Будзе абсталяванне — будзе вынік?

Навіна аб запланаваным аснашчэнні кабінетаў фізікі новым абсталяваннем, на пачатку бягучага года ўзбударажыла педагагічную грамадскасць. Нагадаем, у студзені было аб’яўлена, што на працягу года плануецца аснасціць 222 кабінеты фізікі новым абсталяваннем. Пры гэтым ішла гаворка аб пастаўцы поўнага камплекта — ад жалюзі да лабараторнага абсталявання. Так, было заяўлена, што абноўленыя кабінеты фізікі будуць аснашчаны інтэрактыўнай дошкай, праектарам, маркернай (мабільнай) дошкай, камп’ютарнай тэхнікай, сучасным тэлевізарам. У кабінеце будуць усталяваны новыя вучнёўскія сталы і зручны настаўніцкі стол, які сумяшчаецца з дэманстрацыйным, корпусная мэбля для наглядных і дыдактычных матэрыялаў. На вокнах абавязкова зробяць зацямненне. Акрамя таго, у кабінет планавалася набыць капіравальны апарат, сканер і прынтар. Безумоўна, было прадугледжана і набыццё поўнага камплекта набораў для лабараторных і практычных работ. Кошт поўнай камплектацыі такога кабінета ацэньваўся прыкладна ў 40 тысяч долараў.
Здавалася б, выдатна: праблема недастатковай аснашчанасці кабінетаў фізікі і, як вынік, немагчымасці вывучэння фізікі не на словах, а на рэальных эксперыментах, падымалася неаднаразова на самых розных узроўнях, таму навіна аб абнаўленні павінна была б парадаваць. Аднак не ўсё так адназначна. У педагогаў на месцах узнікала шмат сумненняў: ад таго, ці будзе праект увогуле рэалізаваны, да таго, які эфект дадуць такія кропкавыя ўліванні. Так, настаўнікі фізікі выказвалі сумненні наконт таго, што грошы, выдзеленыя на набыццё абсталявання, будуць патрачаны з розумам: маўляў, дзе гарантыя, што абсталяванне будзе належным чынам устаноўлена, хто вырашыў, што менавіта неабходна набываць у кабінеты фізікі, чаму ва ўсе школы запланавана пастаўка аднаго і таго ж абсталявання? Магчыма, лепшым рашэннем было б, калі б школе выдзялялі сродкі і яна сама набывала неабходнае? Бурныя спрэчкі выклікала і рашэнне аб аснашчэнні абмежаванай колькасці кабінетаў: магчыма, больш прадукцыйна было б падзяліць выдзеленыя сродкі на ўсе школы і набыць для кожнай пэўны мінімум? Былі і наогул катэгарычныя меркаванні: маўляў, нічога агульнага з фізікай большасць заяўленага да пастаўкі абсталявання — мэбля, тэхнічныя сродкі навучання — не мае. Да таго ж, як выбіраюцца ўстановы для пастаўкі абсталявання і чаму адным усё, а іншым нічога?
З таго часу прайшло паўгода. На месцах менавіта верасень-кастрычнік называўся часам запланаваных паставак абсталявання. Наш карэспандэнт паспрабаваў адказаць на гэтыя пытанні і разабрацца, ці мелі падставу сумненні настаўнікаў.
Ад жалюзі да разеткі

Найперш варта прыгадаць, што рашэнне аб аснашчэнні кабінетаў мае пад сабой рэальную заканадаўчую базу. Як паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства адукацыі, перааснашчэнне прадметных кабінетаў адбываецца згодна з Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2007 — 2016 гады, а таксама з улікам змен і дапаўненняў, зацверджаных Пастановай Савета Міністраў ад 24 верасня 2012 года № 871. Пры гэтым важна, што Міністэрствам адукацыі было прынята рашэнне аб цэнтралізаванай пастаўцы вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі пачынаючы з 2013 года. У гэтых мэтах была дадаткова вывучана патрэбнасць устаноў адукацыі ў сродках навучання і вучэбным абсталяванні, прадугледжана фінансаванне для закупкі і пастаўкі вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Пры гэтым вызначаны 222 установы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе плануецца цалкам абсталяваць кабінеты фізікі ў 2013 годзе. У бягучым годзе на гэтыя мэты планавалася выдаткаваць 150 млрд рублёў.
Варта адзначыць, што спіс запланаванага да пастаўкі новага абсталявання для кабінетаў фізікі ўзнік не на пустым месцы. Ён быў распрацаваны супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі на аснове аналізу вучэбнай праграмы і сучасных патрабаванняў да арганізацыі вучэбнага працэсу.
У цэлым кароткі спіс абсталявання, якое будзе пастаўляцца і манціравацца ва ўстановах адукацыі ў першую чаргу, можна ўмоўна падзяліць на 4 групы. Першая — мэбля: сталы вучнёўскія (ва ўсіх выпадках прадугледжана 13 адзінак), стол дэманстрацыйны, стол настаўніка, тумба з умывальнікам, шафы, стэнды. Другая — вучэбнае абсталяванне агульнага прызначэння: дошка аўдыторная шматфункцыянальная, дошка аўдыторная мабільная, дошка інтэрактыўная, жалюзі з зацямненнем. Далей — камп’ютарнае і мультымедыйнае абсталяванне: мультымедыя, камп’ютар, тэлевізар вадкакрышталічны, шматфункцыянальны перыферыйны апарат, праектар кароткафокусны. І, нарэшце, іншае вучэбнае, лабараторнае і нагляднае абсталяванне для афармлення класа і арганізацыі вучэбнага працэсу.
Адметна, што, акрамя спісу неабходнага абсталявання, былі распрацаваны і патрабаванні да стану кабінетаў, дзе планавалася яго размясціць. Так, адміністрацыі ўстаноў павінны былі для паспяховага выканання работ па мантажы і падключэнні новага абсталявання кабінетаў фізікі правесці да 1 верасня падрыхтоўчыя будаўніча-мантажныя работы ў класе. Усе гэтыя работы рэгламентуюцца праектам класа фізікі Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Прычым у праекце прапісана практычна ўсё — ад наяўнасці электрычнасці пэўнай напружанасці да памеру вольнай плошчы да ўстаноўкі дошак. Так, напрыклад, улічваючы параметры новага абсталявання, у кабінетах неабходна забяспечыць падводку ліній энергазабеспячэння 36 В да вучнёўскіх сталоў, а таксама падводку ліній энергазабеспячэння 36 В і 220 В да дэманстрацыйнага стала. Вызначана і колькасць разетак з неабходным напружаннем, прадугледжана наяўнасць тэлефоннага кабелю для падключэння да інтэрнэту.
Да чаго я ўсё гэта пералічваю? А каб развеяць сумненні скептыкаў пра тое, што праект гэты не прадуманы і не спланаваны і закупленае абсталяванне не будзе належным чынам устаноўлена. Вывучаючы патрабаванні, што прад’яўляюцца да кабінетаў, якія плануецца аснасціць новым абсталяваннем, разумееш, што да пытання распрацоўшчыкі падышлі сур’ёзна і яшчэ на этапе падрыхтоўкі паспрабавалі прадухіліць узнікненне сітуацый, калі камп’ютар ёсць — напружання няма.

Кадры вырашаюць усё, у тым ліку і праблему з абсталяваннем

Дарэчы, аб падрыхтоўцы. Многія ўстановы адукацыі, дзе плануецца размясціць новае абсталяванне, былі праінфармаваны пра гэта яшчэ вясной. У гэты час былі агучаны і патрабаванні да падрыхтоўкі кабінетаў. Іншымі словамі, часу на выкананне прапісаных патрабаванняў было дастаткова. Між тым па некалькіх адрасах, дзе было анансавана паступленне абсталявання яшчэ ў верасні і напрыканцы кастрычніка, адказалі: “Не, яшчэ нічога не прыйшло, чакаем”. А вось у сярэдняй школе № 8 Слоніма (Гродзенская вобласць) на нашу просьбу падзяліцца першымі ўражаннямі ад пастаўленага абсталявання, а таксама меркаваннем наконт мэтазгоднасці пастаўкі таго ці іншага з заяўленага пераліку адразу адказалі згодай.
Гэты адрас зацікавіў яшчэ і тым, што большасць устаноў з заяўленых 222 — гэта ўстановы новага тыпу: гімназіі, ліцэі. Гэтая ж установа з часу свайго заснавання ў 1990 годзе мела статус звычайнай сярэдняй школы. Больш за тое, сярэдняя школа № 8 Слоніма яшчэ зусім нядаўна мела музычна-харавы ўхіл, і пэўныя традыцыі музычнай адукацыі захаваліся тут і сёння. Якім жа чынам гэтая ўстанова трапіла ў спіс тых, каму пастаўляецца новае абсталяванне для кабінетаў фізікі? Наколькі мэтазгодна такое рашэнне? Пра ўсё гэта запыталі ў дырэктара ўстановы Івана Часлававіча Міхальчэні.
— У нашым раёне вызначаны дзве ўстановы адукацыі, куды плануецца паставіць абсталяванне для кабінетаў фізікі — сярэдняя школа № 8 і ліцэй Слоніма, — расказаў Іван Часлававіч. — Што вызначыла выбар нашай установы? Моцны педагагічны састаў, у тым ліку па фізіцы, і добрыя вынікі работы: неаднаразова нашы дзеці былі ўдзельнікамі, прызёрамі алімпіяд усіх узроўняў, паказваюць высокія вынікі пры паступленні, праходжанні тэсціравання.
Да гэтага варта дадаць, што школа № 8 Слоніма па-свойму ўнікальная. Акрамя музычна-харавога ўхілу, які яна мела да 2008 года, вельмі інтэнсіўна тут развіваліся і іншыя напрамкі, найперш у рамках профільнай адукацыі — матэматычны, фізічны, гістарычны, хімічны. І ўсё гэта — дзякуючы прафесійнаму педагагічнаму саставу.
— Вось, напрыклад, настаўніца фізікі Алена Леанідаўна Сарока, — вяртаецца да тэмы нашай размовы дырэктар установы. — Яна ўмее выявіць, вызначыць таленавітае дзіця, зацікавіць яго сваім прадметам і развіць здольнасці вучняў. Дзеці да яе ходзяць з задавальненнем.
Увогуле ў школе разам з дырэктарам чатыры настаўнікі фізікі. І кожны з іх — прафесіянал сваёй справы. Гэта, напэўна, і стала вызначальным фактарам пры выбары ўстановы для пастаўкі новага абсталявання.
Адыграў сваю ролю і той факт, што ў школе сапраўды даўно не было абнаўлення абсталявання для кабінета фізікі.
— Да пастаўкі новага абсталявання штосьці ў школе было, праграму ўдавалася выконваць, — адзначае Іван Часлававіч. — Дзесьці за кошт старога абсталявання, дзесьці нават за кошт прыстасаванага. Але стан яго, зразумела, быў не самы лепшы, ды і рэсурсы, магчымасці — абмежаваныя.
— Таму яшчэ з мая, калі нам паведамілі аб уключэнні ў праграму, мы з нецярпеннем чакалі пастаўкі новага абсталявання, — дадае Іван Часлававіч.

“Не адмаўляемся ні ад адной пазіцыі”

Сёння ў школу ўжо паступіла частка з заяўленага абсталявання. Якраз з пачаткам канікул тут прыступілі да мантажу новай мэблі, а настаўнікі пачалі вывучаць новае абсталяванне. І адміністрацыя школы, і настаўнікі фізікі спадзяюцца, што ў хуткім часе паступіць усё з заяўленага пераліку. Праўда, пры гэтым усе яны робяць агаворку: “Калі ўсё ж паступіць, — і пры гэтым дадаюць: Вельмі хацелася б, каб гэты працэс ішоў больш хутка”. Відаць, сумненні ў рэальнасці атрымання ўсяго з заяўленага спісу прысутнічаюць і тут. Магчыма, таму, што такі падарунак падаецца супрацоўнікам установы сапраўды неверагодным.
— Выдатная праграма. Шкада толькі, што не для ўсіх школ, асабліва калі ўлічыць, што фізічным абсталяваннем школы даўно не забяспечваліся, — далучаецца да размовы настаўніца фізікі Алена Леанідаўна Сарока. — Тое, што ў нас сёння ёсць, састарэла маральна і фізічна, хутчэй больш фізічна. Таму не адмаўляемся ні ад адной пазіцыі, заяўленай у спісе.
— Апошнім часам не раз чуў, што, магчыма, больш мэтазгодна было б закупіць неабходны мінімум для кожнай школы, а не пастаўляць цэлы кабінет у выбраныя ўстановы. Не пагаджуся з гэтым меркаваннем, — адзначае дырэктар школы. — На мой погляд, няма сэнсу распыляцца па ўсіх установах. Эфекту не будзе, калі кожнай школе дастанецца па мінімуму. Я не вельмі згодны з тым, што ўсіх навучэнцаў можна па ўсіх прадметах навучыць аднолькава. Кожны таленавіты ў чымсьці сваім. І нярэдка гэты талент выяўляецца толькі дзякуючы зацікаўленаму настаўніку. Вось і трэба яго падтрымаць. І даць інструмент такому настаўніку — не толькі падручнік, але і абсталяванне, для нагляднасці. Таму больш эфектыўна, калі будзе выдзяляцца максімум, няхай і не для ўсіх.
Тут, дарэчы, варта адзначыць, што ў кожную ўстанову, якая ўвайшла ў праграму, павінен прыйсці поўны пералік заяўленага абсталявання, незалежна ад таго, што да гэтага часу там было. Непасрэдна з установамі гэты пералік не абмяркоўваецца. Скажам, у сярэдняй школе № 8 Слоніма ў кабінеце фізікі ўжо даўно ўсталявана інтэрактыўная дошка. Тым не менш, адмаўляцца ад новай тут не збіраюцца, гэтак жа, як і ад новай мэблі.
— Прымяненне мэблі і абсталяванню, што было да гэтага часу ў кабінеце фізікі, знойдзем без праблем, — адзначае дырэктар. — Інтэрактыўная дошка ў нашай установе нарасхват, і гэта пры тым, што іх у школе 4 адзінкі.
Дарэчы, гаворачы пра тэхнічныя сродкі навучання, такія як камп’ютар, мультымедыя, інтэрактыўныя дошкі, настаўнікі фізікі школы катэгарычна не згодны з думкай, што гэтае абсталяванне не мае дачынення да вывучэння фізікі.
— Для нас інтэрактыўная дошка — гэта ўжо штодзённы рабочы інструмент, які значна палягчае жыццё і настаўніку, і вучню. Настаўніку — тым, што дазваляе больш хутка (пры наяўнасці пэўных ведаў і вопыту) і, што галоўнае, якасна падрыхтавацца да ўрока. Вучню — тым, што робіць урок больш цікавым і дазваляе ўбачыць працэсы, якія ў рэальнасці ўбачыць і “памацаць” немагчыма (напрыклад, пры вывучэнні ядзернай, квантавай фізікі).
— Пры правільным падыходзе такое абсталяванне дазваляе зрабіць намнога больш, чым звычайная дошка і крэйда: магчыма змадэляваць любую з’яву, — дадае Іван Часлававіч. — Гэта наглядна, хутка, эфектыўна. Многія нашы прадметнікі ўжо працуюць з такім абсталяваннем.
Тое ж і ў адносінах да заяўленых у спісе капіравальнага прыбора, сканера: для настаўніка гэта вельмі добрыя памочнікі пры падрыхтоўцы да ўрока.
Разам з тым фізікі згаджаюцца: галоўнае пры вывучэнні іх прадмета — гэта магчымасць працаваць рукамі, праводзіць доследы, бачыць іх у натуры.
— У дачыненні да абсталявання для дэманстрацыйнага эксперымента і правядзення лабараторных работ для нас важна, каб яно працавала, было бяспечным і доўга служыла, — дзеліцца меркаваннем Алена Леанідаўна. — Абсталяванне для лабараторных работ у рамках праграмы пастаўляецца камплектам па класах. Там, дзе тэмы пераклікаюцца па класах, — тэматычным блокам. Пакуль мы атрымалі абсталяванне па электрычнасці, няшмат — па оптыцы, механіцы. Неабходны вольны час, каб разабрацца з новымі прыборамі. Першыя ўражанні — добрае абсталяванне. Напрыклад, барометр — дабротны і якасны, а вось асцылограф — яго магчымасці будуць абмежаваныя, бо не разлічаны на вялікае напружанне. Увогуле думкі, што штосьці не трэба, не ўзнікала. Але я б яшчэ ўключыла ў гэты пералік і літаратуру, якая неабходна пры рабоце з таленавітымі дзецьмі.
Дарэчы, гаворачы пра работу з адоранымі дзецьмі, Алена Леанідаўна заўважае, што ў гэтым пытанні таксама было б добра вызначыць пералік неабходнага абсталявання і паставіць яго ва ўстановы, дзе такая работа праводзіцца.
— Эксперыменты на алімпіядах адрозніваюцца ад таго, што робіцца ў школе. І пералік школьнага абсталявання не заўсёды дазваляе якасна падрыхтавацца да алімпіядных заданняў, — адзначае настаўніца. — Калі прапісваецца “даследчы напрамак”, то ён павінен забяспечвацца матэрыяльна.

Прыгожая карцінка ці эфектыўны інструмент?

І, нарэшце, галоўнае пытанне: ці дазволіць выкананне праграмы па аснашчэнні кабінетаў новым абсталяваннем вырашыць галоўную задачу — павысіць якасць адукацыі па фізіцы? Вось тут педагогі аднадушныя: простая формула “будзе абсталяванне — будзе вынік” не дзейнічае. У ёй неабходны трэці незаменны складнік — зацікаўлены ў сваёй рабоце настаўнік.
— Кабінет можа быць з іголачкі, ён можа быць выдатна аснашчаны, але калі ў ім няма чалавека, які працуе з гэтым абсталяваннем, калі няма зацікаўленага ў тым, каб яго выкарыстоўваць, гэта будзе пустое месца. Проста прыгожая карцінка, — пераканана Алена Леанідаўна. — Для работы неабходны людзі, якія жадаюць і могуць працаваць. І пры гэтым іх работа павінна аплачвацца годна.
— Прыродазнаўчай адукацыі сёння надаецца асаблівая ўвага. Але пры гэтым варта прызнаць: агульны ўзровень пакуль не вельмі высокі. Прычына глыбокая: неабходна павышаць статус настаўніка і тым самым прыцягваць таленавітых людзей у педагогіку, — падтрымлівае думку Іван Часлававіч. — Таленавітыя выпускнікі не ідуць у педагогіку, бо аплачваецца работа педагогаў неадпаведна. А ад настаўніка залежыць усё.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота аўтара.