У адной звязцы

Выхаваўчыя магчымасці аздараўленчага лагера бязмежныя. Часовыя дзіцячыя аб’яднанні, якія фарміруюцца ў летніках, закладваюць трывалы і надзейны падмурак для фарміравання ў дзіцяці станоўчых жыццёвых установак, лідарскіх якасцей. Але гэта магчыма толькі пры адной умове: граматнай пабудове выхаваўчага працэсу, які грунтуецца не толькі на практычным вопыце спроб і памылак, але і мае навукова-метадычнае абгрунтаванне. Менавіта для таго, каб спалучыць навуку і практыку, папулярызаваць лепшае, што сёння ёсць у рабоце не толькі айчынных, але і замежных спецыялістаў, якія займаюцца арганізацыяй аздараўлення, у Беларусі стала ўжо добрай традыцыяй правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічнае ўзаемадзеянне ў сістэме адпачынку і аздараўлення дзяцей і моладзі”. Днямі ў НДЦ “Зубраня”, які з’яўляецца традыцыйнай пляцоўкай для гэтага форуму, адбылася ўжо 5-я, юбілейная, канферэнцыя. Сёлета яе ўдзельнікі абмяркоўвалі ролю і месца выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі ў забеспячэнні пераемнасці і бесперапыннасці выхавання.

Удзел у канферэнцыі прынялі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і Латвіі. Гэта выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, аспіранты, магістры гуманітарных навук і педагогікі, псіхалогіі, спецыялісты аддзелаў адукацыі, кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі, аздараўленчых лагераў, педагогі-псіхолагі, метадысты, старшыя выхавальнікі — адным словам, усе тыя, хто можа ўнесці пэўны ўклад, прыктычны ці тэарэтычны, у агульную скарбонку вопыту па арганізацыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення. Разам з тым удзел у канферэнцыі для кожнага з іх — рэальная магчымасць атрымаць новыя веды, аб’ектыўна ацаніць назапашаны вопыт. Міжнародны вопыт аздараўлення дзяцей, прадстаўлены ўдзельнікамі з Расіі, Казахстана, Украіны, Латвіі, дазволіў пашырыць межы інфармацыйнага поля і параўнаць падыходы ў выхаванні школьнікаў пры арганізацыі адпачынку.

Праграма канферэнцыі была даволі насычанай: госці цэнтра маглі паўдзельнічаць у майстар-класах, абмеркаваць актуальныя пытанні практыкі і тэорыі аздараўлення за круглым сталом, пазнаёміцца і нават штосьці “пазычыць” з багатага вопыту работы НДЦ “Зубраня”.
Насычаным і змястоўным было і пленарнае пасяджэнне канферэнцыі.
Як адзначыў падчас выступлення намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, аздараўленне дзяцей і падлеткаў — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці сістэмы адукацыі. І гэта цалкам абгрунтавана: аздараўленне дзяцей — гэта не толькі сацыяльна значная дзейнасць, але і працяг той работы, якая вядзецца ў школе. Гэта, дарэчы, абумовіла і выбар тэмы сёлетняй канферэнцыі. Нельга разглядаць выхаваўчы працэс у аздараўленчым лагеры ў адрыве ад выхаваўчага працэсу ў школе, установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Без уліку прынцыпу пераемнасці немагчыма забяспечыць паўнацэннае развіццё дзіцяці, яго асобаснае станаўленне, атрыманне грамадска значнага адукацыйнага выніку.
— Апошнім часам у краіне склалася пэўная сістэма арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей і падлеткаў. У апошнія гады назіраецца станоўчая тэндэнцыя захавання аб’ёмаў аздараўлення ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі. Гэтага ўдаецца дабіцца за кошт стабільнага фінансавання летняга адпачынку дзяцей, якаснага кадравага складу, арганізацыйна-метадычнага забеспячэння ў выхаваўча-аздараўленчых установах, — адзначыў падчас пленарнага пасяджэння Віктар Віктаравіч. — Больш за трэць ад агульнай колькасці школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў аздараўліваюцца ў лагерах. Бягучы год — не выключэнне. Стратэгія далейшага развіцця сістэмы адпачынку і аздараўлення дзяцей будзе адлюстравана ў праекце Канцэпцыі сістэмы адпачынку і аздараўлення дзяцей у Рэспубліцы Беларусь — гэта новы канцэптуальны дакумент, які сёння рыхтуецца, і ў Плане развіцця сеткі выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі на 2015—2020 гады.
Аднак, зразумела, выхаваўчая эфектыўнасць аздараўленчай кампаніі вызначаецца не лічбамі, а якасцю праведзенай у летніках педагагічнай работы.
— Выхаваўча-аздараўленчым установам адукацыі неабходна засяродзіць свае намаганні на стварэнні і ўдасканаленні выхаваўчай прасторы, прааналізаваць выхаваўчыя магчымасці навакольнага асяроддзя, якое з’яўляецца неад’емнай умовай станаўлення асобы выхаванца, яго паспяховай сацыялізацыі. Неарганізаванае ў выхаваўчым плане асяроддзе здольна звесці на нішто ўсе намаганні педагогаў, — адзначыў намеснік міністра адукацыі. — Трэба шырэй выкарыстоўваць у аздараўленчых лагерах творчыя магчымасці навучэнцаў, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах, ствараць умовы для дэманстрацыі іх асабістых дасягненняў. Выхаванцы павінны мець магчымасці выбару дадатковай дзейнасці, а задача педагога — умацаваць іх матывацыю, захапіць цікавай дзейнасцю, стварыць камфортныя ўмовы для асобаснага развіцця. У мінулым годзе ў краіне стартавала рэспубліканская акцыя “Разумныя канікулы: адпачывай, загартоўвайся, развівайся”, у ходзе якой дзеці сістэмна атрымалі нямала карыснай, захапляльнай інфармацыі, пабывалі на цікавых занятках і аздаравіліся. Сёлета акцыя атрымае свой працяг пад назвай “Разумныя канікулы: адпачывай, загартоўвайся, працуй і развівайся”. Хачу падкрэсліць, што ў нас ёсць усе перадумовы для якаснага правядзення аздараўленчай кампаніі ў 2014 годзе. Але яе паспяховасць непасрэдна залежыць ад цеснага пастаяннага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых — прадпрыемстваў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, педагогаў і іншых.

Асобнае пытанне — навукова-метадычнае забеспячэнне дзіцячага адпачынку і аздараўлення. Педагогіка канікул сёння па праву лічыцца асобнай галіной педагагічнай навукі дзякуючы ўмовам выхаваўча-аздараўленчых устаноў, якія ствараюць шырокія магчымасці для сацыялізацыі і ўсебаковага развіцця дзіцяці. І з часам навука становіцца ўсё больш блізкай да практыкі арганізацыі выхаваўчага працэсу. Варта адзначыць, што сёння ў краіне прынцыпова змяніўся падыход да выбару навуковых тэм па забеспячэнні сістэмы выхавання. Папярэдне вывучаецца актуальнасць, запатрабаванасць, практычная значнасць, эканамічная эфектыўнасць даследаванняў. Асаблівую ролю ў навукова-метадычным забеспячэнні летняга адпачынку і аздараўлення іграе НДЦ “Зубраня”, якому Кодэксам аб адукацыі прадастаўлены асаблівы статус — у тым ліку вядучай навукова-метадычнай установы краіны.
Дарэчы, у аснову праблематыкі канферэнцыі быў пакладзены менавіта багаты вопыт і традыцыі цэнтра, які на працягу ўсяго года забяспечвае пераемнасць і бесперапыннасць навучання і выхавання.
— Пераемнасць выхавання заключаецца ў тым, што на кожным этапе развіцця замацоўваюцца і пашыраюцца станоўчыя якасці асобы, якія былі выхаваны на мінулым этапе. Адначасова забяспечваецца выкананне выхаваўчых задач новага этапу і рыхтуецца база для будучага. Сутнасць пераемнасці ў тым, каб прымусіць канструктыўна пра-цаваць мінулае, цяперашні час і будучыню, — адзначыла дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. — Для дасягнення пастаўленых мэт варта выключыць падыход планавання мерапрыемствамі. На жаль, у практыцы работы лагераў усё яшчэ часта атрымліваецца проста набор мерапрыемстваў, а пра мэтанакіраваную работу па выхаванні асобы, характару гаворка не ідзе.

Як адзначыла Надзея Генадзьеўна, асаблівасць дзіцячага лагера ў тым, што адбываецца замена блізкага акружэння дзіцяці, змена абставін і ўмоў. Задача педагогаў — запоўніць гэтую вольную ад паўсядзённых звычак і паводзін прастору — прыкладам выхавальніка, пабудовай пэўных прынцыпаў узаемаадносін.
— Давайце паглядзім, колькі мы, бацькі, размаўляем са сваім дзіцем? Колькі ў школе ёсць магчымасцей размаўляць з канкрэтным дзіцем? Зусім няшмат, — адзначыла Н.Г.Ануфрыева. — А ў лагеры якраз і з’яўляецца гэтая магчымасць, і ёсць неабходныя для гэтага формы работы. Трэба выкарыстоўваць патэнцыял кожнага педагога, што і забяспечыць тую самую пераемнасць. Напрыклад, настаўнік біялогіі, які працуе ў лагеры, мае магчымасць і веды дзяцей па біялогіі ўдасканальваць, праз назіранне за прыродай, і выхоўваць на прыродзе — а гэта вельмі моцны фактар выхавання чалавека. Гісторык-выхавальнік і створаны гістарычны маршрут даюць магчымасць аднавіць веды па гісторыі і адначасова паразважаць аб каштоўнасці жыцця.
Усё ў лагеры павінна выхоўваць дзіця. Раней мы меркавалі, што пераемнасць датычыцца толькі зместу адукацыі, насамрэч гэта датычыцца не толькі зместу, але і псіхалагічнага, дыдактычнага і метадычнага аспектаў выхаваўчай работы.

Алена МАРКЕВІЧ.