныя праблемы, дзяўчаты з асаблівасцямі, адна з іх з вялікай псіхалагічнай траўмай, інвалід.

Дзяўчаты дапамагаюць ма­ці з малодшымі, а тыя вучацца кантактаваць з людзьмі з асаблівасцямі. Ала Барысаўна ўпэўнена, што гэта добра і для ўсіх: адны адчуваюць адказ­насць, другія вучацца талерантнасці.

— І сілы, і патэнцыял у мяне ёсць, буду яшчэ, канечне, працаваць, — гаворыць жанчына. — Іншая справа, што нават я, нягледзячы на свой вопыт работы з дзецьмі, не ведала і сотай долі таго, што ведаю зараз, пасля пяці гадоў работы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Гэта каласальны вопыт, цяпер я магу прагназаваць сваю работу, ведаю, што рабіць, каб атрымаць пэўны вынік. Вельмі дапамагае раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Але яшчэ да таго як баць­кі пачнуць праца­ваць, мне здаецца, рыхтаваць іх да такой работы варта больш дасканала, неабходна рабіць з іх прафесіяналаў.

Сярод выпускнікоў гэтага дзіцячага дома ёсць кухар, швачка, адна з дзяўчат зараз атрымлівае такую ж прафесію. Апошняй гісторыяй Ала Барысаўна асабліва ганарыцца, бо лічылася, што ў дзяўчынкі была разумовая адсталасць, але маці-выхавальніца засумнявалася ў гэтым — і, сапраўды, дыягназ аказаўся памылковым.

— Дзеці ў мяне цудоўныя, вельмі люблю назіраць, як яны мяняюцца, — гаворыць А.Б.Кудраўцава. — Ёсць хлопчык, па якім адразу бачна — скура на ім гарыць, ніхто, відаць, з-за гэтага яго і не браў, а я ўзяла. Памятаю, як сказала яму пра гэта, а ён, пяцігадовы, паглядзеў на мяне і кажа: “Я табе што, спадабаўся?”. Ён настолькі прывык быць нікому не патрэбным, што не верыў, лічыў, што потым прыйдзе іншая мама і забярэ яго. На што я сказала: “Я цябе нікому не аддам”.

Магілёўшчына

Юлія Аляксандраўна Кундзікава.

Адна з самых маладых маці-выхавальніц, з якімі мне давялося пазнаёміцца, — Юлія Аляксандраўна Кундзікава з Клічава. Яна сама выхаванка дзіцячага дома сямейнага тыпу, і прозвішча яе замяшчальнай маці таксама Кундзікава, бо Юлія выйшла замуж за яе роднага сына. Ужо некалькі гадоў у пары ёсць прыёмныя дзеці, а хутка 3 гады споўніцца іх роднаму сыну.

Юлія вучылася на другім курсе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, калі муж патэлефанаваў і сказаў: “Мы бяром дзяцей”. Ён заўсёды хацеў вялікую сям’ю. У раённай газеце Захар убачыў фатаграфіі дзяцей, якім патрэбны былі прыёмныя бацькі, параіўся з маці і патэлефанаваў жонцы. Так Юлія перавялася на завочнае аддзяленне і стала маці для Дашы і Арцёма. Даша адразу назвала сваю маладую маці мамай, і ў той адлягло ад сэрца, бо хвалявалася Юлія моцна. А хутка адчула, што гэтыя дзеці быццам бы заўсёды былі з ёй.

— Тая аддача, якую я атрымліваю ад дзяцей, дарагога варта, дае сілы, — сцвярджае Ю.А.Кундзікава. — Бывае, раюся з прыёмнай маці, але сама яна парад сваіх не навязвае, толькі па нашай просьбе.
Цяпер у дзіцячым доме сямейнага тыпу малодшых Кундзікавых пяцёра прыёмных дзяцей і родны сын. У лютым, калі Ягору споўніцца 3 гады, жанчына, магчыма, вернецца да работы па атрыманай спецыяльнасці і будзе маці-выхавальніцай на палову стаўкі. Да водпуску па доглядзе дзіцяці яна працавала і ў дзіцячым садку, і ў карэкцыйным цэнтры, ведае, што такое работа і выхавальніка, і дэфектолага.

— У нас Ксюша сёлета пайшла ў першы клас, пагля­дзіце, якая прыгажуня, — паказвае фатаграфіі Юлія Аляксандраўна. — Яна мне наогул гаворыць: “Гэта ты мяне нара­дзіла”. Яна ўпэўнена ў гэтым. А вось яшчэ нашы дзеці. Яны не падлягаюць усынаўленню, але яны нашы.


Канечне, у кожнай вобласці і ў сталіцы ёсць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. І ў кожнай сям’і свая, нетрывіяльная гісторыя, усе яны даюць дзецям дом, цяпло, дазваляюць пазбегнуць жыцця ў інтэрнаце, што, безумоўна, таксама, выйсце. Галоўнае, каб новы дом быў сапраўды цёплым, а ініцыятыва, пачатая многа гадоў назад, развівалася.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Ганны ТРАМБІЦКАЙ.