На жаль, часам заваяваць аўтарытэт у падлеткаў не могуць не толькі настаўнікі, але і бацькі. А гэта значыць, што навучыць дзіця несці адказнасць за здзейсненыя ўчынкі як перад грамадствам, так і перад самім сабой становіцца вельмі цяжка.
Пра тое, як дасягнуць узаемаразумення з падлеткамі і што рабіць, калі дзеці спрабуюць пераступіць праз мяжу дазволенага, дакладна ведае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама падпалкоўнік міліцыі Вольга Мікалаеўна ЧАМАДАНАВА. Дарэчы, сёлета Вольга Мікалаеўна стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.
— Вольга Мікалаеўна, ці лёгка знаходзіць агульную мову з дзецьмі, якія стаяць на ўліку ў ІСН? Яны ўсе вельмі розныя, часцей за ўсё, напэўна, са складаным характарам.
— Сёння, калі ў мяне за плячыма ўжо ёсць стаж, з упэўненасцю магу спаслацца на вопыт, які набыла падчас работы ў ІСН. У большасці выпадкаў у зносінах з дзецьмі, падлеткамі вельмі хутка пачынае працаваць “прафесійнае чуццё”. Гэта значыць, што я магу бачыць падлетка ўпершыню, не мець ніякай інфармацыі пра яго лад жыцця, інтарэсы і захапленні, але адначасова з гэтым я дакладна разумею яго праблему, адчуваю, ці ёсць у падлетка жаданне што-небудзь выправіць. Кожны дарослы чалавек — гэта асоба са сваімі поглядамі, характарам і запытамі. З дзецьмі ўсё намнога складаней. З узростам дзеці мяняюцца, а гэта значыць, што ў іх мяняецца і светапогляд, а таксама захапленні. Я ўпэўнена, менавіта з гэтай прычыны працаваць з імі больш цікава, чым з дарослымі. На жаль, вельмі часта дарослыя (бацькі, спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі) не спрабуюць разабрацца, чаму ў дзіцяці ўзнікла тая ці іншая праблема. Лягчэй зрабіць свае, дарослыя высновы, спаслаўшыся пры гэтым на жыццёвы вопыт, чым разбірацца ў праблеме, якая рэальна існуе ў жыцці падлетка. Цяжкі характар, адсутнасць жадання быць паслухмяным — вось пра што расказваюць бацькі, калі інспектары размаўляюць з імі. Было б ідэальна, калі б бацькі імкнуліся вызначыць прычыны, якія паспрыялі змене паводзін дзіцяці. Але ў большасці выпадкаў дарослыя зрабіць гэтага не могуць, а часам нават і не жадаюць. Усё-такі вельмі важна быць нераўнадушным да сваіх абавязкаў і ніколі не абмяжоўваць сябе ў магчымасці аказання дапамогі тым, каму яна патрэбна.
— Ці ёсць у вашай практыцы такія дзеці, якія пасля шматгадовага знаходжання на ўліку ў ІСН становяцца законапаслухмянымі грамадзянамі?
— Пазітыўных прыкладаў нямала, і гэта вельмі прыемна. Шчыра кажучы, не ўсе бацькі, а таксама настаўнікі правільна разумеюць, чаму іх дзяцей паставілі на прафілактычны ўлік у ІСН. У большасці выпадкаў існуе меркаванне, што асноўная мэта такога ўліку — ажыццяўленне функцыі пакарання. Маўляў, калі паставяць на ўлік у ІСН, наўрад ці з’явяцца ў жыцці светлыя перспектывы. Падлеткі ўпэўнены, што ў любы момант іх могуць накіраваць у спецыяльную вучэбную ўстанову, а пасля — што самае страшнае — у выхаваўчую калонію. І гэта, як лічыць большасць дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку, адмоўна скажацца на рэпутацыі, а таксама на іх жаданні атрымаць у будучым добрую прафесію. Тым не менш магу з упэўненасцю сказаць, што многія падлеткі, якія знаходзіліся на прафілактычным уліку ў ІСН, сёння знайшлі сябе, атрымалі прафесію. І, безумоўна, ніхто не хоча ўспамінаць, а тым больш гаварыць пра свае былыя праступкі.
Так, калі я працавала ўчастковым інспектарам, у ІСН на прафілактычным уліку стаяла 13-гадовая дзяўчынка з малазабяспечанай няпоўнай сям’і. Юля (імя зменена) сістэматычна ўдыхала пары клею, збягала з дому і падтрымлівала зносіны выключна з тымі падлеткамі, у якіх былі такія ж інтарэсы. Такія дзеці могуць гадзінамі сядзець у падвале і нюхаць клей. Зразумела, заняткі ў школе Юля пачала прагульваць. І для таго каб завесці дзяўчыну ў школу, мне разам з сацыяльным педагогам неаднаразова даводзілася штодня ў 7 гадзін раніцы шукаць яе па месцы жыхарства, у знаёмых. Менавіта так мы забяспечвалі прысутнасць дзяўчынкі ў школе на ўроках. Такія пошукавыя мерапрыемствы ў нас працягваліся больш чым год. Увесь гэты час я спрабавала змяніць паводзіны дзяўчыны, а таксама паводзіны яе сяброў. Для мяне было важным навучыць Юлю гля-дзець у будучыню іншымі вачыма.
Час усё расставіў на свае месцы. Сёння Юля — гэта ўжо не гарэзлівы падлетак, а вельмі прыемная, акуратная дзяўчына, а таксама маці. Мне вельмі прыемна сустракацца з ёй на вуліцы і бачыць ветлівую ўсмешку, добры настрой.
Увогуле, такіх прыкладаў хапае, але ў кожным з іх закладзена часцінка душы ўчастковага інспектара ІСН. Робіцца гэта для таго, каб падлетак своечасова зрабіў правільны выбар і “не спатыкнуўся” аб закон.
— Многія ўпэўнены, што часцей за ўсё на ўлік у ІСН трапляюць дзеці з малазабяспечаных сем’яў. Ці былі ў вашай практыцы выпадкі, калі ў поле зроку міліцыі траплялі станоўчыя дзеці?
— Такія выпадкі былі і будуць. Праблемы, звязаныя з выхаваннем падлеткаў, ёсць у кожнай сям’і, але ва ўсіх яны розныя. У кагосьці гэтыя праблемы ляжаць на паверхні, і з імі можна вельмі лёгка справіцца. Іншым для вырашэння пэўных праблем патрэбен час. Менавіта па гэтай прычыне ні ў якім разе нельга гаварыць пра тое, што ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі трапляюць толькі дзеці з нядобранадзейных, малазабяспечаных ці няпоўных сем’яў. Мы жывём у неідэальным грамадстве, і яно неідэальнае ў сваіх поглядах і ўчынках. Кожны з нас, а тым больш дзеці, могуць зусім выпадкова аказацца ў цяжкай сітуацыі. Знаходзіць з іх выйсце — вось задача дарослых.
— Як вы лічыце, ці заўсёды ў тым, што падлетак “падсеў” на наркотыкі ці пачаў захапляцца крадзяжамі, вінаваты бацькі, адсутнасць з іх боку ўвагі да дзяцей?
— Удзел абодвух бацькоў у выхаванні дзіцяці — гэта, безумоўна, вельмі значны фактар у фарміраванні падлетка як асобы. Але практыка ў маёй службовай дзейнасці паказвае, што не ў кожным выпадку асноўнай прычынай, па якой падлеткі здзяйсняюць проціпраўныя дзеянні, з’яўляецца адсутнасць увагі і выхавання з боку бацькоў. У апошні час гэта вельмі заўважна. Дарэчы, сёння ў маладзёжным асяроддзі стала актуальна і модна ўжываць алкагольныя напіткі і піва, а таксама курыльныя сумесі. Часта самі бацькі тэлефануюць, каб пракансультавацца са спецыялістамі наконт таго, як засцерагчы сына ці дачку ад магчымасці паспрабаваць наркатычныя сродкі або як пазбавіцца ад частага ўжывання алкаголю?
Многія мамы і таты гатовы выкарыстоўваць у выхаванні розныя метады, але адначасова з гэтым бацькі баяцца нашкодзіць свайму дзіцяці. А дзеці, як я ўжо гаварыла, бываюць розныя. У кагосьці няўстойлівая псіхіка, у іншых слабая сіла волі. І самае страшнае, што дзеці не задумваюцца аб тым, чым, напрыклад, ужыванне наркотыкаў можа адгукнуцца ў будучым, у дарослым жыцці.
— Магчыма, адкрыццё ў краіне рэабілітацыйных цэнтраў для дзяцей і падлеткаў магло б вырашыць праблему наркаманіі, якая ў апошні час атрымала шырокі рэзананс, ці не так?
— Так, адкрыццё падобных цэнтраў магло б вырашыць шмат праблем. Але, на жаль, у нашай краіне адсутнічаюць спецыяльныя медыцынскія ўстановы для падлеткаў, якія маюць залежнасць як ва ўжыванні алкаголю, так і наркатычных сродкаў, курыльных сумесей. Тым не менш усе мы павінны адкрыта гаварыць, што ўжо даўно патрэбна было арганізаваць падлеткавыя рэабілітацыйныя цэнтры. У такіх установах і бацькі, і дзеці, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, маглі б атрымліваць комплексную дапамогу.
— У апошні час ходзяць чуткі наконт увядзення тэсціравання для школьнікаў на алкаголь і наркотыкі. Наколькі неабходнай з’яўляецца такая мера? І як, на ваш погляд, гэтае новаўвядзенне ўспрымуць бацькі?
— Зараз вельмі цяжка сказаць, як тэсціраванне ўспрымуць не толькі бацькі, але і настаўнікі. У кожнага незалежна ад ведання і вывучэння глыбіні праблемы на гэты конт свае погляды. Шкада, што наша грамадства адмаўляецца бачыць праблему наркаманіі і алкагалізацыі такой, якая яна ёсць у рэальнасці. Мы чамусьці пачынаем вырашаць праблему тады, калі яна ўжо з’явілася, а не займаемся яе папярэджаннем, не перашкаджаем быць ёй актуальнай у далейшым. Мне здаецца, што сёння ні бацькі, ні настаўнікі не гатовы правільна ўспрымаць інфармацыю аб ужыванні падлеткамі курыльных сумесей, наркатычных сродкаў. Чаму? Таму што гэта будзе сведчыць пра недастатковы ўзровень правядзення імі прафілактычнай работы.
— Вам, напэўна, часта даводзіцца працаваць з бацькамі, якія замест выхавання дзяцей аддаюць перавагу алкаголю.
— Так, з такімі бацькамі даводзіцца размаўляць вельмі часта. Тым не менш для большасці бацькоў дзеці з’яўляюцца той матывацыяй, якая прымушае змяніць лад жыцця. І мая задача заключалася менавіта ў тым, каб арганізаваць дзеянні бацькоў у правільным кірунку, у інтарэсах дзіцяці. Штогод асноўнай прычынай, па якой дзяцей забіраюць з сям’і, з’яўляецца алкагалізм. Нават нягледзячы на тое, што ўласнае дзіця дарослым неабыякавае, яны не могуць самастойна адмовіцца ад ужывання алкаголю. Таму для таго каб дарослыя прынялі правільнае рашэнне, я павінна быць яшчэ і псіхолагам. Інспектар ІСН павінен не толькі ведаць свае абавязкі, але і разумець, што ён у сілах паўплываць на некаторыя сітуацыі. Тым больш гэта робіцца для дзіцяці, для захавання яго сям’і. А значыць, я не маю права на памылку, таму што галоўнае для мяне — гэта далейшы лёс дзіцяці. Дарэчы, часам паводзіны дарослых больш непрадказальныя ў адрозненне ад падлеткаў.
— Штогод вы арганізуеце ваенна-патрыятычныя лагеры для дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН. Які ўплыў такія лагеры аказваюць на цяжкіх падлеткаў?
— Арганізацыя ваенна-патрыятычных лагераў накіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі. А для падлеткаў, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў ІСН, такія лагеры з’яўляюцца альтэрнатывай здзяйснення проціпраўных учынкаў. Штогод у Мінскім раёне на базе вайсковых часцей (в/ч 3310 і в/г Калодзішчы) дзейнічаюць такія лагеры. У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі падлеткі знаёмяцца з распарадкам дня ваеннаслужачых, пазнаюць азы ваеннай службы. Акрамя гэтага, для падлеткаў праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, арганізоўваюцца трэнінгі, якія праводзяць спецыялісты Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіатрыя-наркалогія”. А супрацоўнікі ІСН разам з педагогамі арганізоўваюць для падлеткаў пазнавальныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі.
— Вольга Мікалаеўна, сёлета вы сталі лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”, а таксама выбраны “Чалавекам года Міншчыны”. Наколькі важным гэта з’яўляецца для вас?
— Для мяне быць лаўрэатам прэміі — гэта, па-першае, разумець сваё прызначэнне ў выбранай прафесіі, адчуваць ацэнку сваёй працы і адкрыта гаварыць пра значнасць кожнага з нас у аказанні дапамогі дзецям.
Па-другое, гэта яшчэ больш патэнцыялу і жадання рабіць дабро ў імя светлай будучыні. Хочацца ахапіць неабдымнае дзеля таго, каб нашы дзеці жылі ў гармоніі і радасці, каб бацькі разумелі, што застанецца пасля іх, і каб правільна ацэньвалі сваю ролю ў станаўленні падлетка як асобы.
Я разумею, што ўсё гэта магчыма, і я ў тым ліку магу быць маленькім прыкладам для вялікага грамадства. Галоўнае — паказваць станоўчы вынік у сваёй службовай дзейнасці.
Гутарыла Наталля ДУБІК.