Выбіраючы дзіцячы сад, бацькі ў першую чаргу цікавяцца педагагічным калектывам дашкольнай установы, а ўжо потым прыглядаюцца да тэрыторыі вакол, абсталявання дзіцячых пляцовак. Безумоўна, можна лічыць гэта другасным у агульным развіцці малышоў. Аднак для фізічнага развіцця дзяцей, а таксама каб у іх было жаданне ісці ў сад, пляцоўкі павінны быць не толькі добра абсталяванымі, але і знешне прывабнымі.
Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, які знаходзіцца ў Барысаве, ужо на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца адным з самых лепшых па добраўпарадкаванні ў раёне. І гэта, безумоўна, дзякуючы намаганням педагагічнага калектыву ўстановы.
Паравозік з Рамашкава і домік Віні Пуха
Летам упраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама аб’явіла правядзенне раённага агляду-конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі сярод дашкольных і сярэдніх навучальных устаноў. У намінацыі па знешнім азеляненні дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці заняў 1-е месца. Зрэшты, работа па добраўпарадкаванні, незалежна ад таго, удзельнічае ўстанова ў нейкім конкурсе ці не, ажыццяўляецца тут штогод. Прычым пачынаецца яна яшчэ ранняй вясной, а заканчваецца глыбокай восенню.
“Добраўпарадкаваная тэрыторыя — гэта твар любой навучальнай установы. Наш цэнтр заўсёды імкнецца быць прыгожым. І нам ёсць для каго старацца. Сёння ў цэнтры выхоўваюцца 263 хлопчыкі і дзяўчынкі. А яшчэ на базе ўстановы дзейнічаюць 2 першыя класы гімназіі № 3, — расказвае загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Таццяна Мікалаеўна Станкевіч. — Усяго ў нас працуюць 24 педагогі”.
За лета, пакуль праводзіўся раённы конкурс, на тэрыторыі цэнтра з’явілася актуальнае графіці: на ўсю сцяну кладоўкі намалявана карціна, якая вучыць дзяцей правільна абыходзіцца з агнём, а ў выпадку няшчаснага здарэння званіць выратавальнікам.
“Графіці ў ДЦРД — гэта не выпадковасць, — тлумачыць загадчык дашкольнай установы. — Мы прымаем удзел у конкурсе, аб’яўленым раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Падводзіць вынікі конкурсу планавалася напрыканцы лета, але з улікам таго, што да спаборніцтва далучыліся не толькі шматлікія сады, але і школы, пераможцы будуць аб’яўлены ў канцы верасня. Наша работа атрымалася вельмі дастойнай, і цэнтр спаборнічае не з дашкольнымі, а з сярэднімі навучальнымі ўстановамі”.
Значную ролю ў добраўпарадкаванні тэрыторыі адыгрывае папячыцельскі савет. Пасяджэнні папячыцельскага савета, як расказала Таццяна Мікалаеўна, адбываюцца 2 разы ў год.
“Бацькі аказваюць значную дапамогу ў набыцці пэўнага абсталявання. Што тычыцца малых скульптурных форм, якія знаходзяцца на тэрыторыі ўстановы, іх таксама дапамагае набываць тата нашага былога выхаванца. Ён наладзіў вытворчасць гэтых прадметаў, і нам вельмі прыемна, што нават тады, калі дзеці пакідаюць садок, бацькі нас не забываюць”, засяродзіла ўвагу Т.Станкевіч.
Добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторыі цэнтра мамы і таты займаюцца ахвотна. Вясной, згодна з гадавым планам развіцця, ва ўстанове быў аб’яўлены конкурс на лепшы ўчастак. Безумоўна, разам з выхавальнікамі бацькі таксама былі зацікаўлены ў тым, каб лепш за ўсё добраўпарадкаваць пляцоўку для дзяцей.
“Мамы і таты актыўна ўдзельнічалі ў суботніках, а ў выхадныя і будні займаліся гульнявым абсталяваннем на ўчастку, працягвае загадчык установы. Дзякуючы актыўнаму ўзаемадзеянню татаў, мам і выхавальнікаў, групы № 5 і № 7 перамаглі ў конкурсе. Пясочніца, лавачкі, сталы, якія размешчаны на ўчастках кожнай з груп — пераможцаў конкурсу, былі зроблены бацькамі. У мінулым годзе ў нас праводзіўся конкурс па вырабе шпакоўняў. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу бацькоў, на тэрыторыі цэнтра з’явіўся адмысловы птушыны гарадок, вельмі прыгожы і арыгінальны. Цяпер вясной сюды прылятаюць птушкі і радуюць дзетак. Любы конкурс, які праводзіцца ў цэнтры, стымулюе не толькі педагогаў. Конкурсы аб’ядноўваюць бацькоў. Калі яны разам прымаюць удзел у добраўпарадкаванні той тэрыторыі, пляцоўкі, дзе гуляюць іх дзеці, то знаёмяцца, вучацца раздзяляць абавязкі, а гэта ў будучыні дапамагае вырашаць пытанні, якія на працягу навучальнага года ўзнікаюць у групах. Бацькі, і гэта прыемна, ніколі не адмаўляюцца ад удзелу ў конкурсах, а іх мы праводзім дастаткова часта. У мінулым годзе мамы разам з дзецьмі рабілі невялічкія кніжкі сваімі рукамі. Можна было складаць тэматычныя кніжкі з вершамі ці загадкамі. Ілюстрацыі таксама малявалі самі. Па выніках конкурсу мы ўручалі ганаровыя граматы”.
Тое, што далучаць да сумеснай творчасці з дзецьмі трэба і бацькоў, упэўнена таксама класны кіраўнік групы № 5 “Мішутка” Вераніка Барздакова.
“Сёлета наша група перамагала ў конкурсе пляцовак, — кажа Вераніка Алегаўна. — Калі Таццяна Мікалаеўна аб’явіла пераможцаў, я сказала сваім бацькам, што гэта наша агульная перамога. Толькі дзякуючы сумесным ідэям і іх увасабленню ў жыццё, на тэрыторыі нашай пляцоўкі з’явіўся паравозік з Рамашкава, паравозік-клумба, выкананы з драўляных скрынак, новы стол, лавачкі, пясочніца, а таксама Віні-Пух са сваёй кампаніяй — Ослікам, Парасём і Савой. Акрамя суботнікаў, добраўпарадкавання тэрыторыі, бацькі нашай групы прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах, якія праводзяцца ў цэнтры. Лічу, што сумесная творчасць адыгрывае важную ролю ў развіцці асобы дзіцяці. Малышам падабаецца тварыць разам з мамамі і татамі, і пра гэта яны з задавальненнем расказваюць мне”.
На экалагічнай сцежцы
У кастрычніку ў Барысаве адбудуцца абласныя “Дажынкі”. Рыхтуюцца да гэтага свята і дзіцячыя садкі. У прыватнасці, на тэрыторыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці з’явіўся новы арт-аб’ект — гарадок з домікаў. Ён выкананы з устойлівага пластыку, таму ніякія сюрпрызы надвор’я для яго нястрашныя. Сёння гарадок размяшчаецца на цэнтральнай клумбе, і штодня ім могуць любавацца ўсе дзеці і бацькі.
“Гарадкі рыхтаваліся на працягу зімы, і галоўным патрабаваннем было тое, каб матэрыял быў бяспечны для дзяцей. А напярэдадні, восенню, мы садзілі мнагалетнія расліны, каб удала скампанаваць клумбу з новым арт-аб’ектам. Разам з педагагічным калектывам цэнтра прадумалі ўсё да дробязей, ведалі, дзе і якія кветкі пасадзім. Вясной, калі расліны ўзышлі і пачалі цвісці, убачылі, як прыгожа спалучаюцца ўсе нашы ідэі. Домік ідэальна ўпісаўся ў кветніку. Але нас радуе не толькі гэта. Прыемна, што, дзякуючы такому стараннаму падыходу да азелянення і добраўпарадкавання, наш цэнтр лічыцца адным з самых прыгожых у горадзе. Дарэчы, насенне для клумб мы збіраем не толькі самі, яго нам прыносяць бацькі”.
Асаблівая ўвага ў цэнтры ўдзяляецца гаспадарчай дзейнасці. На агародзе кожная група мае сваю градку. Якія культуры на іх будуць вырошчвацца, загадзя абмяркоўваецца выхавальнікамі.
“Гаспадарчая дзейнасць іграе значную ролю ў развіцці і выхаванні дзяцей. Малышы дапамагаюць педагогам высаджваць пэўныя культуры, а пасля назіраюць за тым, як яны ўзыходзяць. Дзеткам вельмі цікава назіраць, як з’яўляюцца першыя плады. Не меншую цікавасць выклікае і збор ураджаю, — тлумачыць Т.М.Станкевіч. — Усе назіранні фіксуюцца ў спецыяльных дзённіках, якія ёсць у кожнай групе. Запісы вядуцца згодна з часавымі рамкамі: дашкольнікі пазначаюць, што і ў які перыяд адбываецца з раслінамі. Пасля, безумоўна, усё, што вырастае, выкарыстоўваецца для гатавання салатаў”.
У ДЦРД разбіта экалагічная сцежка. Летам дзеці многа гуляюць на вуліцы. Увесь час знаходзіцца толькі на сваёй пляцоўцы не вельмі цікава, таму былі створаны ўмоўныя балота, лес, калгасны двор, метэастанцыя, пчальнік, фітаградка. Для падарожжа па кожным маршруце існуе свой сцэнарый, аснову якога складаюць рухавыя гульні і мастацкае слова. Таццяна Мікалаеўна запэўніла, што экалагічныя маршруты будуць пашырацца, таму што гэта карысна для эстэтычнага выхавання, а таксама для развіцця мастацкага густу ў выхаванцаў.
“Сцежка будзе пашырацца ў асноўным за кошт новых арт-аб’ектаў, усё набудзе сучасныя рысы, — расказвае пра асаблівасці экалагічнага выхавання Т.М.Станкевіч. — У нас абавязкова з’явяцца жывёлы лесу, а таксама прадстаўнікі воднага свету. Аб’екты будуць выкананы са зносаўстойлівага пластыку. Сёлета ў нас з’явіўся спартыўны банер, які размясціўся на адным з участкаў экалагічнай сцежкі. А дэкаратыўны пчальнік, які з’яўляецца адным з аб’ектаў сцежкі, прапанаваў зрабіць дзядуля аднаго з нашых выхаванцаў. Ён таксама дапамог апрацаваць вуллі, каб сюды не зляталіся пчолы. Дзеткі, дзякуючы пчальніку, упершыню даведаліся, хто такія пчолы і дзе яны жывуць. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць наш сад, ніколі не выязджалі ў вёску, таму не ведалі такіх асаблівасцей”.
У найбліжэйшых планах па добраўпарадкаванні тэрыторыі — упрыгажэнне цэнтральнага ўвахода. Спецыяльна для гэтага яшчэ ў мінулым годзе калектыў цэнтра ездзіў у гадавальнік раслін, каб заказаць расаду туй, елачак і іншых дрэў, якія нададуць тэрыторыі ўстановы яшчэ большую адметнасць.
Зімой афармленне цэнтра мяняецца, і буслік, які стаіць на ўваходзе, хаваецца, на яго месцы з’яўляецца снегавік, выкананы з пластыку. Да таго ж навагодняя ёлка, пад якой расстаўлены каробкі з падарункамі, упрыгожвае тэрыторыю цэнтра.
На здароўі не эканомяць
Для развіцця любой установы адукацыі, а таксама для падтрымання ў ёй парадку, неабходны значныя капіталаўкладанні. Але добры заробак прыносіць і пазабюджэтная дзейнасць.
“У цэнтры працуюць шматлікія гурткі, а таксама басейн, — расказвае пра пазабюджэтную дзейнасць Таццяна Мікалаеўна. — У басейн прыходзяць навучэнцы 1 класа гімназіі. Займаюцца яны, у адрозненне ад нашых выхаванцаў, на платнай аснове. З грошай, заробленых дзякуючы гурткам, мы пастаянна аднаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу, набываем пэўнае абсталяванне. Напрыклад, вясной для пляцовак, дзе гуляюць дзеткі з ясельных груп, купілі дэльфінчыкаў — качалкі на спружынках”.
Таццяна Мікалаеўна расказала, што патрабуе абнаўлення і абсталяванне ў харчаблоках. За грошы, заробленыя з пазабюджэтнай дзейнасці, цэнтр змог толькі памяняць пашпарты па вентыляцыі, закупіць новае халадзільнае абсталяванне, а таксама памяняць фільтр для вады.
“Фільтр для вады мяняем кожныя 3 месяцы, як патрабуюць санітарныя нормы, — тлумачыць Т.М.Станкевіч. — Набываем яго за кошт заробленых дзякуючы пазабюджэту сродкаў. Замена фільтра каштуе 350 рублёў у квартал. Гэта немаленькая сума, але на здароўі дзяцей мы не эканомім. Ачышчаная вада выкарыстоўваецца для гатавання ежы, а таксама паступае для піцця ў групы. Што тычыцца харчавання, нормы па ім выконваюцца. Хочацца, каб у цэнтры з’явіўся параканвектамат. Пакуль яго няма, ежа гатуецца на пліце. Тым не менш мы абыходзімся тым, што ёсць, і не парушаем тэхналогію гатавання страў. Нашы дзеткі заўсёды накормлены, а бацькі задаволены”.
Прынамсі, задаволены бацькі не толькі тым, як кормяць іх дзяцей, але і тым, што дзейнасць па добраўпарадкаванні і азеляненні, якой у цэнтры ўдзяляецца шмат увагі, накіравана на працоўнае выхаванне дзяцей, прывіццё ім эстэтычнага густу.
Таццяна Мікалаеўна Станкевіч трапна заўважыла, што добраўпарадкаванне тэрыторыі і гаспадарчая дзейнасць накіраваны не толькі на развіццё дзіцяці, узбагачэнне практычных ведаў і навыкаў, гэта яшчэ і аб’яднальная ідэя для ўсяго калектыву, і выхаванне беражлівых адносін да прыроды. Зрэшты, гэта імідж цэнтра.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.