Выпрабаванне холадам, ці Калі надзея толькі на надвор’е…

Штогод у кожным рэгіёне праводзіцца маштабная работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да зімы. Лічбы справаздач па гэтай тэме ўражваюць: кіламетры замененых цеплатрас і мільярды ўкладзеных сродкаў. І тым не менш штогод зіма выяўляе ўстановы адукацыі, дзе дзецям не вельмі ўтульна. Выпадковасць гэта ці заканамерны вынік? Высветліць гэта спрабаваў наш карэспандэнт у Гродне, дзе летась некалькі ўстаноў якраз і не прайшлі выпрабаванне холадам. 

Ці ва ўсім вінаваты вецер?

Мінулай зімой тэмпература ніжэй за норму была зафіксавана ў некалькіх школах Гродна, у прыватнасці ў сярэдняй школе № 20. У гэтай навучальнай установе ў 8 кабінетах слупкі тэрмометра паказвалі 15 градусаў. Растлумачыць, у чым прычына таго, што вучні мерзнуць у класах, згадзілася дырэктар школы Наталля Аляксандраўна Сцяпанава.
“У нашай школе ў некалькіх вуглавых кабінетах на 3 паверсе тэмпература вагалася ў межах 15—16 градусаў, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — Безумоўна, гэта не норма. Для таго, каб дзеці ў класах не мерзлі, мы іх “перасялілі” ў іншыя кабінеты. Каб як мага хутчэй вырашыць гэтую праблему, мы выклікалі ў школу тых бацькоў, якія ўваходзяць у бацькоўскі камітэт. Адзінае, што мы маглі зрабіць у той момант, гэта яшчэ раз заклеіць вокны. Спачатку заклалі ўсе шчыліны сіліконам. Прычым закладвалі яго ў вокны з двух бакоў. Акрамя гэтага, мы купілі паралон. Калі і ён быў пракладзены, замазалі ўсё спецыяльным растворам, герметыкам, на які нанеслі пабелку. Адным словам, уцяплілі вокны, як маглі”.
Аднак, нягледзячы на гэта, слупок тэрмометра ў халодных кабінетах падняўся толькі на 2 градусы. Гэта значыць, што тэмпературны рэжым у класах усё роўна не адпавядаў санітарным нормам. Дарэчы, згодна з палажэннем санэпідэмстанцыі, аптымальнай тэмпературай, пры якой дазваляецца праводзіць заняткі ў класе, з’яўляецца паказчык у 18—20 градус.
Калі ж я пацікавілася, наколькі цёпла было ў тых кабінетах, дзе займаюцца вучні пачатковых класаў, Наталля Сцяпанава запэўніла, што ў маленькіх навучэнцаў было цёпла. Але газета “Вячэрні Гродна”, у якую тэлефанавалі і скардзіліся бацькі, сцвярджае, што “кабінеты пачатковых класаў знаходзяцца на першым паверсе. І дзеці, якія ходзяць у групу прадоўжанага дня, сядзяць у цёплых світарах. Тэмпература — не вышэй за +17,5°С”.
“Наша школа не новая, сёлета ёй споўнілася 40 гадоў, — працягвае дырэктар. — І такіх вокнаў, якія стаяць у нас, ужо даўно ніхто не выпускае. Але мы ўсё роўна паспрабавалі іх крыху падрамантаваць. Так, сёлета мы нават вырашылі памяняць штапікі. Наколькі гэта дапаможа ўратавацца зімой — пакуль невядома. Але адной з прычын таго, што ў нас у мінулым лютым было холадна, стаў моцны шквалісты вецер, які на працягу даволі доўгага перыяду абдзімаў адзін з бакоў нашай школы. І пасля таго, як вецер сціх, у халодных кабінетах тэмпература вырасла да патрэбных паказчыкаў”.
У лютым, калі сітуацыя з тэмпературным рэжымам у гродзенскіх школах была самай складанай, у сярэднюю школу № 20 штодня прыязджала санстанцыя. Тэмпература ў марозныя дні ў кожным кабінеце кантралявалася тры разы на дзень.
“Санстанцыя хадзіла па кабінетах і запісвала ўсе паказчыкі, — працягвае дырэктар. — Мы і самі некалькі разоў на дзень фіксавалі ўсе даныя. Санстанцыя бачыла, як у нас заклеены вокны. Дарэчы, форткі мы не чапалі, таму што ў любым з кабінетаў павінна адбывацца праветрыванне, графік якога ў нас складзены для кожнага кабінета. Прыязджала да нас і кіраўніцтва аддзела адукацыі: глядзелі, у якіх умовах займаюцца дзеці. Дарэчы, яшчэ на пачатку мінулага ацяпляльнага сезона кожны клас заклейваў свае вокны. І аб гэтым ведалі тыя, хто прыязджаў у школу з праверкай. Тады да нас пытанняў не было”.
Але пытанні ўзніклі пасля. І іх трэба вырашаць. Толькі Наталля Сцяпанава ўпэўнена, што “тая праблема, якая існуе, не дасягнула такога маштабу, калі пра гэта варта масава гаварыць. Тым больш што ў некаторых установах сярэдняй адукацыі тэмпература была на некалькі градусаў ніжэйшай, чым у 20-й школе”.
Разам з тым дырэктар прызнае, што замена старых драўляных вокнаў на новыя, пластыкавыя, у нейкай меры вырашыла б гэтую праблему. Толькі школе на гэта горад пакуль што сродкі не выдзяляе.
Тут варта дадаць, што летась, пасля таго як дзеці сталі скардзіцца на холад у класах, у школу прыязджалі і прадстаўнікі энерганагляду.
“Мы павінны былі іх выклікаць, таму што менавіта гэтыя спецыялісты мусяць правесці экспертызу, неабходныя тэмпературныя замеры, — тлумачыць Наталля Сцяпанава. — Спецыялісты правяралі тэмпературу ў кожным з класаў у некалькіх месцах. Яны пазначалі тыя лічбы, якія паказваў спецыяльны тэмпературны датчык на адлегласці 30 сантыметраў ад акна, побач з акном і ля сцяны. Тады паказчыкі не адпавядалі норме. І калі сёлета будзе назірацца такая ж сітуацыя, нас павінны ўключыць у праграму па замене вокнаў”.
Але для таго, каб школа абнавіла вокны, ёй трэба прайсці экспертызу, праводзіць якую ёсць сэнс толькі з пачаткам ацяпляльнага сезона.
Дарэчы, на пытанне, чаму экспертыза ў школе, якой за 40 гадоў ні разу не мянялі вокны, не была заказана год назад, дырэктар адказала, што тады яна не займала сённяшнюю пасаду, а значыць, магчымасць заняцца вырашэннем праблемы належала не ёй.
“Вельмі хочацца трапіць у праграму па замене вокнаў, — працягвае Наталля Аляксандраўна. — За экспертызу мы будзем плаціць самі. Таму што калі чакаць фінансавання, то невядома, калі настане гэты момант. А праблему хочацца вырашыць, асабліва ў вуглавых кабінетах, якія зімой былі самымі халоднымі. На сённяшні дзень у нас стаяць шклопакеты ў фае на першым паверсе і ў сталовай. Іх мы паставілі яшчэ ў мінулым годзе падчас рамонту. Спадзяюся, што праз год памяняюць вокны хаця б у некаторых класах. Перашкодзіць можа толькі адсутнасць фінансаў. Магчыма, тое, што пра нас гаварылі зімой, сыграла на нашу карысць. Таму што менавіта дзякуючы гэтаму нам адразу дазволілі падаць заяву на правядзенне экспертызы”.
Што тычыцца цяперашняга стану школы і яе гатоўнасці да ацяпляльнага сезона, тут ужо праверылі ўсе цеплавузлы, і яны аказаліся ў норме. Так што застаецца чакаць зімы. Менавіта яна пакажа, ці ўмее 20-я школа ўцяпляцца.

Батарэі без кажухоў і матрацы для вокнаў

Але холадна летась было не толькі ў сярэдняй школе № 20. Нізкія тэмпературныя паказчыкі былі зафіксаваны і ў школе № 28 Гродна. Пра гэта сведчыць інфармацыя, якая была размешчана на адным з гродзенскіх блогаў. Так, маці аднаго з вучняў паведаміла, што “ў школе № 28, у прыватнасці ў тым кабінеце, дзе займаецца 2 “Г” клас, тэмпература не паднімалася вышэй за 13 градусаў. А праверка зафіксавала ўсяго 11 градусаў. І бацькі самі павінны клапаціцца пра здароўе сваіх дзяцей. Менавіта па гэтай прычыне ў клас быў прынесены абагравальнік. А адміністрацыя школы ўсяго толькі і зрабіла, што зняла кажухі з батарэй. Толькі тэмпература нават пасля гэтага не змянілася”.
Для таго, каб даведацца, як гэтая школа падрыхтавалася да новага ацяпляльнага сезона, а таксама разабрацца з мінулагодняй сітуацыяй, мы звярнуліся з адпаведнымі пытаннямі да кіраўніцтва згаданай навучальнай установы.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алены Дзмітрыеўна Будрэвіч, “тэмпература ў школе не апускалася ніжэй за 15 градусаў”. Зрэшты, 11 ці 15 градусаў — сітуацыю гэта не мяняе. Няхай сабе слупок тэрмометра паказвае, як сцвярджае Алена Будрэвіч, 15 градусаў. Толькі і гэтая лічба не з’яўляецца нормай. А гэта значыць, што заняткі ў кабінетах, дзе ўсталяваўся такі тэмпературны фон, праводзіцца не павінны.
“Холадна было ў вуглавых класах, гэта так, — расказвае Алена Дзмітрыеўны. — Тэмпература ніжэй за норму назіралася ў кабінетах інфарматыкі, гісторыі, а таксама ў нямецкім цэнтры. Але гэтая праблема будзе вырашана пасля ўстаноўкі вокнаў. Хочацца спадзявацца, што будучая зіма нам такіх праблем не прынясе. Усё-такі многае зале-жыць ад таго, адкуль дзьме вецер і наколькі ён халодны. Мінулай зімой для таго, каб павысіць тэмпературу ў класах, мы нанава пераклейвалі вокны. Запіхвалі ў іх усё, што знаходзілі ў падвалах. Нават разрывалі старыя матрацы. Але ўсё роўна гэта не вельмі дапамагло. Праз старыя драўляныя рамы вецер пастаянна задзімаў”.
Як бачна, у абедзвюх школах патрабуецца замена драўляных вокнаў на шклопакеты. І будзе добра, калі з іх набыццём навучальныя ўстановы пазбавяцца “халоднай” праблемы. А калі гэтага не здарыцца? Што тады рабіць? Дарэчы, у Гродне ў спіс халодных школ трапілі яшчэ і дзве гімназіі — № 4 і № 9. Толькі, на жаль, узяць каментарый у дырэктараў згаданых устаноў не атрымалася.
А для таго, каб дазнацца, калі ў школах заменяць вокны, а таксама разабрацца ў некаторых спрэчных пытаннях, мы сустрэліся з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргеем Васільевічам Ламекам.
Як паведаміў начальнік аддзела, сітуацыя, звязаная з холадам у асобных класах некаторых школ горада, ім кантралявалася.
“Тыя кабінеты, у якіх назіралася нізкая тэмпература, былі выведзены з адукацыйнага працэсу, — расказвае Сяргей Ламека. — Кіраўніцтва школ скарэкціравала расклад такім чынам, каб паспець правесці заняткі для вучняў, якія засталіся без свайго кабінета. Акрамя гэтага, у школах, у якіх было холадна ў сувязі з дрэннымі ўмовамі надвор’я, была наладжана замена шкла ў вокнах. Акрамя гэтага, былі пафарбаваны аконныя блокі, заменены штапікі”.
Калі мы ўдакладнілі, у якіх школах правялі такую “рэканструкцыю”, былі названы тры навучальныя ўстановы: гімназія № 4, якую мы ўзгадвалі, а таксама сярэднія школы №№ 16 і 23, у якіх, як аказалася, тэмпература таксама была далёкай ад ідэальных паказчыкаў.
Па словах начальніка аддзела, ён не валодае інфармацыяй наконт таго, што ў сярэдняй школе № 20 слупкі тэрмометра таксама былі на некалькі градусаў ніжэй за норму. Але тое, што бацькі школьнікаў звярталіся па дапамогу да СМІ, яго не здзівіла. Згадзіцеся, гэта гаворыць аб тым, што праблема халодных класаў на слыху і не абмяжоўваецца адной школай. Але чаму яе ніхто не заўважае і не спяшаецца вырашаць? Хутка пачнецца ацяпляльны сезон, а там ужо і зіма не за гарамі. І менавіта маразы пакажуць, дзе добра была праведзена работа над памылкамі. А можа, камусьці і з імі камфортна жыць?

Наталля ДУБІК.
Фота аўтара і з сайта vgr.by.