Здаровы рацыён: навучыцца і навучыць

Карысна, смачна, бяспечна — здаецца, усё проста. Але толькі здаецца, асабліва калі гаворка ідзе пра харчаванне дзяцей. Карыснае ім часта здаецца нясмачным, а смачным яны лічаць тое, што зусім не карысна ці ўвогуле небяспечна для здароўя. Над тым, каб прывесці ў гармонію ўсе названыя складнікі і пры гэтым захаваць натуральныя і санітарныя нормы, працуюць арганізатары харчавання, дыетолагі, кухары, навукоўцы. Змены адбываюцца паступова, і многія з іх радуюць.

На першае…

У Навукова-практычным цэнры гігіены праводзіліся даследаванні харчавання розных катэгорый насельніцтва Беларусі, у тым ліку дзяцей. Адной з асноўных адмоўных характарыстык, якія выявілі даследчыкі, аказалася залішняе ўжыванне насычаных тлушчаў, у шэрагу выпадкаў адзначалася недастатковае атрыманне энергіі з ежы, дысбаланс харчовых рэчываў. А найбольшыя негатыўныя характарыстыкі былі выяўлены сярод асоб старэйшага ўзросту і школьнікаў, асабліва сярод падлеткаў. Практычна для ўсіх узроставых груп характэрна недастатковая колькасць кальцыю ў рацыёне, зніжана ўжыванне вітаміну D, шэрага іншых вітамінаў. У жанчын фертыльнага ўзросту зніжана колькасць жалеза.

— Зараз ва ўсім свеце назіраецца рост неінфекцыйных захворванняў, тое ж — у Беларусі. У сувязі з гэтым у Дзяржаўнай праграме “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады” вылучана падпраграма па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў, дзе пэўнае месца займаюць пытанні харчавання, — заўважае вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірына Іванаўна Кедрава. — Харчавання насельніцтва ў цэлым і, канечне, харчавання дзяцей: зніжэнне ўжывання цукру, солі, насычаных тлушчаў, трансізамераў тлустых кіслот.

На сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь у Мінску спецыяліст нагадала, што важнымі з’яўляюцца і разнастайны рацыён, і рэжым харчавання, асабліва для дзяцей школьнага ўзросту, калі завяршаецца фарміраванне шкілета, мускулатуры, адбываецца рэзкая нервова-гумаральная перабудова, шэраг іншых змен. Асноўныя прынцыпы харчавання дапаўняюцца патрабаваннямі адэкватнай кулінарнай апрацоўкі прадуктаў, улікам індывідуальных асаблівасцей дзяцей, бо ў асобных выпадках адзначаецца непераноснасць прадуктаў. Таксама важна захоўваць бяспеку харчавання: выконваць санітарныя нормы, тэрміны захоўвання прадуктаў, правілы іх перавозкі і г.д.

Галоўны пазаштатны дыетолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Марына Валянцінаўна Папова падтрымлівае калегу, заўважаючы пры гэтым, што апошнім часам у рацыёне беларусаў зменшылася колькасць хлеба, бульбы. А вось рост ужывання мяса, агародніны, садавіны ідзе недастаткова высокімі тэмпамі. Многія беларусы па-ранейшаму занадта многа выкарыстоўваюць у ежы цукру, солі, рафінаваных вугляводаў, а значыць, падаюць дрэнны прыклад дзецям. Здаровае харчаван­не — гэта яшчэ і правільны пітны рэжым, які ўстанаўліваецца індывідуальна (30 мілілітраў вадкасці на кілаграм вагі цела ў сярэднім, але ўсё індывідуальна).

Што яшчэ важна ведаць пра здаровы рацыён? Бялкі павінны забяспечваць 15% сутачнай каларыйнасці харчавання, прычым маюцца на ўвазе як раслінныя (а іх шмат, напрыклад, у такіх карысных прадуктах, як грэчка і арэхі), так і жывёльныя бялкі. Тлушчы ў ідэале павінны складаць каля 30% сутачнай каларыйнасці, зноў жа як жывёльныя, так і раслінныя. На долю вугляводаў прыходзіцца большая частка энергетычнай забяспечанасці рацыёну — да 50%. Галоўнае — ужываць карысныя вугляводы, якія змяшчаюцца ў агародніне, садавіне, злаках грубай апрацоўкі.

Статыстыка, дарэчы, паказвае: 40% жыхароў Беларусі лічаць, што яны вядуць здаровы лад жыцця, у тым ліку ў плане харчавання, але столькі ж, 40%, называюць асноўнай прычынай адсутнасці матывацыі да такога ладу жыцця не недахоп сродкаў або ведаў, а недахоп уласнай настойлівасці і ўпартасці. Калі ж дарослы не можа арганізаваць здаровае жыццё для сябе, як ён зробіць гэта для сваіх дзяцей?

На другое…

Санітарныя ўрачы, прынамсі, нагадваюць і пра тое, што прынцыпы дзіцячай дыетэтыкі патрабуюць, каб ежа была ашчаджальнай па хімічным складзе: без выкарыстання вострых прыпраў, воцату, тлустых гатункаў мяса і г.д. Па спосабах гатавання перавага аддаецца варцы, тушэнню, гатаванню на пары, запяканню. Неабходна выкарыстоўваць набор прадуктаў, адэкватны ўзросту дзіцяці, каб задаволіць яго патрэбы ў харчовых рэчывах і энергіі. Так, мяса, свежая агародніна, садавіна, малако і кісламалочныя прадукты павінны ўключацца ў рацыён дзіцяці кожны дзень, рыба, тварог — 2—3 разы ў тыдзень.

Усе гэтыя моманты ва ўстановах адукацыі ўлічаны ў прыкладных рацыёнах харчавання, якія распрацоўваюцца мінімум на два тыдні. І, канечне, гігіеністы адсочваюць такі паказчык, як бяспечнасць харчавання: захоўванне гатовай ежы ў школьных сталовых — не больш, чым на дзве гадзіны, не дапускаецца гатаванне небяспечных у эпідэміялагічным сэнсе страў (паштэтаў, морсаў уласнага гатавання, блінчыкаў з сырым фаршам і г.д.). Ужо больш за 15 гадоў, як Міністэрства аховы здароўя забараніла выкарыстоўваць ва ўстановах адукацыі небяспечныя для здароўя прадукты: чыпсы, салодкія газіраваныя напіткі, вырабы, згатаваныя ў фрыцюры, і інш. Каўбасныя вырабы, сасіскі могуць выкарыстоўвацца толькі найвышэйшых гатункаў і ў абмежаванай колькасці — у асноўным не часцей за раз у тыдзень.

Распрацаваны і прыкладны пералік буфетнай прадукцыі, які накіраваны на карэкцыю мікра-  і макранутрыентнай недастатковасці харчавання дзяцей. У яго якраз уваходзіць павялічаны аб’ём рэалізацыі сокаў, напіткаў з пладоў шыпшыны, малочных прадуктаў, абагачаных вітамінамі, салатаў. А рэалізацыя піцы, сасісак у цесце, смажанак абмежавана. І калі дзецям прапануюцца піражкі, то медыкі настойваюць, каб яны былі з карыснымі начынкамі: курагой, яблыкамі, капустай.

Летась Міністэрства аховы здароўя выступіла з новай ініцыятывай па зніжэнні ў рацыёне школьнікаў солі на 30—35%, цукру — на 20—25%. Работа пачалася з перапрацоўкі рэцэптуры салодкіх страў, асобных мучных вырабаў.

Важна і тое, на якім абсталяванні, у якіх умовах кухары гатуюць ежу для школьнікаў. Пра гэта таксама ведаюць спецыялісты цэнтраў гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Так, штогод рамантуецца да 100 школьных харчовых блокаў, набываецца новае абсталяванне.

— Сёння прыкладна ў 20% устаноў адукацыі выкарыстоўваюцца параканвектаматы, тады як 2 гады назад іх было ў 2 разы менш, — расказвае ўрач-гігіеніст аддзялення дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ангеліна Міхайлаўна Міцковіч. — Каля 90% аб’ектаў харчавання навучальных устаноў забяспечаны механізаванай рэзкай агародніны. Свой плён дае і маніторынг аб’ектаў харчавання: колькасць тых, дзе ёсць парушэнні, зменшылася ў 1,5—2 разы, у тым ліку стала менш парушэнняў на адзін аб’ект, менш прадукцыі, забароненай да рэалізацыі. У 2 разы знізілася колькасць нестандартных рацыёнаў.

Між іншым у мінулым навучальным годзе ў Мінску нагляднымі мерапрыемствамі санітарныя службы ахапілі ўсе харчовыя блокі ўстаноў адукацыі, многія — неаднаразова. Для выканання прадпісанняў органаў санітарнага нагляду да новага навучальнага года зроблены значныя  рамонтныя работы (замена пліткі, інжынерных камунікацый, тэхналагічнага абсталявання і г.д.) харчовых блокаў 30 устаноў, на ўсіх іншых блоках зроблены касметычны рамонт. Усё абсталяванне на харчовых блоках спраўнае, параканвектаматы ўстаноўлены ў блоках 132 сталічных школ, 18 з іх — да новага навучальнага года, а значыць, гэтым сучасным абсталяваннем забяспечаны 56% школ Мінска.

На трэцяе…

Харчаванне навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Мінску арганізоўвае 251 аб’ект грамадскага харчавання ў гэтых установах. Да пачатку 2019/2020 навучальнага года распрацавана новае адзінае двухтыднёвае меню для навучэнцаў 1—11 класаў, якія атрымліваюць харчаванне за кошт рэспубліканскага бюджэту, і такое ж меню для тых вучняў 5—11 класаў, якія харчуюцца за грошы бацькоў.

У аснове распрацаваных рацыёнаў — рэцэпты са спецыяльнага зборніка, а таксама фірменныя стравы і вырабы, зацверджаныя ў адпаведнасці са стандартам.

— Каб максімальна ахапіць школьнікаў гарачым харчаваннем і з улікам іх густу, спецыялісты камбіната школьнага харчавання Мінска ў мінулым навучальным годзе распрацавалі каля 30 новых сучасных страў на прынцыпах здаровага харчавання, — гаворыць намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Марына Ула­дзіміраўна Дзьякава. — Стравы, якія асабліва спадабаліся дзецям, уключаны ў адзінае восеньскае меню. Тэхнолагі распрацавалі новыя стравы і да новага навучальнага года, іх тэхналагічная прапрацоўка зараз праводзіцца. А ў рамках супрацоўніцтва з Навукова-практычным цэнтрам па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук  у меню будуць уключаны булачныя вырабы, абагачаныя вітамінамі A, E, D, кальцыем і магніем. У восеньскі рацыён школьнікаў, якія атрымліваюць бясплатнае харчаванне, уключаны такі прадукт, як “Гематагеша”.

Каб дзіця атрымлівала бясплатнае харчаванне ў школе, бацькам, чые дзеці маюць на гэта права, неабходна па­даць адпаведныя дакументы да 31 жніўня. Хаця, калі не паспелі, можна падаць дакументы і ў іншы час, але харчавацца бясплатна дзіця пачне пазней — пасля разгляду дакументаў.

У Мінску, дарэчы, больш за 96% школьнікаў атрымліваюць гарачае харчаванне, яго кратнасць пры гэтым вызначаецца працягласцю знаходжання дзіцяці ў школе — 1, 2 або 3 разы.

— За кошт бюджэту ў Мінску ў мінулым навучальным годзе харчаваліся  55,9% школьнікаў, — адзначае начальнік аддзела выхаваўчай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Віктараўна Рысявец. — Мы імкнёмся, каб харчаванне за кошт бацькоўскіх сродкаў каштавала не больш, чым 2,5 рубля. Нагадаю, што ўсе навучэнцы пачатковых класаў харчуюцца бясплатна. 

Прадугледжана ў сталічных школах і меню свабоднага выбару для тых, хто аплачвае харчаванне сам, а ў кожным гарадскім раёне вызначаны базавыя школы, дзе адпрацоўваюцца вырыятыўныя меню, новыя стравы і дзе на аснове меркаванняў дзяцей і бацькоў вырашаецца, ці ўключаць іх у адзінае меню. У некалькіх школах правяраецца на жыццяздольнасць такі эксперыментальны варыянт арганізацыі харчавання, як шведскі стол, дакладней, яго элементы.

Дык што любяць дзеці? Мінскія школьнікі ўпадабалі рол “Маленькі Цэзар”, у склад якога ўваходзяць курыца, капуста, памідоры, сыр, соус са смятаны і тонкі лаваш. Сёлета КШХ прапануе яшчэ адзін падобны рол — “Маленькі Цэзар арыгінальны”. Папулярныя новыя стравы — запяканка з рыкоты, катлеты “Выдатнік” са свініны і курыцы, “Карпыч”, склад якой зразумелы з назвы.  Усе новыя стравы адпавядаюць прынцыпам здаровага харчавання, дзіцячай дыетэтыкі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.