Без фэйкаў і маніпуляцый

Хто навучыць дзяцей медыядасведчанасці?

Стварыць інфармацыйную паніку вельмі лёгка. Адзін востры навінны ўкід, які накіраваны на маніпуляцыю эмоцыямі, і да праблемы, якая насамрэч не варта ўвагі, адразу прыцягваецца погляд. Асабліва даверлівымі з’яўляюцца дзеці, якія з-за сваёй недасведчанасці пачынаюць верыць у тое, што прачыталі, і перажываць. Але ці магчыма навучыць іх адрозніваць спам і фэйк ад праўды? Што зрабіць, каб эмоцыямі і свядомасцю нашых дзяцей не маніпулявалі?

Настаўнікі з сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна і Сяргей Фадзіны стварылі для падлеткаў сацыяльны дыстанцыйны праект па медыяадукацыі “Бачу. Чую. Разумею”, які накіраваны на павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў.

Аб тым, як працуе праект, расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца англійскай мовы Таццяна Леанідаўна ФАДЗІНА.

Ідэя стварэння ўнікальнага праекта, які мог бы стаць памагатым не толькі для навучэнцаў, але і для бацькоў, а таксама для педагогаў у навучанні медыядасведчанасці, узнікла ў настаўнікаў англійскай мовы і фізікі, Таццяны і Сяргея Фадзіных, не проста так.

“Мы з мужам не першы год цікавімся медыяадукацыяй, — расказвае, з чаго пачаўся праект, Таццяна Фадзіна. — Некалькі гадоў назад наша школа прымала ўдзел у рэспубліканскім праекце па медыяадукацыі. Нас вельмі захапіла гэтая тэма, і, калі праект скончыўся, працягнулі працаваць па ёй. Мы пачалі часта праводзіць семінары для настаўнікаў, паказваць ім, як прымя­няць медыя­адукацыю падчас выкладання розных дысцыплін. І гэта ўсё цудоўна, але, тым не менш, гэтага мала. Нават калі я буду выкарыстоўваць медыяадукацыю падчас урокаў англійскай мовы, а мой муж — у выкладанні фізікі, эфекту амаль не будзе. У медыя­адукацыі павінна быць створана сістэма, ў ёй трэба знаходзіцца, адпавядаць ёй. А значыць, павінен быць дыстанцыйны курс па медыяадукацыі. Менавіта такія думкі сталі фундаментам для таго, каб мы распрацавалі канцэпцыю і стварылі свой праект, які бу­дзе накіраваны на навучэнцаў. Чаму менавіта на дзяцей? Таму што іх трэба вучыць бяспечным паводзінам у інтэрнэце, яны павінны ўмець карыстацца рознай інфармацыяй”.

Праект “Бачу. Чую. Разумею” распрацаваны на беларускай мове на прыкладзе беларускіх медыя і накіраваны на павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў. У адукацыйным стандарце, а таксама ў канцэпцыі бесперапыннага навучання дзяцей і моладзі прапісана неабходнасць фарміравання інфармацыйнай культуры ў непаўналетніх. Гэта значыць, што як падлеткаў, так і дзяцей трэба вучыць працаваць з тым, што яны бачаць і чытаюць.

“Самае важнае, што трэба зрабіць падчас работы з інфармацыяй, — мініміза­ваць рызыку, якая можа нанесці ўрон псіхічнаму, інтэлектуальнаму, фізічнаму ці духоўнаму здароўю, гарманічнаму сацыяльнаму развіццю непаўналетняга, — упэўнена Таццяна Фа­дзіна. — Працуючы над праектам, мы зыхо­дзілі з таго, што гэты курс дзецям патрэбны, ён ім цікавы. Мэта курса — павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці падлеткаў. У асноўным наша аўдыторыя — навучэнцы 8—11-х класаў. Сёння праект “Бачу. Чую. Разумею” — гэта частка праграмы па медыя­адукацыі, якую рэалізоўвае Таварыства беларускай школы. Увогуле, медыяадукацыя — гэта актуальная з’ява, і яна цікавіць многіх. Было б ідэальна, каб з’явілася асобная вучэбная дысцыпліна “Медыяадукацыя”, але яе няма не толькі ў нас, але і ў іншых краінах. Гэта значыць, што тыя веды, якія можна было б вылучыць у асобны падручнік, трэба перакладваць на іншыя прадметы, спалучаць медыяадукацыю з фізікай ці замежнай мовай”.

Не сакрэт: умець фільтраваць інфармацыю часам цяжка нават дарослым. Шматлікая навязлівая рэклама, аб’явы прымуша­юць не толькі звяртаць на іх увагу, але і верыць напісанаму. Што ўжо казаць пра дзяцей, якія зусім не разбіраюцца ў кантэнце! Менавіта па гэтай прычыне, каб абараніць навучэнцаў ад патоку інфармацыі, якая ім не патрэбна, і каб яны самі маглі разумець, што важна, а міма чаго можна прайсці, не звяртаючы ўвагі, настаўнікі распрацавалі сацыяльны дыстанцыйны курс навучання інфармацыйнай дасведчанасці.

Дыстанцыйны курс “Бачу. Чую. Разумею” знаходзіцца на платформе CANVAS, якая прызначана для размяшчэння масавых адкрытых анлайн-курсаў. Са слоў аўтара праекта, яго асаблівасць заключаецца ў тым, што прыняць удзел і прайсці навучанне можна ў любы час.

“Мы падумалі таксама пра тое, што дзеці з рознай хуткасцю ўспрымаюць інфармацыю, таму праходзіць навучанне можна ў хуткім ці павольным рэжыме, і кожны навучэнец вызначае гэта для сябе сам, — тлумачыць Таццяна Фадзіна. — Увесь медыякурс разбіты на некалькі модуляў, а яны ў сваю чаргу змяшчаюць у сабе шэраг практычных заданняў, шматлікі відэакантэнт, інфаграфіку. Прыкметна, што курс пабудаваны такім чынам, што перайсці да наступнага модуля будзе немагчыма, пакуль не пройдзены папярэдні. Калі падлетак справіўся з заданнямі, просім яго па­дзяліцца сваімі ўражаннямі ад навучання. Заўсёды цікава паслухаць,  што было найбольш цікавым і карысным, а што выклікала цяжкасці. Менавіта па водгуках дзяцей разумеем, у якім рэчышчы трэба рухацца далей, што дапраца­ваць, а што пакінуць у першапачатковым стане”.

“Зона 51”: у пагоні за спамам

Перш чым “выкінуць” у інтэрнэт праект для агульнага карыстання, аўтары распрацоўкі падрабязна прадумалі кожны вучэбны модуль. Безумоўна, усе вучэбныя блокі ўзаемазвязаны паміж сабой і накіраваны на навучанне бяспечнаму карыстанню інфармацыяй. Дыстанцыйны курс “Бачу. Чую. Разумею” складаецца з уводнага модуля, які апісвае курс, і трох вучэбных модуляў, кожны з якіх складаецца з 9 раздзелаў, бонусаў і заданняў. “Ахоўнікі МедыяСусвету, ці Як стац­ь Фэйкхантэрам”, “Вялікі брат сочыц­ь за намі?” і “Фантастычны мэдыякантэнт і дзе ён “жыве”?” — усё гэта не назвы фантастычных апавяданняў, а прыгожа і правільна скампанаваная інфармацыя, накіраваная на бяспеку нашых дзяцей у інтэрнэце. Перш чым пачаць работу па модулях, навучэнцы праходзяць тэст, які ім паказвае, наколькі дасведчанымі медыякарыстальнікамі яны з’яўляюцца. Пытанні, якія прапаноўваюцца, могуць паставіць у тупік нават дарослых. Якую сэнсавую нагрузку нясе ў сабе слова “спам”? Якія сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюць больш за ўсё акаўнтаў, якімі кіруюць праграмы, накіраваныя на тое, каб уплываць на наша меркаванне і правільнае ўспрыманне інфармацыі? Пасля адэкватнай ацэнкі ў­зроўню медыякампетэнцый вучні могуць пераходзіць да заданняў модуля.

Як расказвае Таццяна Леанідаўна, першы модуль прысвечаны ўменню распазнаваць маніпуляцыі і фэйкавую інфармацыю, якой у нашай штодзённасці вельмі многа. Той, хто паспяхова пераадолее першы, фэйкавы, этап навучання, можа лічыць сябе дасведчаным паляўнічым на падобнага кшталту інфармацыю.

“У першым модулі ёсць такі раздзел, як “Зона 51”, дзе мы збіраем базу фэйкаў і маніпуляцый, — тлумачыць Т.Л.Фадзіна. — Знаходзячы такія даныя, дзеці самастойна могуць прымацаваць у раздзеле згаданую інфармацыю. Такіх дзяцей, якія паспяхова разабраліся з першым модулем і змаглі распазнаць праўду ад фэйку, мы называем фэйкхантарамі. Другі модуль нашага праекта прысвечаны біг даце. Дзякуючы гэтаму падкасту, навучэнцы даведваюцца, навошта ў сетцы збіраюцца звесткі пра кожнага з нас. Мы вывучаем, дзе знахо­дзяцца нашы паролі, як за намі назірае Google-карта, як можна адключыць гэты сэрвіс. Акрамя гэтага, другі модуль расказвае, што такое таргетынгавая рэклама і як яна працуе. Напрыклад, калі вы сёння шукалі, дзе можна купіць прас, то пасля інфармацыя пра прасы будзе вылазіць з кожнага вугла з кожнай навіной. Менавіта гэта і ёсць таргетынгавая рэклама. Наш раздзел вучыць чысціць такую інфармацыю, блакіраваць яе далейшае з’яўленне на старонках, якія адкрываюцца. Увогуле, другі этап навучання вельмі карысны не толькі для дзяцей і падлеткаў, але і для бацькоў, а таксама настаўнікаў. Згадзіцеся, сёння мы ўсе павінны быць заклапочаны сваёй бяспекай у інтэрнэце. Нашы персанальныя даныя мо­гуць быць выкарыстаны супраць нас, таму трэба разумець, якую інфармацыю і дзе можна выкладваць. Тым не менш і настаўнікі, і бацькі павінны ўмець правільна і даходліва растлумачыць дзіцяці, чаму важна і як абараніць свае персанальныя даныя, як адключыць рэкламу і як не пакідаць глабальных слядоў у інтэрнэце. Інтэрнэт павінен быць тым месцам, якое дапамагае нам у рабоце, у вучобе. Ён павінен працаваць на карысць, а не супраць нас. У якасці бонусу другі раздзел дае інфармацыю наконт таго, як ачысціць нашу галаву ад інфармацыйнай перанасычанасці”.

Трэці модуль, як тлумачыць Т.Л.Фадзіна, таксама закранае шматлікія важныя праблемы, з якімі можа сутыкнуцца любы чалавек — ад вядомага блогера да пачынаючага карыстальніка сацыяльных сетак. У апошнім падкасце сабрана тая інфармацыя, якая расказвае пра неабходнасць захавання аўтарскіх правоў, а таксама тлумачыць, якая адказнасць ускладваецца на кожнага, хто выкладвае ў сетку новы кантэнт ці дубліруе ўжо вядомыя даныя.

“Сёння многія дзеці спрабуюць стаць блогерамі і журналістамі і становяцца імі, таму што гэта нескладана, — працягвае настаўніца. — Паміж дзецьмі заўсёды існуе канкурэнцыя, і не толькі ў школе, але і ў інтэрнэце. Трэба разумець, што з канкурэн­цыяй у віртуальным свеце можна сутыкнуцца куды часцей, чым у рэальнасці. У штодзённым жыцці мы стрымліваем свае эмоцыі, спрабуем кантраляваць гнеў, варожасць. Затое ў глабальнай сетцы гэтыя пачуцці адкрытыя. Рана ці позна кожнае дзіця сутыкнецца з тым, што ў яго паводзінах ці ў тым, што яно робіць, нехта можа ўгледзець для сябе штосьці непрымальнае. У выніку пачнецца праяўленне гневу, булінгу. Таму наш трэці блок расказвае, як абараніць сябе ад нападак у інтэрнэце, як змагацца з варожасцю і як выконваць правілы этыкету ў віртуальным свеце. Яшчэ адзін цікавы раздзел трэцяга блока — гэта навучанне стварэнню ўласных цікавых інфармацыйных нагод. Асабліва актуальны гэты раздзел будзе для юных блогераў, для якіх асноўная мэта — захапіць сваім кантэнтам аўдыторыю. Сённяшнія дзеці і падлеткі павінны карыстацца інтэрнэтам. І гэта не жаданне, гэта неабходнасць. Мы жывём у такі інфармацыйны час, калі тэхналогіі імкліва развіваюцца. Таму, каб быць канкурэнтаздольным, мы, і дзеці ў першую чаргу, павінны ўмець карыстацца гаджэтамі і ствараць пэўны прадукт, калі гэта неабходна, ці проста карыстацца ўжо існуючымі прапановамі. Вельмі важна навучыць дзяцей і падлеткаў, перш чым публікаваць інфармацыю, правяраць яе”.

Убачыць і зразумець правільна

У якасці бонусаў аўтары сацыяльнага медыяпраекта захавалі ў трэцім раздзеле пасхалкі — своеасаблівыя сюрпрызы для інфармацыйнай разгрузкі. Каб прасачыць, дзе і хто з дзяцей іх знаходзіць, “Бачу. Чую. Разумею” мае ўласны форум, на якім навучэнцы з усёй краіны перапісваюцца і расказваюць адно аднаму, што і дзе яны знайшлі.

Чацвёрты модуль — гэта своеасаблівы статыстычны банк даных. “Чацвёрты раз­дзел створаны больш для нас, чым для дзяцей, — падсумоўвае Т.Л.Фадзіна. — Дзякуючы яму, мы глядзім, якая інфармацыя аказалася карыснай і не патрабуе дапрацоўкі, а над чым яшчэ трэба падумаць. Важна, што наш курс вельмі гібкі і дае нам магчымасць яго да­працоўваць. Сёння мы заканчваем работу яшчэ над некалькімі модулямі, якімі будзе дапоўнены праект. Напрыклад, з’явіцца раздзел “Медыяпрастора”. Ён будзе знаёміць юных блогераў і пачынаючых журналістаў з тым, якія СМІ існу­юць у нашай краіне, колькі ў нас тэлевізійных каналаў. Таксама будзем гаварыць пра стэрэатыпы ў медыя, кібербулінг і работу з інфаграфікай, гэта значыць, навучым дзяцей дасведчана паказваць свой кантэнт у інфаграфіцы”.

Прыкметна, што “Бачу. Чую. Разумею” выкарыстоўваюць у навучанні 200 студэнтаў, а для работы з падлеткамі праект Таццяны і Сяргея Фадзіных узяла для сябе і Акадэмія ўкраінскай прэсы. Чаму? Усё проста: ні ў нас у краіне, ні за мяжой нічога падобнага не створана. Дарэчы, у мінулым годзе на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” сацыяльны медыяпраект гродзенскіх настаўнікаў заняў першае месца.

“Можна колькі заўгодна абмяркоў­ваць залежнасць школьнікаў ад інтэрнэту, але ад гэтага мы нікуды не дзенемся, — разумна заўважае Таццяна Леанідаўна. — Калі ўжо на тое пайшло, мы павінны абара­няць дзяцей не ад інтэрнэту ў цэлым, а ад пэўнага кантэнту. Дарэчы, сёння і малодшыя школьнікі актыўна карыстаюцца мабільнікамі і ўсемагчымымі месенджарамі, якія таксама нясуць пэўную небяспеку. Напрыклад, дзеці перасылаюць адно аднаму нейкую інфармацыю, якая быццам накіравана на тое, каб ад нечага засцерагчы. Нават не спрабуючы разабрацца, праўда гэта ці фэйк, дзеці пачынаюць спаміць і рассылаюць адно аднаму даступны кантэнт. Таму наша задача, бацькоў і настаўнікаў, — вучыц­ь дзяцей фільтраваць інфармацыю. Падчас Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” да нас падыходзілі настаўнікі і цікавіліся, ці не плануем стварыць падобную праграму для малодшых школьнікаў. Магчыма, мы распрацуем такі праект і для іх, але для гэтага трэба вывучыць аўды­торыю, прааналіза­ваць інфармацыю, з якой малодшым школьнікам дазваля­юць праца­ваць. Нельга дапускаць, каб дзеці пагружаліся ў тую кашу, у якой кожны дзень варымся мы, адкрываючы інтэрнэт. Мы за тое, каб усе дзеці былі медыяадукаванымі і абароненымі”.

Наталля САХНО.