Цэлы шэраг ускосных прыкмет указвае на зніжэнне ўзроўню кваліфікацыі і якасці работы педагогаў. Такое меркаванне выказаў падчас 2-х Рэспубліканскіх педагагічных чытанняў рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Пятровіч МАНАСТЫРНЫ. Чаму ўскосных? Складана гэта замераць адназначнымі і аб’ектыўнымі паказчыкамі тут і зараз. Але многае гаворыць пра тое, што якасць школьнай адукацыі зніжаецца: і вынікі тэсціравання, і рост рэпетытарства, і ацэнка бацькоў, і тэсты, якія здаюць выпускнікі педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі, і г.д.
Безумоўна, гэта сцвярджэнне не адносіцца да работы ўсіх педагогаў. Як і раней, сёння ў сістэме адукацыі працуе многа таленавітых, адданых справе педагогаў. Нягледзячы на знешнія фактары — невысокія заробкі, нізкі прэстыж прафесіі — яны ўвесь час імкнуцца зведаць штосьці новае ў сваёй справе, знайсці самыя эфектыўныя прыёмы і метады работы. Аднак, будзем казаць шчыра, такія педагогі сёння ўсё ж наўрад ці ў большасці. Многія проста “адпрацоўваюць”, іншыя “дапрацоўваюць”. Змяніць гэтую сітуацыю якраз і закліканы новыя правілы атэстацыі педагогаў. Па меркаванні распрацоўшчыкаў, новаўвядзенні павінны працаваць на павышэнне якасці адукацыі. Павінны, але ці будуць?
Уменне вучыцца
Тэма атэстацыі педагогаў па новых правілах нездарма была вынесена на пленарнае пасяджэнне 2-х Рэспубліканскіх педагагічных чытанняў: наўрад ці што іншае, акрамя, магчыма, памеру заробку, сёння больш хвалюе педагагічную грамадскасць. Пры гэтым большасць педагогаў новаўвядзенні ў правілах атэстацыі не радуюць, калі не сказаць больш. Між тым распрацоўшчыкі ўпэўнены, што такія змены — неабходнасць часу.
— У сённяшнім свеце, які вельмі хутка змяняецца, галоўнай якасцю, якую педагог павінен пастаянна дэманстраваць сваім вучням, становіцца ўменне вучыцца. Гатоўнасць да перамен, мабільнасць, здольнасць да нестандартных працоўных рашэнняў і дзеянняў, адказнасць і самастойнасць пры прыняцці рашэнняў — усе гэтыя характарыстыкі паспяховага прафесіянала ў поўнай меры адносяцца і да педагога, — адзначае рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Пятровіч Манастырны.
На фарміраванне такіх прафесіяналаў якраз і накіравана дзеянне новай Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў.
— Атэстацыя педагогаў, іх кваліфікацыя, стымулы да прафесійнага развіцця, ацэнка працы і ўзнагарода за працу заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Пошук аптымальных рашэнняў у гэтай сферы, адказаў на выклікі, што ўвесь час узнікаюць, характэрны для большасці краін свету. Не з’яўляецца выключэннем і наша краіна, — працягвае Андрэй Пятровіч. — Найбольш рэзанансныя інавацыі ў сістэме адукацыі ў 2013 годзе былі вызначаны зменамі ў правілах атэстацыі педагогаў у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі.
Калі казаць пра найбольш істотныя змены, то варта прыгадаць увядзенне новай кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, увядзенне кваліфікацыйнага экзамену ў форме абароны педагагічнага вопыту для педагогаў, якія маюць вышэйшую катэгорыю і жадаюць яе пацвердзіць у працэсе атэстацыі, зацвярджэнне рэспубліканскіх камісій для прыёму экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, правядзенне экзамену ў абмежаваным коле рэспубліканскіх устаноў адукацыі.
— Увядзенне новай кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” звязана аб’ектыўна з наяўнасцю адпаведнага ўзроўню кваліфікацыі педагогаў, які праяўляецца ў генерацыі, абагульненні і перадачы калегам суб’ектыўнага педагагічнага вопыту, распрацоўкай і ўкараненнем новых методык, — гаворыць А.П.Манастырны. — Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, асабліва ў тым фармаце, што склаўся, не заўсёды мае на ўвазе наяўнасць такіх якасцей.
Кваліфікацыйны экзамен для педагогаў, што маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, які праводзіцца ў форме абароны педагагічнага вопыту, прызваны стымуляваць педагогаў да аналізу сваёй дзейнасці, пошуку шляхоў яе ўдасканалення, дэманстрацыі росту прафесійнага майстэрства, якое дасягнута пасля праходжання папярэдняй атэстацыі. Зацвярджэнне рэспубліканскіх камісій для прыёму экзамену ў педагогаў, якія жадаюць атрымаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, мае на мэце ўніфікаваць на практыцы патрабаванні да кандыдатаў на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, прыцягнуць вядучых спецыялістаў краіны да ўдзелу ў працэдуры атэстацыі педагогаў і ўдасканалення гэтай працэдуры.
Варта адзначыць, што на сёння загадам міністра адукацыі гэтыя экзаменацыйныя камісіі створаны больш чым па 20 напрамках педагагічнай дзейнасці. У іх склад увайшлі каля 120 спецыялістаў — як вучоных, так і педагогаў-практыкаў больш чым з 30 устаноў адукацыі. Пры гэтым важна, што ў складзе камісій шмат педагогаў-практыкаў — да 50% ад ліку ўсіх удзельнікаў.
Змест прадмета — слабае звяно
Безумоўна, найбольшы рэзананс у педагогаў-практыкаў выклікалі нормы аб абавязковай здачы экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і неабходнасці пацвярджэння вышэйшай катэгорыі раз у пяць гадоў. Ключавое слова ў двух гэтых выпадках — экзамен.
Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі пры ўдзеле калег з іншых устаноў быў распрацаваны шэраг мер па арганізацыйным, метадычным, навуковым суправаджэнні кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі: гэта і метадычныя рэкамендацыі аб парадку правядзення экзамену, і працэдура, і праграмы кваліфікацыйнага экзамену, і схемы-апісанні, прыклады прадастаўлення педагагічнага вопыту.
Зараз экзамен на прысваенне вышэйшай катэгорыі праходзіць на працягу двух дзён. За паспяховае праходжанне ўсіх іспытаў можна набраць 64 балы — гэта максімальны вынік. Мінімальны прахадны бал для здачы экзамену — 48 (75% ад максімальна магчымага). У першы дзень экзамену — тэарэтычны этап. Ён, у сваю чаргу, таксама складаецца з дзвюх частак. Першая — інварыянтная, якую праходзяць усе педагогі, незалежна ад спецыяльнасці. Праводзіцца яна ў форме камп’ютарнага тэста. Максімальная сума балаў за паспяховую здачу — 10. Другі этап, варыятыўны, — пісьмовы. Ён звязаны са спецыялізацыяй педагога. Максімальна за яго можна атрымаць 22 балы. Усяго ў першы дзень можна набраць 32 балы.
— Гэта неабходная ўніфікацыя, паколькі раней у розных установах маглі быць розныя падыходы, — адзначае А.П.Манастырны. — У структуры праграмы тэарэтычнага этапу выдзяляюцца наступныя раздзелы: нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць педагагічную дзейнасць, арганізацыю педагагічнага працэсу; сучасныя тэорыя і методыка навучання і выхавання; сучасныя тэорыя і змест прадмета, які выкладаецца, ці педагагічнага напрамку, які рэалізуецца; сучасныя тэхналогіі, метады і прыёмы, сродкі адукацыйнай дзейнасці па прадмеце, што выкладаецца, напрамку дзейнасці, псіхалагічнай дапамозе, карэкцыйнай рабоце. Хацеў бы адзначыць, што аналіз працэдур атэстацыі ці сертыфікацыі ў іншых краінах паказвае, што раздзел, аналагічны другой частцы нашага тэарэтычнага экзамену, як правіла, адсутнічае. Аднак наш вопыт сведчыць, што часам педагогі не валодаюць элементарнымі ведамі па сваім прадмеце, напрамку дзейнасці. Таму, на жаль, пакуль што выключаць гэты раздзел са зместу экзамену не ўяўляецца мэтазгодным. Гэта ўжо пытанне да ўзроўню нашай педагагічнай адукацыі, бо, на жаль, факты, з якімі мы сутыкаемся, непрымальныя. Удзельная вага няўдач менавіта ў гэтай частцы даволі вялікая.
Другі этап экзамену — практычны. Гэта новая форма, якая грунтуецца на абароне ўласнага вопыту педагогам. Загадзя, да праходжання экзамену, педагог рыхтуе пісьмовую работу па абароне ўласнага педагагічнага вопыту. Далей на аснове гэтай работы камісія, якая вывучыла прадстаўлены матэрыял, дае педагогу заданне на распрацоўку фрагмента сваёй дзейнасці, дзе педагог дэманструе, што ён сапраўды валодае методыкамі, якія прадставіў у вопыце. Максімальна за гэты этап можна набраць 16 балаў.
Падрыхтоўка да экзамену палепшылася
Усяго за студзень — верасень экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі здавала 728 чалавек. З іх 17% — не здалі.
— Тут варта адзначыць наступную тэндэнцыю: калі за першую палову года няўдач падчас экзамену было 21%, то за ліпень — верасень — толькі 12%. Іншымі словамі, у апошнія месяцы ў два разы зменшылася колькасць няўдач пры здачы кваліфікацыйнага экзамену. Мы гэта звязваем з тым, што людзі сталі лепш рыхтавацца, адчулі адказнасць, ідзе абмен вопытам з педагогамі, якія ўжо здавалі экзамен, — расказвае Андрэй Пятровіч.
Насцярожвае той факт, што існуе даволі вялікі працэнт адмоў ад здачы экзамену. Так, з 1200 накіраванняў, якія атрымалі ў акадэміі перад пачаткам 2013 года і ў працэсе, урэшце выявілася каля 400 адмоў ад здачы экзамену.
— Аналізуючы вынікі кваліфікацыйнага экзамену па асобных этапах, можна адзначыць, што найбольшыя складанасці выклікала пісьмовая частка тэарэтычнага этапу, — гаворыць спецыяліст. — А сярод напрамкаў істотна ніжэйшыя за сярэдні паказчык дэманструюць настаўнікі біялогіі, геаграфіі, астраноміі, хіміі, выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі — каля 70% тых, хто паспяхова здаў экзамен, супраць 88% у цэлым.
Сярод іншага спецыялісты адзначаюць, што экзамен, у тым ліку на пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі, меў адзін вельмі важны пазітыўны вынік: педагогі сталі рэфлексаваць, аналізаваць свой вопыт, прад’яўляць яго ў інстытуты развіцця адукацыі, Акадэмію паслядыпломнай адукацыі.
— Зараз займаемся тым, што лепшае з прадстаўленага рыхтуем да публікацыі, — адзначае А.П.Манастырны. — Працуем з інстытутамі развіцця адукацыі ў гэтым жа плане: плане фармалізацыі і перадачы для агульнага карыстання найлепшага вопыту. Самі інстытуты развіцця адукацыі адзначаюць, што шмат новага даведаліся пра сваіх педагогаў і ў далейшым будуць выкарыстоўваць гэта пры павышэнні кваліфікацыі.
Выключэнне як правіла: кожны другі не здаваў кваліфікацыйны экзамен
А вось пры праходжанні экзамену на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі першага этапу, тэарэтычнага, няма. Педагогі толькі прадстаўляюць для абароны ўласны педагагічны вопыт.
— Пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, экзамен на пацвярджэнне — гэта адна з асноўных навацый, раней такога наогул не было. Гэта закранае вельмі многіх. Будзем казаць шчыра — людзі ад гэтага не ў захапленні. Называюць розныя прычыны: розніца ў заработнай плаце паміж катэгорыямі невялікая — навошта здаваць; гавораць таксама пра тое, што гэта іх, нібыта, крыўдзіць, выглядае як недавер да іх; мае месца, напэўна ж, і прафесійнае выгаранне, — адзначае Андрэй Пятровіч. — Але, на нашу думку, форма правядзення такога экзамену даволі гуманная. І ў цэлым адпавядае таму, чаго чакаюць ад педагога вышэйшай катэгорыі: дэманстрацыі ўзораў высакаякаснай работы. Прычым дэманстрацыі ў “цяплічных” умовах: не падчас урока ў незнаёмым класе, а ў аўдыторыі, дзе неабходна прад’явіць распрацоўку.
Дарэчы, тое, што экзамен не ўяўляе сабой штосьці звышскладанае, пацвярджаюць і яго вынікі: на 1 верасня з 3244 педагогаў, якія здавалі экзамен на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, не здалі толькі 6 чалавек.
— Аргументаў на карысць такой працэдуры, на мой погляд, намнога больш, — перакананы рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — Справа ў тым, што ў ранейшай рэдакцыі інструкцыі быў шэраг ільгот пры атрыманні вышэйшай катэгорыі. Пералік падстаў, па якіх можна было атрымаць катэгорыю, не здаючы экзамен, быў даволі істотны. Самым цікавым было тое, што, адпрацаваўшы 10 гадоў, педагог мог атрымаць катэгорыю на месцы без аніякіх працэдур, што пацвярджаюць кваліфікацыю. Па даных за 2012 год каля трэці педагогаў у краіне маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Гэта шмат. І да 2012 года педагогаў з вышэйшай катэгорыяй у працэнтных адносінах станавілася ўсё больш. Пры гэтым да ўвядзення новай інструкцыі больш за палову педагогаў, што атрымлівалі вышэйшую катэгорыю, не здавалі кваліфікацыйны экзамен.
Адкрытае пытанне
Сёння мае месца невялікая дыферэнцыяцыя аплаты працы ў залежнасці ад катэгорыі. І ў многім менавіта гэта пабуджае педагогаў адмаўляцца ад атрымання больш высокай катэгорыі ці пацвярджэння вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
— Невялікая дыферэнцыяцыя аплаты працы ў залежнасці ад катэгорыі, безумоўна, уплывае на адносіны да новаўвядзення. Мае месца і незадавальненне аплатай працы педагогамі ў цэлым, незалежна ад катэгорыі, — гэта таксама не самы лепшы фон для такіх інавацый. Спрачацца з гэтым складана, — гаворыць А.П.Манастырны. — Аднак ці заўсёды наяўнасць катэгорыі павінна быць вырашальным фактарам пры вызначэнні памеру заработнай платы?
У гэтым пытанні погляды наймальнікаў і непасрэдна работнікаў, як гэта часта бывае, разыходзяцца. Часам дырэктары выказваюць думку: кваліфікацыя кваліфікацыяй, а мне важна, як працуе работнік, што робіць і які мае вынік. Аднак настаўнік жадае атрымаць кваліфікацыю і адчуваць сябе абароненым. Між тым ёсць і шэраг іншых фактараў, якія ўплываюць на памер аплаты працы.
— Адзначаючы, што атэстацыя педагогаў цесна звязана з аплатай працы, задаёмся пытаннем: які ўклад у аплату працы педагога павінны ўносіць такія фактары, як адукацыя, кваліфікацыя, стаж работы, аб’ём работы, што выконваецца, і вынікі работы? Усё гэта розныя рэчы. У нарматыўных дакументах некаторыя з гэтых пазіцый звязаны між сабой — напрыклад, адукацыя і кваліфікацыя, але ўсё ж кожная важная паасобку. Адукацыя можа быць вышэйшая непедагагічная, педагагічная, магістратура непедагагічная, педагагічная. А дабаўце стаж работы, які можа і павінен улічвацца пры фарміраванні аплаты. Аб’ём выкананай работы за кожны месяц — калі дырэктар школы бачыць, што адзін больш працуе, другі — менш. І, нарэшце, вынікі, якія таксама павінны быць крытэрыямі дзейнасці настаўніка. Усё гэта таксама павінна ўносіць свой уклад, — выказвае меркаванне А.П.Манастырны. — Такім чынам, калі мы паглядзім на гэтую матрыцу, яна атрымліваецца пяцімернай, з вялікай колькасцю ячэек. І ці такую ўжо істотную ролю ў гэтай разнастайнасці фактараў можа іграць кваліфікацыя? Істотна павялічыць гэтую розніцу — яна ўсё роўна не зможа фарміраваць зусім іншы ўзровень аплаты працы.
Адным словам — пытанне адкрытае. І, напэўна, ад таго, якім будзе на яго адказ, у многім залежыць і тое, ці будуць новаўвядзенні ў правілах атэстацыі працаваць на павышэнне якасці работы педагогаў. Бо даць чаканы эфект яны змогуць толькі ў комплексе з іншымі фактарамі, такімі, як распрацоўка і прымяненне прафесійнага стандарту педагога, удасканаленне сістэмы аплаты працы, а таксама педагагічнай адукацыі.