Красавік — месяц, у які найбольш актыўна праходзіць размеркаванне выпускнікоў устаноў розных ступеней адукацыі. А на першых рабочых месцах маладыя спецыялісты пачнуць працаваць у сваёй большасці з 1 жніўня, маладыя педагогі — з 15 жніўня, бо іх адпачынак даўжэйшы. І кожны са свежаспечаных спецыялістаў мае права на пэўныя сацыяльныя гарантыі, якія дапамогуць у першыя гады працоўнага шляху, у ідэале — паспрыяюць таму, што малады прафесіянал застанецца на сваім першым працоўным месцы і пасля аднаго-двух, пяці (па мэтавым накіраванні) гадоў, якія ён абавязаны адпрацаваць па размеркаванні.
Падтрымка для кожнага
— Працэдура размеркавання выпускнікоў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і тэхнічнай адукацыі практычна ідэнтычная з невялікімі асаблівасцямі, — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Антонавіч Каспяровіч. — Гэта вызначэнне першага рабочага месца маладому спецыялісту, для таго каб выканаць гарантыі, звязаныя з магчымасцю працаўладкавання, для таго каб гэтае месца адпавядала атрыманай спецыяльнасці, кваліфікацыі таго, хто атрымаў адукацыю за бюджэтныя сродкі на дзённай форме навучання. Накіраванне на работу таксама могуць пры жаданні атрымаць тыя, хто вучыўся на пазабюджэтнай форме.
С.А.Каспяровіч дадае, што, на яго погляд, размеркаванне з’яўляецца эфектыўнай працэдурай, дазваляе задавальняць як кадравыя патрэбнасці наймальнікаў у маладых спецыялістах, так і патрэбнасць гэтых спецыялістаў у першым рабочым месцы. Гэта асабліва важна, паколькі выпускнікі на пачатку свайго працоўнага шляху не маюць значных канкурэнтных пераваг у параўнанні з вопытнымі работнікамі.
Калі гаварыць пра колькасныя паказчыкі размеркавання, то практычна 100% выпускнікоў усіх узроўняў прафесійнай адукацыі атрымліваюць першае рабочае месца. У бягучым годзе галіновае міністэрства плануе, што размеркаванне атрымаюць каля 19 тысяч выпускнікоў з вышэйшай адукацыяй, каля 18 тысяч — з сярэдняй спецыяльнай і прыкладна 23 тысячы тых, хто атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю.
Акрамя магчымасці атрымаць першае рабочае месца ў адпаведнасці з атрыманай адукацыяй, малады спецыяліст мае і іншыя перавагі: адсутнасць выпрабавальнага тэрміну, забарона неабгрунтаванай адмовы ў заключэнні працоўнага дагавора маладому спецыялісту, які прыехаў па размеркаванні, магчымасці наймальніка абмежаваны і па звальненні маладых спецыялістаў, іх пераводзе на работу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю, іншыя перавагі.
Маладым спецыялістам, рабочым прадугледжаны адпачынак пасля заканчэння вучобы працягласцю 30 дзён (для педагогаў — 45 дзён), пэўныя выплаты, у прыватнасці кампенсацыі пры пераездзе ў іншы населены пункт, грашовая дапамога выпускнікам з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй або ў памеры месячнай стыпендыі або з разліку тарыфнай стаўкі па прысвоенай кваліфікацыі, разраду, класа, катэгорыі, калі гаварыць пра прафесійна-тэхнічную адукацыю. Прадугледжаны таксама шырокі спектр падтрымкі з боку мясцовых улад і наймальніка, дакладней, наймальнік можа, зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцей, жадання, падтрымаць маладога спецыяліста ў плане і яго прафесійнага росту, і яго замацавання. Падтрымка можа заключацца і ў пэўных асаблівых падыходах па фарміраванні аплаты працы, дапамозе ў аплаце жылля па найме, вырашэнні жыллёвага пытання на пастаяннай аснове.
Не трэба забываць і пра такі працэс, як пераразмеркаванне.
— Хацеў бы развеяць міф пра нягнуткасць размеркавання, які склаўся ў некаторых, — дадае Сяргей Антонавіч. — Я не буду гаварыць пра ўсе падставы для пераразмеркавання на працягу тэрміну адпрацоўкі, іх нямала. Адна з самых распаўсюджаных — гэта пераразмеркаванне па пагадненні бакоў, калі наймальнік падтрымлівае жаданне маладога спецыяліста змяніць работу. Або ў асобных выпадках сам можа ініцыіраваць гэтае пытанне. У такім выпадку дастаткова хадайніцтва наймальніка, заявы выпускніка ў камісію па размеркаванні. Працэс пераразмеркавання ажыццяўляецца ледзь ці не ў аўтаматычным фармаце, камісія прымае рашэнне на карысць выпускніка практычна адназначна.
Так, няма праблем пераразмеркавацца, калі прадпрыемства, куды збіраўся паехаць выпускнік, ліквідавана (здараецца і такое). Пра падобныя выпадкі першым даведваецца выпускнік і паведамляе аб гэтым у камісію — без першага рабочага месца не застаецца ніхто. А, напрыклад, выпускніцы, якія на момант размеркавання чакаюць дзіця, таксама маюць права ўзяць размеркаванне або выбраць самастойнае працаўладкаванне.
Такім чынам, размеркаванне — гэта апошняе звяно ўсёй падрыхтоўкі кадраў, і яно не павінна разглядацца ў адрыве ад усяго астатняга, у прыватнасці ад сістэмы заказу кадраў. Сістэма адукацыі атрымлівае заказы на падрыхтоўку кадраў ад наймальнікаў, інфармацыю ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб патрэбах эканомікі ў кадрах на пяцігадовы перыяд па кваліфікацыйных групах. І, зыходзячы з гэтага, фарміруюцца кантрольныя лічбы прыёму.
Сістэма, па словах С.А.Каспяровіча, дазваляе ў дастаткова высокай ступені выконваць парытэт адпаведнасці структуры падрыхтоўкі кадраў і структуры патрэбнасцей рынку працы. Такім чынам, паступова выпраўляюцца дыспрапорцыі ў падрыхтоўцы і запатрабаванасці пэўных спецыялістаў (юрыстаў, эканамістаў і інш.).
— Скарэкціраваныя падыходы ў частцы і прагназавання патрэб, і змен у частцы размеркавання дазваляюць эфектыўна рыхтаваць кадры для патрэбнасцей нашай эканомікі, для ўсіх галін, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення галіновага міністэрства.
Правільны выбар
— Як вядома, самыя вялікія праблемы на рынку працы мае моладзь, — працягвае гаворку начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Алег Валер’евіч Токун. — Гэта пацвярджае сусветны вопыт: у Заходняй Еўропе ўзровень беспрацоўя сярод моладзі ў 20—25% абсалютна не здзіўляе, гэта лічыцца нармальным. У нашай краіне, дзякуючы сістэме сацыяльных гарантый, удалося пазбегнуць напружанай сітуацыі на рынку працы для моладзі. Па выніках 2019 года ўзровень беспрацоўя сярод беларускай моладзі склаў крыху больш за 6% і за 5 апошніх гадоў пастаянна зніжаецца.
Тым не менш, па словах спецыяліста, у службы занятасці выпускнікі ўсё ж звяртаюцца. Як правіла, гэта тыя, хто атрымліваў адукацыю за кошт уласных сродкаў. Іх нямнога: у 2019 годзе ў службы занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнуліся 530 выпускнікоў навучальных устаноў з вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Амаль усе яны былі працаўладкаваны.
Калі ж гаварыць пра дысбаланс запытаў і прапаноў на рынку працы, то ён часта ўзнікае з-за таго, што маладыя людзі жадаюць атрымліваць за свой кошт пэўныя спецыяльнасці. Многія дагэтуль вучацца на юрыдычных і эканамічных спецыяльнасцях платна, а потым не могуць знайсці работу. У выніку прыкладна 15% выпускнікоў каледжаў, якім летась працаўладкавацца дапамагалі службы занятасці, з’яўляліся эканамістамі, 10% — юрыстамі, 12,5% — бухгалтарамі.
Сярод выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, якія звярталіся па такую дапамогу, амаль палову складалі ўсё тыя ж эканамісты і юрысты — прыкладна пароўну. Здараецца, што выпускнікі УВА вырашаюць атрымаць іншую спецыяльнасць, каб было прасцей знайсці работу. Праўда, калі такія людзі звяртаюцца ў службы занятасці, яны рэдка вырашаюць атрымліваць рабочую спецыяльнасць, усё ж аддаюць перавагу перакваліфікацыі на базе вышэйшай адукацыі.
Сярод выпускнікоў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў тых, хто не змог самастойна знайсці работу, зусім мала. Гэта ў асноўным маладыя людзі са спецыяльнасцямі “Аператар ПВЭМ”, “Сакратар”. Таму так важна выпускнікам школ, іх бацькам прыслухвацца да інфармацыі аб запатрабаванасці прафесій. Прынамсі, калі гаварыць пра запатрабаваныя спецыяльнасці, то зараз сярод іх нямала рабочых. У топе вакансій на рынку працы Беларусі вадзіцелі, кухары, швачкі, бетоншчыкі, муляры і іншыя.
А калі вярнуцца да пытанняў размеркавання, то С.А.Каспяровіч нагадаў, што камісіі па размеркаванні ўлічваюць паспяховасць выпускнікоў, удзел у навуковай рабоце, іншыя аспекты, асаблівы момант — уладкаванне на работу па месцы праходжання пераддыпломнай або вытворчай практыкі. Камісіі стараюцца ўлічваць і жаданне выпускнікоў ехаць працаваць па месцы жыхарства, хаця гэта неабавязкова.
Застацца ж на месцы першай работы пасля адпрацоўкі выпускнікі вырашаюць зыходзячы з умоў работы, пражывання, жадання. На думку спецыяліста Міністэрства адукацыі, стымуляваць жаданне застацца можна рознымі сродкамі, як матэрыяльнымі, так і маральнымі. Прасцей, канечне, тым, хто паехаў па размеркаванні ў родныя горад або вёску, у іншых выпадках многае залежыць ад наймальніка, а ўвогуле задача гэта комплексная, калі сваю ролю адыгрываюць і памер аплаты працы, і яе ўмовы, магчымасці для прафесійнага і асобаснага росту, многае іншае. Маладыя педагогі, між іншым, замацоўваюцца на першых рабочых месцах у 70—80% выпадкаў.
— Такі аналіз праводзяць і наймальнікі, і мясцовыя ўлады, — тлумачыць Сяргей Антонавіч. — Мы робім аналіз пастаянна, па замацаванні лічбы розныя ў залежнасці ад года і месца. 70— 80% — гэта паказчык, што тычыцца школьных настаўнікаў, па выкладчыках УВА, напрыклад, лічбы будуць крыху меншыя.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.