Эфект энергавыхавання

Эканомія і энергазберажэнне: праблема ці лад жыцця?

Рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, эканомія і беражлівасць, экалагічнае выхаванне — пытанні, якія патрабуць пастаяннай увагі і ўдасканалення іх вырашэння, бо  вырашаць, шчыра кажучы, неабходна яшчэ многае. Прычым самымі падкаванымі ў гэтым плане ў нашым грамадстве з’яўляюцца дзеці і моладзь, што, зрэшты, не здзіўляе: школы, іншыя навучальныя ўстановы, гурткі па інтарэсах даўно і настойліва выхоўваюць у юных беларусаў беражлівае стаўленне да рэсурсаў — у краіне ёсць нават цэлыя энергазберагальныя школы, напрыклад, у Дзяржынску.

Новы погляд, новыя мэты

— Думаю, што пакаленне, для якога энергазберажэнне і выкарыстанне экалагічных тэхналогій — норма жыцця, ужо вырасла, — лічыць начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Віталь Тамашавіч Крэцкі. — Так, Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон”, арганізаваны сумесна з Міністэрствам адукацыі, мы праводзім ужо 12 гадоў. Фінал чарговага конкурсу, дарэчы, пройдзе 29 сакавіка ў Гродне, спаборніцтвы з гэтага года ўключаны ў план работы Савета па ўстойлівым развіцці для рэалізацыі мэт такога развіцця. Першыя ўдзель­нікі конкурсу ўжо дарослыя лю­дзі. Зерне, якое было пасаджана ў дзяцінстве, прарасло, дае свой плён.Такім маладым людзям не трэба расказваць пра перавагі эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў.

В.Т.Крэцкі, які быў удзельнікам нядаўняй прэс-канферэнцыі ў сталічным Доме прэсы, што тычылася рацыянальнага выкарыстання электрычнай і цеплавой энергіі, прызнаецца, што раней Дэпартаменту па энергаэфектыўнасці даводзілася літаральна прымушаць людзей, кіраўнікоў прадпрыемстваў эканоміць. Сёння ж многія разумеюць гэта самі, і галоўная работа дэпартамента заключаецца ў метадалагічнай дапамозе. І сапраўды, калі звярнуцца да вопыту той жа сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, дзе ў свой час былі ўкаранёны сучасныя тэхналогіі, якія дазволілі скараціць расход энергіі ў два разы, або Гомельскага абласнога ліцэя, дзе створаны вучэбна-практычны цэнтр па энергазберажэнні і які сам актыўна выкарыстоўвае адпаведныя тэхналогіі, то стане зразумела: вучні гэтых устаноў не могуць не быць знаўцамі, прапагандыстамі і карыстальнікамі энерга­зберагальных тэхналогій.

А лістоўкі, малюнкі, відэаролікі, якія ствараюць удзельнікі “Энергамарафону”, выкарыстоўваюцца ў якасці сацыяльнай рэкламы — лепшыя ролікі, напрыклад, можна ўбачыць на Беларускім тэлебачанні.

Канечне, адрасоў навучальных устаноў, дзе вядзецца экалагічнае выхаванне і прапаганда эканоміі рэсурсаў, можна назваць яшчэ мноства, бадай, у кожнай установе, нават у дзіцячых садах, ёсць штосьці падобнае.Так, прадстаўнікі фонду “Экасвет” (ён стаяў ля вытокаў “Энергамарафону”) сярод самых цікавых называюць Мінскі дзяржаўны каледж электронікі. Акты­вісты гэтага фонду працуюць з дзецьмі і мола­д­дзю, напрыклад, з дзіцячым садам “Ліхтарык”, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Член праўлення фонду Галіна Пятроўна Злабенка стварыла энергазберагальныя казкі для самых маленькіх, фонд таксама здымае фільмы, ролікі, прыцягвае міжнародную дапамогу для энерга­зберажэння і вырашэння экалагічных пытанняў.

Як сцвярджае В.Т.Крэцкі, пытанні энергазберажэння даўно разглядаюцца не толькі на ўроках фізікі і матэматыкі, але і на ўроках рускай, беларускай, англійскай мовы. А для настаўнікаў створаны метадычныя рэкамендацыі, дзейнічаюць спецыяльныя вучэбныя курсы, працуюць музеі энерга­зберажэння, спецыяльныя цэнтры ёсць у кожным рэгіёне.

— Можна сказаць, што ў большасці школ краіны падрыхтаваны, дзякуючы педагогам, гатовыя спецыялісты па энергазберажэнні, якія надзвычай глыбока асэнсоўваюць пытанні экалогіі і эканоміі рэсурсаў, — дадае Віталь Тамашавіч. — Штогод у рэспубліканскім конкурсе ўдзельнічаюць каля пяці тысяч школьнікаў і іншых навучэнцаў.

Цёпла, светла, эканомна

Што ж, здаецца, на новыя пакаленні можна цвёрда спадзявацца — многія маладыя людзі ведаюць пра неабходнасць энергазберажэння, выкарыстоўваюць свае веды на практыцы. Сталыя беларусы таксама паступова мяняюць свае погляды, але не так актыўна, ды і ў любым выпадку нельга лічыць усе праблемы ў гэтым плане вырашанымі. Рацыянальнае энергаспажыванне яшчэ патрабуе вялікай работы і папулярызацыі сярод насельніцтва.

Так, на згаданай вышэй прэс-канферэнцыі прагучала інфармацыя, што з 2005 года ў Беларусі пры росце валавога ўнутранага прадукту ўжыванне энергарэсурсаў зніжаецца: з 2010 года яно знізілася крыху больш, чым на 10%. Па энергаёмі­стасці валавога прадукту (яе зніжэнні) мы сёння абагналі Канаду і наблізіліся да Фінляндыі. Нядрэнна, канечне, але да найлепшых узораў —  напрыклад, Швецыі — Беларусі яшчэ расці і расці. Дадатковыя рэзервы на гэтым шляху ёсць: укараненне новых энерга­зберагальных тэхналогій, аптымізацыя цеплавых сетак і інш.

Як вы разумееце, у хуткай будучыні магутнасці Беларускай АЭС дазволяць  выкарыстоўваць значна больш электраэнергіі, не набываючы замежныя энергарэсурсы. Адзін з перспектыўных напрамкаў па павелічэнні выкарыстання сваёй электраэнергіі жыллёва-камунальнай гаспадаркай Дэпартамент па энергаэфектыўнасці бачыць ва ўстаноўцы ў кватэрах электраканвектараў з электраводанагравальнікамі пры будаўніцтве новага жылля і мадэрнізацыі старога, а таксама ўстаноўцы электракацельняў. Пры гэтым спецыялісты мяркуюць, што знізіцца кошт жылля, паколькі не трэба будзе весці цепласеткі, газаправоды.

Адначасова працягвае пашырацца сетка кацельняў на мясцовых відах паліва. Па выніках мінулага года іх пабудавана 23, а да 2020 года плануецца пабудаваць 150 такіх аб’ектаў. Другі перспектыўны напрамак эканоміі — цеплавая мадэрнізацыя жыллёвага фонду.

— Асноўная задача, якую мы імкнёмся рэалізаваць, — гэта стымуляваць насельніцтва ўкладваць сродкі ў мадэрнізацыю свайго жылля, — заўважае В.Т.Крэцкі.

Стымул тут просты — гэта ў перспектыве выгадная справа. На першым этапе грошы мяркуецца выдаткоўваць са сродкаў мясцовых бюджэтаў з прыцягненнем крэдытаў, а потым насельніцтва іх верне. Па разліках спецыялістаў, для тыпавой двухпакаёвай кватэры плошчай 48 метраў, дзе жывуць 3 чалавекі, сродкі на цепларэабілітацыю гаспадары будуць вяртаць на працягу 10 гадоў па 1 базавай велічыні штомесяц. Плацяжы плануецца ўключаць у жыроўкі, для маламаёмных сем’яў прапануюць субсідзіраванне. Праект адпаведнага нарматыўнага акта падрыхтаваны, ён ужо ўзгоднены з усімі ведамствамі. Таксама падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб павышэнні энергаэфектыўнасці жыллёвага фонду. Нагадаю, што ў Беларусі ёсць энергаэфектыўныя дамы, напрыклад, у Гродне, але пакуль іх нямнога.

Наколькі важна захоўваць цеплавую і электраэнергію і наколькі тут значная роля кожнага з нас, можна ўбачыць на прыкла­дзе Мінска, дзе 56% цяпла ўжывае насельніцтва, яно ж выкарыстоўвае 30% электраэнергіі. План па энергазберажэнні ў Мінску прадугледжвае ў бягучым годзе сэканоміць 170 тысяч тон умоўнага паліва, што ў грашовым эквіваленце складае 34 млн долараў. Што робіцца дзеля гэтага? Так, Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка сёлета плануе ў тых дамах, якія абслугоўвае, замяніць 21 цеплаабменнік, устанавіць 9 сістэм рэгулявання, замяніць з уцяпленнем 11 тысяч кв м даху, выканаць іншыя работы, у тым ліку замяніць 2095 старых ліфтаў на новыя — з частотнымі электрапрыводамі.

Што тычыцца эканоміі, даступнай кожнаму з нас, то гаворка ідзе, напрыклад, пра ўстаноўку індывідуальных прыбораў уліку цеплавой энергіі. Пакуль у Мінску імі абсталявана 667 жылых дамоў з тых, што абслугоўвае ЖКГ, з іх ужо разлічваюцца па прыборах 479. Каб стымуляваць устаноўку прыбораў, унесены змены ў пастанову Савета Міністраў № 571, дзе прадугледжаны 5- і 10-працэнтныя (у залежнасці ад таго, калі ўстаноўлена абсталяванне) скідкі пры разліках.

Свая праграма па энергазберажэнні ёсць у кожнага прадпрыемства, якое абслугоўвае насельніцтва. Так, “Мінскводаканал” згодна з ёй укараняе сучасныя энергаэфектыўныя помпавыя агрэгаты, займаецца аўтаматызацыяй сістэм водазабеспячэння, а гэта эканомія ўмоўнага паліва. “Мінсккамунцепласеткам” у сваю чаргу за мінулы год удалося знізіць расход умоўнага паліва на сваіх цеплакрыніцах  пры рабоце на прыродным газе ў пераліку на 102 тысячы рублёў, зніжаны і расход электраэнергіі — на 275 тысяч рублёў. Яшчэ адна крыніца эканоміі на цепласетках — замяшчэнне выкарыстання прыроднага газу, які Беларусь набывае за валюту, мясцовымі відамі паліва (доля МВП — 10,7% па прадпрыемстве за мінулы год). Праводзяцца і іншыя работы, напрыклад, летась “Мінсккамунцепласеткі” замянілі 54 кіламетры цепласетак, прад­прыемства паступова ліквідуе малаэфектыўныя кацельні і г.д. Прынамсі, зніжэнне выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву ў супастаўных умовах да папярэдняга года летась па прад­прыемстве склала 21,1% пры заданні 5%.


Зразумела, што ўсе пералічаныя і іншыя работы па эканоміі энергарэсурсаў няпростыя, доўгія, затратныя. Але чалавек, выхаваны на разуменні небходнасці рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, не стане задавацца пытаннем “А навошта яно мне трэба?”. Ён будзе рабіць усё, што можа, дзеля разумнага выкарыстання розных відаў энергіі. Таму роля адукацыі і выхавання людзей, перакананых у неабходнасці такой дзейнасці, застаецца надзвычай актуальнай, і роля навучальных устаноў тут неацэнная.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.