9 дзён у Юзафове з “Містарам Твістарам”

З таго часу, як у краіне пасля доўгага перапынку пачалі працаваць кругласутачныя лагеры працы і адпачынку, прайшло ўжо 2 гады. Працоўныя лагеры — гэта не толькі магчымасць даць дзецям зарабіць грошы, але і спроба вырашыць праблему недахопу сезонных кадраў у некаторых арганізацыях. Не выключаюць лагеры працы і адпачынкуі дабрачынную дапамогу, платай за якую з’яўляецца толькі шчырае “дзякуй”.
Сёння вопытам стварэння і работы кругласутачнага лагера працы і адпачынку з намі дзеляцца супрацоўнікі Барысаўскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

“Нас і тут нядрэнна кормяць!”

— Сёлета кругласутачны лагер працы і адпачынку ўпершыню праводзіцца на тэрыторыі Барысаўскага раёна, — расказвае Наталля Мікалаеўна Ціханава, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай і выхаваўчай рабоце Барысаўскага цэнтра турызму і краязнаўства. — Вопыт арганізацыі такіх лагераў у краіне даволі багаты. А гэта значыць, што сярод падлеткаў яны карыстаюцца папулярнасцю. Шчыра кажучы, калі нам прапанавалі арганізаваць кругласутачны працоўны лагер, мы з Юрыем Фёдаравічам Фаміным, дырэктарам Цэнтра турызму і краязнаўства, адразу згадзіліся, таму што для нас, педагогаў, гэта вельмі каштоўны вопыт. Мы штогод арганізоўваем і курыруем правядзенне звычайных аздараўленчых летнікаў, а таксама профільных лагераў палатачнага тыпу. У арганізацыі гэтых лагераў усё зразумела, і нас ужо нічым не здзівіш. А працоўны кругласутачны лагер — гэта новае, неспазнанае асяроддзе, вывучаць якое цікава не толькі нам, але і тым дзецям, якім пашчасціла адкрыць летні працоўны сезон.
Доўга думаць наконт таго, дзе пасяліць дзяцей, не прыйшлося. Справа ў тым, што ў Барысаўскага цэнтра турызму і краязнаўства ёсць свая турыстычная база адпачынку, якая знаходзіцца ў вёсцы Юзафова. Менавіта там на працягу 9 дзён будуць жыць і працаваць атрады “Містара Твістара” — такую назву атрымаў лагер, у якім зараз знаходзіцца 9 дзяцей. Невялікая колькасць адпачываючых тлумачыцца тым, што гэта першы вопыт арганізацыі кругласутачнага працоўнага лагера. У наступным годзе, калі сёлетні вопыт акажацца станоўчым, колькасць удзельнікаў лагера працы будзе павялічана.
— Многія цікавяцца, ці лёгка было знайсці жадаючых для “Містара Твістара”, — працягвае Наталля Мікалаеўна. — Чамусьці ўсім падаецца, што дзеці павінны пазбягаць удзелу ў тых лагерах, дзе трэба працаваць. Але праца збліжае! Калі ў школах з’явіліся аб’явы наконт таго, што сёлета ў Барысаўскім раёне плануецца арганізаваць лагер працы і адпачынку, да нас тэлефанавала вельмі шмат бацькоў і дзяцей. Такая ідэя арганізацыі канікул многім прыйшлася даспадобы. Дарэчы, жадаючых стаць удзельнікам “Містара Твістара” было настолькі многа, што ў выніку кіраўніцтву школ прыйшлося самастойна адбіраць вучняў для лагера. Што тычыцца праблем, з якімі можна сутыкнуцца падчас арганізацыі ЛПА, іх насамрэч нямнога.
Самым вялікім недахопам, як прызналіся арганізатары “Містара Твістара”, з’яўляецца тое, што працоўныя лагеры ў адрозненне ад звычайных аздараўленчых летнікаў дзейнічаюць на працягу 9 дзён. За гэты час неабходна і папрацаваць як след, каб дзеці змаглі зарабіць грошы і адпачыць. Прычым адпачынак павінен уключаць у сябе не толькі стандартныя спартыўныя эстафеты, але і экскурсіі па знакавых мясцінах, якіх на тэрыторыі Барысаўскага раёна больш чым дастаткова.
— Так, ужо на трэці дзень дзеці паехалі ў вёску Брылі, на Брылёўскае поле, — працягвае Наталля Мікалаеўна. — Усім вядома, што поле знаходзіцца на правым беразе ракі Бярэзіны, дзе ў 1812 годзе падчас пераправы загінула значная частка арміі Напалеона. І вельмі прыемна, што дзеці з цікавасцю слухаюць, калі ім расказваеш тыя агульнавядомыя гістарычныя факты, якія звязаны з родным горадам. Асабліва нашых выхаванцаў уразіла тое, што на самым выездзе са Старога горада (менавіта так называецца адна з частак горада), дзе праходзіць вуліца Аэрадромная, раней быў аэрадром. І насамрэч менавіта там, на гэтым аэрадроме, у 1943 годзе ў Барысаве прызямліўся самалёт Адольфа Гітлера. Не пакінула дзяцей раўнадушнымі і тая інфармацыя, што і Гітлер, і Напалеон начавалі ў адным і тым жа доміку-атэлі, які знаходзіўся насупраць аэрадрома.
Арганізацыя цікавых экскурсій — гэта не самае важнае, на што работнікі лагера звяртаюць увагу. Для таго каб дзецям было ўтульна, каб у Юзафова яны адчувалі сябе як дома, важна было стварыць камфортныя бытавыя ўмовы для пражывання. Зрабіць гэта ў турыстычнага цэнтра атрымалася. Так, усе без выключэння пакоі прасторныя, чыстыя. У кожным з іх пражывае па чатыры чалавекі.
— У лагеры нам падабаецца, — расказвае вучаніца сярэдняй школы № 8 Барысава Аляксандра Калеснікава. — Аб’екты, на якіх мы працуем, вельмі цікавыя з гістарычнага пункту гледжання. Ніколі не думала, што калі-небудзь мне выпадзе магчымасць падграбаць сена ці насіць дровы! Дарэчы, у лагеры вельмі смачная ежа! Асабліва нам падабаюцца розныя супчыкі! І па доме мы не сумуем, таму што нас і тут нядрэнна кормяць. (Смяецца.)

Дабрачыннасць, сена і летні загар

Відавочна, што асноўнай функцыяй кругласутачнага лагера працы і адпачынку з’яўляецца працаўладкаванне дзяцей. Чакаць, пакуль для ўдзельнікаў “Містара Твістара” знойдзе працоўныя месцы раённы аддзел адукацыі, Цэнтр турызму не стаў і ўзяў усе клопаты на сябе.
— Перш чым мы знайшлі аб’екты, якія згадзіліся прыняць у якасці работнікаў школьнікаў, давялося шмат куды патэлефанаваць, — дзеліцца Наталля Мікалаеўна. — Мы спрабавалі ўладкавацца ў раённае лясніцтва, але нам адмовілі, і зразумела, чаму: не кожная арганізацыя пагодзіцца плаціць грошы.
Пасля доўгіх разважанняў кіраўніцтва лагера вырашыла пашукаць работадаўцаў побач з турыстычнай вёскай. Першым на прапанову дапамагчы адгукнуўся настаяцель Храма-капліцы Святых Царскіх Страстацерпцаў айцец Міхаіл Янчук. Пазней запрасіла дзяцей на экскурсію, а таксама на работу ў Свята-Ксеніеўскі жаночы манастыр настаяцельніца гэтай установы матушка Васіліса.
— Зразумела, тая дапамога, якую мы аказалі манастыру, з’яўляецца дабрачыннай, — дзеліцца Наталля Мікалаеўна. — Тым не менш у адказ на нашу дабрыню і дапамогу дзецям правялі цікавую экскурсію па тэрыторыі манастыра, а таксама расказалі шмат цікавых фактаў, звязаных з рэлігіяй. Самае дзіўнае, што падлеткам цікава ўсё тое, пра што ім расказвалі. Паслушніцы, якія праводзілі экскурсію, задавалі шмат пытанняў, і мяне па-добраму здзівіла, што на многія з іх у вучняў быў адказ. Гэта сведчыць, аб тым што дзеці, якія трапілі ў лагер, цікаўныя асобы.
Дарэчы, падчас паездкі ў манастыр дзяўчынкі палівалі, а таксама палолі кветкі, якія растуць на закрытай тэрыторыі гэтай установы. Хлопцам выпала адказная задача: яны дасыпалі зямлю на клумбы, а таксама складвалі дровы.
Калі работа на тэрыторыі манастыра была выканана, дзеці разам са сваімі куратарамі пайшлі зграбаць сена і зносіць яго ў капіцы.
— Даведваючыся, што мы працавалі ў манастыры бясплатна, многія здзіўляюцца, — канстатуе Наталля Мікалаеўна. — Маўляў, а як жа грошы? Няўжо ў дзяцей не будзе зарплаты? Але зарплата абавязкова будзе. За 7 дзён, у кожны з якіх рабочымі лічацца 4 гадзіны, усім юным работнікам будзе заплачана па 500 тысяч беларускіх рублёў. Гэтыя грашовыя сродкі нам удалося сэканоміць. Якім чынам? Усё вельмі проста. Нам, дзякуючы добраму веданню гісторыі, не давялося падчас паездак па гістарычных мясцінах наймаць экскурсавода. Акрамя гэтага, на кухні ў нас працуюць уласныя работнікі. І самае галоўнае тое, што ў нас ёсць свой аўтобус. А гэта значыць, што наш працоўны лагер ні ад каго не залежыць.
Адметна і тое, што на часовую работу ў кругласутачны лагер Цэнтр турызму не наймаў выхавальнікаў. Усю адказнасць за дзяцей на сябе ўзялі дырэктар Цэнтра турызму і краязнаўства Юрый Фёдаравіч Фамін і яго намеснік Наталля Мікалаеўна Ціханава.
— Для таго каб узяць на часовую работу педагогаў, якія будуць выступаць у ролі выхавальнікаў, трэба шмат чаго зрабіць, — тлумачыць Наталля Мікалаеўна. — Самае галоўнае, чым трэба карыстацца пры наёме на работу, — гэта наяўнасць штатнага раскладу, а таксама праверка педагогаў на веданне правіл аховы здароўя і бяспекі дзяцей. Акрамя гэтага, усе работнікі павінны валодаць інструкцыямі наконт арганізацыі экскурсій, а таксама ведаць правілы перавозу дзяцей на транспарце. Паколькі мы з Юрыем Фёдаравічам ведаем, якая адказнасць можа быць ускладзена на тых, хто па той ці іншай прычыне не зможа дагледзець дзяцей, было вырашана, што выхавальнікамі пабудзем і самі. Тым больш што ўсімі метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі ЛПА валодаем.
Роўна праз тыдзень усе тыя, хто складае каманду “Містара Твістара”, раз’едуцца па дамах. Але сумненняў няма: уражанняў ад сёлетняга адпачынку ім хопіць калі не да наступнага лета, то да таго часу, пакуль на скуры будзе трымацца іх першы працоўны загар. Гэта адназначна!

Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.