Ад Ямала да Геленджыка

Адной з найбольш прыцягальных форм працоўнай дзейнасці для студэнтаў сёння з’яўляецца студатрадаўскі рух. Бо традыцыйна студатрад — гэта не толькі працоўная дзейнасць і заробак, але і непаўторнае маладзёжнае асяроддзе, зносіны, прыгоды і незабыўныя ўражанні. Варта адзначыць, што студатрадаўскі рух, арганізатарам якога з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, у апошнія гады актыўна развіваецца, становіцца ўсё больш маштабным. Часам нават існуе пэўная канкурэнцыя: каб трапіць летам у той ці іншы атрад, маладыя людзі ўжо сёння пакідаюць свае заяўкі.
Якія ж варыянты для працаўладкавання гатовы прапанаваць студэнтам штабы працоўных спраў летам 2012 года? Пра гэта мы запыталіcя ў другога сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ Альбіны Сычэўскай.

— Альбіна Іванаўна, давайце найперш звернемся да лічбаў: якую колькасць маладых людзей вы плануеце сёлета ахапіць праграмамі другаснай занятасці?

— Калі мы гаворым аб другаснай занятасці моладзі, мы маем на ўвазе не толькі магчымасць зарабляць грошы. Гэтае паняцце куды больш шырокае — гэта і сацыялізацыя, і выхаванне асобы, і вызначэнне той нішы, дзе ў далейшым уладкуецца малады чалавек. Таму ў рамках другаснай занятасці мы гаворым не толькі пра студэнцкія атрады, але і пра валанцёрскія атрады, добраахвотніцкі рух.

У мінулым годзе ўсімі праграмамі другаснай занятасці мы ахапілі каля 70 тысяч маладых людзей. Што тычыцца планаў на гэты год, то як мінумум мы нацэлены на тое, каб паўтарыць дасягненні мінулага года.

— Для гэтага, напэўна, ужо зараз вядзецца актыўная падрыхтоўчая работа?

— Так. Арганізацыя дзейнасці студэнцкага атрада — няпростая справа. Цяжкасці могуць узнікаць на любым этапе, пачынаючы ад пошуку аб’ектаў работы і заканчваючы тэхнікай бяспекі. Таму апошнім часам акцэнт робіцца на якасным фарміраванні і арганізацыі дзейнасці, падборы і навучанні камандзіраў і камісараў атрадаў, захаванні правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Падрыхтоўка да трэцяга працоўнага семестра 2012 года пачалася яшчэ ў студзені бягучага года. У цэлым гэтая работа дзеліцца на два напрамкі. З аднаго боку, мы вядзём дагаворную кампанію: звярнуліся да міністэрстваў і ведамстваў, на прад прыемствы з пытаннем наконт магчымасці працаўладкавання моладзі. Ужо зараз вядзецца фарміраванне пераліку аб’ектаў, на якіх змогуць працаваць удзельнікі студатрадаў. Гэта і дзяржаўныя, і прыватныя фірмы. Адным словам, шукаем працоўныя месцы. Сёння ўжо ёсць папярэдняя дамоўленасць з прадпрыемствамі на больш чым 18 тысяч працоўных месцаў. Але гэта толькі пачатак. Нягледзячы на тое, што афіцыйна трэці працоўны семестр пачнецца ўжо 1 мая (а доўжыцца аж да канца верасня), пошук працоўных месцаў для студэнтаў прадоўжыцца і пасля гэтай даты. Дагаворная кампанія, як правіла, працягваецца да ліпеня, адпаведна, на жнівень-верасень маладыя людзі яшчэ могуць запісацца ў студэнцкі атрад.

Другі складнік нашай дзейнасці — фарміраванне банка жадаючых працаўладкавацца. Мы зараз разгарнулі шырокую рэкламную кампанію, выпускаем буклеты, плакаты з заклікамі прыняць удзел у трэцім працоўным семестры. Акрамя таго, кожную сераду ў пярвічных арганізацыях ВНУ краіны праводзяцца дні адкрытых дзвярэй штабоў працоўных спраў.

Гэта прома-акцыі, дзе мы рэкламуем студэнцкія атрады, расказваем моладзі, што гэта такое, і тут жа запісваем жадаючых працаўладкавацца. Пры складанні заяўкі на ўдзел у дзейнасці студэнцкага атрада маладыя людзі выказваюць свае пажаданні па відзе работ, памеры заработнай платы. Да таго ж у студэнцкі атрад традыцыйна можна запісацца і на партале “Моладзь Беларусі”. Пакінутая заяўка адразу пойдзе на ўказаны заяўнікам рэгіён. Дзесьці на пачатку мая арганізатары студатрадаўскага руху будуць звязвацца з заяўнікамі і агучваць прапановы па працаўладкаванні, якія на той час будуць у наяўнасці.

— Скажыце, зыходзячы з вопыту работы мінулых гадоў, ці здольны рэгіянальныя штабы працоўных спраў задаволіць усе заяўкі студэнтаў? Ці ўсё ж хтосьці так і не дачакаецца выкліку? Магчыма, маладым людзям варта дзейнічаць больш актыўна і самастойна шукаць магчымасць будучага працаўладкавання?

— Праявіць актыўнасць не будзе лішнім у тым плане, што заяўку варта пакінуць ужо сёння. Але пры гэтым будзьце ўпэўнены: усе яны будуць апрацаваны і маладым людзям будзе прапанавана месца ў студэнцкім атрадзе. Іншая справа, што кагосьці могуць не задаволіць прапанаваныя ўмовы: характар, працягласць работы, узровень аплаты. У гэтым выпадку маладыя людзі будуць вырашаць самі, пагаджацца ім на прапанову ці не.

— А ці ўвасобілася на практыцы ідэя, якая не раз выказвалася ў мінулыя гады, аб неабходнасці мінімальнай прафесійнай падрыхтоўкі будучых студатрадаўцаў?

— Так, такая работа вядзецца, прычым па некалькіх кірунках. Найперш, як я ўжо казала, атрады фарміруюцца на аснове тых звестак, якія маладыя людзі пакідаюць аб сабе ў заяўцы на працаўладкаванне. Калі малады чалавек указвае, што ён вучыцца, скажам, у педагагічнай ВНУ, яму хутчэй за ўсё будзе прапанавана работа, звязаная з профілем навучання, — напрыклад, важатым.

Акрамя таго, сёння ў нас ужо ёсць прыкладныя даныя, колькі чалавек і па якой спецыяльнасці неабходна падрыхтаваць да пачатку працоўнага семестра. Таму мы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі звярнуліся да ВНУ краіны з просьбай аб арганізацыі кароткатэрміновых практыка-арыентаваных курсаў на 1,5—2 тыдні, каб навучыць азам той ці іншай работы. Гэта, як правіла, рабочыя спецыяльнасці. Дарэчы, будучыя важатыя таксама пройдуць неабходную падрыхтоўку. Сёння з Міністэрствам адукацыі і ВНУ ўзгадняюцца магчымасці такога навучання. Гэта не новая практыка, яна мела месца і ў мінулых гадах.

Ёсць і іншыя механізмы. Некаторыя прадпрыемствы прапаноўваюць кароткі тэрмін практыка-арыентаванага навучання непасрэдна на рабочым месцы. А ўжо пасля праходжання такіх своеасаблівых курсаў прапаноўваюць рабочае месца з заработнай платай.

У гэтым годзе ёсць і некаторыя новыя задумкі ў гэтай сферы. Так, да нас звярнуліся прадстаўнікі Расійскай чыгункі: прапанавалі працаўладкаваць 2 тысячы маладых людзей праваднікамі на Расійскай чыгунцы. Расійскі бок прапанаваў нам арганізаваць дыстанцыйнае навучанне. Зараз мы будзем фарміраваць групу маладых людзей для гэтай работы.

— Альбіна Іванаўна, якія яшчэ ёсць варыянты для працаўладкавання студатрадаўцаў за мяжой?

— Усе дагаворы, якія добра зарэкамендавалі сябе ў мінулых гадах, будуць працягнуты і сёлета. Але хацелася б падкрэсліць, што вываз студэнцкага атрада за межы краіны — гэта вялізная адказнасць. Неабходна дакладна прапрацаваць пытанні захавання працоўнага заканадаўства, стварэння нармальных бытавых умоў для студатрадаўцаў. І, галоўнае, дабіцца выканання дасягнутых дамоўленасцей. На жаль, у гэтым пытанні ў нас не заўсёды ёсць неабходныя рычагі ўздзеяння на замежных наймальнікаў. Таму да выбару такіх аб’ектаў заўсёды падыходзім вельмі адказна. І найперш аддаём перавагу ўжо правераным варыянтам. Напрыклад, як і ў мінулыя гады, маладыя людзі змогуць папрацаваць на Ямале.

Разам з тым спрабуем развіваць і новыя напрамкі. Так, зараз адпрацоўваем варыянты працаўладкавання студэнтаў у Казахстане, найбольш актыўна ў гэтым пытанні працуе Магілёўская вобласць. Ёсць і папярэдняя дамоўленасць з Расійскай Федэрацыяй на працаўладкаванне маладых людзей у сэрвісных студэнцкіх атрадах у санаторыях і дамах адпачынку ў Геленджыку.

— А дзе большая канкурэнцыя сярод студэнтаў — пры працаўладкаванні на тэрыторыі краіны ці за мяжой?

— Нейкіх заканамернасцей тут няма. Запатрабаваны два напрамкі. Пры арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі краіны дзейнічаюць строгія патрабаванні па гарантыях для студэнтаў: выпрацоўка гадзін, віды, аб’ёмы работ, памер заработнай платы. Таму на тэрыторыі Беларусі студэнты таксама ахвотна працуюць, бо заўсёды ўпэўнены ў выкананні агавораных норм. Да таго ж мы прапаноўваем студэнтам, напрыклад, з Гродна папрацаваць у Мінску, і наадварот. Гэта таксама пашырае геаграфію, дае магчымасць атрымаць новыя ўражанні і вопыт.

За мяжой разлічваць на такія гарантыі не заўсёды атрымліваецца. Некалькі гадоў назад у нас быў вопыт узаемадзеяння з польскімі наймальнікамі, якія проста не выконвалі прапісаныя ў дагаворах умовы працы студэнтаў. Таму ад гэтага напрамку прыйшлося адмовіцца. Ніякіх істотных рычагоў уплыву на такіх замежных нядбайных наймальнікаў мы не маем. Да таго ж пры рабоце за мяжой для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў не дзейнічаюць ільготы ў падаткаабкладанні, як на тэрыторыі краіны. Разам з тым, безумоўна, маладых людзей прываблівае магчымасць падарожжа, выезду за межы краіны.

— Дарэчы, на якія гарантыі ў плане заработнай платы могуць разлічваць удзельнікі студэнцкіх атрадаў у гэтым годзе?

— Мы імкнёмся да такой арганізацыі, каб маладыя людзі ў студэнцкіх атрадах зараблялі дастойную заработную плату. Таму сёння пры правядзенні дагаворнай кампаніі з наймальнікамі зыходзім з таго, каб заработная плата за месяц работы была не меншай за мінімальную зарплату па краіне. Але пры гэтым варта разумець, што калі чалавек адпрацаваў няпоўны рабочы дзень, месяц, то ў гэтым выпадку атрымае меншы заробак, прапарцыянальны адпрацаванаму часу. Ёсць прапановы і значна вышэй мінімальнай заработнай платы, як правіла, у будаўнічых атрадах.

Па выніках жа мінулага года сярэдні заробак у студэнцкім атрадзе склаў каля мільёна рублёў.

— Скажыце, а студэнцкі атрад — гэта фарміраванне выключна для студэнтаў ВНУ ці ўсё ж запісацца можа любы малады чалавек?

— Запісацца і паўдзельнічаць у рабоце студэнцкага атрада можа любы паўналетні малады чалавек. Тэарэтычна гэта могуць быць і маладыя людзі, якія наогул нідзе не вучацца. Але на практыцы ўдзельнікі студэнцкага атрада — гэта на 98% студэнты. Магчыма таму, што фарміруюцца атрады пярвічнымі арганізацыямі БРСМ вышэйшых навучальных устаноў краіны.

— А аб чым сёння неабходна паклапаціцца маладым людзям, каб без праблем пачаць трэці працоўны семестр?

— Неабходна загадзя прайсці медагляд, калі ў кагосьці ёсць пэўныя абмежаванні па працы, неабходна прапісаць гэта ў спецыяльнай медыцынскай даведцы.

Працоўны семестр пачынаецца з 1 мая, і на сёння ўжо ёсць заяўкі на работу атрадаў у маі, таму тым студэнтам, якія планавалі папрацаваць вясной, варта ўжо сёння паклапаціцца аб датэрміновай здачы сесіі.

— Альбіна Іванаўна, на пачатку размовы вы заўважылі, што працоўная занятасць маладых людзей — гэта не толькі магчымасць зарабіць, але і пэўная выхаваўчая прастора. Студэнцкае асяроддзе — гэта ўсё ж больш стабільнае ў плане захавання правапарадку асяроддзе, больш складаная сітуацыя назіраецца ў прафесійнатэхнічных установах. Магчыма, варта ў гэтых установах больш актыўна рэалізоўваць праграмы другаснай занятасці?

— Мы ўключаем непаўналетніх падлеткаў у склад студэнцкіх атрадаў. Штабамі ўсіх узроўняў пастаянна вядзецца работа па працаўладкаванні цяжкіх падлеткаў, колькасць якіх у складзе студэнцкіх атрадаў штогод павялічваецца: у 2009 годзе — 3563 чалавекі, у 2010 годзе — 3049 чалавек, у 2011 — 4130 чалавек.

Акрамя таго, у складзе добраахвотніцкіх атрадаў працавалі 2095 цяжкіх падлеткаў, у профільных лагерах — 671 чалавек, у валанцёрскіх атрадах “Добрае сэрца” — 321 чалавек.

— На апошнім з’ездзе БРСМ дзейнасць па развіцці студатрадаўскага руху была падтрымана прэзідэнтам краіны. Разам з тым гучала і меркаванне аб неабходнасці ўдасканалення гэтай дзейнасці, у тым ліку ў плане нарматыўнага забеспячэння студатрадаўскага руху. Што ў гэтым плане ўжо зроблена?

— На сёння прапанаваны змены і дапаўненні ва Указ кіраўніка дзяржавы № 222 як асноўнага дакумента, які рэгулюе ўзаемаадносіны ў гэтай сферы. Адно з асноўных новаўвядзенняў, якія прапаноўваюцца, — гэта ўвядзенне паняцця “вучнёўскі працоўны атрад”. Гэта павінна быць аб’яднанне, аналагічнае студэнцкаму атраду, але для непаўналетніх маладых людзей.

Мы сёння бачым, што ў такой дзейнасці ёсць неабходнасць для вучняў старшага звяна сярэдняй школы, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дарэчы, вяртаючыся да папярэдняга пытання, можна сказаць, што стварэнне вучнёўскіх атрадаў працавала б таксама і на прафілактыку проціпраўных паводзін сярод непаўналетняй моладзі.

Алена МАРКЕВІЧ.