З часу прыняцця Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі заканадаўства ў сферы размеркавання выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі не змянялася. Здавалася б, працэдура гэтая на месцах павінна быць адпрацавана ад “а” да “я”, тым больш, што, як правіла, кожная ўстанова адукацыі задоўга да размеркавання знаёміць выпускнікоў з заканадаўствам у гэтай сферы, магчымымі прафесійнымі перспектывамі. Тым не менш штогод у выпускнікоў узнікаюць пытанні, прадыктаваныя суб’ектыўнымі і аб’ектыўнымі прычынамі. На шэраг найбольш распаўсюджаных пытанняў сёлетніх выпускнікоў напярэдадні правядзення размеркавання ў большасці ўстаноў вышэйшай адукацыі адказвае намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Раман Восіпавіч ДАПІРА.
— У гэтым годзе заканчваю ўніверсітэт. У нас ужо прайшло папярэдняе размеркаванне, згодна з якім мяне накіроўваюць на работу па месцы жыхарства — у арганізацыю, размешчаную ў Мінску. Але пры гэтым канкрэтную пасаду, на якую мяне плануюць узяць на работу ў гэтай арганізацыі, мне не агучылі. Ці правільна гэта? Ці магу я дабівацца ўказання ў накіраванні на работу не толькі назвы арганізацыі, але і пасады, на якую мяне плануюць узяць? Пытанне невыпадковае: не раз чула пра сітуацыі, калі пасля такога накіравання без указання пасады выпускнікоў уладкоўвалі на пасады, якія не адпавядалі атрыманай адукацыі і спецыяльнасці.
Р.В.: “У ведамасці размеркавання выпускнікоў ёсць графа, дзе павінна быць запісана інфармацыя аб пасадзе, на якую накіроўваецца выпускнік. Наяўнасць такой графы тлумачыцца тым, што размеркаванне ідзе па спецыяльнасці, а значыць, і працаўладкаванне павінна ажыццяўляцца па спецыяльнасці. Такім чынам, камісія па размеркаванні павінна запоўніць гэтую графу пры накіраванні на работу. Гэта сапраўды выступае пэўнай гарантыяй таго, што наймальнік возьме маладога спецыяліста на работу ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і кваліфікацыяй.
Аднак на практыцы не рэдкасць, калі канкрэтная пасада ці месца працы не ўказваецца. Напрыклад, выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей могуць накіроўваць на ўпраўленне адукацыі, дзе ўжо непасрэдна вызначаецца пэўнае месца працы і пасада маладога спецыяліста.
У такой сітуацыі варта мець на ўвазе наступнае. Згодна з пунктам 3 артыкула 48 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, выпускніку, якому месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, прадастаўляюцца гарантыі і кампенсацыі, у прыватнасці, працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, кірункам спецыяльнасці, спецыялізацыяй і прысвоенай кваліфікацыяй. Згодна з пунктам 31 Палажэння аб размеркаванні, зацверджанага пастановай Савета Міністраў № 821, калі наймальнік, да якога быў накіраваны выпускнік без указання канкрэтнай пасады, урэшце не прадастаўляе работу ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, то малады спецыяліст, які прыбыў па месцы размеркавання ў неабходны час, абавязаны звярнуцца ва ўстанову адукацыі за пераразмеркаваннем, наступным накіраваннем на работу. У такім выпадку будзе лічыцца, што наймальнік не змог прадаставіць маладому спецыялісту работу ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй. Адзінае — у такіх выпадках мы раім атрымаць ад наймальніка пісьмовы запіс аб тым, што на цяперашні момант ён не мае магчымасці прадаставіць выпускніку работу ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй і спецыяльнасцю”.
— Я прадаставіла ва ўніверсітэт персанальную заяўку на размеркаванне ад работадаўцы. Але справа ў тым, што на выпускнікоў нашай спецыяльнасці ёсць заяўкі і ад іншых наймальнікаў. Ці абавязаны ўніверсітэт задаволіць імянны запыт, калі ў мяне дыплом з адзнакай? Ці ўсё ж такі мяне могуць накіраваць на работу і ў адпаведнасці з не імянным запытам?
Р.В.: “У такім выпадку гаворка ідзе аб чарговасці размеркавання. Пісьмовыя запыты арганізацый — заказчыкаў кадраў і іншых арганізацый аб размеркаванні да іх канкрэтных выпускнікоў згодна з атрыманай спецыяльнасцю і кваліфікацыяй задавальняюцца толькі ў пэўных выпадках. Сярод іх наступнае: калі выпускнік уключаны ў банк даных адоранай моладзі ці банк даных таленавітай моладзі; калі запыты паступілі ад арганізацый, у якіх гэтыя выпускнікі праходзілі вытворчую, пераддыпломную практыку; у выпадку, калі адсутнічаюць месцы работы згодна з пададзенымі ва ўстанову адукацыі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заявак на падрыхтоўку, заключаных з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дагавораў аб узаемадзеянні, пісьмовых запытаў іншых арганізацый.
Калі ж выпускнік не падпадае ні пад адзін з гэтых пунктаў, то можна параіць наступнае: арганізацыі, якая выдала імянны запыт, неабходна падаць ва ўстанову адукацыі і не імянны заказ на выпускніка пэўнай спецыяльнасці. У такім выпадку ўстанова адукацыі, улічваючы высокі бал выпускніцы, можа прадаставіць ёй адной з першых выбраць месца працы ў адпаведнасці з заяўкамі, якія існуюць”.
— Ці могуць мяне накіраваць на работу па размеркаванні на пасаду, больш нізкую, чым мае на ўвазе мая адукацыя? Як пазбегнуць такіх сітуацый пасля прыбыцця па месцы размеркавання?
Р.В.: “Пункт 3 артыкула 48 Кодэкса аб адукацыі гарантуе маладому спецыялісту працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй і прысвоенай кваліфікацыяй. Таму, калі пасля прыбыцця па месцы размеркавання маладому спецыялісту прапаноўваецца работа на больш нізкай пасадзе, чым мае на ўвазе яго адукацыя, яму неабходна запытаць у наймальніка пісьмовае тлумачэнне аб тым, што вакансій згодна з кваліфікацыяй выпускніка ў яго на цяперашні момант няма. Далей малады спецыяліст звяртаецца з гэтым тлумачэннем ва ўстанову адукацыі за пераразмеркаванем. Пры гэтым згода ранейшага наймальніка на такое пераразмеркаванне не патрабуецца. У такой сітуацыі ўстанова адукацыі абавязана правесці пераразмеркаванне.
На практыцы такія сітуацыі сапраўды часам маюць месца. Калі гаварыць пра педагогаў, то такое можа здарацца ў сувязі з адсутнасцю неабходнага аб’ёму нагрузкі па пэўнай спецыяльнасці. Вырашаць, пагаджацца ці не на такія прапановы наймальніка, неабходна самому маладому спецыялісту.
Калі прапанаваныя гадзіны педагагічнай нагрузкі не па спецыяльнасці з’яўляюцца дадаткам да асноўнага кампанента, тады можна пагадзіцца, бо работа па спецыяльнасці ўсё ж прапануецца. Калі ж нагрузкі па спецыяльнасці няма ўвогуле, а прапанаванае месца прадугледжвае наяўнасць зусім іншай педагагічнай адукацыі, тады сапраўды трэба задумацца. Без перападрыхтоўкі разлічваць на нейкі рост, у тым ліку ў частцы праходжання атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, немагчыма”.
— На цяперашні момант на выпускнікоў нашай спецыяльнасці існуе менш заявак, чым выпускнікоў бюджэтнай формы навучання. Ва ўстанове нам настойліва рэкамендавалі самастойна шукаць работу і прадастаўляць імянныя запыты на размеркаванне. Наколькі правамерныя такія рэкамендацыі-патрабаванні?
Р.В.: “Канечне, такія патрабаванні да выпускніка прад’яўляцца не могуць. Але не варта такія рэкамендацыі ўспрымаць толькі з негатыўнага пункту гледжання. Важна, каб выпускнікі выкарыстоўвалі любую магчымасць атрымаць размеркаванне. Калі ёсць заяўка, трэба прадаставіць яе ва ўніверсітэт і прыйсці на работу менавіта ў якасці маладога спецыяліста: гэта ў інтарэсах самога выпускніка. А ці будзе добра выпускніку, калі яму дадуць даведку аб самастойным працаўладкаванні, — сёння яшчэ вялікае пытанне: раней ці пазней месца працы прыйдзецца шукаць усё роўна.
Пры гэтым неабходна разумець, што ёсць шэраг прадпрыемстваў (невялікіх, прыватнай формы ўласнасці), якія не працуюць з абагульненымі заяўкамі, што прадастаўляюцца ва ўніверсітэт, але маюць патрэбу ў кадрах і могуць узяць маладога спецыяліста на работу. Таму варта прыкладаць намаганні, каб знайсці такія заяўкі. Ад таго, наколькі граматна выпускнік вырашыць гэтае пытанне, будзе залежыць яго будучыня. Важна знайсці сваю арганізацыю — тую, якая будзе па розных параметрах задавальняць менавіта таго ці іншага выпускніка. І сам выпускнік знойдзе такую арганізацыю больш верагодна, чым калі будзе чакаць, што месца працы, якое адпавядае ўсім яго патрабаванням, прадаставіць універсітэт”.
— Не раз даводзілася чуць ад колішніх выпускнікоў, што не на ўсіх прадпрыемствах правы маладых спецыялістаў, замацаваныя ў заканадаўстве, улічваюцца. Куды варта звяртацца, калі пасля размеркавання ўзнікаюць непаразуменні з наймальнікам? Проста ж звольніцца малады спецыяліст не мае магчымасці.
Р.В.: “Найперш трэба зазначыць, што маладому спецыялісту пры прыбыцці на работу варта дэталёва азнаёміцца са сваімі функцыянальнымі абавязкамі, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, іншымі лакальнымі нарматыўнымі актамі. Гэта дазволіць у будучыні пазбегнуць непаразуменняў з наймальнікам. Калі такое ўсё ж будзе мець месца, то патрэбна звяртацца за дапамогай. Гэта можа быць прафсаюзная арганізацыя — як непасрэдна ва ўстанове, на прадпрыемстве, так і больш высокага ўзроўню. Вырашыць спрэчную сітуацыю магчыма і пры звароце ў вышэйстаячую ў адносінах да прадпрыемства арганізацыю. Яшчэ адзін адрас, дзе дапамогуць зафіксаваць і ліквідаваць парушэнні працоўнага заканадаўства, — гэта рэгіянальныя падраздзяленні Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы”.
— Сёлета заканчваю магістратуру. Ёсць папярэдняя прапанова застацца працаваць у сваёй жа ўстанове адукацыі. Але на выпускнікоў нашай спецыяльнасці ёсць заяўкі і ад базавых арганізацый. Ці могуць мяне ў такой сітуацыі накіраваць на работу ў сваю ж установу адукацыі?
Р.В.: “Згодна з заканадаўствам, прыярытэт, безумоўна, у базавых арганізацый. Але і ва ўстанову адукацыі выпускнік можа быць размеркаваны. Праўда, пры пэўных умовах: загадзя трэба паклапаціцца, каб праходзіць практыку ў сваёй навучальнай установе. Яшчэ адно магчымае рашэнне, асабліва калі выпускнік скіраваны на далейшую выкладчыцкую работу, — працяг навучання на больш высокай ступені адукацыі. Магчыма, ва ўстанове адукацыі знойдуць яшчэ нейкі варыянт.
— Размеркаванне назначана на сярэдзіну красавіка. Летам жа я планую выйсці замуж. Ці змагу я пасля гэтага пераразмеркавацца па месцы жыхарства свайго мужа? Ці патрэбна для гэтага згода ад наймальніка, да якога мяне размяркуюць першапачаткова?
Р.В.: “Падставы для пераразмеркавання ў такой сітуацыі будуць. Яны з’явяцца пасля моманту размеркавання, адпаведна, гаворка будзе ісці аб працэдуры пераразмеркавання. У сітуацыі, калі муж ці жонка маладога спецыяліста працуюць і пражываюць на тэрыторыі краіны, установа вышэйшай адукацыі, якую скончыў малады спецыяліст, праводзіць працэдуру пераразмеркавання па месцы жыхарства мужа ці жонкі пры наяўнасці такой магчымасці. Пры гэтым згода першага наймальніка на такое пераразмеркаванне не патрабуецца.
ВАЖНА:
Выпускнікі падпадаюць пад працэдуру размеркавання, калі больш як палову тэрміну навучання вучыліся на дзённым бюджэтным аддзяленні.
Размеркаванне магчыма як на прадпрыемствы дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.
Выпускніка павінны размеркаваць на прадпрыемства, дзе ён праходзіў пераддыпломную практыку — па яго жаданні і пры наяўнасці імяннога запыту.
Выпускніка павінны размеркаваць (па яго жаданні) па месцы жыхарства і работы жонкі (мужа).
Выпускнік мае права на адпачынак (не водпуск) да пачатку работы па размеркаванні працягласцю 31 дзень, маладыя спецыялісты педагогі — 45 дзён. Пры жаданні выпускнік можа і не скарыстацца гэтым правам на адпачынак.
Алена МАРКЕВІЧ.