У рабоце педагогаў і ахоўнікаў правапарадку ёсць нямала кропак перасячэння, галоўным чынам там, дзе справа тычыцца работы з цяжкімі падлеткамі. Перш за ўсё гэта, канечне, прафілактыка правапарушэнняў. Работа гэтая пастаянная, карпатлівая, накіраваная і на бацькоў, і на дзяцей, а таксама (не пабаюся гэтага слова) творчая. Інакш, як разам, выкарыстоўваючы і напрацаваныя методыкі, і новыя распрацоўкі, належнай эфектыўнасці не дасягнуць.
З пачатку года
Сітуацыя з правапарушэннямі і злачынствамі сярод падлеткаў з пачатку года склалася не самая простая, па асобных відах злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія за 9 месяцаў, адзначаны рост. Так, махлярстваў стала больш на 11,1% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года (іх колькасць павялічылася з 18 да 20); крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі — на 72,7% (з 44 да 76); злачынстваў, звязаных з абаротам наркатычных сродкаў, — у 2 разы (з 63 да 129); выкраданняў транспартных сродкаў — на 27,8% (з 54 да 69). Крадзяжы па-ранейшаму застаюцца самымі распаўсюджанымі злачынствамі ў асяроддзі падлеткаў і пры іх удзеле — 523 злачынствы з 1243.
Цікава, што ахвярамі махлярстваў, якія здзяйсняюць падлеткі, становяцца як такія ж непаўналетнія, так і дарослыя людзі. Падлеткі просяць дарослых (часта гэта вельмі маладыя, блізкія да іх па ўзросце людзі) купіць у растэрміноўку тэлефон, пераконваюць, што самі будуць выплачваць крэдыт. Такі б дар пераканання ды ў добрае рэчышча! Самы распаўсюджаны від крадзяжу з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі — выкарыстанне страчаных банкаўскіх картак, для якіх не патрабуецца ўвядзенне пін-кода. Сумы крадзяжоў нязначныя — ад 10 да 20 рублёў. Вось прыклад: у адным са сталічных гіпермаркетаў непаўналетнія знайшлі банкаўскую картку і некалькі дзён расплачваліся ёй за абеды ў адным з рэстаранаў хуткага харчавання.
У распаўсюджванне наркотыкаў падлеткаў часта ўцягваюць з дапамогай сацсетак, а выкраданне аўтамабіляў могуць справакаваць людзі, якія забываюць ключ у машыне, пакідаюць заведзенае аўто. Таксама распаўсюджаны від крадзяжу сярод падлеткаў звязаны з тым, калі адны непаўналетнія запрашаюць да сябе іншых, а госці прыхопліваюць рэчы гаспадароў. Таксама нярэдка падлеткі крадуць мабільныя тэлефоны, забытыя ў грамадскіх месцах.
— Як бачым, дзеці часта карыстаюцца нашай бестурботнасцю, аднак у шэрагу выпадкаў многія падлеткі здзяйсняюць тую або іншую правіннасць, не задумваючыся пра яе грамадскую небяспечнасць, лічаць, што гэта гульня або жарт, — заўважае начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Іванавіч Янкоўскі. — Вось, напрыклад, хлопец мадыфікаваў інфармацыю, якая змяшчалася на старонцы яго сяброўкі — лічыў, што ў гэтым няма нічога страшнага, бо ён сам дапамагаў ствараць гэтую старонку, ведаў пароль. Між тым гэтыя дзеянні падлягаюць крымінальнай адказнасці.
Ёсць і іншыя тэндэнцыі, якія вызначаюць час, што прайшоў з пачатку года. Гэта, напрыклад, змяншэнне колькасці злачынстваў, якія непаўналетнія здзейснілі ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым практычна палову злачынстваў здзейснілі навучэнцы прафесійна-тэхнічных ліцэяў і каледжаў, больш за трэцюю частку — школьнікі і гімназісты. Самае цікавае, што ў вучэбны час (у будныя дні з 8 да 15 гадзін) падлеткі здзяйсняюць 23% злачынстваў, амаль палова з якіх — крадзяжы. Значна больш — 45% — злачынстваў адбываюцца ў пазаўрочны час у будныя дні, 31% злачынстваў — у выхадныя дні, частка — ноччу, калі падлеткі павінны знаходзіцца пад увагай бацькоў.
Што ж, як высвятляецца са статыстыкі, часта безнагляднасць падлеткаў і бестурботнасць дарослых прыводзяць да правапарушэнняў, а бывае, непаўналетнія нават не разумеюць, што робяць нешта супрацьпраўнае. Значыць, трэба заняць іх вольны час і растлумачыць тое, што незразумела, павысіць узровень ведаў.
ІСН на новы лад
Безумоўна, тлумачальных, агітацыйных, інфармацыйных мерапрыемстваў праводзіцца нямала. Бяда толькі, што прысутнічаюць на іх часта законапаслухмяныя падлеткі, а калі прыходзяць іншыя, то слухаюць, не задумваючыся, не аналізуючы атрыманыя звесткі, да інфармацыйных стэндаў наўрад ці падыходзяць. Работа са складанымі катэгорыямі непаўналетніх патрабуе і больш складаных, больш эфектыўных метадаў. А што можа быць цікавейшым для сучасных падлеткаў (ды і для многіх бацькоў, шчыра кажучы), чым сацыяльныя сеткі і месенджары? Таму супрацоўнікі органаў унутраных спраў актыўна задзейнічаюць гэтыя рэсурсы.
— З дапамогай старонак “УКантакце” супрацоўнікі інспекцый па справах непаўналетніх распаўсюджваюць шмат прафілактычнай інфармацыі, кожная інспекцыя стварыла сваю старонку, — гаворыць на гэты конт С.І.Янкоўскі. — А ў студзені 2017 года запушчаны інфармацыйны рэсурс для прафілактыкі і лячэння наркаманіі pomogut.by.
Асаблівай увагі патрабуюць падлеткі, з якімі ІСН праводзяць індывідуальна-прафілактычную работу. Для іх супрацоўнікі міліцыі арганізоўваюць спартыўныя мерапрыемствы, турыстычныя паходы. Так, у верасні прайшоў ужо трэці Рэспубліканскі турнір па міні-футболе “Разам да перамогі”. Змагаліся 7 каманд з удзелам непаўналетніх, з якімі вядзецца індывідуальна-прафілактычная работа, каманда з Магілёва наогул складалася з навучэнцаў спецыяльнага вучылішча закрытага тыпу.
Прадстаўнік МУС паведаміў і такую цікавую навіну: зараз адбываюцца змены ў арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх. Праводзіцца эксперымент па пераходзе ад занальнага прынцыпу работы ІСН, калі інспектар працуе на адміністрацыйным участку, як і ўчастковы міліцыянер, да лінейнага прынцыпу, калі асобныя супрацоўнікі спецыялізуюцца па пэўных відах работы. Зараз кожны інспектар на сваім участку выконвае абавязкі па ўсіх кірунках работы — займаецца агульнай прафілактыкай, індывідуальнай, разглядае заявы і звароты грамадзян і г.д.
— Новы метад дазволіць умацаваць агульнапрафілактычны складнік работы інспектараў, — лічыць С.І.Янкоўскі. — У інспекцыях па справах непаўналетніх будуць створаны групы, у тым ліку па правядзенні прафілактычнай работы, што дасць магчымасць часцей наведваць установы адукацыі і, адпаведна, павышаць якасць прафілактычнай работы. Гэта тычыцца і іншых напрамкаў работы. На нашу думку, лінейны метад павысіць прафесіяналізм супрацоўніка.
Эксперымент, дарэчы, пачаўся: для яго правядзення ў кожнай вобласці з 1 кастрычніка вызначаны 1 раён, працягнецца эксперымент да ліпеня 2020 года. Тады, напэўна, і будзе зразумела, ці варта яго распаўсюджваць. Ва ўсякім разе, жаданне адшукаць новыя, больш эфектыўныя метады работы з падлеткамі, радуе. Яшчэ адзін з такіх кірункаў — крокі да ювенальнай юстыцыі, замены для падлеткаў крымінальнай адказнасці (за выключэннем асабліва цяжкіх злачынстваў) на іншыя метады ўздзеяння, віды аднаўленчай работы. Сумесна з ЮНІСЕФ рэалізоўваецца праект па ўкараненні аднаўленчых падыходаў да непаўналетніх — зараз абмяркоўваецца канцэпцыя такой юстыцыі.
У школе і не толькі
У сістэме адукацыі традыцыйна рыхтуюцца і выдаюцца дапаможнікі па прафілактычнай рабоце з непаўналетнімі, сумесна з МУС арганізоўваюцца прафілактычныя акцыі, праводзіцца шмат бацькоўскіх сходаў, семінараў і канферэнцый па прафілактыцы. Напрыклад, не так даўно адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада па актуальных пытаннях дзейнасці сацыяльна-педагагічных цэнтраў і сацыяльна-педагагічнай службы ўстаноў адукацыі.
Што да вырашэння актуальных праблем на месцах, то ва ўсіх СПЦ краіны адкрыты аддзелы, сектары прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі, што дапамагае аказваць псіхалагічную падтрымку і дапамогу навучэнцам, схільным да дэвіянтных паводзін, і тым самым, як лічаць педагогі, скарачаць колькасць правапарушэнняў і злачынстваў.
— У 2018/2019 навучальным годзе па дапамогу ў сацыяльна-педагагічныя цэнтры звярнуліся 78 013 непаўналетніх, — расказвае метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна Уладзіміраўна Рамашка. — У Брэсцкай вобласці — 15 380 чалавек, у Віцебскай — 10 576, у Гродзенскай — 14 419 чалавек, у Гомельскай — 10 822, у Магілёўскай — 8930, у Мінскай — 9341, у Мінску — 8545 непаўналетніх.
Установы адукацыі ў плане прафілактыкі правапарушэнняў гэтак жа, як інспекцыі па справах непаўналетніх, не цураюцца эксперыментаў. Так, з 2018 года эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў рамках сацыяльнага партнёрства” рэалізоўваецца ў Віцебскай вобласці. На Гродзеншчыне праводзіцца эксперымент па апрабацыі тэхналогіі фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці суб’ектаў адукацыйных адносін у рамках дзейнасці школьных службаў медыяцыі, а ў сталіцы ўжо дзейнічае 11 школьных службаў медыяцыі на базе 8 раёнаў горада і ў гарадскім педагагічным каледжы. У СПЦ таксама працуюць педагогі, якія вучыліся па праграме “Школьная медыяцыя”. Яны, дарэчы, прымаюць удзел у судовых пасяджэннях. У Мінску вырашэнне канфліктаў з дапамогай медыяцыі палічылі настолькі перспектыўным кірункам, што ў гэтым навучальным годзе пачалі ажыццяўляць у некалькіх установах праект “Распрацоўка і ўкараненне рэгіянальнай мадэлі школьных службаў медыяцыі як механізма прафілактыкі і вырашэння канфліктных сітуацый ва ўстанове адукацыі”.
У Мінску ж арганізавалі міжнародны праект мабільнай работы з моладдзю для прафілактыкі дэвіянтных паводзін і сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі (гэты эксперымент заснаваны, у прыватнасці, на вулічнай і пошукавай рабоце). Што яшчэ можна вылучыць з не зусім прывычных форм работы з падлеткамі? Напрыклад, на базе СПЦ Савецкага раёна сталіцы функцыянуе дружалюбны да дзяцей пакой апытання, дзейнасць якога накіравана на дапамогу непаўналетнім у складанай жыццёвай сітуацыі.
Другі год на базе ўстаноў адукацыі Мінска і іншых рэгіёнаў рэалізоўваецца эксперыментальны рэспубліканскі праект “Апрабацыя мадэлі рэсурснага цэнтра для прафілактыкі дэвіянтных паводзін і сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі навучэнскай моладзі”. У сталіцы ў праекце ўдзельнічаюць сярэднія школы №№ 53, 10, цэнтры дадатковай адукацыі “Светач”, “Вікторыя”, СПЦ Першамайскага раёна. Гэта своеасаблівы працяг міжнароднага праекта па мабільнай рабоце з моладдзю, калі вывучаўся вопыт Германіі, у прыватнасці па стварэнні мабільных пакояў для моладзі. Гэта пакоі, дзе падлеткі бавяць час без нагляду сацыяльнага педагога або псіхолага (але ёсць дарослы, які курыруе работу пакоя), без прафілактычных гутарак і апытанняў. У такіх пакоях ёсць настольныя гульні, тут можна выпіць чаю, проста паразмаўляць.
У сталічных школах №№ 208, 9, цэнтры “Вікторыя” , СПЦ Партызанскага раёна і цэнтры, дружалюбным да падлеткаў, у 8-й гарадской дзіцячай паліклініцы такія пакоі створаны, у іх могуць прыходзіць не толькі навучэнцы пэўнай навучальнай установы, а любыя жадаючыя. Падобныя памяшканні сталі ўжо даволі папулярнымі, у іх прыязджаюць падлеткі нават з аддаленых раёнаў.
Асаблівую ўвагу ва ўстановах адукацыі ўдзяляюць развіццю маладзёжнага праваахоўнага руху ў рамках супрацоўніцтва з БРСМ. Толькі ў Мінску дзейнічае 27 маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, членамі якіх з’яўляюцца 348 навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. А шматлікія акцыі і мерапрыемствы, як устаноў адукацыі, так і органаў МУС, БРСМ, іншых грамадскіх арганізацый, закліканы прыцягнуць падлеткаў да карыснага і цікавага баўлення часу. Калі да агульных намаганняў актыўна далучаюцца і бацькі падлеткаў, то шансы дасягнуць поспеху ў прафілактычнай рабоце значна павышаюцца.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.