Як дзяцей вучаць кіраваць эмоцыямі, а бацькоў — разумець дзяцей
Псіхалагічнае і эмацыянальнае развіццё дзіцяці пачынаецца з сям’і. Важным складнікам гарманічнага развіцця малышоў з’яўляецца атмасфера, у якой яны выхоўваюцца. Калі дома стварыць сітуацыю камфорту не атрымліваецца, на дапамогу прыходзяць псіхолагі і адукацыйныя псіхалагічныя групы.
Пра тое, як важна разумець дзяцей, заўважаць іх эмоцыі і ўмець імі правільна распараджацца, расказвае аўтар і кіраўнік тэрапеўтычных груп, псіхолаг сямейных адносін, акрэдытаваны гештальт-тэрапеўт і супервізар, член беларускага аб’яднання гештальт-тэрапеўтаў Таццяна Віктараўна ЗАЙЦАВА.
Эмоцыі не павінны маўчаць
Першая тэрапеўтычная група для дзяцей была арганізавана 4 гады назад, але ідэя іх стварэння ў Таццяны Зайцавай з’явілася вельмі даўно.
“Ідэя стварэння псіхалагічных груп з’явілася, калі я вучылася ва ўніверсітэце, — расказвае псіхолаг. — Пазней, калі размаўляла са сваімі сынамі, бачыла і адчувала, як ім важна і як для іх каштоўна быць пачутымі. Дарослыя павінны разумець, што дзеці таксама маюць патрэбу ў разгрузцы, ім трэба мець магчымасць перазапуску сваіх эмацыянальных станаў. Пасля гэтага пачала ствараць аўтарскія тэхнікі, мадыфікаваць ужо вядомыя, а таксама складаць тэрапеўтычныя гісторыі і гульні. Мая сям’я, сябры, знаёмыя падтрымлівалі ідэю стварэння прасторы для дзяцей і бацькоў, таму што ведалі аб маёй мары арганізаваць такое месца, куды можна было б прыйсці і пагаварыць пра тое, што адбываецца ў адносінах паміж мужам і жонкай, дзецьмі і бацькамі, братамі і сёстрамі, ва ўсёй сямейнай сістэме, у зносінах з соцыумам, і атрымаць у дадатак да ўсяго гэтага прафесійную падтрымку. Я разумела, што хачу і магу дзяліцца сваімі ведамі і напрацоўкамі. І, ведаеце, у мяне была аснова, дзякуючы якой можна не баяцца пачынаць новую справу, — падтрымка маіх бацькоў і сям’і. Яны дапамаглі зразумець, як важна берагчы тое каштоўнае, што маеш, і не разбурыць гэта. Менавіта такую тэорыю я паклала ў аснову адносін да сям’і і гэта ўкладваю і ў любімую работу”.
Пасля распрацоўкі ўласных методык з’явіліся праекты “Азбука эмоцый”, “Цуда-горад” і “LEGO-Сіці”. Кожны з іх накіраваны на арганізацыю спецыяльнай прасторы для дзяцей трох узроставых груп: 6—7, 7—8 і 8—10 гадоў адпаведна, а таксама іх бацькоў. Таццяна Зайцава расказала, што ў метадалагічную аснову праектаў былі пакладзены вядомыя тэорыі ўзроставага развіцця Зігмунда Фрэйда, Эрыка Эрыксана, кагнітыўная тэорыя Жана Піяжэ, культурна-гістарычная тэорыя Л.С.Выгоцкага, а таксама тэорыя сямейных сістэм Мюрэя Боўэна і інтэграцыйны падыход сямейнай псіхатэрапіі.
Калі ў дома ёсць фундамент, значыць, дом будзе моцным і трывалым, калі ў дрэва ёсць карані, то вецер для яго не з’яўляецца страшным. Так і ў адносінах да дзіцяці: калі ёсць бацькоўская апора, свет становіцца надзейным, менш небяспечным і дзіця адчувае сябе прынятым. Індывідуальныя сустрэчы, якія праводзяцца для сям’і, дапамагаюць дарослым зразумець, як дзіця павінна развівацца ў сямейнай сістэме.
“Работа ў групах адрозніваецца ад індывідуальнай, — тлумачыць псіхолаг. — Наша задача заключаецца ў стварэнні бяспечнай прасторы, атмасферы даверу, згуртаванасці, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць расказваць пра сябе, задаваць пытанні і не баяцца папрасіць дапамогі. Увогуле, у групах важна ствараць сітуацыю даверу, каб дзеці маглі выказваць свой пункт гледжання, а таксама вучыліся прымаць меркаванне другога чалавека. Акрамя таго, дзеці павінны, як ужо адзначалася, мець магчымасць эмацыянальна разгружацца. Падчас работы ў тэрапеўтычных групах яны бачаць, што ёсць тыя, хто іх разумее, дзеці атрымліваюць вопыт апоры і падтрымкі, не адчуваючы пры гэтым віны і сораму за свае думкі і пачуцці. Рэгулярны выхад назапашаных эмоцый і трывогі дапамагае захаваць псіхалагічнае здароўе. Маленькі чалавек, які расце на нашых вачах, вучыцца знаходзіцца ў розных эмацыянальных станах і не баяцца гэтага. Ён разумее, што ў любым сваім стане можа быць прыняты равеснікамі і дарослымі людзьмі, а таксама знаходзіць канструктыўныя спосабы вырашэння любой сітуацыі”.
Навучыцца казаць “не”
Не менш важнай задачай, якую ставіць перад сабой кіраўнік адукацыйных груп, з’яўляецца падтрымка сям’і. Для таго каб дзеці і іх мамы, таты знаходзілі агульную мову і вучыліся правільна прымаць адно аднаго, псіхолагам былі створаны сумесныя дзіцяча-бацькоўскія заняткі. Яны дапамагаюць і бацькам, і дзецям убачыць і пачуць тое, што часта застаецца незаўважаным у штодзённым жыцці, а менавіта праз гэта ў сям’і могуць узнікаць непаразуменні.
“Мы ўсе жывём у неверагодна хуткім тэмпе і напружанасці, з-за чаго многае застаецца за кулісамі, — працягвае Таццяна Віктараўна. — Менавіта па гэтай прычыне вельмі важна даць сям’і магчымасць аб’яднацца. Такія сустрэчы заўсёды кранальныя і каштоўныя для ўсіх удзельнікаў сумесных заняткаў. Мы падтрымліваем бацькоў, дапамагаем ім яшчэ раз упэўніцца, што менавіта яны з’яўляюцца першай і самай важнай апорай для свайго дзіцяці. Мы абмяркоўваем такія важныя пытанні, як адказнасць, улада, ролі ў сям’і, эмацыянальныя адносіны, згуртаванасць, гнуткасць, аўтарытэтнасць, крызісы, а таксама паўтаральныя патэрны паводзін. Важна, што бацькі пасля такіх заняткаў адчуваюць сябе саўдзельнікамі ў станаўленні, развіцці дзяцей. А дзеці адчуваюць сваю важнасць, а таксама зацікаўленасць бацькоў”.
Асноўнымі метадамі работы ў групе з’яўляюцца гутарка і гульня. Гэта выдатныя спосабы прайграць той ці іншы эмацыянальны стан, адрэагаваць у арганізаванай прасторы на трывогу, злосць, гнеў, смутак, радасць і многае іншае, што ў дзіцяці назапашваецца на працягу доўгага часу. Для гэтага выкарыстоўваюцца арт-тэхнікі, візуалізацыя, казкатэрапія, пясочная тэрапія і, безумоўна, фантазія і эксперыменты.
“Падчас заняткаў узнімаем важныя для развіцця дзіцяці тэмы, шукаем адказы на многія пытанні, — працягвае кіраўнік груп. — Так, абмяркоўваем тэмы “Хто я?”, “Навошта нам жыць разам?”, “Навошта нам патрэбны розныя эмоцыі?”, “Дзе ў целе жывуць розныя пачуцці?”, што такое каханне, злосць, размаўляем пра канфлікт і спосабы выхаду з яго, абмяркоўваем фінансавую дасведчанасць, пытанні “Як казаць “НЕ”, “Сям’я” і многія іншыя, якія разлічаны на пэўны ўзрост”.
Вельмі цікавым з’яўляецца заданне, у якім дзецям прапаноўваецца выбраць сваю сям’ю ў выглядзе аднаго з дамоў, размаляваць яго, напісаць, хто з блізкіх кім з’яўляецца, і падрабязна пра ўсё гэта расказаць. Калі дом-сям’я пабудаваны, псіхолаг пачынае задаваць пытанні.
“Мы слухаем, пра каго ўвогуле не расказваецца, пра каго дзеці гавораць з радасцю і натхненнем, а хто з сям’і выклікае напружанне ці трывогу, — тлумачыць прынцып псіхалагічных заняткаў Таццяна Віктараўна. — Пасля гэтага пытаем, ці хацелі б дзеці штосьці змяніць ва ўсім гэтым. Калі атрымліваем станоўчы адказ, дзіця малюе новы дом і пераразмяркоўвае ролі”.
Цікавымі з’яўляюцца заняткі, у якіх разглядаюцца канфлікты. Дзецям неабходна расказаць, што яны звычайна робяць падчас спрэчнай сітуацыі. Калі пазіцыя дзіцяці становіцца відавочнай, яму прапаноўваецца паэксперыментаваць і з іншымі стратэгіямі паводзін падчас канфлікту.
Адным з кірункаў узаемадзеяння з дзецьмі, а таксама яшчэ адной магчымасцю зразумець іх эмацыянальны і псіхалагічны стан з’яўляюцца гульні з метафарычнымі картамі.
“Пры дапамозе картак просім дзяцей выбраць эмацыянальны стан у розных сітуацыях: у школе, дома, падчас гульні за камп’ютарам, — працягвае дзяліцца сакрэтамі псіхалагічнага ўзаемадзеяння Таццяна Зайцава. — Для правядзення сумесных заняткаў з бацькамі падыходзіць наша методыка “Рататуй”: дзецям і бацькам прапаноўваецца “згатаваць” страву з якасцей, думак, дзеянняў. У такім заданні малышы пішуць пра мам і татаў, а бацькі — пра сваіх дзяцей. Увогуле, у сваёй дзейнасці мы таксама сустракаемся з цяжкасцямі. Усе дзеці розныя па тэмпераменце і характары, кожнае з іх развіваецца і ўспрымае інфармацыю ў сваім тэмпе. Не абыходзіцца і без супраціўлення з боку бацькоў і дзяцей. Усё гэта патрабуе ад нас гнуткасці, пастаяннага абмеркавання працэсаў, якія адбываюцца не толькі з кожным дзіцем, але і ў групе ў цэлым. Для таго каб не стая ць на месцы, а таксама развіваць дзяцей, мы самі пастаянна развіваемся, павышаем прафесійны ўзровень, шукаем новыя формы і стратэгіі работы. Дарэчы, з гэтага года я праводжу заняткі не адна, мне дапамагае мой муж Аляксей Генадзьевіч. Ён псіхолаг, коўч-тэрапеўт. Мы разам ствараем асяроддзе сямейнай сістэмы. Дзякуючы сумеснай творчасці, наша дзейнасць больш прадукцыйная”.
Навучыцца чуць дзяцей
Заняткі ў тэрапеўтычных групах, па водгуках бацькоў, даюць магчымасць дзецям атрымліваць вопыт псіхалагічнай устойлівасці падчас розных сітуацый, а таксама дапамагаюць быць смелымі ў прадстаўленні сябе. Акрамя гэтага, дзеці вучацца быць канкурэнтнымі, адкрытымі і проста шчаслівымі ад таго, што іх разумеюць.
“Калі мяне пытаюць, чаму я ваджу дачку Ніку ў тэрапеўтычную псіхалагічную групу для дзяцей, адказваю наступнае: хачу, каб мае дзеці пачалі вучыцца ў 7 ці 9 гадоў таму, чаму я пачала вучыцца толькі пасля 30, — расказвае Анастасія Базар. — Лічу, што сучасны свет паказвае актуальнасць развіцця эмацыянальнага інтэлекту. Сёння трэба думаць і пра якасць жыцця. Важна разумець, што фінансавы і кар’ерны поспех — гэта не ўсё жыццё, а толькі яго частка. Тое ж можна сказаць і пра мацярынства, творчасць ці ўзаемаадносіны з людзьмі. Чаго б мы ні дасягалі, усярэдзіне можа быць дзірка, якую можна ўбачыць і закрыць падчас шчырай размовы з сабой, са спецыялістам.
Прыемна, што цяпер ёсць вялікі выбар заняткаў для дзяцей, у тым ліку тэрапеўтычных груп. Увогуле, я лічу, што дзецям і дарослым карысна і неабходна правільна разумець і адчуваць сябе, адно аднаго. Я рада, што мае дзеці вучацца гэтаму ўжо сёння. Яны вучацца адрозніваць страх і гнеў, фізічную стомленасць і фрустрацыю, спрабуюць змешваць пачуцці і наладжваць зносіны з іншымі дзецьмі.
Мая малодшая дачка ходзіць у групу з верасня, і я бачу, як яна мяняецца, як пачынае расказваць пра тое, што з ёй адбываецца і чаго яна хоча. Мне і самой стала больш проста тлумачыць ёй, што, напрыклад, яна злуецца і крычыць не з-за маркера, які перастаў пісаць, а таму, што перажывае змены ў нашым жыцці. І я чую сцвярджальны адказ, а таксама падрабязнае апісанне праблемы, таго, што на самай справе хвалюе дачку”.
Не толькі Анастасія, але і іншыя мамы заўважаюць, што, дзякуючы заняткам у групе, канфлікты ў сям’і цяпер вырашаюцца больш спакойна, правільна. І так павінна адбывацца заўсёды. Любое перажыванне, якое жыве ў дзіцяці, можа выліцца спачатку ў эмацыянальны і псіхалагічны крызіс, а там і да трагедыі недалёка. Каб папярэдзіць такі стан, бацькам неабходна вучыцца працаваць над сабой, бачыць і ўмець слухаць эмоцыі дзіцяці. У тым, што тычыцца дзяцей, прафілактыка заўсёды адыгрывае вялікую ролю. Згадзіцеся, прасцей папярэдзіць крызіс, чым пасля шукаць лесвіцу, па якой з яго можна было б выбрацца.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.