У добраахвотным, а не прымусовым парадку

У апошнія тыдні мая практычна ва ўсіх школах краіны праходзяць бацькоўскія сходы. Як правіла, ключавой тэмай для абмеркавання падчас іх правядзення становіцца не толькі падвядзенне вынікаў навучальнага года, але і планы на лета. Дакладней, на летні рамонт. Чаго хаваць, сёння дапамога бацькоў у правядзенні касметычных рамонтаў у школе — ужо звычайная практыка. Тым не менш часам на гэтай глебе ўзнікаюць сур’ёзныя канфлікты. Бывае, нават са зваротамі ў органы ўнутраных спраў. Як жа неабходна арганізоўваць дзейнасць па выкарыстанні бацькоўскай дапамогі школе, спрабаваў высветліць наш карэспандэнт.

“Належныя ўмовы” ў кожнага розныя

Мне як маці школьніка, можна сказаць, пашанцавала. За ўсе гады навучання дзіцяці ў школе ніводнага разу не давялося сутыкнуцца з сітуацыяй так званых пабораў. Не, зразумела, мы, як і большасць бацькоў, пералічвалі пэўныя сродкі школе, але ніводнага разу не адчувалі прымусу да гэтага. Ды і сумы гэтыя, калі казаць шчыра, ніколі не былі значнымі. Напрыклад, сёлетняе “рамонтнае” лета нам абышлося ў 150 тысяч рублёў. Пагадзіцеся, на фоне сённяшніх выдаткаў на іншыя мэты — зусім няшмат.
Аднак, прааналізаваўшы вопыт калег, сяброў, знаёмых, зразумела: мы ў меншасці. Куды больш часта, ва ўсялякім разе ў сталіцы, даводзілася чуць і аб прымусе пры здачы сродкаў на рамонт школы, і аб непамерных сумах, якія запытваюцца ўстановамі адукацыі ад бацькоў. Адсюль і канфлікты.
Апошні сур’ёзны канфлікт паміж бацькамі і ўстановай адукацыі з-за ўзносаў на дапамогу школе адбыўся нядаўна ў сталіцы. Бацькі аднаго з навучэнцаў звярнуліся ў органы ўнутраных спраў з просьбай разабрацца, чаму ў іх установе за паўгода навучання ім прыйшлося скінуцца больш чым па два мільёны рублёў і, галоўнае, як былі выкарыстаны гэтыя сродкі. І падобныя сітуацыі, на жаль, не адзінкавыя. Большасць бацькоў нібыта і падтрымліваюць ідэю аб неабходнасці стварэння належных умоў для навучання дзяцей. Бяда толькі ў тым, што разуменне гэтага паняцця — “належныя ўмовы” — у кожнага рознае. Для кагосьці гэта элементарная чысціня і парадак у класе, а для кагосьці — новыя вокны, тэлевізар апошняй мадэлі і “абавязкова жалюзі пад колер шпалер”. І ўсё гэта, зразумела, за кошт бацькоў. Ёсць ад чаго абурыцца!
Між тым у кіраўніка ўстановы на сёння ёсць усе неабходныя рэсурсы для таго, каб пазбегнуць такіх канфліктных выпадкаў. Варта толькі больш уважліва аднесціся да дзейнасці ва ўстанове такога органа самакіравання, як папячыцельскі савет. Папячыцельскія саветы пачалі стварацца ў школах больш за 10 гадоў назад як орган школьнага самакіравання. На сёння такія аб’яднанні павінны быць створаны ва ўсіх школах, дзіцячых садках і іншых установах адукацыі. І гэтае патрабаванне выконваецца: практычна ў кожнай школе вам пакажуць дакументы аб стварэнні савета — у гэтым давялося ўпэўніцца асабіста. Іншая справа, што нярэдка дзейнасць папячыцельскіх саветаў на гэтым — на паперы — і заканчваецца. Ці ў лепшым выпадку місія большасці з іх звялася да вырашэння матэрыяльных праблем устаноў адукацыі. Пагадзіцеся, нячаста даводзіцца чуць, што па рашэнні папячыцельскага савета школы была аказана дапамога вучням з малазабяспечаных сем’яў.
На самай жа справе гэтыя аб’яднанні могуць стаць вельмі дзейсным механізмам дыялогу ўстановы адукацыі і бацькоў, нават больш — грамадскасці ў цэлым, прычым не толькі ў пытаннях матэрыяльнага аснашчэння ўстаноў адукацыі.

На пастаяннай аснове

У сённяшніх умовах установы адукацыі, як правіла, ажыццяўляюць пазабюджэтную дзейнасць і тым самым маюць магчымасць палепшыць сваё матэрыяльна-тэхнічнае становішча. На гэтыя ж мэты прыцягваюцца і спонсарскія сродкі, у тым ліку і бацькоўскія. Усё гэта не забаронена заканадаўствам. Іншая справа, што гэтая дзейнасць павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Калі гаварыць аб прыцягненні спонсарскіх сродкаў бацькоў, то на сёння дзейнічае пастанова Міністэрства адукацыі № 146 ад 25 ліпеня 2011 года, якой зацверджана “Палажэнне аб папячыцельскім савеце ўстановы адукацыі”. Гэтым дакументам зацвярджаецца парадак стварэння папячыцельскага савета ва ўстанове адукацыі, яго паўнамоцтвы, задачы і прынцыпы дзейнасці. Так, прапісана, што рашэнне аб стварэнні папячыцельскага савета прымаецца саветам установы адукацыі. Асноўнай мэтай яго дзейнасці з’яўляецца садзейнічанне ўстанове адукацыі ў ажыццяўленні яе статутных функцый, аб’яднанне намаганняў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, асобных грамадзян, накіраваных на ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы, ахову здароўя, развіццё здольнасцей і талентаў выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстанове адукацыі, стварэнне спрыяльных умоў для выхавання, вучобы, працы і адпачынку дзяцей, навучэнцаў, выкладчыцкага складу і іншых работнікаў.
У склад папячыцельскага савета могуць уваходзіць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, арганізацый розных форм уласнасці, прадпрымальніцкіх і навуковых колаў, сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх аб’яднанняў і асацыяцый, у тым ліку і замежных, педагагічныя работнікі, навучэнцы i выхаванцы, іх бацькі, іншыя асобы, зацікаўленыя ва ўдасканаленні дзейнасці і развіцці ўстановы адукацыі.
Як бачна, склад савета, як і яго дзейнасць, можа быць вельмі разнастайным. Але, прааналізаваўшы дзейнасць папячыцельскіх саветаў шэрага ўстаноў адукацыі, здаецца, удалося знайсці аптымальную формулу яго складу. Як сведчаць кіраўнікі ўстаноў адукацыі, апраўдала сябе формула, калі ў папячыцельскі савет, акрамя шэфаў — прадпрыемства, замацаванага за ўстановай адукацыі, уваходзяць прадстаўнікі бацькоўскіх камітэтаў з кожнага класа. Гэта дазваляе найбольш поўна даносіць інфармацыю аб патрэбах школы, дзейнасці папячыцельскага савета да кожнага класа, як кажуць, з першых вуснаў. Для прадукцыйнай і паспяховай дзейнасці папячыцельскага савета вялікую ролю адыгрывае справаздачнасць аб праведзенай рабоце і выдаткаваных сумах. Для ўзмацнення празрыстасці гэтага працэсу і зніжэння незадаволенасці бацькоў неабходна абавязкова даводзіць да ведама татаў і мам навучэнцаў інфармацыю аб тым, як, куды, у якіх памерах былі выдаткаваны грошы, прычым не толькі на словах, але і дакументальна, шляхам прад’яўлення адпаведных чэкаў і рахункаў, і наглядна, напрыклад, дэманструючы новыя шафы ў вучэбным кабінеце, набытую тэхніку і г.д. Зразумела, што найлепш данесці гэтую інфармацыю зможа чалавек, які пастаянна кантактуе з класам — прадстаўнік бацькоўскага камітэта.
У цэлым жа дзейнасць папячыцельскага савета будзе эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі гэты орган самакіравання дзейнічае на пастаяннай аснове. Калі члены гэтага савета збіраюцца не для птушачкі, а для таго, каб абмеркаваць бягучыя задачы, прааналізаваць дзейнасць установы ў цэлым, скласці план дзейнасці непасрэдна папячыцельскага савета. Праўда, як паказвае жыццё, такая практыка, на жаль, сустракаецца нячаста.

Хацелі як лепш…

Адзін з асноўных прынцыпаў дапамогі бацькоў школе — добраахвотнасць. Гэта, дарэчы, знайшло адлюстраванне і ў Палажэнні аб папячыцельскім савеце. Так, у дакуменце прапісана, што рашэнні папячыцельскага савета носяць кансультатыўны і рэкамендацыйны характар. Іншымі словамі, прымушаць кагосьці да ўзносу пэўнай сумы ў фонд школы, нават калі такое рашэнне было прынята папячыцельскім саветам, ні адміністрацыя ўстановы, ні настаўнікі, ні прадстаўнікі папячыцельскага савета і бацькоўскага камітэта не маюць права. Дапамога школе з боку бацькоў — справа асабіста добраахвотная, а ніяк не абавязак. Ініцыятыва папячыцельскага савета або бацькоўскага камітэта аб аказанні дапамогі навучальнай установе носіць выключна рэкамендацыйны характар.
Праўда, як паказвае практыка, гэтая норма не заўсёды вытрымліваецца на практыцы. Вось і на нядаўняй прэс-канферэнцыі намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка адзначыла, што “ў рэальнасці часам сітуацыя цалкам іншая. Бацькам гавораць здаць фіксаваныя сумы наяўных сродкаў. Мне цяжка сказаць нешта акрамя таго, што ў кожнай канкрэтнай сітуацыі мы гатовы ўмешвацца. Не заўсёды патрэбны карныя санкцыі. Дзесьці мае месца празмерная стараннасць з боку бацькоў і г.д. Да нас паступаюць звароты ад бацькоў, асабліва іх паток павялічваецца 1 верасня і перад выпускнымі”.

Схемы дзейнасці максімальна празрыстыя

У цэлым фінансавыя сродкі папячыцельскага савета фарміруюцца з добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных і фізічных асоб, якія залічваюцца на спецрахунак установы адукацыі і выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні ў адпаведнасці з рашэннем папячыцельскага савета.
Пры гэтым дабрачынная дзейнасць бацькоў, як і юрыдычных асоб, натуральна, павінна быць законнай, а схемы яе аказання максімальна празрыстымі. Аптымальны шлях, сведчаць вопытныя кіраўнікі ўстаноў адукацыі, — унясенне грашовых сродкаў на разліковы рахунак, а не перадача іх з рук у рукі, і ўжо тым больш не перадача ў рукі адміністрацыі або настаўніка. У апошнім выпадку пытанні да школьнага кіраўніцтва могуць узнікнуць не толькі ў бацькоў, але і ў кантралюючых і праваахоўных органаў.
Разам з тым кіраўніцтва ўстановы, педагогі не могуць поўнасцю дыстанцыравацца ад дзейнасці папячыцельскага савета. Бо хто ў такім выпадку, напрыклад, будзе інфармаваць папячыцельскі савет аб патрэбах школы ці ажыццяўляць закупку неабходнага абсталявання па рашэнні папячыцельскага савета. Тым больш што і ў Палажэнні аб папячыцельскім савеце прапісана, што гэты савет “узаемадзейнічае з дырэктарам школы і іншымі органамі самакіравання школы (педагагічны савет, бацькоўскі камітэт — пры іх наяўнасці) па пытаннях функцыянавання і развіцця ўстановы адукацыі”. Але пры гэтым варта прытрымлівацца некалькіх правіл.
Так, напрыклад, для таго каб ажыццявіць закупку нейкага абсталявання па рашэнні папячыцельскага савета, кіраўніку ўстановы неабходна найперш прыняць удзел у пасяджэнні савета. Далей — атрымаць выпіску з пасяджэння з подпісам старшыні і сакратара савета, дзе павінна быць запісана тэма пасяджэння, вынікі галасавання па неабходным пытанні. Гэтыя простыя крокі засцерагуць кіраўніцтва ўстановы ад несправядлівых абвінавачанняў як з боку кантралюючых органаў, так і з боку бацькоў. Далей жа з гэтымі дакументамі варта ажыццявіць звычайную працэдуру закупкі абсталявання.

Алена МАРКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*