Святло на дарогах

Да 5 чэрвеня працягнецца традыцыйнае комплекснае мерапрыемства “Увага— дзеці!”, якое Дзяржаўтаінспекцыя пачала 25 мая. Гэтая прафілактычная акцыя напярэдадні і ў пачатку школьных канікул разгортваецца дзеля прыцягнення ўвагі ўсіх нас да праблемы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, павышэння ўзроўню адказнасці вадзіцеляў.

Больш падрабязна пра акцыю нам расказала старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Партызанскага РУУС Мінска Таццяна Спадабаева:

— У гэты час супрацоўнікі міліцыі, педагогі і бацькі аб’ядноўваюць свае намаганні па захаванні бяспекі дзяцей. Нашы супрацоўнікі запланавалі шэраг акцый, сустрэч і конкурсаў для дзяцей, каб нагадаць ім правілы бяспечных паводзін. Таксама супрацоўнікі органаў унутраных спраў праводзяць рэйды па кантролі за выкананнем Правіл дарожнага руху, у прыватнасці, інспектары ДАІ кантралююць выкананне правіл пераезду пешаходных пераходаў, скорасных рэжымаў, а таксама перавозкі маленькіх пасажыраў у легкавых аўтамабілях.

Спецыяліст аддзела ДАІ таксама заўважыла, што больш за 80% дарожна-транспартных здарэнняў з у­дзелам непаўналетніх адбываецца па віне дарослых. Так, з пачатку года да сярэдзіны мая на дарогах сталіцы адбылося 16 ДТЗ, у якіх 1 дзіця загінула  і 18 малых (10 пешаходаў і 8 пасажыраў) атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Толькі трое непаўналетніх траўміраваліся з-за ўласнай неасцярожнасці, усе іншыя — па віне ва­дзіцеляў.

Таму зноў Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да вадзіцеляў з просьбай быць асцярожнымі пры пад’ездзе да прыпынкаў грамадскага транспарту, пешаходных пераходаў, дзіцячых устаноў, асабліва ў дварах. Калі ва­дзіцель бачыць дзіця, якое падышло да праезнай часткі, неабходна знізіць хуткасць, а, магчыма, лепш наогул спыніцца. Падчас спецакцыі вадзіцелі абавязаны рухацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі, калі яны ёсць.

А яшчэ дарослым варта нагадаць дзецям аб Правілах дарожнага руху, у тым ліку пра тое, што нельга спыняцца і затрымлівацца пры пераходзе праезнай часткі, у цёмны час сутак абавязкова трэба пазначаць сябе флікерамі, за горадам, дзе няма пешаходных дарожак, трэба ісці насустрач транспарту, нельга гуляць каля дарогі і г.д.

— З прыходам добрага надвор’я на вуліцах павялічваецца колькасць веласіпедыстаў, на “жалезных коней” перасаджваюцца і непаўналетнія, — таксама заўважыла Таццяна Спадабаева. — І гэта не заўсёды бяспечна, бо не кожнае дзіця разумее, што элементарныя нормы дарожнай бяспекі неабходна выконваць усюды і заўсёды. Дзеці часам проста не могуц­ь ацаніць адлегласць да аўтамабіля, які набліжаецца, і сарыентавацца ў складанай дарожнай сітуацыі.

Спецыяліст ДАІ нагадала, што ўсім бацькам, перш чым купіць свайму сыну або дачцэ двухколавага сябра і дазволіць катацца на ім, неабходна навучыць дзіця правілам паводзін на дарозе, растлумачыць, якія могуць быць парушэнні ПДР і да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Варта набыць шлем і элементы абароны для юнага веласіпедыста. Акрамя таго, дзіця павінна памятаць: перш чым сесці за руль, варта праверыць спраўнасць свайго веласіпеда.

Дарэчы, выезд на дарогу дзяцей, малодшых за 14 гадоў, наогул забаронены. Таксама нагадайце школьнікам, што пры перасячэнні праезнай часткі трэба абавязкова спешыцца і пераходзіць дарогу, толькі пераканаўшыся ў сваёй бяспецы. Выключэнне склада­юць “зялёныя велапераезды” — месцы, вылучаныя зялёнай разметкай. Манеўры можна ажыццяўляць, пагля­дзеўшы ў люстэрка задняга віду або азірнуўшыся, іх трэба суправаджаць жэстам рукі, пры выездзе з-за перашкоды неабходна знізіць хуткасць ці нават спыніцца. А рухацца трэба па вела- або пешаходных дарожках, пры іх адсутнасці — па праезнай частцы, але не далей чым за 1 метр ад яе краю. Варта памятаць і пра тое, што на выездах з двароў бачнасць часта абмежавана, ва­дзіцелі могуць не заўважыць веласіпедыста, таму лепш прытарможваць.

І самае галоўнае: не пакідайце дзяцей без нагляду.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.