Пра тое, што любую хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць, ведаюць многія. Гэтак жа можна сказаць і пра прафілактыку супрацьпраўных дзеянняў. Падлеткі, на якіх стандартныя метады выхавання не дзейнічаюць, працягваюць жартаваць з законам і ў выніку трапляюць у калоніі. Пасля гэтага жыццё становіцца падзеленым на “да” і “пасля”. Але як жыць пасля вяртання на свабоду? Хто можа дапамагчы ў адаптацыі да знаёмага і ў той жа час новага жыцця?
Важную ролю ў пытаннях сацыялізацыі падлеткаў адыгрывае інспекцыя па справах непаўналетніх. Добрыя паказчыкі ў кірунку сацыяльна-адаптацыйнай работы з падлеткамі ў мінулым годзе паказала інспекцыя па справах непаўналетніх Смалявіцкага РАУС.
Пра адаптацыю і тое, як навучыцца правільна размаўляць з падлеткамі, расказала начальнік ІСН маёр міліцыі Ала Генадзьеўна РУСАНОВІЧ.
— Ала Генадзьеўна, ваш раён паказаў добрыя вынікі за мінулы год у кірунку адаптацыйнай работы з падлеткамі. Як наладжваеце дыялог з тымі непаўналетнімі, што трапляюць на прафілактычны ўлік пасля вяртання з выхаваўчых калоній?
— Падлеткі, якія вяртаюцца з калоній, маюць патрэбу не толькі ў нашай дапамозе. З такімі дзецьмі працуе шмат спецыялістаў. Камісія па справах непаўналетніх, упраўленне адукацыі, упраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі ІСН у межах сваёй кампетэнцыі аказваюць дапамогу ў працоўным i бытавым уладкаваннi тым дзецям, якiя вызваляюцца з устаноў крымінальна-выхаваўчай сiстэмы цi вярнулiся са спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых устаноў.
Пасля таго як непаўналетні вяртаецца з месцаў пазбаўлення волі, з ім адразу ж пачынае праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Увогуле, згодна з заканадаўствам, работа ідзе на працягу года. Калі ў падлетка няма базавай адукацыі, але ёсць неабходнасць у працягу вучобы, упраўленне адукацыі спрыяе таму, каб непаўналетні вярнуўся ў навучальную ўстанову і прадоўжыў навучанне. Таксама падлетка стараюцца далучыць да шматлікіх арганізаваных форм правядзення вольнага часу. Акрамя ўпраўлення (аддзела) адукацыі, у сацыялізацыі і адаптацыі непаўналетніх сваю ролю адыгрываюць і іншыя структуры. Так, упраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва пры неабходнасці, калі падлетак мае базавую адукацыю, ажыццяўляе рэгістрацыю непаўналетняга ў якасці беспрацоўнага, падбірае вакансіі або курсы, на якіх можна атрымаць прафесію.
Відавочна, што ўсімі зацікаўленымі службамі праводзіцца мэтанакіраваная работа па адаптацыі і сацыялізацыі непаўналетняга пасля яго вяртання з выхаваўчай калоніі, аказваецца пры неабходнасці адрасная, а таксама сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога.
Пасля таго як ІСН атрымлівае апавяшчэнне аб хуткім вызваленні з месцаў пазбаўлення волі непаўналетняга, нашы супрацоўнікі выязджаюць у сям’ю дзіцяці, дзе праводзіцца не толькі размова з бацькамі, але і арганізоўваецца нагляд за работай па стварэнні ўмоў, спрыяльных для выхавання і пражывання непаўналетняга.
Два гады назад быў выпадак, калі за месяц да вызвалення непаўналетняга з калоніі (у жніўні) у міліцыю прыйшло апавяшчэнне. Гэта значыць, што падлетак павінен быў вярнуцца ў верасні, калі пачынаецца вучэбны працэс. І калі з сямейна-бытавымі ўмовамі ўсё было добра (інспектары загадзя праверылі ўмовы пражывання сям’і), то з тым, куды, у якую навучальную ўстанову ўладкаваць дзіця, узніклі складанасці. Хлопец меў атэстат аб сярэдняй адукацыі, а значыць, яму неабходна было ісці вучыцца ва ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дзякуючы настойлівасці, а таксама таму, што ў нас наладжана супрацоўніцтва з установамі адукацыі, мы змаглі дамовіцца з кіраўніцтвам аднаго з мясцовых ліцэяў аб залічэнні нашага падапечнага ў групу першакурснікаў. На сёння ў маладога чалавека праблем з законам няма. Ён адаптаваны да жыцця ў соцыуме, працуе і марыць пра будучыню.
— Хто са спецыялістаў і як часта павінен працаваць з такімі падлеткамі? У чым такія дзеці першапачаткова маю ць патрэбу?
— Асноўнай праблемай падлеткаў, якія вяртаюцца з ВК, з’яўляецца адаптацыя да навакольнага асяроддзя. Нават за непрацяглы час, пакуль непаўналетні знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, жыццё мяняецца. Акрамя гэтага, мяняецца стаўленне навакольных да дзіцяці. З падлетка, які знаходзіўся ў калоніі, пачынаюць кпіць, пра яго гавораць, шэпчуцца на кожным кроку. Безумоўна, усё гэта — сур’ёзнае ўзрушэнне для псіхікі дзіцяці, якая і без таго робіцца няўстойлівай за час знаходжання ў калоніі. Такім чынам, падлеткі становяцца замкнёнымі, ім складана знаходзіць агульную мову з аднагодкамі, педагогамі і дарослымі.
Вельмі важную тэрапеўтычную ролю адыгрывае своечасовая дапамога і падтрымка блізкіх. Безумоўна, эфектыўнай і правільнай будзе таксама работа сацыяльна-педагагічных службаў. Да дзіцяці, якое толькі што вярнулася з калоніі, усе людзі павінны быць павернуты тварам, а не спінай. Толькі гэта дапаможа правільна адаптавацца і адчуць сябе сацыяльна роўным.
Здараецца, самі бацькі часта залішне апякаюць дзіця, ускосна даючы яму зразумець, што яно неабароненае, не такое, як усе. Гэта вялікая памылка з боку дарослых. Аднак існуе і іншы недахоп выхавання. Некаторыя мамы і таты пачынаюць здзекавацца з дзіцяці, а гэта яшчэ больш раніць непаўналетняга. Ён і сам разумее, што здзейсніў страшную памылку, і нават панёс за яе пакаранне, трапіўшы за краты. Кпінаў з боку бацькоў быць не павінна.
— Як павінна будавацца індывідуальна-прафілактычная работа, каб не дапусціць паўторнага канфлікту з законам?
— На жаль, прыкладна чвэр ць падлеткаў здзяйсняе правапарушэнні паўторна. Як правіла, гэта ўжыванне спіртнога, дробнае хуліганства, дробны крадзеж, парушэнне правіл дарожнага руху (ваджэнне без права кіравання транспартным сродкам). Інспекцыяй па справах непаўналетніх Смалявіцкага РАУС праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа з 83 падлеткамі. Так, 5 з іх асуджаны да мер пакарання, якія не звязаны з пазбаўленнем волі. У адносінах да двух непаўналетніх суд Смалявіцкага раёна прыняў рашэнне пазбавіць волі з гадавым выпрабавальным тэрмінам за здзяйсненне крадзяжу транспартнага сродку (арт. 214 КК Рэспублікі Беларусь), траіх непаўналетніх суд Смалявіцкага раёна пастанавіў пазбавіць волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 1 год за здзяйсненне крадзяжу веласіпедаў (арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь).
Індывідуальная прафілактычная работа — гэта мерапрыемствы, якія ажыццяўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, іншымі суб’ектамі прафілактыкі і накіраваны на правядзенне кантролю за паводзінамі асуджанага з мэтай папярэджання здзяйснення правапарушэнняў, а таксама забеспячэння прымянення іншых мер прававога характару.
Калі гаварыць пра кантроль за паводзінамі асуджаных па месцы iх жыхарства, то ён ажыццяўляецца супрацоўнікамі ІСН, участковымі інспектарамі міліцыі, супрацоўнікамі іншых падраздзяленняў РАУС. Перыядычнасць, час і спосабы такога кантролю вызначаюцца з улікам абавязкаў, якія былі пастаноўлены судом. Безумоўна, перш чым вызначыць, якім спосабам будзе ажыццяўляцца кантроль над падлеткам, суд аналізуе інфармацыю не толькі пра тое, дзе вучыўся, у якой сям’і рос асуджаны. Сваё месца ў ацэнцы характарыстык адыгрываюць і паводзіны, а таксама лад жыцця, захаванне парадку і ўмовы адбыцця пакарання. У тым выпадку, калі становяцца вядомы факты невыканання асуджаным тых абавязкаў, якія на яго ўскладзены, супрацоўнік ІСН выклікае падлетка на размову. Галоўная мэта такога дыялогу — вызначыць прычыны парушэння. Пры адсутнасці ўважлівых прычын падлетку выносіцца афіцыйнае папярэджанне, што існуе магчымасць адмены адтэрміноўкі выканання пакарання ці ўмоўнага непрымянення пакарання. Выкананне асуджаным устаноўленых для яго абавязкаў мае вялікае значэнне. Так, добрыя паводзіны падлеткаў улічваюцца ІСН падчас вырашэння пытанняў пра неабходнасць накіравання ў суд запыту аб адмене адтэрміноўкі або ўмоўнага непрымянення пакарання, прадаўжэнні адтэрміноўкі выканання пакарання. Ключавую ролю паводзіны і станоўчыя характарыстыкі адыгрываюць у тым выпадку, калі ёсць магчымасць замяніць пазбаўленне волі на больш мяккае пакаранне. Безумоўна, калі падлетак будзе паводзіць сябе станоўча падчас адтэрміноўкі пакарання, гэта можа стаць галоўным фактарам нават у вырашэнні пытання аб поўным вызваленні ад пакарання. Калі ж паводзіны не зменяцца, пазбегнуць пакарання не ўдасца. І такія выпадкі ў нас ёсць. Напрыклад, 17-гадовы Андрэй і 18-гадовы Дзіма. Абодва былі асуджаны за ўчыненне крадзяжоў, а Дзіма яшчэ і за крадзеж транспартнага сродку. Нават дзякуючы рабоце, якую праводзіла ІСН сумесна з камісіяй па справах непаўналетніх, паўплываць на хлопцаў не ўдалося, пакаранне не было скасавана. Такім чынам, сёння яны знаходзяцца ў калоніі.
Безумоўна, цудоўна, калі работа з падлеткамі прыносіць станоўчы вынік. Але, як бачыце, здараецца і так, што дзеці не паддаюцца ўплыву. Прывяду яшчэ адзін прыклад. У дачыненні да 17-гадовага Косці была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Хлопцу была назначана мера пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выхаваўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тым не менш замест таго, каб старацца сябе добра зарэкамендаваць і такім чынам пазбегнуць пакарання, падлетак пачаў здзяйсняць крадзяжы на тэрыторыі раёна. Менавіта па гэтай прычыне зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары.
— Ала Генадзьеўна, што павінна ўключаць прафілактычная работа і наколькі дзейснай яна з’яўляецца ў пытаннях сацыялізацыі падлеткаў?
— Сярод падлеткаў, з якімі ІСН праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу, большасць трапляла ў поле зроку нашых супрацоўнікаў па прычыне ўжывання алкаголю, з’яўлення ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Алкаголь абражае чалавечую годнасць, а калі ў п’яным стане яшчэ і падлетак — гэта страшна. Каб дзеці раслі ў здаровым акружэнні, важна своечасова праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне супрацьпраўных паводзін, прывіццё культуры здаровага ладу жыцця. Безумоўна, асаблівай увагі дзеці і падлеткі патрабуюць летам, падчас канікул. У мэтах пастаяннай занятасці, арганізацыі вольнага часу падлеткаў, недапушчэння здзяйснення імі адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў, недапушчэння гібелі і траўматызму дзяцей на тэрыторыі вобласці з 1 мая і па 1 кастрычніка праводзяцца мерапрыемствы, прадугледжаныя рэспубліканскай міжведамаснай праграмай “Клопат”. У аздараўленчых лагерах штогод арганізоўваюцца мерапрыемствы на тэму здаровага ладу жыцця: тэматычныя дыскатэкі, турыстычныя паходы, тэатралізаваныя гульні і інш. Калі ж вярнуцца да пытанняў сацыялізацыі і адаптацыі непаўналетніх, важна, каб за дзецьмі, акрамя школы і міліцыі, сачылі яшчэ і бацькі. Яны заўсёды для дзяцей з’яўляюцца аўтарытэтам. І дзеці ў любым выпадку будуць браць прыклад з дарослых.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.