“Каб гэтую сілу — ды ў мірную плынь…”, ці Як наладзіць работу з валанцёрамі?

Некалькі гадоў назад быў у мяне негатыўны вопыт валанцёрства: па выніках паходу да “адказнікаў”, якія доўгі час знаходзіліся ў бальніцы, мне засталіся слёзы, дзецям — расчараванне. А пачыналася ўсё як звычайна: аб’ява ў інтэрнэце пра тое, што маленькім дзецям, адабраным з сям’і, патрэбна дапамога. Маўляў, яны доўгі час знаходзяцца ў бальніцы, і, акрамя матэрыяльнай дапамогі ў выглядзе падгузкаў і іншага, ім патрэбны цеплыня і пяшчота — добра было б з імі пагуляць, пачытаць кніжкі. У дзяжурнага медперсаналу далёка не заўсёды ёсць на гэта час. Пад аб’явай — тэлефоны добраахвотнага каардынатара акцыі. Рукі, здаецца, самі па сабе набралі нумар. І літаральна праз дзень з дазволам ад галоўнага ўрача і пакетамі кніжак і іншага мы з тым самым каардынатарам стаялі пад дзвярыма аддзялення.
Шчыра кажучы, я, па няведанні, чакала цёплага прыёму: а як жа, адну справу робім — так ці інакш клапоцімся пра малых. Між тым у аддзяленні нашаму прыходу не вельмі радаваліся, гучала штосьці накшталт “зноў прыйшлі…”. На той час — абурылася: якія чэрствыя людзі, мы ж дабро робім! І толькі праз пару гадзін я зразумела прычыну такіх паводзін медперсаналу.
Усё пачыналася нядрэнна: чатырохгадовыя Віка і Данік сапраўды з радасцю сустрэлі наш прыход. І першы час маіх ведаў і навыкаў хапала на тое, каб падзяліць між імі новыя цацкі, не пакрыўдзіць аднаго большай увагай да іншага. Дзве гадзіны прайшлі непрыкметна. А потым надышоў час развітвацца. Такой істэрыкі я не бачыла ў дзяцей ні да, ні пасля гэтага. Малыя плакалі ўголас, чапляліся за рукі і нізашто не жадалі нас адпускаць. З горам папалам, хлуснёй і ўгаворамі, мы, нарэшце, зачынілі за сабой дзверы палаты. А там па-ранейшаму ўголас плакалі дзеці. І тая самая “чэрствая” медсястра паспяшалася да малых, прыгаворваючы: “Ну вось… зноў прыйшлі… і пайшлі…” Мы ж моўчкі пакінулі аддзяленне, дзесьці ў глыбіні душы спрабуючы супакоіць сябе: маўляў, не, мы ўсё ж добрую справу зрабілі. Але, уявіўшы, што такую надзею і расчараванне ад развітання дзеці перажываюць штодня, разумелі: наўрад ці гэта дабро для дзяцей.
Псіхолагі сцвярджаюць, што падобныя акцыі патрэбны больш самім дарыльшчыкам, чым дзецям: для таго, каб упэўніцца — я ж добры чалавек, вось і дабрачыннасцю займаюся. І прыгадваючы гэты свой вопыт, я гатова пагадзіцца з такім меркаваннем. І выдатна разумею кіраўнікоў дзіцячых устаноў, якія з насцярогай адносяцца да валанцёраў.
Разам з тым валанцёры — гэта магутная сіла: у плане новых ідэй, дапамогі ў рэалізацыі грандыёзных задумак і штодзённых спраў. Прычым — у самых розных установах. Вось, скажам, у супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў — велізарны спіс задач. І, як шчыра прызнаюцца многія, рук на ўсё проста не хапае. Ці магчыма для дапамогі прыцягваць валанцёраў? Вопыт некаторых устаноў паказвае, што гэта цалкам рэальна. Варта толькі з розумам карыстацца гэтай сілай.
Пра вопыт такога супрацоўніцтва ў адным з напрамкаў дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра нашаму выданню расказалі ў Баранавічах.

Вясной бягучага года ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Баранавіч узяліся за рэалізацыю новага праекта “Побач і разам”. Яго мэтай было стварэнне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі груп валанцёраў з ліку навучэнцаў для аказання сацыяльна-падтрымліваючай дапамогі мамам, якія не знаходзяцца ў шлюбе, і маладым сем’ям навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, якія маюць на выхаванні малалетніх дзяцей.
— Мэтавая група — маладыя мамы з дзецьмі — была выбрана невыпадкова, — расказвае дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Людміла Андрэеўна Еўлаш. — У нашых сярэдніх спецыяльных навучальных установах шмат навучэнцаў з ліку тых, хто выхоўваўся ў інтэрнатных установах. Няўменне жыць самастойна, непадрыхтаванасць у бытавых пытаннях, няўменне распараджацца грашыма вельмі часта прыводзіць іх да нядобранадзейнасці. З гэтай катэгорыяй мы займаемся даўно, і, шчыра скажу, гэта вельмі няпростыя “кліенты”. Гэта адна з найбольш уразлівых груп сем’яў і ў матэрыяльным плане, і ў плане маральных установак. Часта без дапамогі звонку такія сем’і, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, распадаюцца, часам у маладых бацькоў не сфарміраваны бацькоўскія навыкі, што ў рэшце рэшт можа прывесці сям’ю да сацыяльна небяспечнага становішча. Задача валанцёраў якраз і заключалася ў тым, каб дапамагчы такім сем’ям быць устойлівымі і моцнымі, нягледзячы на ўсе знешнія абставіны. А ўлічваючы, што валанцёры — з таго ж асяродка, што і іх падапечныя, апошнія застаюцца ў калектыве навучальнай установы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, што таксама дапамагае ім справіцца з нялёгкімі сітуацыямі ў жыцці.
Пры гэтым у цэнтры не чакалі, пакуль валанцёры прыйдуць да іх з пэўнымі ідэямі, а самі пачалі шукаць і навучаць матываваных на такую дзейнасць маладых людзей.

Зрэшты, як прызнаюць ініцыятары праекта, яго прафілактычная накіраванасць павінна дзейнічаць не толькі на маладых мам і маладыя сем’і, але і саміх валанцёраў. Прычым гаворка ідзе не толькі пра фарміраванне ў маладых людзей сацыяльна актыўнай пазіцыі, такіх якасцей, як спагада і суперажыванне. Праз вопыт іншых маладыя людзі могуць усвядоміць рызыкі ранняга мацярынства, паразважаць над каштоўнасцю сям’і. А ўсё гэта разам працуе на адну з галоўных задач сацыяльна-педагагічнага цэнтра — прафілактыку ў самым шырокім сэнсе сацыяльнага сіроцтва.
Асаблівая каштоўнасць праекта ў тым, што ў ім няма “настаўнікаў” і “вучняў” — і валанцёры, і іх падапечныя амаль аднаго ўзросту, яны паходзяць з адной сацыяльнай групы, таму ім лягчэй устанавіць кантакт, расказаць адно аднаму пра рэальны стан спраў, папрасіць аб дапамозе.
Рэалізацыя праекта пачалася з навучання спецыялістаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, якія ў далейшым павінны былі каардынаваць работу валанцёрскіх груп па аказанні сацыяльна-падтрымліваючай дапамогі мамам, якія не знаходзяцца ў шлюбе, і маладым сем’ям сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.
— Валанцёрства — гэта добраахвотны рух, але ён павінен быць кіруемым, — упэўнена спецыяліст. — Таму і павінен быць каардынатар — блізкі да групы валанцёраў, які б непрыкметна накіроўваў дзейнасць у неабходную плынь.
У задачы гэтых жа каардынатараў уваходзіць і прыцягненне маладых людзей да валанцёрскай дзейнасці. Для гэтага ў Баранавічах была падрыхтавана наглядная інфармацыя (буклеты) аб дзейнасці валанцёраў і праекце “Побач і разам”, якая была распаўсюджана ў рамках выступленняў-прэзентацый перад калектывамі навучэнцаў Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці. Па выніках прэзентацый шэраг навучэнцаў ССНУ выказалі жаданне прыняць удзел у рэалізацыі праекта.

А крыху пазней адбылася рабочая сустрэча падрыхтаваных спецыялістаў ССНУ і валанцёраў, на якой удзельнікі атрымалі інфармацыю аб ролі валанцёраў у праекце, пазнаёміліся з мэтамі, задачамі, асноўнымі мерапрыемствамі і відамі дапамогі. Абмеркавалі пытанні наведвальнасці, справаздачнасці.
— Акрамя таго, быў праведзены семінар-трэнінг для валанцёраў, — расказвае Людміла Андрэеўна. — Падчас апошняга мы імкнуліся стварыць спрыяльны псіхалагічны клімат узаемаадносін у групе, павысіць узровень узаемнага даверу і падтрымкі і, безумоўна, падрыхтаваць валанцёраў да самастойнай працы. У выніку семінара-трэнінгу навучэнцы-валанцёры атрымалі першапачатковыя веды і навыкі, неабходныя для пачатку практычнай дзейнасці. Мы расказвалі ім пра сацыяльнае сіроцтва, пра тое, з якімі праблемамі даводзіцца жыць дзецям, якія страцілі сям’ю, як складана ім уладкавацца ў жыцці, калі сітуацыя нядобранадзейнасці была доўгай і запушчанай. Варта прызнаць, што маладыя людзі вельмі ўразіліся пачутым.
Як немалаважны момант у рабоце з валанцёрамі спецыялісты называюць сістэму заахвочвання.
— Канечне ж, валанцёрства — гэта рух душы, і наўрад ці хто займаецца ім за нейкія знешнія заахвочванні. Аднак для папулярызацыі гэтага руху, падтрымкі валанцёраў і ўсведамлення імі таго, што яны ідуць у правільным кірунку, маладым людзям неабходна і пэўная знешняя ацэнка, — расказвае Людміла Андрэеўна. — Таму разам з супрацоўнікамі навучальных устаноў мы абмеркавалі магчымыя варыянты такога заахвочвання. Гэта будзе ўручэнне падзяк, грамат, апісанне ўкладу валанцёра ў характарыстыцы, якая выдаецца навучальнай установай.

Першае знаёмства валанцёраў з іх падапечнымі адбылося падчас акцыі “Падары ўсмешку дзіцяці”.
— Сустрэча прайшла на выдатна, — дзеліцца вопытам дырэктар цэнтра. — Мы нават не чакалі такой шчырасці і аддачы. Дзіўным для нас стала тое, што аднымі з самых актыўных удзельнікаў праекта сталі навучэнцы будаўнічага каледжа, якіх мы наогул напачатку не ўключылі ў работу, бо ва ўстанове не было традыцыі валанцёрскай дзейнасці. Аднак маладыя людзі — у пераважнай большасці юнакі — самі зацікавіліся ідэяй і сталі актыўна ўдзельнічаць у гэтым руху.
Праўда, Людміла Андрэеўна прызнае, што дзейнасць валанцёраў яны імкнуцца і зараз пэўным чынам накіроўваць і кантраляваць.
— Рызыка ёсць у тым, каб валанцёрства не скацілася да ўзроўню простай цікаўнасці — гэта ж лёсы людзей, каб з-за юнацкага максімалізму валанцёры не пакрыўдзілі сваіх падапечных непрадуманымі словамі, адназначнымі ацэнкамі, — таму не кажам, што сям’я дрэнная, а засяро-джваем увагу на тым, што ў яе зараз складаны перыяд, — адзначае спецыяліст. — Нельга дапусціць і таго, каб праз валанцёраў у праблемных сем’ях развіваліся і падтрымліваліся спажывецкія адносіны да жыцця. Таму любая дапамога павінна быць прадуманай і накіраванай на сумесную работу.

Алена МАРКЕВІЧ.