Цяжка ўявіць сабе школьнае і студэнцкае лета без работы ў аздараўленчых лагерах педагагічных і валанцёрскіх атрадаў. 29 студэнцкіх педатрадаў, членамі якіх з’яўляюцца больш за 400 чалавек, створана сёлета ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Шаснаццаты сезон будзе працаваць валанцёрскі атрад “Дзеці сталіцы”, які арганізоўвае адпачынак і занятасць школьнікаў. 60 студэнтаў гатовы дапамагаць у правядзенні ўступнай прыёмнай кампаніі ва ўніверсітэце. Частка студэнтаў (больш за 80) папрацуе на добраўпарадкаванні інтэрнатаў і вучэбных карпусоў да новага навучальнага года. Акрамя гэтага, 406 чалавек задзейнічаны ў якасці валанцёраў і 71 у якасці сцюардаў на ІІ Еўрапейскіх гульнях.
Работа для лепшых
— У склад педагагічных атрадаў уваходзяць лепшыя студэнты, якія добра вучацца, актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю, — расказвае Святлана Мікалаеўна Маліноўская, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ. — Гэта лідары студэнцкага самакіравання, актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прафсаюзныя лідары, удзельнікі валанцёрскіх аб’яднанняў, выпускнікі педагагічных класаў — дзяўчаты і хлопцы, якія праяўляюць сябе не толькі летам у складзе атрада, але і на працягу года.
Амаль увесь год ва ўніверсітэце вядзецца падрыхтоўка да трэцяга працоўнага семестра. У лістападзе — снежні пачынаюцца перагаворы з адміністрацыямі летнікаў, паступова фарміруюцца склады атрадаў. З сакавіка праводзяцца школы важацкага майстэрства, дзе студэнты знаёмяцца з методыкамі работы з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах і ідзе работа па камандаўтварэнні, згуртаванні членаў атрадаў. Будучыя выхавальнікі вывучаюць даўрачэбную дапамогу і тэхніку бяспекі, формы арганізацыі вольнага часу дзяцей, тут жа выбіраюцца камандзіры і камісары з ліку вопытных студатрадаўцаў. Цікава, што атрад БДПУ “Ветразь” запрашае ў сваю школу важацкага майстэрства студэнтаў іншых УВА сталіцы, напрыклад, БНТУ, МДЛУ.
У школе важацкага майстэрства праходзяць карпаратыўныя мерапрыемствы для згуртавання калектыву, трэнінгі. Асабліва важныя такія школы, канечне, для першакурснікаў, бо ў іх пакуль няма вопыту работы ў летніках, у адрозненне ад старэйшых таварышаў. Пачаткоўцам, зразумела, няпроста. Аднак які каласальны вопыт, якую ўпэўненасць у сваіх сілах, штуршок да развіцця дае работа ў лагеры, як дапамагае выявіць свае слабыя месцы і заняцца іх шліфаваннем! Знаходзячыся 24 гадзіны ў суткі на рабоце з дзецьмі, навучышся многаму: гэта ўзаемадзеянне не толькі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, але і з адміністрацыяй лагера, і з бацькамі дзяцей. У першакурснікаў ёсць цудоўныя прыклады прафесійнага росту, які шмат у чым адбыўся дзякуючы рабоце ў педагагічным атрадзе. Вось адзін з іх: студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі Арына Захарава сезон папрацавала байцом “Ліры”, а сёлета яе ўжо выбралі камандзірам.
— Дзейнасць педатрадаў спрыяе практыкаарыентаванасці навучання, павышэнню агульнай прафесійнай кампетэнтнасці будучага педагога. Сёлета ва ўніверсітэце ў складзе атрадаў ёсць студэнты, якія скончылі першы курс пасля паступлення з педкласаў і едуць працаваць у лагеры. У іх высокая матывацыя да такой работы, і яна для ўдзельнікаў педатрадаў — свята, — пераканана Святлана Мікалаеўна. — Пацвярджэннем таго, што нашы педагагічныя атрады добра працуюць і іх члены дастаткова падрыхтаваны да работы, з’яўляецца шматгадовае супрацоўніцтва з многімі летнікамі, у тым ліку з вельмі вядомымі. У першую чаргу гэта, безумоўна, НДЦ “Зубраня”. Прынамсі, атрад “Сузор’е”, які працуе ў Нацыянальным аздараўленчым цэнтры, сёлета адзначае сваё 5-годдзе, якраз у год 50-годдзя лагера.
Не сакрэт, што і аплата працы — адзін з матываў, які падштурхоўвае студэнтаў да работы ў атрадах. Зарплаты нядрэнныя (гэта можа быць і 400 рублёў за змену, і больш) — рэпутацыя ў тутэйшых педагагічных атрадаў выдатная, і працаваць з імі імкнуцца многія. Так, з аздараўленчым комплексам “Спадарожнік” Мінскрамбуда педатрад з БДПУ працуе сёлета дваццаты сезон. Шмат гадоў педатрады БДПУ ездзяць у летнікі “Барок” ААТ “МАПІД”, аздараўленчы комплекс “Ракета”, дзіцячы аздараўленчы лагер “Лясны” Мінскага холадакамбіната № 2, спартыўна-аздараўленчы комплекс “Брыганціна” і іншыя лагеры. Нарэшце, прыязджаючы ў добры лагер, дзе працуюць педагогі са стажам, студэнты маюць магчымасць пераймаць у іх вопыт, што, безумоўна, важна для будучых настаўнікаў.
На карце студатрадаўскага руху з’яўляюцца і новыя адрасы. Летась педатрад “Жамчужына” ўпершыню паехаў у дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр з такой жа назвай у Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Супрацоўніцтва спадабалася абодвум бакам, і сёлета “Жамчужына” зноў у “Жамчужыне”. Дарэчы, гэты педатрад таксама навічок сярод педатрадаў універсітэта — створаны летась, а курыруе яго С.М.Маліноўская. Ёсць ва ўніверсітэце і атрад, які працуе ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў “Расток” у Астрашыцкім Гарадку.
Адпачынак і развіццё
Валанцёрскі праект БДПУ “Дзеці сталіцы” мае за плячыма 15 гадоў работы, 1 ліпеня пачне 16-ы. За паўтара дзесяцігоддзя праект ахапіў больш за 30 школ Мінска, у ім прынялі ўдзел 5 тысяч дзяцей і тысяча студэнтаў. Сёлета рэалізацыя праекта пройдзе з 1 па 31 ліпеня на базе Маскоўскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага, Ленінскага і Савецкага раёнаў сталіцы ў 9 школах і 1 гімназіі. Школы прадастаўляюць памяшканне для заняткаў і гульняў (на першым паверсе), спартыўны інвентар і доступ на спартыўную пляцоўку, арганізоўваюць пітны рэжым. Дзяцей запрашаюць валанцёры: развешваюць аб’явы, звяртаюцца да школьнікаў, якія гуляюць у дварах, раздаюць запрашэнні бацькам.
Працуюць студэнты цалкам прафесійна і як мага больш цікава для сваіх падапечных: арганізоўваюць пазнавальна-інтэлектуальныя віктарыны, гульні і турніры, квесты. Валанцёры таксама займаюцца з дзецьмі творчым развіццём, напрыклад, праводзяць музычныя конкурсы, гульні КВЗ, далучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак да спартыўных гульняў, праводзяць гутаркі на тэму здаровага ладу жыцця, тым больш што з мінулага года БДПУ актыўна супрацоўнічае з РНПЦ “Кардыялогія” ў рамках адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам — да здароўя нацыі!”.
Творчы падыход да работы — адметная рыса педатрадаў БДПУ. Скажам, атрад “Беларусачка” факультэта фізічнага выхавання рэалізоўвае на базе летнікаў спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда” і знаёміць школьнікаў з беларускімі народнымі спартыўнымі гульнямі. А камандзір атрада “Сузор’е”, які аб’ядноўвае лепшых студэнтаў розных факультэтаў, старшыня студэнцкага савета ўніверсітэта Павел Лапацінскі расказвае, што лета-2019 пачалося ў НДЦ “Зубраня”, у атрадах, з якімі працуюць студэнты БДПУ, з праектаў “Фантастычныя канікулы ў “Зубраняці”. Эпізод 50” (а мы памятаем, што НДЦ спаўняецца паўстагоддзя), “Аўтастопам па планеце. Перазагрузка — версія 5.0”, “50 “ФІстаШАК”,“50 сюрпрызаў пяСОЧНАГА лета”. І калі камандзір атрада гаворыць, што байцы “Сузор’я” працуюць на максімуме сваіх магчымасцей, яму, безумоўна, верыш.
Педагагічныя атрады БДПУ не аднойчы атрымлівалі ўзнагароды. Так, па выніках Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх атрадаў — 2017 атрад “Ніка” факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій заняў 1-е месца ў намінацыі “Лепшы педагагічны атрад”, а ў намінацыі “Лепшы камандзір педагагічнага атрада” 1-е месца заваявала камандзір гэтага атрада дацэнт кафедры сацыяльнай работы факультэта Святлана Якаўлеўна Ярмоліч. Летась атрад “Ветразь” атрымаў на рэспубліканскім конкурсе падзяку ў спецыяльнай намінацыі “За адданасць руху беларускіх студэнцкіх атрадаў”, штаб працоўных спраў універсітэта — падзяку ў адпаведнай намінацыі. Штаб працоўных спраў БДПУ на працягу 2 апошніх гадоў быў лепшым у Мінску, а атрад “Ветразь” у 2018 годзе — лепшым педагагічным атрадам сталіцы.
Перамог і падзяк у педатрадаў яшчэ шмат у конкурсах рознага ўзроўню, ды і ў самім універсітэце ёсць спаборніцтва паміж імі. Летась перамог у ім атрад “Фэст” факультэта прыродазнаўства (кіраўнік — выкладчык кафедры хіміі факультэта прыродазнаўства Аляксандр Мікалаевіч Трабянок). Конкурс для БДПУ — падзея важная і вельмі радасная, да таго ж прэстыжная — сама не аднойчы прысутнічала на злёце “З восені ў лета”, дзе адзначаюцца лепшыя атрады, і ведаю, як ён праходзіць.
Варта ўзгадаць і тое, што некаторыя актывісты-студатрадаўцы становяцца пераможцамі прафесійных конкурсаў. Так, сёлета лепшай у намінацыі “Педагагічны дэбют” гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” стала Вікторыя Гец, якая заканчвае гістарычны факультэт педуніверсітэта. Дзяўчына, безумоўна, і вучылася добра, была актыўнай у грамадскім жыцці, і неаднойчы працавала ў педатрадах, станавілася іх камандзірам і камісарам. Адным з лаўрэатаў гэтага ж конкурсу стала яшчэ адна сёлетняя выпускніца БДПУ — удзельніца атрада “Фэст” Дар’я Данільчык. І гэта яшчэ не ўсе прыклады, іх за час існавання педатрадаўскага руху ў БДПУ назапашана шмат.
…Надзея Зямлянік, студэнтка 3 курса гістарычнага факультэта, старшыня прафбюро факультэта, камандзір педатрада “Равеснік”, едзе са сваімі байцамі ў аздараўленчы комплекс “Ракета” (уладальнік Белаэранавігацыя) і кажа, што мінулагодні вопыт работы ў атрадзе ў якасці выхавальніка быў і складаным, і цікавым. А яшчэ сцвярджае, што яе атрад самы дружны. Напэўна, так сказаць пра свой атрад можа кожны камандзір. Што можа быць лепш? Справа, якую робяць аднадумцы, не можа не атрымацца. Лета — гэта маленькае жыццё. І лепшыя студэнты педагагічнага ўніверсітэта робяць яго незабыўным для многіх.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.