Новы фармат лета

Праз лічаныя дні афіцыйна стартуе летняя аздараўленчая кампанія. Сёлета яна будзе праходзіць у новым фармаце: змянілася нарматыўная база, з’явіліся новыя патрабаванні да формы і зместавага напаўнення работы аздараўленчых лагераў. Пракаменціраваць гэтыя змены мы папрасілі галоўнага спецыяліста аддзела сацыяльна-педагагічнай, фізкультурна-аздараўленчай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Тамару Уладзіміраўну Арэхаву.

— Тамара Уладзіміраўна, калі казаць пра змены ў нарматыўна-прававым забеспячэнні сёлетняй аздараўленчай кампаніі, то на што ў першую чаргу неабходна звярнуць увагу арганізатарам летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей?
— Штогод у рамках падрыхтоўкі да летняй аздараўленчай кампаніі органы кіравання ў рамках сваёй кампетэнцыі рыхтуюць дакументы аб арганізацыі работы аздараўленчых лагераў, якія рэгулююць усе сферы дзейнасці гэтых лагераў — парадак і ўмовы накіравання, арганізацыю выхаваўчай работы, медыцынскага суправаджэння, харчавання выхаванцаў і многае іншае. Усе гэтыя пытанні аднолькава важныя.
Разам з тым, асноўны дакумент, які рэгулюе дзейнасць аздараўленчых лагераў у цэлым, — гэта пастанова Савета Міністраў ад 2 чэрвеня 2004 года № 662 “Аб некаторых пытаннях аздараўлення дзяцей”. І якраз сёлета ў гэты дакумент пастановай Савета Міністраў ад 18 студзеня № 43 былі ўнесены прынцыповыя змены. Згодна з дакументам, зараз у лагерах з дзённым, а таксама з кругласутачным знаходжаннем, створаных на базе стацыянарных аздараўленчых лагераў, санаторна-курортных, аздараўленчых і іншых арганізацый, якія выкарыстоўваюцца для гэтых мэт, арганізоўваецца аздараўленне дзяцей ад 6 да 15 гадоў, а дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. У лагерах па профілях, напрамках дзейнасці (акрамя аздараўленчых лагераў працы і адпачынку) ажыццяўляецца аздараўленне дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, у лагерах працы і адпачынку — ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.
Пры гэтым значыцца, што лагеры працы і адпачынку арганізоўваюцца пры магчымасці забеспячэння работы дзяцей у арганізацыях, якія ажыццяўляюць віды дзейнасці ў сферах адукацыі, будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі, аказання паслуг.

— У гэтай сувязі сёння многіх цікавіць пытанне, ці будуць у статусе аздараўленчых лагераў функцыянаваць летнікі для адоранай і таленавітай моладзі ва ўзросце ад 14 гадоў. Многія рэгіёны маюць багаты вопыт арганізацыі такіх летнікаў, якія выдатна сябе зарэкамендавалі. У мінулым годзе, напрыклад, шырокае распаўсюджанне атрымалі лінгвістычныя лагеры. Ці будзе працягнута іх дзейнасць?
— Так, будзе. Калі гаворка ідзе аб аздараўленчым лагеры, то гэта можа быць звычайны лагер, які рэалізоўвае праграму выхавання дзяцей, што маюць патрэбу ў аздараўленні, ці лагер, які рэалізоўвае праграму дадатковай адукацыі, іншымі словамі — профільны летнік. У рамках гэтага профілю вызначаецца, чым будуць займацца дзеці. З улікам захавання ўсіх палажэнняў Кодэкса аб адукацыі, выканання пастановы Міністэрства адукацыі ад 19 ліпеня 2011 года № 89 “Аб зацвярджэнні палажэння аб выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі”, санітарных норм і правіл, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 26 снежня 2012 года № 205, арганізоўваецца лагер па профілях і напрамках дзейнасці. Заснавальнік вызначае, што гэта будзе за напрамак, напрыклад, гэта будзе летнік для дзяцей, якія паказваюць высокія вынікі ў вывучэнні фізікі. Такія лагеры могуць быць як кругласутачныя, так і з дзённым знаходжаннем, могуць размяшчацца на стацыянарнай базе і на базе ўстаноў адукацыі.
Пры гэтым хацелася б падкрэсліць, што знаходжанне навучэнца ў летніку базіруецца на яго асабістым жаданні. І пры вызначэнні планавых аб’ёмаў аздараўлення ў профільных летніках, у тым ліку працы і адпачынку, мы зыходзілі з заявак саміх школьнікаў. Так, згодна з данымі маніторынгу запатрабаванасці профільных летнікаў, вызначана, што ў цэлым у іх будзе аздароўлена больш як 31 тысяча навучэнцаў, з іх у лагерах працы і адпачынку — каля 11 тысяч падлеткаў ва ўзросце 14—17 гадоў, з іх 13% — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем.

— Стварэнне лагераў працы і адпачынку — гэта якраз тое новае, з чым сёлета давялося сутыкнуцца арганізатарам летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей. Як праходзіць гэты працэс? Ці не сутыкаюцца арганізатары з нейкімі складанасцямі ў гэтай сферы?
— Насамрэч, я б не сказала, што арганізацыя лагераў працы і адпачынку — гэта прынцыпова новая дзейнасць для сістэмы адукацыі. Такія лагеры ў шэрагу рэгіёнаў дзейнічаюць ужо на працягу многіх гадоў. Іншая справа, што сёлета мы імкнуліся ўпарадкаваць гэтую дзейнасць. Згодна з унесенымі пастановай Савета Міністраў ад 18 студзеня 2013 года № 43 зменамі, зараз штогод да 1 красавіка пералікі арганізацый, якія могуць прыняць падлеткаў на працу, аб’ектаў, відаў работ і колькасць працоўных месцаў для дзяцей, якія накіроўваюцца ў лагеры працы і адпачынку, зацвярджаюцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. Тым самым гэтая дзейнасць становіцца сферай адказнасці не толькі адукацыі, але і рэальнага сектара эканомікі, які можа прапанаваць падлеткам і моладзі рэальныя працоўныя месцы.
Пры гэтым варта адзначыць і той факт, што дакументам вызначаны і дакладны парадак стварэння лагераў працы і адпачынку. Так, паміж прымаючай арганізацыяй і лагерам працы і адпачынку заключаецца дагавор, які вызначае ў тым ліку ўмовы працы дзяцей з улікам патрабаванняў заканадаўства аб працы, аб ахове працы, а таксама абавязацельствы прымаючай арганізацыі па забеспячэнні ўмоў размяшчэння, харчавання, аплаты працы дзяцей у перыяд выканання работ. Праца дзяцей, якія знаходзяцца ў лагеры працы і адпачынку, ажыццяўляецца на ўмовах працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў, што заключаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Акрамя таго значыцца, што віды работ, якія могуць выконваць дзеці, што накіроўваюцца на адпачынак і аздараўленне ў лагеры працы і адпачынку, вызначаюцца з улікам пераліку лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, а таксама спісу работ, на якiх забараняецца прымяненне працы асоб, маладзейшых за 18 гадоў, зацверджаных у адпаведнасці з заканадаўствам.

— Стварэнне лагераў працы і адпачынку заклікана далучыць падлеткаў і моладзь да рэальнай работы. Але ж гэта не адзіны напрамак арганізацыі другаснай занятасці. Ці будуць сёлета развівацца іншыя напрамкі ў гэтай сферы?
— Арганізацыя працоўнай занятасці падлеткаў у летні час можа праводзіцца па трох напрамках. Першы — ужо названыя лагеры працы і адпачынку. Дарэчы, уласнікі ўжо агучваюць, што памер заработнай платы ўдзельнікаў лагераў працы і адпачынку складзе каля 1 млн — 1,5 млн рублёў, канкрэтная сума заробку будзе залежаць ад таго, якую работу выканаюць дзеці і ў якой арганізацыі будуць працаваць.
Другі напрамак арганізацыі другаснай занятасці падлеткаў і моладзі — гэта работа ў складзе студэнцкіх атрадаў. З мінулага года ў іх могуць працаваць падлеткі з 14 гадоў.
І, нарэшце, яшчэ адзін напрамак дзейнасці — часовая другасная занятасць, якая арганізоўваецца ў супрацоўніцтве з органамі па працы і сацыяльнай абароне. Гэты напрамак рэгулюецца пастановай Савета Міністраў ад 23 чэрвеня 2010 года № 958 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці моладзі, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час”.
Кожны навучэнец мае права самастойна выбіраць, дзе і як працаваць, калі ў яго ёсць такое жаданне. Але пры гэтым хацелася б адзначыць, што лагер працы і адпачынку мае пэўныя перавагі. Гэта не толькі праца, але і арганізаваны адпачынак падлеткаў. У першую палову дня яны ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі працуюць, у другую палову дня — непасрэдна аздараўленне. Немалаважны і той факт, што на пуцёўку ў лагер працы і адпачынку, як і ў іншыя тыпы лагераў, выдзяляецца дзяржаўная датацыя.

— А які яе памер?
— Памеры сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне кошту адной пуцёўкі ўжо вызначаны загадам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. На лагеры працы і адпачынку будзе выдзяляцца асобная датацыя. Гэта датацыя вышэйшая, чым на лагер з дзённым знаходжаннем.
Максімальная сума датацыі будзе складаць 900 тысяч рублёў — на лагеры з кругласутачным знаходжаннем. На дзённыя летнікі памер датацыі складзе 350 тысяч рублёў, на лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем — 395 тысяч рублёў, у профільныя аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш 9 дзён — 360 тысяч рублёў.

— А ці вядомы сёння прыкладны кошт пуцёвак у аздараўленчыя лагеры?
— Кошт пуцёўкі залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, калі казаць аб аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем, то адыгрываюць ролю такія фактары, як катэгорыя, якую, згодна з пройдзенай атэстацыяй, мае аздараўленчы лагер, прынцыпы арганізацыі пражывання, харчавання выхаванцаў. Сёння ўласнікі называюць суму каля 2 млн рублёў (Мінская вобласць) да амаль 4 млн рублёў. Праўда, апошняя лічба — гэта адзінкавыя выпадкі. Такі кошт прапаноўвае, напрыклад ААТ “Нафтан”, пры гэтым прадпрыемства кампенсуе істотную частку кошту пуцёвак.
Дарэчы, той жа пастановай № 662 “Аб “Аб некаторых пытаннях аздараўлення дзяцей” рэкамендавана мясцовым выканаўчым і распарадчым органам накіроўваць фінансавыя сродкі на патанненне кошту пуцёвак у летнікі з кругласутачным знаходжаннем дзецям работнікаў бюджэтных арганізацый і на даплату да поўнага кошту пуцёвак для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, для дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў і некаторых іншых катэгорый. Да таго ж рэкамендавана і арганізацыям, якія фінансуюцца з бюджэту, і арганізацыям аграпрамысловага комплексу кампенсаваць работнікам расходы па аплаце за пуцёўкі ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем за кошт сродкаў, атрыманых імі ад дзейнасці, якая прыносіць даходы.

— Тамара Уладзіміраўна, наколькі я ведаю, пэўныя інавацыі ў правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі ўнесены і Міністэрствам адукацыі. Так, была анансавана рэспубліканская акцыя “Разумныя канікулы: адпачывай, загартоўвайся, развівайся”. Раскажыце, калі ласка, пра яе падрабязней.
— Гэта не абсалютна новае мерапрыемства, яно ўключае ў сябе ўжо існуючыя: канцэпцыя акцыі сведчыць, што ў “Разумных канікулах” мы спалучылі тры-чатыры мерапрыемствы, якія традыцыйна праводзяцца ў летні перыяд.
Рэспубліканская акцыя арганізоўваецца з мэтай фарміравання ў яе ўдзельнікаў адносін да летняга адпачынку і аздараўлення як да справы дзяржаўнай важнасці, да адказнага перыяду ў жыцці дзяцей. Удзельнікамі акцыі з’яўляюцца выхаванцы, педагагічныя і медыцынскія работнікі аздараўленчых лагераў і адукацыйна-аздараўленчых цэнтраў, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці, грамадскіх аб’яднанняў, міністэрстваў і ведамстваў, якія арганізоўваюць работу з дзецьмі ў выхаваўча-аздараўленчых установах Рэспублікі Беларусь.
Акцыя праводзіцца з 27 мая па 31 жніўня бягучага года ў выхаваўча-аздараўленчых установах краіны. Афіцыйнае адкрыццё акцыі запланавана на 30 мая 2013 года ў НДЦ “Зубраня”.
Калі казаць пра зместавае напаўненне акцыі, то гэта шырокае прыцягненне ўдзельнікаў акцыі да прапаганды і папулярызацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей; аказанне метадычнай дапамогі арганізатарам дзіцячага адпачынку і аздараўлення, укаранення ў практыку работы з часовымі дзіцячымі аб’яднаннямі сучасных педагагічных тэхналогій, у цэлым удасканаленне дзейнасці выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, іншых устаноў, якія забяспечваюць адпачынак і аздараўленне дзяцей, незалежна ад іх падпарадкаванасці і форм уласнасці.
Рэспубліканская акцыя будзе праходзіць з выкарыстаннем розных форм і метадаў, як новых, так і традыцыйных. Гэта работа інфармацыйна-прапагандысцкіх пляцовак для дзяцей і бацькоў, арганізацыя прамых ліній у сродках масавай інфармацыі, выраб і распаўсюджванне наглядных матэрыялаў, правядзенне канферэнцый, семінараў, трэнінгаў для педагогаў, медыцынскіх работнікаў, прэзентацый выхаваўчых праграм, майстар-класаў, круглых сталоў, адкрытых педсаветаў, прыцягненне прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў да правядзення сумесных мерапрыемстваў, арганізацыя прапагандысцкіх акцый, фестываляў, форумаў з удзелам шырокай грамадскасці, зорак эстрады, дзеячаў культуры і спорту і іншае.
Варта адзначыць, што вынікі рэспубліканскай акцыі будуць падведзены на фестывалі летніх аздараўленчых лагераў “Новы фармат лета”, які адбудзецца ў НДЦ “Зубраня “. У рамках фестывалю будзе арганізавана работа розных пляцовак, дзе прадстаўнікі аздараўленчых лагераў з кругласутачным, дзённым знаходжаннем дзяцей, адукацыйна-аздараўленчых цэнтраў, лагераў працы і адпачынку і іншых профіляў дзейнасці падзеляцца найлепшым напрацаваным вопытам. Да таго ж, у рамках рэспубліканскай акцыі адбудзецца агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер 2013 года, які арганізоўваецца сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Вынікі агляду-конкурсу ў намінацыі “Лепшы лагер у рэалізацыі праграмы выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні” будуць падведзены на Першым рэспубліканскім форуме “Дзіцячы адпачынак і аздараўленне: сучасная тактыка і стратэгія будучыні”.

Алена МАРКЕВІЧ.