Як у школе-інтэрнаце вучаць бізнесу і працы
Прафарыентацыя з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу. Сёння многія псіхолагі і сацыёлагі ўсё больш схіляюцца да думкі, што пачынаць рыхтаваць навучэнцаў да будучай прафесіі трэба з пачатковай школы. Гэта дазволіць дзецям зрабіць свядомы выбар спецыяльнасці, пазбегнуць памылак у гэтым. І калі з агульнаадукацыйнымі школамі ўсё зразумела, то што рабіць з дзецьмі, якія вучацца ў школах-інтэрнатах? Якой бы горкай ні была праўда, але ў большасці выпадкаў дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выходзяць з інтэрнатаў “пустымі”: яны не адаптаваны да жыцця, да ўзаемадзеяння з соцыумам. Таму такую “дробязь”, як адсутнасць матываванага выбару ў адносінах да прафесіі, ім можна дараваць.
Але ўсё ж ёсць у краіне адна школа-інтэрнат, якая ўмее і не баіцца браць адказнасць за будучыню сваіх выхаванцаў.
Сенненская школа-інтэрнат — гэта ўстанова, у якой, акрамя рэабілітацыі і адаптацыі сірот, вядзецца і прафесійная падрыхтоўка выхаванцаў. Прыкметна, што ў краіне такіх устаноў больш няма, Сенненская школа-інтэрнат унікальная. Пра ўнікальнасць можна гаварыць і ў дачыненні да дырэктара інтэрната. Леанід Леанідавіч Казлоў працуе тут ужо 22 гады, з іх на пасадзе дырэктара — 11 гадоў. Да гэтага часу інтэрнатам кіраваў бацька Леаніда Леанідавіча.
Са “Школы-фабрыкі” — у прафесію
Сенненская школа-інтэрнат — гэта школа для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
У 1999 годзе Сенненская школа-інтэрнат сумесна з італьянскім дабрачынным фондам Aiutiamoli a vivere распачала рэалізацыю міжнароднага гуманітарнага праекта “Школа-фабрыка”. Ён быў інтэграваны ў адукацыйную сістэму, дзякуючы чаму інтэрнат не проста атрымаў абсталяванне для вытворчай і працоўнай дзейнасці, а была арганізавана прафесійная падрыхтоўка.
“Калі з’явілася магчымасць запусціць праект, мы ўбачылі ў ім тое рацыянальнае зерне, якое было выкарыстана яшчэ ў эпоху А.С.Макаранкі, — пачынае расказваць Леанід Леанідавіч. — А.С.Макаранка ажыццяўляў педагагічную карэкцыю, вяртаў падлеткаў да здаровага ладу жыцця, таму што дзеці бадзяжнічалі, былі злодзеямі і здзяйснялі супрацьпраўныя ўчынкі. Безумоўна, такія дзеці былі ва ўсе часы, яны не толькі жылі па вулічных законах, але і вялі нездаровы лад жыцця. Для таго каб дапамагчы ім адаптавацца, неабходна было шукаць дзейсныя інструменты. А.С.Макаранка знайшоў эфектыўны спосаб. Ён абапіраўся на сумесную калектыўную працоўную і творчую дзейнасць. Падчас сумеснай дзейнасці па забеспячэнні свайго жыцця яны рэабілітаваліся, забывалі свае старыя звычкі і бачылі, што, дзякуючы працы, можна многага дасягнуць. Акрамя гэтага, А.С.Макаранка арганізаваў эфектыўную вытворчасць, якая была паспяховай. І мы таксама вырашылі, што ў межах дабрачыннага праекта, запушчанага сумесна з італьянскімі валанцёрамі, можна ператварыць у рэальнасць і нашы педагагічныя ідэі”.
Гэта быў першы крок да таго, каб пачаць рэабілітацыю пакінутых дзяцей праз працу. А ў інтэрнат, і гэта не сакрэт, паступае многа дзяцей з сур’ёзна паламаным лёсам. І, як трапна заўважыў Леанід Леанідавіч, такія дзеці ніколі не працавалі і амаль не вучыліся.
“Дзеці толькі фармальна хадзілі на заняткі, — тлумачыць дырэктар інтэрната. — Яны нікога і ніколі не слухаліся, абраслі дрэннымі звычкамі. Але самым страшным было і ёсць тое, што ва ўсіх гэтых дзяцей паранена сэрца. Яны бачылі шмат жахаў у сваім жыцці, былі такія, хто бачыў, як бацька забівае маму, глядзелі на частыя п’янкі дома. Ці магчыма пасля такога нармальна жыць, са здаровай псіхікай і адэкватным успрыманнем рэчаіснасці? Безумоўна, не. Пытанні наконт таго, як жыць правільна, узнікалі ў галаве такіх дзяцей вельмі часта. Многія з непаўналетніх, што раслі ў нядобранадзейных сем’ях, самі ўжывалі алкаголь, нюхалі клей. Адназначна магу сказаць: для таго каб прывесці такі кантынгент дзяцей у прытомнасць, прымусіць іх жыць нармальна, адных педагагічных размоў мала. І ніякія шчырыя гутаркі не дапамогуць. А вось калі такое дзіця возьме ў рукі пэўны інструмент, стане за станок ці сядзе за швейную машынку, гэта дапаможа яму змяніць погляды на жыццё. Працуючы, напрыклад, на полі з бульбай, дзіця пачне ўсведамляць, што заўтра яго сённяшняя праца прынясе дабрабыт. Заўтра з той бульбы, якая сёння даглядаецца, будзе згатаваны смачны абед, дранікі, бабка. А потым, калі адправімся ў паход, зможам запячы бульбу на кастры. Такім чынам, працуючы, дзеці бачаць, што робяць гэта сабе на карысць”.
Акрамя агародніцтва, дзецям з інтэрната пашанцавала паспрабаваць свае прафесійныя задаткі яшчэ ў некалькіх кірунках. І кіраўніцтва школы прыклала для гэтага шмат намаганняў. Так, пры дапамозе спонсараў з Італіі і Галандыі ў інтэрнаце з’явіліся 2 сталярныя, слясарная, 2 швейныя майстэрні, парк сельскагаспадарчай тэхнікі, пчальнік і парнікі. З 8 класа выхаванцы інтэрната вучацца атрымліваць прафесію, і на выпускным вечары разам з атэстатам ім уручаецца пасведчанне аб прафесіі.
“У майстэрнях дзеці вырабляюць ложкі для сваіх пакояў і ў чарговы раз упэўніваюцца, што з дапамогай працы можна значна палепшыць дабрабыт, — працягвае Леанід Леанідавіч. — Ёсць мэбля, якую нашы выхаванцы вырабляюць, прадаюць, і за гэта яны атрымліваюць зарплату. Маючы ўласныя грошы, дзеці вучацца імі распараджацца, і вельмі важна рабіць гэта правільна. Калі разглядаць пытанне прафарыентацыі, бачым, што ў гэтай плоскасці яна шматгранная. Падчас вытворчасці ложкаў дзеці набываюць азы прафесіі сталяра. Прадаючы мэблю, даведваюцца пра асаблівасці прафесіі прадаўца, вучацца такім чынам строіць рыначныя адносіны. Часта чую пытанне: што дзеці будуць рабіць з грашыма? Відавочна, яны будуць рабіць з імі тое ж самае, што і дзеці з сем’яў. А для таго каб грошы траціліся па прызначэнні, не на шкодныя звычкі, у школе існуюць настаўнікі. І менавіта яны сочаць за тым, каб заробак траціўся на разумныя мэты. Увогуле, у рабоце з дзецьмі выкарыстоўваем розны інструментарый. Так, калі трэба навучыць дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту фінансавай дасведчанасці, практыкуем сумесныя з педагогамі паходы ў магазін, дзе нашы выхаванцы вучацца расплачвацца грашыма. А падлеткі ходзяць за пакупкамі самастойна, пасля чаго ў іх правяраюцца чэкі”.
Эксперыменты і бізнес
Перш чым заняцца прафесійнай падрыхтоўкай навучэнцаў, неабходна было вырашыць некалькі важных фармальнасцей. Першая і самая галоўная з іх — увядзенне ІІІ ступені навучання.
“Мы ўбачылі, што неабходна арганізаваць у школе яшчэ і ІІІ ступень навучання. Гэта было звязана з тым, што даць прафесійную падрыхтоўку на ўзроўні 9 класа раней было праблематычна, а зараз увогуле немагчыма. Менавіта па гэтай прычыне такія змяненні былі неабходнымі, — кажа Леанід Леанідавіч. — Такім чынам, у школе-інтэрнаце былі ўведзены 10—11 класы. Гэта дазволіла дзецям яшчэ на працягу 2 гадоў пабыць разам са сваімі братамі і сёстрамі, пасталець, атрымаць здаровы сацыяльны вопыт і набыць прафесію”.
Сёння выхаванцы інтэрната вучацца на швачак, сталяроў, агароднікаў, трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “А”, а таксама ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць. Дзякуючы развіццю міжнароднага праекта “Школа-фабрыка”, у 2002 годзе ў інтэрнаце, акрамя майстэрань, быў абсталяваны кабінет інфарматыкі: на працягу некаторага часу вялася падрыхтоўка дзяцей па прафесіі аператара ЭВМ.
“Для таго каб пачаць праводзіць з дзецьмі прафарыентацыйную работу, рыхтаваць па прафесіях, трэба было сабраць неабходную дакументацыю, і ў гэтым нам дапамог Віцебскі вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі, — канстатуе Леанід Казлоў. — Пасля таго як усе дакументы прайшлі экспертызу і былі адобраны ў РІПА, іх зацвердзіла Міністэрства адукацыі. З 2000 па 2009 год мы знаходзіліся ў статусе эксперыментальнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі. І менавіта з 2000 года на базе Сенненскай школы-інтэрната рэалізоўваюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты міністэрства. Адным з цікавых і самым першым, дарэчы, з’яўляецца “Эксперыментальная праверка мадэлі інтэгравання агульнаадукацыйнай і прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей-сірот ва ўмовах школы-інтэрната, размешчанай у сельскай мясцовасці”. Наступнай распрацоўкай стала “Апрабацыя мадэлі практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот”. Увогуле, мы і сёння працягваем працаваць над праектамі, якія здольны палепшыць жыццё дзяцей, іх сацыялізацыю і адаптацыю ў грамадстве. Так, сёння наша навучальная ўстанова сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі працуе над інавацыйным праектам Міністэрства адукацыі “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.
Таксама школа-інтэрнат удзельнічае ў даследчым праекце “Укараненне мадэлі “Школьная бізнес-кампанія”. Увогуле, прафесійная падрыхтоўка з’яўляецца найважнейшым складнікам практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя, створанага ў інтэрнаце.
Статус эксперыментальнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пашыраў магчымасці школы-інтэрната ў апрабацыі і выкарыстанні новай вучэбна-плануючай дакументацыі і праграм.
“Асабліва дапамог Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі, спецыялісты якога дапамаглі распрацоўваць канцэпцыю і праграму развіцця сацыяльна-педагагічнага комплексу “Школа-фабрыка”, — працягвае Леанід Леанідавіч. — Гэта быў пачатак. Сумесна з Віцебскім вучэбна-метадычным цэнтрам прафесійнай адукацыі былі распрацаваны вучэбныя планы і праграмы для прафесійнай падрыхтоўкі вучняў Сенненскай школы-інтэрната па прафесіях сталяр, швачка, агароднік, трактарыст. Апрабацыя гэтых праграм пацвердзіла высокую эфектыўнасць іх выкарыстання ў інтэрнатнай установе. Сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі быў распрацаваны і апрабаваны ў школе-інтэрнаце шэраг праграм факультатываў, праграм, якія садзейнічалі сацыялізацыі, прафесійнай арыентацыі дзяцей школы-інтэрната. Вучэбныя планы прафесійнай падрыхтоўкі праходзілі экспертызу ў РІПА.
У ходзе стварэння практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя была абсталявана свая цырульня, дзякуючы якой на занятках па інтарэсах дзеці вучацца даглядаць валасы, рабіць стрыжкі. І гэта таксама можна назваць прафарыентацыяй. Эксперыментальны статус нашай навучальнай установы дазваляў звяртацца па кансультацыі да спецыялістаў вучэбна-метадычных устаноў краіны, і нідзе мы не атрымлівалі адмову”.
У Сенненскай школе-інтэрнаце ёсць яшчэ некалькі цікавых і карысных кірункаў прафесійнай дзейнасці: уласны пчальнік, на якім вучацца гаспадарыць дзеці, а таксама парнікі, дзе вырошчваецца агародніна.
“Парнікоў у нас 4, памер кожнага 6 на 30 метраў, — кажа Леанід Леанідавіч. — У іх вырошчваецца шмат рознай агародніны, якая ідзе на харчаванне дзецям, а таксама на продаж. Маем таксама два старыя і два маладыя сады. Дзеці з задавальненнем ядуць свае яблыкі”.
Да таго моманту, калі трэба пакідаць інтэрнат, выхаванцы спрабуюць сябе ў шматлікіх кірунках. Магчымасць падабраць сабе некалькі прафесій дазваляе не памыліцца з выбарам і заняцца тым, да чаго рукі больш здольныя. Ужо на пачатку лютага, як і штогод, у інтэрнаце пачынаецца актыўная прафарыентацыйная работа.
“Пасля таго як дзіця паспрабавала сябе ў рознай дзейнасці, яно можа ў 11 класе зрабіць адказны і правільны выбар. Для гэтага актыўна расказваем дзецям, дзе і кім можна працаваць, напрыклад, маючы прафесію кветкавода, ландшафтнага дызайнера, — працягвае тлумачыць асаблівасці прафарыентацыі дырэктар інтэрната. — Безумоўна, значную ролю ў прафесійным самавызначэнні выхаванцаў адыгрывае і ўласная майстэрня, у якой яны самастойна рамантуюць мэблю — тумбачкі і ложкі, а таксама праводзяць рамонт тэкстыльных вырабаў — штор, пасцельнай бялізны. Дарэчы, рамонт у пакоях мы праводзім з дзецьмі самі. А шпалеры навучэнцы ўвогуле паклеілі самастойна, без дапамогі дарослых. Такая самадзейнасць накіравана не на эканомію бюджэту. Дзіця, працуючы самастойна ці прымаючы ўдзел у калектыўнай справе, разумее, што без гэтага жыць нельга, што забеспячэнне самога сябе — гэта важны складнік жыцця кожнага з нас. Менавіта па гэтай прычыне варта вяртаць дзяцей з таго жыцця, у якое яны трапілі дзякуючы гора-бацькам, у свет рэальных грамадскіх працоўных адносін”.
Пасля заканчэння 11 класаў выпускнікі інтэрната паступаюць у навучальныя ўстановы рознага ўзроўню і паспяхова там вучацца. Маніторынг, праведзены ў ходзе эксперыментальнай работы, паказаў, што каля 95% выхаванцаў гэтай школы пасля заканчэння навучальных устаноў паспяхова ўладкоўваюцца ў жыцці.
“Прыемна ўсведамляць, што сёння Дзяніс Канавалаў — паспяховы студэнт БДУ, будучы гісторык, а Сяргей Пахомаў — студэнт БДПУ, вучыцца на настаўніка фізічнай культуры, — з гордасцю кажа Леанід Казлоў. — Сяргей, дарэчы, з першых дзён вучобы знайшоў работу і вытрымлівае такі няпросты рытм. А сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ школы-інтэрната Аляксандр Заяц, партрэт якога знаходзіцца на Дошцы гонару Сенненскага раёна, сёння студэнт і маладзёжны актывіст Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа”.
Леанід Леанідавіч ганарыцца сваімі выхаванцамі. І гэта заканамерна і апраўдана: за столькі гадоў працы ў кожнае дзіця было ўкладзена многа не толькі прафесійных, але і асабістых псіхалагічных, эмацыянальных рэсурсаў. Выхоўваць чужых дзяцей — самы цяжкі абавязак. Але дырэктар школы не шкадуе на гэта ні часу, ні сіл, таму што ён ведае: як дбаеш, так і маеш.
Наталля САХНО.