Традыцыйная сталічная дабрачынная акцыя “ Збяром партфель першакласніку ”, да якой далучаюцца многія грамадскія арганізацыі, асобныя дабрачынцы, стартавала даўно, а нядаўна яна завяршылася ўрачыстым мерапрыемствам. Мінская гарадская арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” удзельнічае ў ёй гадоў дзесяць — столькі, колькі існуе сама. 2019-ы не стаў выключэннем.
— Мінская гарадская арганізацыя Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў звяртаецца да нераўнадушных людзей з просьбай дапамагчы вялікім сем’ям, у якіх ёсць першакласнікі, — расказала намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі РАА “Белая Русь” Людміла Васільеўна Шыпай. — У акцыі ўдзельнічаем мы, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, іншыя аб’яднанні і любыя жадаючыя.
Сёлета гарадская арганізацыя “Белай Русі” заключыла дагавор і набыла 50 рукзакоў айчыннай вытворчасці для хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў, якія ўпершыню ідуць у школу. Гэта зручныя, якасныя, прыгожыя ранцы з артапедычнай спінай.
Мнагадзетным сем’ям у Беларусі аказваюць падтрымку і дзяржава, і грамадскія арганізацыі. Так, адзін з відаў падтрымкі — аднаразовая матэрыяльная дапамога да навучальнага года. Яна выдзяляецца са сродкаў мясцовых бюджэтаў сем’ям, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей да 18 гадоў, на кожнага навучэнца ўсановы агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі) — да 30% бюджэту пражытачнага мінімуму. Напрыклад, у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці яна сёлета склала 50 рублёў на дзіця. А мнагадзетных сем’яў на Чэрвеньшчыне многа — толькі ў сярэдняй школе № 1 Смілавіч іх 62. Ёсць сярод іх такія, дзе выхоўваюцца 7—8 дачок і сыноў.
— Нягледзячы на абмежаваныя фінансавыя магчымасці, мы стараемся ўдзельнічаць у многіх дабрачынных акцыях, — тлумачыць Людміла Васільеўна.
Акрамя рукзакоў, сталічныя першакласнікі ад “Белай Русі” атрымалі кніжкі беларускай пісьменніцы Наталлі Ігнаценка, якая плённа супрацоўнічае з арганізацыяй. Таксама для дзяцей аб’яднанне падрыхтавала флікеры са сваім лагатыпам, блакноты, сцяжкі, вееры для гарачага надвор’я.
Падарункі ад Мінскай гарадской арганізацыі РАА “Белая Русь” і іншых дабрачынцаў дзеці з мнагадзетных сем’яў, якім неабходна дапамога, атрымалі днямі ў святочнай атмасферы ў сталічным кінатэатры “Піянер”, што таксама традыцыйна прымае акцыю і арганізоўвае для першакласнікаў і іх бацькоў кінапаказ. Сёлета яго гасцямі сталі каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак, якім уручылі і ранцы, і канцылярскія прылады, і ласункі, і іншыя падарункі, у тым ліку ахвяраваныя пакупнікамі буйных сталічных універмагаў — удзельнікамі акцыі “Збяром партфель першакласніку”. Атрымалася цудоўнае свята, і дзеці адчулі сябе сапраўднымі школьнікамі.
— Гэта вялікая добрая справа, якая гаворыць пра кансалідацыю грамадства, аб’ядноўвае людзей, — пераканана мая суразмоўніца. — Мы ўдзельнічаем у ёй і як гарадское аддзяленне, і сіламі нашых раённых арганізацый у Мінску, так што на самай справе падарункі атрымае большая колькасць сем’яў, якім неабходна дапамога і якія знаходзяцца ў групе рызыкі, напрыклад, тыя, што апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мы ў гэтым плане цесна супрацоўнічаем з упраўленнямі адукацыі, дзе заўсёды падказваюць, каму неабходна падтрымка. Таксама мы падтрымліваем мнагадзетныя сем’і ў маі, калі адзначаецца Дзень сям’і, які асабліва ярка праводзіць наша арганізацыя ў Ленінскім раёне сталіцы. А кіраўнікі мінскіх раённых арганізацый “Белай Русі” з’яўляюцца членамі і кіраўнікамі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, наведваюць сем’і, працуюць з цяжкімі падлеткамі. Амаль кожны год дапамагаем рабоце палатачных лагераў для такіх школьнікаў. Так што “Белая Русь” не абмяжоўваецца адзінкавымі акцыямі ў падтрымку сем’яў, работа з імі — наш пастаянны клопат.
1 верасня актывісты гарадской арганізацыі “Белай Русі” накіруюцца ў школы, каб на традыцыйных лінейках уручыць навучэнцам флікеры ў рамках сваёй акцыі “За бяспеку дзяцей на дарогах”. Невялікі, але такі важны падарунак захавае хлопчыкаў і дзяўчынак ад небяспекі ў цёмны час сутак.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.